Za darmo

Пастэга

Tekst
0
Recenzje
Oznacz jako przeczytane
Czcionka:Mniejsze АаWiększe Aa

– О! Ордэн выдр можа распачаць надзвычайныя дзеянні, спадар Тэт, – Савелій важна паварушыў вусамі. – Мы можам паўплываць на Пастэга, падчас вашага візіту, і так паўплываць, што вы засядзеце ў якой-небудзь дзірцы, кшталту каралеўства Крэйдавых гор, на два тыдні. Тамтэйшы канцлер ашалела точыць на вас серп жняца. Гатовы паклясціся, двух тыдняў яму будзе дастаткова, каб з вамі расправіцца.

– Ну-ну, сур'ёзны аргумент, спадар Савелій, аднак я не люблю, калі мяне да чагосьці прымушаюць. Акрамя таго, я вельмі люблю рызыку. Магчыма, канцлер расправіцца са мной, а магчыма, я падыму рэвалюцыю ў ягоным краі. Гэта ўжо сапраўды не тое, што трэба захавальнікам замшэлых парадкаў – вашаму вадаплаўнаму ордэну.

Савелій доўга моршчыў нос і смешна рыкаў, перабіраючы пальцамі маленькіх лапак.

– Вашы ўмовы? – працадзіў ён нарэшце.

– Я буду менш выкарыстоўваць Пастэга, бо, па праўдзе, і сам думаю, што яго частае выкарыстанне не вельмі бяспечна. А наўзамен вы пакажыце мне штовячэрняе жніво?

– Адкуль вы ведаеце пра жніво? – спытаў уражаны Савелій.

– Гэта мая кніга, я тут усё ведаю, – адрэзаў я.

– І больш вы нічога не хочаце?

– А яшчэ вы заведзяце мяне да Бабы Крум.

– Вы і пра яе ведаеце, – выдра пляснула лапкамі. – Але ж ні адзін чалавек яшчэ не хадзіў да Бабы Крум.

– У гэтым і справа. Прыемна быць першым, хоць і не ва ўсіх выпадках, але ў гэтым так, – я глядзеў на Савелія ва ўпор, свідрувючы яго позіркам, як майстравіты баксёр свайго суперніка.

– Здаецца, вы не пакідаеце нам іншага выйсця, акрамя згоды. Я другі намеснік магістра нашага ордэна, прыняць такое рашэнне – маё права.

– Выдатна! – я пляснуў у ладкі. – Калі можна ўбачыць жніво?

– Сёння! Нават зараз! Якраз вечарэе, – адказаў нечаканы і вельмі касматы пасланец.

Глава 9

Старыя дахі старога горада… Чарапічныя, шыферныя, бляшаныя, пакрытыя драніцай. Залацістае святло ліхтароў і вокнаў. Пранізлівая прахалода восеньскага вечара. Пажылы, спалоханы, руды кот за комінам, змураванным з жоўтай цэглы.

– Чым жа займаецца ваш выдатны ордэн? – тактоўна спытала Аля, пакуль мы ішлі па ламаным дахам.

– Падтрымліваем парадак – вось наша місія. Кожны вечар мы ходзім па дахах і выцягваем з людзей сумленне. Калі не забіраць у грамадзян сумленне ў свеце можа запанаваць утопія, а гэта, як вы разумееце, непарадак.

– Утопія? У сэнсе, дзяржава, дзе поўная справядлівасць і ўсе шчаслівыя? Вы гэтага не хочаце? – Аля здзіўлена махала вейкамі.

– Такога не дазволена! – выдра выскаліліся ў бок маёй мілай сяброўкі.

– Але кім? – удакладніла дзяўчына.

– Заснавальнікам ордэна. Ён завяшчаў захоўваць сусветнае зло. Абавязковая ўмова стабільнасці! Гэта наогул галоўнае – стабільнасць. Усё як заўсёды, па плане, на сваіх месцах, апраўдаўшы чаканні, без імбецыльных задум, паводле канцэпцыі.

Аля насцярожана замоўкла.

– Пакажыце паненцы, што вы карыстаеце для збору, – мая прапанова не выклікала асаблівага захаплення ў Савелія.

– Гэта Лайнгот, – выдра пакратала лапкамі чырвоны каменьчык на шыі. – Вось тут мой сектар. Цяпер вы ўбачыце рубiн у дзеянні.

Звярок хутка пабег да краю даху, а мы кінуліся за ім. Савелій схапіў каменьчык лапкамі, дзьмухнуў на яго, пасля гэтага крышталь пачаў мігацець чырванаватым святлом і патух.

– Вось, – шапнуў я сваёй спадарожніцы, – ён высмактаў сумленне людзей з гэтага дома. Цяпер бяжым да наступнага.

Бегаць па вострых дахах, з небяспечнымі скатамі, было не так проста, але вельмі цікава. Савелій здаваўся нястомным. Ён без перапынку пераскокваў туды-сюды, скрэб кіпцюркамі па жэсці і чарапіцы. Збор чалавечага сумлення, няўрымслівымі жнеямі, прыхільнікамі рэтраградства: выдры называлі гэта жнівом.

– А куды ідзе ўсё высмактанае сумленне? – разумна пацікавілася Аля.

– Мы адпраўляем яго канцлеру каралеўства Крэйдавых гор, – спакойна сказаў Савелій, але ў глыбіні яго вачэй заскакалі вясёлыя агеньчыкі. – Ён iм ніколі не карыстаўся, аднак надзейна захоўвае яго на дне свайго возера. Яму яно сапраўды да барады. Тамака яно ў бяспецы.

Мужчына, дзяўчына і жывёла спыніліся на краі чарговага даху.

– На сёння ўсё, – заявіла выдра змрочным галаском.

– Вы як быццам не рады, спадар Савелій? – спытаў я, ухмыляючыся.

– Можа і так, – прабурчаў пухнаты лавец сумлення. – Цяпер мне давядзецца зрабіць, тое, што не даставіць мне задавальнення, але такі мой абавязак.

Савелій рэзка скруціўся клубком і адскочыў убок. Яшчэ праз імгненне ён адчапіў ад лапы чорны камень і накіраваў яго нас з Алей. Крышталь, званы Морганаўт, асляпляльна палыхнуў жоўтым. Мая спадарожніца нягучна ўскрыкнула. Вакол мяне і маёй цудоўнай заваёўніцы дахаў утварылася нешта падобнае на жоўтую, шчыльную заслону.

– Гарэзуешь, Савелій, – сказаў я спакойна, прыжмурваючыся, пасля чаго забараняльна пагразіў пальцам ваўнянаму сябру вялікага братэрства.

– Гэта наша ахоўная сістэма, – амаль пралаяла выдра. – Выбачай, паночку Тэт. Цяпер вам не выйсці з гэтай залатой клеткі. Вас нельга ўбачыць. На вас нельга выпадкова натрапіць. Для простых людзей тут пустата. Толькі вось вы не зможаце выбрацца. Тут вы памрэце ад голаду, потым мы знімем заслону, пасля прыбяром тое, што застанецца ад вас.

– Лахмач, ты так і кінеш нас тут на жудасную смерць? – маё пытанне нейкі час заставалася без адказу.

– Даруй, – зноўку папрасіў прабачэння Савелій, пасля хвіліннага маўчання. – Вам тут, прынамсі, будзе весялей, чым некаторым палонным. Першыя часы вам відавочна будзе чым заняцца. Эфектыўна пабавіце час.

Няўмольны звер выскаліўся, малюючы на пысе ўсмешку.

– Ты што ж думаеш, што мы не можам гэтым займацца ў больш прыдатных месцах, – кінуў я футравому нягодніку. – Апошні раз прашу па-добраму: здымі поле.

– Годзе тых пагроз, Тэт, – гаркнуў Савелій. – Табе проста трэба было адразу пагадзіцца на нашы нармальныя ўмовы, а не майстраваць вымагальніцтва. Расхлёбвай плады самаўпэўненасці, глумны ты чалавечак. Жадаў дыктаваць правілы Вялікаму Ордэну Выдр? Ха-ха, цьфу на твае дыктоўкі. Не дарос, смаркач. Сядзіце тут, пакуль не здохніце, а я дадому, на востраў.

– Што нам рабіць, Тэт? – спытала Аля дрыготкім голасам.

Я пастараўся супакоіць дзяўчыну поглядам і насмешліва прамовіў:

– Эх, Савелій, вось зараз відаць, што ты эгаістычны, жорсткі, касматы глытальнік уклеек, i па факце – нічога асаблівага. І цябе, ёлупня, лёгка аналізаваць і прадбачыць твае дзеянні. Я адразу зразумеў твой план. Ты надта хуценька пагадзіўся на мае ўмовы. Я дастаткова ведаю аб вашай браціі, бо вы толькі персанажы маёй кнігі. А зараз зірні на сваю шыю.

Савелій імгненна апусціў галаву.

– Лайнгот, дзе ён? – прапішчала выдра.

– У мяне, – праінфармаваў я касматага ворага. Праз долю секунды я паказаў далонь, у якой пабліскваў камень. – Мне вядома, што ён даволі-такі далікатны, а для кожнай выдры ёсць толькі адзін такі крышталь, які даецца пры нараджэнні, таму, калі разбіць дадзены сувенір, ты будзеш выключаны з ордэна, станеш абняслаўленым выгнаннікам. Аднак ёсць альтэрнатыўны варыянт. Здымі поле, правядзі нас да Бабы Крум. Тады я вярну тваю прапажу.

– Не прапажу, а тое, што ты сцягнуў! – завішчаў звярок. – Ты звар'яцеў! Партал да Бабы Крум адкрываецца на нашым востраве. Іншыя выдры заўважаць вас. Баста, не магу дапамагчы, нават калі б хацеў.

– Упэўнены, ты што-небудзь прыдумаеш, Сава, – я іранічна ўсміхаўся, прытоптваючы нагой. – Пагутару з Крум і аддам табе камень, ён будзе цалюткі.

– Ну добра, – пагадзілася загнаная ў кут выдра. – Ёсць яшчэ адзін партал да Бабы Крум. Пра гэта ведаюць толькі кіраўнікі ордэна. Гэты ўваход непадалёк ад выспы, у трубе з якой цячэ ручаёк Л.

– Вось! Бачыш, як ты выдатна ўсё прыдумаў, – адзначыў я. – Здымай ужо поле, хопiць марнаваць наш з табой час.

Савелій накіраваў на нас камень. Успышка і жоўтыя напаўпразрыстыя сцены зніклі.

Неўзабаве мы дабраліся да трубы, з якой выцякаў ручаёк Л.

– Што дасць нам візіт да гэтай Бабы Крум? – Аля запытальна глядзела на мяне стомленымі вачыма.

– Выкананне асаблівага жадання, – запэўніў я.

– Зараз я адкрыю партал, – пракрактаў наш кашлаты суправаджальнік. Выдра тры разы ўзмахнула лапкамі і прараўла:

– Імём ордэна, пхаф-намуг-альяш-дрынк!

Дымная заслона партала тут жа з'явілася ў глыбіні трубы з якой істэрычна рваўся на спатканне з ракой сціплы гарадскі ручаёк. Мы рушылі ў глыб трубы, пакуль Савелій, жаласна згорбіўшыся, сядзеў каля ўваходу. Перад самым парталам я павярнуўся да выдры.

– Малайчына, пухнацік! Не сумуй, а лепш лаві свой камень. Акуратненька, не разбі!

З гэтымі словамі я кінуў рубiнчык выдры і нырнуў у партал, паспеўшы краем вока заўважыць неверагодны скачок Савелія, які схапіў крышталь у паветры і плюхнуўся ў шалпатаючы водны струмень.

За парталам нас чакала цёмная зала-пячора, са скляпеннямі вялізнай вышыні. Недзе ўверсе плавалі аранжавыя газавыя лямпы, а пад нагамі была сапраўдная бездань, залітая фіялетавай вільгаццю. Там плёскаліся дзіўныя істоты. Яны нагадвалі знявечаныя манекены, злепленыя з кніг. Я паспеў адзначыць, што сярод кніжак, якія складалі плоць незразумелых істот, тырчалі выданні Канта, Сакрата, Фіхтэ, Ніцшэ і нават вялізная «Камасутра».

Іржавы масток вёў над гэтым вадаёмам да мармуровага астраўка, на якім узвышаўся бардовы камень, падобны на паганскі алтар. Мы прайшлі над дзіўным возерам і ўсталі каля каменя.

– Баба Крум! З'явіся нам, дай тое, што я хачу, – моцным, уладным голасам сказаў я.

– Вітаю Дзевяты і Выратавальніца. Я дам вам выбар, – звышнатуральны шэпт Бабы Крум чуўся адначасова з розных куткоў пячоры, хоць яе саму не было відаць. – Вы можаце застацца тымі, хто вы ёсць і атрымаць жазло ўладара выдр. Ордэн не пасмее помсціць таму, у каго такі артэфакт. Пры дапамозе жазла, братэрства было створана Вялікім Заснавальнікам.

– Нядрэннае фэнтэзі атрымліваецца, хоць ужо пайшло неяк зусім банальна, – заўважыў я. – Супер-шмупер артэфакты, загадкавыя заснавальнікі! Толькі я сапраўдны заснавальнік гэтага ўсяго.

 

– Слухай мяне! – сыпкі шолах Бабы Крум стаў трохі гучней і злей.

– Добра, – без спрэчак пагадзіўся я.

– Ці вы можаце выпіць з двух шклянак і стаць звычайнымі, дурнымі, бязглуздымi людзьмі. Толькі гэта можа зрабіць вас сапраўды шчаслівымі. Рашайце!

Прама перад нашымі тварамі, на квадратным камені-алтары, з'явіліся дзве, упрыгожаныя роспiсам, шклянкі. Яны былі напоўнены да краёў нейкай бірузовай вадкасцю. Трэба было рашыць.

– Я заўсёды марыў быць разумнейшым за ўсіх, – сказаў я нягучна і сумна. – Але аказалася, што на інтэлектуальных вяршынях, па сутнасці, нічога няма. Дакладней, там нуда асобы, якая існуе сярод хвалістых папугайчыкаў, бо не лічыць жа роўнымі сабе тых, хто жыве дзеля пакупкі дывана, водпуску ў Егіпце, п'янак з калегамі па працы і таму падобнай бязглуздзіцы. Не, гэта папугайчыкі. Ды і так званыя інтэлектуалы, у масе сваёй, тыя ж дурненькiя птушачкі, але з амбіцыямі і багемнай пыхай. Яшчэ горш тое, што справы папугайчыкаў, можа быць, не больш асэнсаваныя, чым мае. У гэтым парадокс. Яны папугайчыкі, але не факт, што ў маім існаванні больш сэнсу. У нас ёсць культ творцаў, таму што вінціць гайку на заводзе могуць многія, а напісаць, умоўна кажучы, геніяльную аповесць – далёка не ўсе. Вядома, я больш рэдкі фрукт – авакада сярод мясцовай, падгнілай алычы. Але, што з таго? Няўжо я ведаю для чаго я тут, чаму павінен буду сысці кудысьці (а можа проста знікнуць, назаўжды страціўшы прытомнасць). Усё жыццё разумніка – такая ж пустая пагоня за тым, што ўсё роўна нельга ўтрымаць (а часам нават атрымаць), як і жыццё дурня. Пры гэтым жыццё крайняга ідыёта, алігафрэна ў медыцынскім сэнсе, пазбаўлена ўскладненняў, то бок у пэўным родзе нават лепшае за жыццё фанаберлiвага творцы. Калі да гэтага ідэалу не дацягнуцца, то можна хаця б стаць прасцейшым. Карацей, думаю, мне варта выпіць гэтую шкляначку. Ты са мной?

Аля маўчала. Яна апусціла галаву і не глядзела на мяне. Секунды – стагоддзі. Чаканне вісела ў паветры. Павольна падняўшы руку да адной са шклянак, яна злёгку штурхнула яе сваім мезенчыкам. Бдзінк! Узорыстая пасудзіна перакуліўся. Бірузовая вадкасць пацякла па бардовай скурцы масіўнага каменя і нібы радасны вадаспад палілася з краю незвычайнага алтара.

– Ты можаш выпіць, калі вельмі хочаш, – ціха сказала Аля ўсё яшчэ не гледзячы на мяне. – Але я не магу з гэтым пагадзіцца. Я пакахала цябе такім, які ты ёсць. І я кахаю цябе зараз, – у гэты момант яна падняла свае немагчымыя вочы, – кахаю менавіта такім.

Нечакана вада ў возеры змяніла колер і стала далікатна блакітнай. Я ўжо ведаў, што абяру. Узмах рукі і мая шклянка вывяргае бірузовы паток да нашых ног.

– Дурная дзеўка, – вымавіў я, ціхім, пяшчотным шэптам.

– Боўдзіла, ты яшчэ пашкадуеш, – прашалахцеў у апошні раз голас Бабы Крум. Потым запанавала поўная цішыня.

Я расплюшчыў вочы. Мой ложак. Ніякіх выдраў і шклянак з дзіўнай вадкасцю. Затое побач спала «Аля». Я паспрабаваў аглядзецца. Калі посахі тут і былі, то дакладна не магічныя.

Я ціхенька злез з ложка. Здаецца, я ўсё яшчэ ведаю хто такі Гегель, а значыць, абрад «абдурвання» ад Бабы Крум не праводзіўся. Ці пашкадую я пра гэта? Вельмі верагодна.

Затое за акном расце мой сад. Тут у мяне яблыні, і бэз, і грушы, і таполі, і вішні, і агрэст, і зялёная траўка з кветкамі. На самых высокіх дрэвах – цэлая куча амелы. Часам яе вечна зялёныя шчупальцы падаюць на дарожкі саду… Вырваныя ветрам, яны асуджаны на смерць, але яшчэ неверагодна доўга супраціўляюцца ёй, нават калі зямлю пакрывае белы, хрумсткі снег.