Дараванне

Tekst
Autor:
0
Recenzje
Przeczytaj fragment
Oznacz jako przeczytane
Jak czytać książkę po zakupie
  • Czytaj tylko na LitRes "Czytaj!"
Czcionka:Mniejsze АаWiększe Aa

Аднойчы ён уразіў яе тым, што ў час навальніцы, пачуўшы грукат грому, забіўся ў кут рабочай каморкі, накрыўся з галавой плеценым кашом для бялізны, і калі яна прыйшла за ім, спрабаваў і яе пасадзіць пад кош, выкрыкваючы пры гэтым поўную бязглуздзіцу. Зазірнуўшы ў размоўнік, яна не знайшла нічога падобнага, і толькі ўвечары Ральф, які ўсё ж чытаў тое-сёе пра вайну, растлумачыў, што сталінскім арганам нямецкія салдаты называлі савецкія рэактыўныя ўстаноўкі, – яна, якая таксама тое-сёе чытала і мела па гісторыі, а як жа, пяцёрку, здагадалася, што гутарка ідзе пра знакамітыя «кацюшы». Вось так яна, сядзелка, вучылася разумець свайго хворага…

Менавіта тады ён пачаў размаўляць з люстэркам у сваім пакоі – на астатнія чамусьці не рэагаваў. Днём, узняўшыся па лесвіцы на другі паверх і не знайшоўшы яе там (хаця яна сядзела тут жа, з вязаннем альбо кнігай), ён адпраўляўся да сябе, да старога трумо з трыма люстэркамі, і неўзабаве адтуль ужо даносіліся рыпучыя гукі заезджанай кружэлкі. Прынамсі, у Ганса з’явіўся субяседнік, жартаваў Ральф, дый яна напачатку была задаволеная, што хворы не чапляецца да яе з размовамі. Ганс жа настойліва намагаўся запрасіць «старога з люстэрка» за абедзенны стол, употай адносіў «яму» то шклянку ліманаду, то яблык, а аднойчы абяззбройвальна выклаў на трумо ўсё капеечнае змесціва свайго кашалька. Вось тады да яе і дайшло: ён канчаткова страціў уяўленне пра ўласны ўзрост.

А неўзабаве – гэты дзень Ларыса памятае выдатна – яна заспела хворага, калі ён расказваў люстэрку пра вайну: Ганс – салдат, маладзенькі радавы, казаў ён пра сябе чамусьці ў трэцяй асобе, толькі паспеў прыбыць у рэйхскамісарыят Остланд, як пачалося адступленне, гэта сапраўдная Hölle, менавіта – пекла, ён увесь час моліцца, каб яго паранілі, бо хоча да мамы… А калі ён, каверкаючы, вымавіў назву з дзяцінства знаёмага ёй горада, яна не магла больш падманваць сябе: менавіта так усё і было – невыпадкова ён тады распытваў яе, і пра аэрадром дакладна ведаў… Унутры ў яе нібыта штосьці абарвалася. У той жа вечар яна прыступіла з роспытамі да Ральфа і атрымала адказ: так, неахвотна прызнаўся муж, бацьку забралі ў войскі вермахта ў маі сорак чацвёртага і накіравалі на Усход, я не хацеў казаць табе раней, бо ведаў, што гэта будзе для цябе крыху непрыемна. «Крыху непрыемна?!» – паўтарыла яна. «Не варта драматызаваць, зразумей, ішла вайна. Бацька ўсяго два месяцы праслужыў у тылавым гарнізоне дзесьці недалёка ад Мінска, потым быў цяжка паранены пры адступленні і вайна для яго скончылася. Ты занадта ўражлівая, усе твае праблемы – ад камуністычнага выхавання!» Некалькі начэй пасля гэтага яна ляжала без сну, і патрабавальнае гуканне старога, гучнае, як баявая труба, выдатна чутнае нават на другім паверсе, гуканне, якое раздавалася звычайна каля чатырох, апярэджваючы ўсе ранішнія гукі вёскі, заспявала яе з мокрым ад слёз тварам.

Крыўлянне Ганса перад люстэркам больш не здавалася ёй забаўным. А ў хуткім часе і Ральф перастаў усміхацца: калі ўдзень «стары з люстэрка» бачыўся Гансу міралюбным, дык уночы трансфармаваўся ў ворага, і хворы ставіў на вушы ўвесь дом. Спрабаваў задрапіраваць нядаўняга «сябра» палатняным абрусам, які здзіраў са стала ў гасцёўні (пры гэтым увесь посуд аказваўся на падлозе); барыкадзіраваў праход да люстэрка перакуленымі крэсламі, кашамі з бялізнай, але часцей за ўсё прыцягваў усё тыя ж дровы з рабочай каморкі. Вось тут дык і надышоў час урэзаць новыя замкі ў кухні ды гасцёўні – ключы ад большасці пакояў былі даўно згубленыя – але дзверы ў каморку, прахадную ў прыбіральню, замкнуць было нельга.

«Цішэй! Ступай асцярожна! – Ганс хапае яе за руку, ледзь не выкручваючы запясце. – Каб не нарвацца на міны! Бачыш сляды?» – «Ганс, адпусці руку! Мне балюча!» – «Глядзі ж! – ён цягне яе да акна (жалюзі з боку вуліцы спушчаны, у шкле – яго і яе адбіткі: стары ў піжаме з ускалмачаным рэдкім пухам на цемі ды хударлявая дзяўчына з доўгімі светла-русымі валасамі, начное акно скрадвае ўзрост – яе, але не яго). – Яны там, там! О, ды ў іх кулямёт! Падай на зямлю! Шнэле! Зараз пачнуць страляць!» – «Ганс, спыніся!» – «Фельдфебель загадаў мне капаць акоп… Ведаеш, як было цяжка? У зямлі тут адні карані! Але я справіўся!» Ды ўжо ж, справіўся: праход да акна надзейна забарыкадаваны крэсламі з гасцёўні, двума матрасамі – усё перакулена і ссунута на сярэдзіну пакоя. Хворы раптам садзіцца на падлогу, яго настрой мяняецца. Па твары цякуць слёзы: «Я не хачу ваяваць! Я нікога не забіваў! Давай уцячом адсюль разам…» Ледзь удаецца яго заспакоіць і ўкласці на канапе ў гасцёўні. Ральф напаўголас лаецца: усё гэта яму надакучыла. Праз паўгадзіны зноў грукат, ляпанне дзвярэй; на гэты раз Ральф нават не выходзіць са спальні. Яна знаходзіць хворага ў ложку: ён «схаваўся» – нацягнуў на галаву прасціну. Ягоны твар, у размытых плямах старэчай пігментацыі, як размазаныя па талерцы грэцкія крупы, ажно ззяе ад усведамлення добра зробленай справы; ён жадае, каб яго пахвалілі, пагладзілі па рэдкім пуху на цемі, які зараз стаіць дуба. «Хутка пачнецца бамбёжка! – запрашае ён яе падзяліць радасць. – Але я выкапаў надзейнае ўкрыццё! Русішэ штука нас не дастане!» На ложак навалена адзенне, зверху грувасціцца каток для прасавання бялізны, які з часоў Эльзы ржавее ў кладоўцы (а ён цяжэнны!), дровы… «Ганс, якое ўкрыццё?! Вайна даўно скончылася!!!» – «Га? Скончылася?»

Толькі тады Ральфа па-сапраўднаму і зачапіла: будуючы ўночы свае «ўкрыцці», Ганс усюды запальваў святло – а за электрычнасць трэба плаціць! Яшчэ б, Ральф нават калядныя паштоўкі купляе летам, калі яны каштуюць усяго еўра, а не чатыры, як у снежні. «Трэба падлічыць страты! Баюся, у рэшце рэшт танней будзе здаць яго ў дом састарэлых!» Менавіта – здаць. Гэта было якраз тое, аб чым Ларыса цяпер марыла. Бо не жадала даглядаць былога нямецкага салдата, які ваяваў у яе дома. І яшчэ таму, што хацела, нарэшце, упэўніцца: іх з Ральфам шлюб – усё ж такі не суцэльная бухгалтэрыя. Бо ў хвіліны дэпрэсіі лічыла, што Ральф забяспечвае ёй дах над галавой і статус знаходжання ў краіне выключна з-за таго, што яна эканоміць ягоныя грошы, даглядаючы Ганса. Як высветлілася, ажаніўшыся з ёю, Ральф зрабіў дальнабачны крок: мець жонку-беларуску танней, чым плаціць хатняй работніцы і сядзелцы; прыкладам, сядзелка з Прыбалтыкі запатрабуе ад трохсот еўра (а з такім няпростым пацыентам – у паўтара раза больш). Аддаць жа Ганса ў дом састарэлых занадта дорага: давялося б развітацца з пенсіяй старога ды часткай уласнага прыбытку. Такім чынам, як усё ж такі жанчына, яна жадала атрымаць доказ таго, што іх саюз з Ральфам трымаецца не на вар’яцтве Ганса ў якасці адзінага фундамента.

Але куды, хацела б яна ведаць, падзеўся зараз гэты «фундамент»?

Ад таго, што недарэчнае сённяшняе здарэнне пачалося са званка Лады, яна не прыдумала нічога лепшага, як набраць яе нумар, загадзя раздражняючыся ад манеры Лады размаўляць, – роблена-ляніва пазяхаючы, расцягваючы ненатуральна чырвоны рот (стойкая айчынная звычка: мясцовыя не ўжываюць касметыку), – але ў слухаўцы раздалося «часова не даступна». Ага, Лада адправілася да той быццам бы ўнучкі сібірскага шамана і, вядома, адключыла мабільнік! Адразу ж ёй успомнілася іншая гутарка з Ладай, пасля паездкі ў Кульмбах, у замак Пласенбург, дзе ім пашчасціла наведаць буйнейшы ў свеце музей алавяных фігур, – стаміўшыся ад аднастайнасці батальных сцэн, ад усіх гэтых старажытных кельтаў, рымскіх легіянераў, тэўтонскіх рыцараў, англійскіх мушкецёраў, вікінгаў, напалеонаўскіх гвардзейцаў ды іншых стрыечных братоў стойкага алавянага інваліда, яна запрасіла Ладу ў кафэ і пасля глытка «Чыба майлд» нечакана выклала тое, што мучыла: «Ганс ваяваў у Беларусі, уяўляеш?!» «Ну дык і што з таго? – шчыра здзівілася Лада, натуральная бландынка з зялёнымі вачыма, апранутая па-айчыннаму, то бок з выпакутаванай стараннасцю: блузка са стразамі, туфлі на высачэнных абцасах, кідкі макіяж, – ніякая, між іншым, не Лада, а ўсяго толькі Людка, якая з дапамогай цёткі, што працуе ў абласным загсе, памяняла адну літару імені, каб адразу зрабіцца вабна-таямнічай. – Дык гэта ж хрэн ведае калі было!» – «Ён бачыць сябе салдатам, увесь час трызніць пра вайну!» – «А цябе тое хвалюе?» – паціснула плечыкам Лада.

Людзе-Ладзе – удваенне, у якім Ларысе чамусьці чуецца «людаедства» (і яшчэ: «пралюбадзейства») – Людзе-Ладзе ўсяго трыццаць. Дзесяць год раздзяляюць іх – бездань, праз якую немагчыма перакінуць мост. Усё ж яна тады прызналася суайчынніцы, што калі Ральф не здасць старога ў багадзельню, яна сыдзе, кіне ўсё да д’ябла, здыме кватэру, знойдзе іншую працу альбо ўвогуле вернецца дамоў – але як пакінуць тут Светку? Як быццам бы яна, Ларыса, не разумее, што за выбіральнасцю яе ўнутранага зроку, за хітрыкамі Мнемазіны, якая паварочвае калейдаскоп з каляровымі шкельцамі такім чынам, што перад вачыма заўжды аказваюцца самыя змрочныя, хаваецца туга па радзіме! «У цябе ў самой дах паехаў, – спакойна канстатавала Лада, адпраўляючы ў рот кавалачак вішнёвага дэсерту. – Табе дзяржава плаціць за тое, што маразматыка даглядаеш?» – «Дык і што з таго?» – «Колькі?» – «Дзвесце ў месяц». – «Мала. Падавай на другую ступень па доглядзе, раз ён у цябе такія фінты выдае. Калі ён уночы зноў усё разграміць або перад люстэркам «Хайль Гітлер» зробіць, хуценька хапай фотаапарат і здымай, потым аднясеш у бальнічную касу: так і так, паглядзіце, шаноўнае спадарства, што наш пацыент вырабляе. Можаш і на маральны ўрон спаслацца, гэта таксама добра прадаецца. Маўляў, ты беларуска, цябе ўсё гэта нервуе. У немцаў комплекс віны з-за той вайны, яны гатовыя ўсім на свеце кампенсацыю плаціць. Будзеш атрымліваць чатырыста еўра – вядома, не шыкоўна, але…» – «Ды справа не ў грашах…» – «А ў чым?»

Разумеючы ўжо, што дарэмна завяла тую размову, яна – хутчэй не Ладзе, а самой сабе – паспрабавала растлумачыць: калі яе бабуля з трыма дзецьмі хавалася ў балоце, па пояс у ледзяной жыжцы, а паліцаі з айнзацгрупы і нямецкія салдаты, папярэдне запусціўшы ў вёску чырвонага пеўня, прачэсвалі лес, метр за метрам, і ў кожнага салдата на поясе вісеў кацялок (бабуля потым усё жыццё не магла чуць рытмічнае звяканне лыжкі аб металічны посуд), самы маленькі раптам заплакаў, і яна сунула яму ў рот смочку; але дзіцёнак працягваў пішчаць, а яна ўсё пхала і пхала яму ў рот грудзі, пакуль той не замаўчаў канчаткова, як высветлілася – задыхнуўся. «Затое мой бацька і ягоны брат дзякуючы гэтым пустым, без малака грудзям, што аказаліся ўсё ж дастаткова важкімі, каб абарваць дыханне двухмесячнай істоты, засталіся жывыя. Дакументы бацькі згарэлі ў хаце ў час той аблавы, а метрыкі памерлага немаўляці цудам захаваліся. Жывы пражыў жыццё па дакументах мёртвага. У маім імені па бацьку – імя нябожчыка, які не мог мець дзяцей, бо сам памёр ва ўзросце малечы. І цяпер, калі кармлю ды пераапранаю Ганса, я ўвесь час думаю: а раптам ён быў у тым лесе?» – «Ты гэта што – сур’ёзна? Зусім ад’ехала? – Лада глядзела на яе не разумеючы. – Пры чым тут твая бабуля? Я ўвогуле не ўрубаюся, якога хрэна загружаеш. Калі ўжо надумала кінуць Ральфа, так і скажы. Згодна з табой, бабла ў яго малавата… – Лада нахілілася да яе і панізіла голас. – Я тут з адным немчуронкам з Гановера ў Сеціве пазнаёмілася, кру-у-утызна! Пэўна, звалю я ад Эдвіна, але пакуль што – маўчок. Ужо дамовіліся з Германам разам кватэру пяціпакаёвую здымаць. Але ж я разумная – сваю частку кватэры буду аплочваць сама, каб не страціць аліменты, хе-хе, ад былога мужа!» Лада адкінулася на спінку крэсла, выцягнула ментолавую цыгарэтку. «Люблю марыць… эх, калі б раптам падваліла куча бабак… я б купіла сабе домік на грэчаскім востраве… а ты?» – «Я б аплаціла вучобу дачкі ва ўніверсітэце і… паставіла на месцы той спаленай вёскі камень…»

 

Узгадаўшы выраз прыгожага тварыка Лады пасля тых яе, Ларысы, слоў – суайчынніца глядзела на яе з грэблівым спачуваннем, як на прыдуркаватую, – яна адкінула мабільнік убок. Ну, давай жа, напруж розум, дзе можа быць стары, дзе? Пальцы дробна трымцелі. Пэўна, давядзецца, як ні круці, звяртацца ў паліцыю, хоць тутэйшая паліцыя выклікае ў яе проста-такі генетычны страх. Раптам яна ўзгадала, што сёння – дзявятага мая, і адразу ж убачыла ў паштовай скрыні мясцовы часопіс на рускай мове: часопіс, які выдаваўся былымі аўтахтонамі СССР, прыходзіў з нямецкай дакладнасцю на дзявяты дзень месяца. Спачатку механічна, а потым з цікавасцю прынялася шукаць на старонках матэрыялы, прысвечаныя той вайне, але… нічога не знайшла. Прагартаўшы хутка ўвесь дабраякасны глянец, зазірнула ў рубрыку «Май шмат год таму: хроніка месяца» (не можа быць! хаця б тут, адным радком!), адшукала сённяшнюю дату і з узрастаючым здзіўленнем прачытала, што 9 мая 1964 года на вяршыні амерыканскага хіт-парада апынуўся «вялікі Луі Армстронг з песняй «Hello, Dolly». І ўсё… У гэты дзень, з пункту гледжання рэдакцыі эмігранцкага часопіса, у свеце не адбылося больш НІЧОГА, вартага ўпамінання. Але ж вось нават карэнныя немчуракі на тую падзею не забыліся, бо цярпліва церпяць на гэтай цудоўнай зямлі спадароў эмігрантаў, абароненых, нібыта даспехамі, добра фінансуемым статусам «ахвяр фашызму»…

Яна перагарнула старонку. Далей была выдрукавана гісторыя нашага суайчынніка, шчодра праілюстраваная ягонымі фотаздымкамі ў стылі «ню». «24-гадовы Аляксандр у выніку 35 аперацый, зробленых на працягу двух гадоў, ператварыўся ў Аляксандру, зрабіўшы поўную змену полу! Цяпер 9 мая, дзень свайго канчатковага «цудоўнага ператварэння», Шура святкуе як дзень народзінаў. Аляксандра паўстала супраць прыроды – і перамагла!» Ніжэй распавядалася пра тое, як на пару з іншым транссексуалам «рабяты – дзяўчаты» зараблялі грошы на аперацыю: тарыф на секс-паслугі быў немалы – 500 еўра ў гадзіну. «Не дзіўна, што кліентамі Аляксандра з’яўляліся людзі вядомыя: палітыкі, адвакаты, тэлезоркі». З надрукаванага вынікала, што цяпер той Шурык-Шура дамагаецца разумення з боку грамадства да такіх, як ён, вязняў «душэўнага гета».

Вось такі цяпер змест у паняцця «гета»… Дый дзякуй богу, што толькі такі! Час ідзе, і нават самы страшны боль пакрываецца скарынкай забыцця. Тут толькі яна заўважыла, што вымаўляе тыя словы ўслых, даводзіць іх свайму адбітку ў люстэрку – ну чыста як Ганс! – і села на ложак, закрыўшы твар рукамі. Што ж паробіш, калі ўсякае новае пакаленне імкнецца пазбавіцца ад памяці аб мінулым, як ад старой рухлядзі, вось як яны з Ральфам вынеслі ў кладоўку няўклюдны, пасляваенны яшчэ каток для прасавання бялізны. Асабістая памяць, якая ёсць, па сутнасці, набор вопытаў, у маладых пустая, як незапоўнены лазерны дыск. Наколькі больш прадуктыўна чалавек пражываў бы сваё жыццё, калі б нараджаўся by default – менавіта па змоўчанні! – з запісанымі ў розуме гатовымі копіямі файлаў з рэсурсу калектыўнай памяці. Калі б гэта было магчыма, чалавецтву хапіла б усяго адной вайны, якая стала б апошняй. На жаль, ніхто не можа пакарыстацца чужой памяццю. І не хоча. Нядаўна яна даведалася пра тое, што праз шэсць дзясяткаў гадоў пасля Халакосту жыхары баварскага горада Дахау выступаюць за закрыццё мемарыяла, створанага на месцы былога нацысцкага канцлагера. А дамы, што размяшчаюцца ў непасрэднай блізкасці ад труб крэматорыя, што ў час вайны дымілі днём і ноччу, лічацца зараз першакласнай нерухомасцю, бо прылягаюць да ціхіх зялёных раёнаў. І тыя, хто жыве ў тых дамах, не пакутуюць ад начных кашмараў. Дый сам горад Дахау ў мясцовай прэсе ўпамінаецца ў асноўным дзякуючы тамашняму бардэлю, дзе працуюць асабліва спачувальныя прастытуткі: пасля адмены дзяржаўнай датацыі пенсіянерам на Каляды жрыцы кахання ўручылі насельнікам дома састарэлых «Friedrich Meinzolt» па €25, паведамілі газеты. А яна, па ўсёй верагоднасці, насамрэч пакутуе на клінічную ўразлівасць… Як сказала Светка: «Маці, гісторыя поўная жахаў, узяць хоць старажытных ацтэкаў – вырывалі сэрца ў жывых пленнікаў, каб прынесці яго ў ахвяру, гэта пакруцей за Маўтхаўзен. Між іншым, сэрца яны называлі каштоўным кактусавым плодам Арла, а паміраючага ў страшных пакутах пленніка – Арліным чалавекам. І ўвогуле ў цябе замацаванне афекту». – «А ў цябе?» – хацела яна спытаць, маючы на ўвазе вядома што, але стрымалася, заўжды баялася пакрыўдзіць дачку (вырасла, лічы, без бацькі), якая, дарэчы, досыць удала ўпісалася ў тутэйшае жыццё: скончыла моўныя курсы, знайшла працу афіцыянткі, паступіла ва ўніверсітэт на псіхолага – усё сама, малайчынка! – зняла кватэру ўдваіх з перасяленцам з Казахстана. А як яна радавалася поспехам дачкі – ды дзеля гэтага гатова была трываць і не такое, што там выхадкі старога маразматыка ды дробязнасць Ральфа, скосыя позіркі суседзяў і тупасць эмігрантаў. Праз паўгода высветлілася, што Светчын Генрых, як тут кажуць, швуль[2]… І тое яшчэ паўбяды, а няшчасце ў тым, што дзяўчынка ўсё роўна кахае гэтага тыпуса і працягвае жыць з ім. І яна, маці, не можа анічога ёй параіць, бо на актуальную тэму «Як будаваць сямейнае жыццё з гомасексуалістам» ім не чыталі лекцый ні ў школе, ні ва ўніверсітэце.

Зрэшты, дачка і не пытаецца ў яе парады, досыць самастойна падводзячы канцэптуальны баланс – псіхалагіня, а як жа ж! – пад сваю (яго) праблему: «Зразумей, пасля той вайны ў нямецкіх і нашых мужчын няма энергіі, неабходнай для пранікнення ў чужое цела, яны надта выклаліся, бо гэта адное і тое ж – пенісам ці штыком, забіць ці зачаць, адна і тая ж энергія, толькі са зваротным знакам…» – «Ну канечне, твой Генрых наваяваўся, усе грудзі ў медалях…» – «Справа не ў ім асабіста! Мужчыны расхацелі займацца сексам. Вазьмі бацьку: ён аддаваў перавагу алкаголю, бо энергетычна гэта менш затратны спосаб дасягнуць нірваны». – «Пакінь у спакоі прах свайго бацькі…» – «Не, ты даслухай! Затое жанчыны назапасілі шмат энергіі, і куды ім яе дзець?» – «А я адкуль ведаю?» – «Выходзяць замуж за папуасаў, азіятаў, афраамерыканцаў, мангола-кітайцаў, бо тыя іх трахаюць!» – «Не смей лаяцца пры маці! Гэта толькі нашы выходзяць – таму што дурніцы. Немкі ні за якіх папуасаў не выходзяць». – «Затое немкі купляюць штучныя чэлясы маркі «Індыйскі слон» і мужчын-лялек, ты зайдзі ў секс-шоп…» – «Дык што, ты цяпер будзеш спаць з «Індыйскім сланом» да канца жыцця?» Дачка не размаўляла з ёй тыдзень, і прабачэння прасіла, вядома ж, яна, хоць і мела рацыю ў той спрэчцы: ну і пакаленне – ва ўсім гатовыя абвінаваціць вайну!

Божачкі, яна сядзіць тут над блазенскім часопісам, а Ганс, магчыма, валяецца зараз дзе-небудзь на трасе з размажджэранай галавой! Трымцячымі рукамі Ларыса набрала нумар Светкі, і дачка, дзякуй богу, адгукнулася адразу ж. Яе заўжды заспакойвала Светчына разважлівасць; і зараз дзяўчынка, імгненна ўнікнуўшы ў сітуацыю, сказала: «Маці, не калаціся. Разважай лагічна. Ён уяўляе сябе маладым, так? Што ён тады рабіў? У сэнсе, пасля вайны?» – «Ажаніўся, расціў дзяцей». – «А пасля?» – «Пахаваў жонку. Пабудаваў дом для Анелізе». – «Вось і схадзі да Анелізе, можа, ён там». – «Няўжо ты думаеш, што Анелізе не прывяла б яго сама?» – «Хіба ты не ведаеш Анелізе?» – спытала Светка, і мела вох якую рацыю.

Анелізе, старэйшая сястра Ральфа – як, зрэшты, і малодшая, Барбара, – даўно не падтрымлівалі з бацькам і братам ніякіх адносін, нават не віталіся. Сварка ў сям’і пачалася з падзелу маёмасці паміж бацькам і паўналетнімі дзецьмі; разгарэлася сапраўдная вайна за дом, у якім жыве цяпер Ральф, і хаця сёстры былі замужам і мелі ўласныя дамы, яны запатрабавалі, каб Ральф і Ганс выплацілі ім іхнюю частку, і атрымалі яе. Анелізе яшчэ і адхапіла палову ўчастка, дзе стаіць яе новы, пабудаваны з дапамогай Ганса дом, таму цяпер яны суседзі. Пры падпісанні дагавора прадбачлівыя сёстры ўвялі пункт аб тым, што за бацьку адказвае Ральф і нясе ўсе расходы, у тым ліку лячэнне, знаходжанне ў доме састарэлых, пахаванне і догляд за магілай. У дакуменце дакладна прапісаны межы сыноўняй любові: Ральф прадастаўляе бацьку гарачае харчаванне адзін раз у дзень. Спецыяльным пунктам агаворана, хто менавіта высаджвае кветкі на магіле маці: гэта прадпісвалася рабіць Ральфу, а калі кветкі раптам уздумаецца пасадзіць сёстрам, ён абавязаны аплаціць гэтую паслугу. Цяпер кветкі на магіле (а таксама іх кампазіцыі, прыкладам, на Пасху) садзіць яна, жонка Ральфа. Анелізе, хатняя гаспадыня, наведвае бацьку адзін раз на год – на дзень яго нараджэння. Прыносіць пачак пячэння. Ва ўсе астатнія дні яна, пазбаўляючыся ад залішняе вагі, ходзіць на праменад, наразаючы кругі вакол вёскі, пры гэтым як мінімум тройчы праходзіць міма бацькоўскага дома, але ніводнага разу не зайшла праведаць старога. А бяздзетная Барбара, якая жыве ў Эбенсфелдзе, удачарыла дзяўчынку з Румыніі, актыўна займаецца дабрачыннасцю: кіруе грамадскай арганізацыяй, што збірае адзенне для сірот з былых сацыялістычных краін, раздае інтэрв’ю газетам. Свайго бацьку яна не наведвае нават у дзень нараджэння.

Ларыса перабегла праз двор і ўжо зусім была сабралася пастукаць да Анелізе, але своечасова адхапіла руку: тая можа напісаць скаргу, і тады за нядобрасумленны догляд хворага яе, бяспраўную, па сутнасці, эмігрантку, хоць і жонку нямецкага грамадзяніна, што пабралася з ім шлюбам у законным да апошняга вітража мясцовым Ратхаусе, могуць пазбавіць і тых 200 еўра, якія яна атрымлівае як сядзелка. І яна зрабіла выгляд, што проста разглядвае дрэўца магноліі з буйнымі ружовымі кветкамі – натуральна, дарагушчае (не, калі Ганс завітаў бы сюды, дык хутчэй памёр бы на ганку, чым трапіў у дом!), – а потым зноў пабегла па вуліцы, але апамятавалася: машына! Старэнькі «фальксваген» Ганса завёўся імгненна і нібыта завіляў радасным дымком, як сабака хвастом, – сабака, што адпраўляецца на пошукі гаспадара. Нібыта адчуваў, за якой-такой патрэбай яго выганяюць зараз з гаража. Павольна – а сэрца калацілася – яна пакаціла звыклым шляхам, які пераадольвала рэгулярна па суботах і нядзелях: у гэтыя дні працавала пасудамыйкай у адным з рэстаранаў Эбенсфелда (па выхадных Ральф сам у стане даглядаць свайго бацьку). Дарэчы, яе напарніцы па кухні – расіянка з дыпломам філолага ды ўкраінка, якая ў сваёй краіне была журналісткай, такая вось гуманітарная кампанія; разам яны абмяркоўваюць стыль Макса Фрыша і эстэтыку Пруста, не забываючы пры гэтым да бляску начышчаць грыль-скавароды мыйным сродкам. Тут, у баварскай глыбінцы (хоць і не менш, чым вялікія гарады, цывілізаванай ды дагледжанай – даўно і трывала), знайсці калі-небудзь працу па спецыяльнасці шанцаў няма ні ў адной з іх – вось дзяўчаты і адводзяць душу ў інтэлектуальных размовах. А што ім яшчэ застаецца: іхнія мужы, яна можа галаву даць на адрэз, і блізка не ведаюць, хто такі Макс Фрыш.

Квітнеючыя элізіумы палісаднікаў засталіся ззаду. Яна ехала цяпер уздоўж поля, на краі якога расло незвычайнае раскідзістае дрэва, якое так ўразіла яе калісьці: плоская крона нібыта распадалася на дзве часткі і нагадвала гіганцкага трапяткога матыля, які вось-вось узляціць, а магутны ствол утвараў нешта накшталт сядзення. Потым, калі падышла бліжэй, яна зразумела, што кроне прыдадзена патрэбная форма майстарскімі нажніцамі. Дрэвы тут злоўленыя ў палон цывілізацыяй – мажліва, таму яны не выпраменьваюць святла; там, у старым парку яе дзяцінства, засталося маўклівае ззянне, якое адчувала, бадай, толькі яна адна з крыклівага галаваногага лагернага натоўпу: далоні, якія яна любіла складваць купалам над някідкімі суквеццямі крываўніка, пачыналі ззяць цёплым, ружова-залатым… Яна прапусціла паварот і рэзка затармазіла, успамін адляцеў успуджаным матылём. Ля таго дагледжанага (але ці шчаслівага?) дрэва яны са Светкай любілі адпачываць, калі гулялі па ваколіцах. Калі Ганс яшчэ не патрабаваў штохвіліннай яе прысутнасці…

 

Хто ведае, можа, стары зноў вырашыў, што яго хочуць адправіць на фронт, і схаваўся? Каля месяца таму, вярнуўшыся з Эбенсфелда, яна ўбачыла Ганса, што бегаў па доме з пенай на губах і пашыранымі ад жаху зрэнкамі, у кашулі палыннага колеру з дзвюма нагруднымі кішэнямі ды шырокім поясам, якая адразу ж нагадала ёй форму салдат вермахта. «Гарольд сказаў, што я павінен ісці на вайну! Ён прымусіў мяне апрануць Uniform! Казаў, калі я не пайду, маю маму адправяць у Дахау! А я не хачу на вайну! Не хачу! Я бачыў Vernichtungskrieg![3]Што будзе з маёй мамай?!» І настойваў на сваім так пераканаўча, што яны з Ральфам, здаецца, таксама крыху крануўшыся розумам, патэлефанавалі Гарольду, пекару з суседняга гарадка, які па пятніцах прывозіў ім булачкі ды печыва (была якраз пятніца) і, пераадольваючы няёмкасць, спыталі наконт кашулі, – вядома, усё аказалася трызненнем хворага. Пазней Ральф прыгадаў, што гэтая кашуля колеру фельдграу была калісьці рабочым адзеннем Ганса; дзе ён умудрыўся адшукаць яе праз дзясяткі год, так і засталося таямніцай. Яна тады дала старому заспакаяльнае і прыбрала кашулю з вачэй – ён адразу ж забыўся пра яе і прыняўся засяроджана інспектаваць шафы ды шуфлядкі на кухні: калі не «ваяваў», дык шукаў салодкае, перакопваючы ўсе даступныя яму месцы. (Тую кашулю яна потым ледзь паспела выхапіць з гуманітарнага каша, куды, не доўга думаючы, кінуў яе Ральф, – гэтыя кашы, прызначаныя для збору старых рэчаў, дабрачынныя арганізацыі ставяць проста пад дзверы. На кожным кашы маецца акуратная бірка з назвай краіны. На гэтым было напісана «Weißrussland». Рэчы будуць перададзены ў беларускія дамы састарэлых, растлумачылі ёй, і Ларыса, міжволі ўявіўшы ў кашулі былога салдата вермахта свайго дзеда, які пабываў у акупацыі – і даўно памёр, але хіба ў гэтым справа? – пайшла раскладаць агонь у печы, каб спаліць чортаву анучу.)

Што яшчэ ёй запомнілася з таго дня? Бліжэй да ночы дзеянне лякарства скончылася, і Ганса зноў апанавала бяспамяцтва: ён разварочваў ложак, штохвілінна адкрываў жалюзі на вокнах, хаваўся ад людзей-адбіткаў. Размаўляў з люстэркам – паток малазразумелай лагарэі не канчаўся да рання: з-за таблетак дзень у хворага пераблытаўся з ноччу. Задрамаўшы а шостай гадзіне, праз некаторы час яна пачула крык і, спусціўшыся, убачыла яго ў калідоры: ён трымаўся рукамі за галаву і стагнаў. «Што здарылася, Ганс?» Ён прачнуўся ў цемры і вырашыў, што замкнёны ў пуні, поўнай трупаў: «Некаторыя былі скалечаныя… я не ведаў, як адтуль выйсці… за што іх расстралялі?! За што?!» Яе закалацілі дрыжыкі, а ён стаяў, пагрозліва паказваючы кулак свайму адбітку ў люстэрку: «Пачакай, вырадак, Ганс знойдзе, дзе ты хаваешся…» Ларыса адвяла старога ў ложак (прачнуўшыся раніцай, ён, як заўсёды, нічога не памятаў) і, накапаўшы ў чарку карвалолу, сказала сабе, што далей так працягвацца не можа, бо хутка і яна, як яе падапечны, з’едзе з глузду.

Ушчэнт выматаная ўсім гэтым, яна ўгаварыла Ральфа заказаць спецыяльны ложак з высокімі бартамі – суперложак, забяспечаны механізмам, каб прыўзнімаць пацыента для кармлення, і драўлянай рашоткай, выбрацца з-за якой хворы самастойна не здолее. «Усяго за пяць еўра!» – задаволена паціраў рукі Ральф, да той хвіліны, калі даведаўся: пасля смерці Ганса ложак будзе перададзены другому хвораму, і таму ў выпадку паломкі Ральфу прадпісваецца аплаціць поўны кошт гэтага тэхнічнага цуду – больш за тысячу еўра. У тую ж ноч Ганс прадэманстраваў сваё грэбаванне законамі эканоміі: гвалтоўна пакладзены ў ложак, ён так торгаў драўляныя перакладзіны, што яны не вытрымалі. Ложак, дальні сваяк катафалка, прызначаны для спакойных хворых; яго пашкоджанне не прадугледжана медыцынскай страхоўкай. Зранку Ральф не ў сабе ад раздражнення сеў рамантаваць ложак, а Ганс, які ўжо забыўся на ўсё, што адбылося ноччу, з дзіцячай усмешкай шчасця аплятаў Гарольдавы булачкі з марцыпанам і распяваў сваё «Auf Wiedersehen… Auf Wiedersehen…». У Ларысы ж дадалося клопатаў: уночы вартаваць той механічны цуд. Моцы ў старога было яшчэ дастаткова, гемаглабін выдатны, сэрца здаровае; калі б ён зноў стаў псаваць уласнасць бальнічнай касы, ёй давялося б клікаць на дапамогу Ральфа. Вось яна і сядзела ля хворага, а каб не заснуць, раздумвала над тым, хто ахоўвае ўладанні Мнемазіны, якія яны, вартавыя яе меж, і чаму ніводнае пакаленне не жадае пакарыстацца крэдытам – беспрацэнтным! – з банка агульначалавечай памяці…

Зрэшты, ці можа чалавек пакарыстацца чужой памяццю? Рытм жыцця паскараецца, усе досведы імгненна робяцца ўстарэлымі; кожны з людзей самотны, нібыта рукавіца, згубленая ў снезе, мы хапаемся, як за абломкі льдзін, за высновы аўтараў кніг, але яны ўжо не спатрэбяцца нам, бо свету, у якім жылі тыя, больш не існуе. Суцэльныя пласты рэальнасці адколваюцца ад нашага берага і касяком адыходзяць у нішто. Аднойчы, калі яна ўсё ж такі задрамала на сваім пасту, ёй прымроілася: Мнемазіна, чамусьці ў кароткай джынсавай спаднічцы, з татуіроўкай на сцягне, нібыта якая-небудзь дзяўчынка з дыскатэкі Эбенсфелда, куды Ральф дагэтуль ходзіць паслухаць музыку, таньчыць з люстэркам, нібыта на подыуме, на астраўку сушы, які катастрафічна змяншаецца, а ўнізе струменіцца Лета. Люстэрка тытаніды і зімовая вада Леты адлюстроўваюцца адно ў адным, памяць сцірае забыццё, забыццё змывае памяць… І сон быў такі жывы ды яркі, што яна, прачнуўшыся, доўга чамусьці не магла супакоіцца.

Леваруч паказаліся могілкі. Магчыма, хворага пацягнула на магілу жонкі? Зрэшты, асаблівага кахання да Эльзы яна ў Ганса не заўважала, стары нават ніколі не ўзгадваў яе. Прыпаркавала машыну і пайшла па дагледжанай сцяжынцы паміж мармуровых помнікаў, па тутэйшым звычаі пазбаўленых партрэтаў. Яшчэ год таму, адпраўляючыся высаджваць кветкі на магіле Эльзы, ахвотна брала з сабой старога; ён дапамагаў несці пакунак з зямлёй, а потым моўчкі стаяў побач, пакуль яна, у строгай адпаведнасці з сезонамі года, клапатліва ўладкоўвала на новым месцы жыхарства браткі ды нарцысы – вясной, чырвоную бягонію – летам, верас – восенню, галінкі хвоі – зімой. Мёртвыя непатрабавальныя. Яна і Эльза – равесніцы, калі можна так казаць пра нябожчыцу: калі маці Ральфа патанула, плаваючы ў возеры, ёй было столькі ж год, колькі цяпер жонцы Ральфа. Ларысу нават радавала, што ў гэтых мясцінах у яе з’явілася свая магілка, якую можна даглядаць. У яе, іншаземкі, няма шанцаў абзавесціся тут такім вось элегантным помнікам: за месца на могілках трэба плаціць. Ходзіш ты ў кірху ці не, зрабі ласку пажыццёва выкладваць грошы царкве за тое, што табе калі-небудзь будзе забяспечаны пропуск у горад мёртвых (і ў рай па сумяшчальніцтве). Затое тут тваё тленнае цела не гніе ў наспех скалочанай труне ў сценах хрушчоўкі, дзе і без таго дваім не разысціся, а прыбітыя горам сваякі не носяцца на злом галавы ў пошуках грошай на гарэлку, каб улагодзіць процьму родзічаў і калег. За нябожчыка з задавальненнем бярэцца фірма, якая клапоціцца пра добрапрыстойную ўтылізацыю: цела пасля ўсіх неабходных маніпуляцый дастаўляюць на могілкі, аплочваюць кафэ, куды жадаючыя могуць пайсці пасля пахавання: гарачая кава, сандвічы з сырам і каўбасамі – сціплая ежа, якая дазваляе ўмацаваць цялесную абалонку, але не дае забыцца на яе тленнасць, у адрозненне ад тых азіяцкіх па празмернасці ўзаконенага абжорства, з дзікунскімі ўзліваннямі баляванняў, якія прынята ладзіць на яе радзіме ў такіх вось сумных выпадках, прычым колькасць страў і пітва расцэньваецца ўдзельнікамі як прама прапарцыянальная ступені смутку гаспадароў…

2Швуль (ад ням. разм. Schwul) – гей.
3Vernichtungskrieg (ням.) – расавая вайна.