Za darmo

Літоўскі хутарок

Tekst
iOSAndroidWindows Phone
Gdzie wysłać link do aplikacji?
Nie zamykaj tego okna, dopóki nie wprowadzisz kodu na urządzeniu mobilnym
Ponów próbęLink został wysłany

Na prośbę właściciela praw autorskich ta książka nie jest dostępna do pobrania jako plik.

Można ją jednak przeczytać w naszych aplikacjach mobilnych (nawet bez połączenia z internetem) oraz online w witrynie LitRes.

Oznacz jako przeczytane
Czcionka:Mniejsze АаWiększe Aa

VI. Прайшло роўна два тыдні…

Прайшло роўна два тыдні. I зноў рушылі на захад шэра-бліскучыя тупацячыя рускія грамады. Сумныя малюнкі!

Крыжы на полі, на краях лесу, ля дарогі за канаваю. Змывае дождж слабыя карандашныя надпісы.

«Тутака пакояцца рускія воіны, забітыя пры здабыванні места С. 4.жніўня 1914 года».

Відавочна, у адной магіле пахаваны і немцы, бо на адной з іх стаіць другі крыж з надпісам:

«Тутака пакояцца германскія воіны, забітыя пры абароне места С. 4 жніўня 1914 года».

Яшчэ колькі сігоў і дошка: «Магіла воінаў[…]».

Іншыя крыжы са звязаных кіёчкаў. I ўжо пахіліліся, і ўжо борзда заваляцца. I згубіцца месца апошняга супакаення воіна.

Цягнуцца акопы немцаў. У іх – пярыны, лаўкі, сталы, бляшаныя печкі, гаршкі з літоўскіх хат.

Валяюцца пляшкі, гарахвяныя кансервы, папера ад шакаладу. Пачкі патронаў. Цэлыя кучкі гільзаў. Цягнуцца рады дроту.

Асенняе сонца спакойна гуляе. Ветракі-млыны заснулі. Пустынна. Аднак там, тут пачынаецца сонны рух. Жыхары, як пчолы вясною з вулля, асцярожна выпаўзаюць.

Во, збоку шасэ калдыбае дзед. Падняў з зямлі каску, раздушаную катком, падзяржаў двума пальцамі і кінуў у канаву. Двое хлопцаў збіраюць гільзы. Паднялі паломаную стрэльбу, але ўбачылі салдатаў, кінулі яе і пабеглі ўцякаць.

На гаці ў яме ляжыць здохлы конь. Раздуўся, як гара, і ўжо смярдзіць. А ў багне пакінута пустая снарадная скрынка. А на ўзгорку – доўгая алея старых ліп, дзеля чагосьці без усякае жаласці ссечаных. Яны загарадзілі дарогу.

– Мы ведалі, што незабавам прыдзеце. Але чаму адступілі? Хіба яго сіла больш? Кінулі нас…

– Зразумей, дзед, што іншы раз трэба адысці дзеля даспеху ў вайне.

Слухае дзед і маўчыць.

– Ну, што: крыўдзілі вас?

– А Божа мой. Усё ўзялі: блізка ўсіх коней, каровак, зімовую адзежу. Спрачацца няможна было – забілі б. А да начальнікаў не даступішся. I ўсё паелі: кароў, свіней рэзалі, гусей, курэй.

Прымушалі яшчэ пух дзеля іх абдзіраць.

Бульбы не любяць. Пыкі вы якія! Нашы салдацікі, калі бяруць – перша за ўсё бульбу, а ім пісклят трэба, пірагоў.

А страху колькі! Учора, як выганялі вы іх, мы ў пограбе сядзелі. Дрэвы ад стрэлу хісталіся. Бу-бу-бу. З рання да ночы бухае, а мы седзімо не піўшы, не еўшы ды смертухны чакаем.

– Ну, цяпер турыце яго нашчэнт, а мы адзадзі будзем ісці: скацінку сваю шукаць.

– I ўсе злыя германы. Адзін толькі трохі заступаўся, саромеў сваіх. А яны лаюць яго. Знаёмы хутарок…

Па адхону гары – ямкі ад снарадаў. У сцяне хаты – меціны ад куль.

Бегае сабака і бесталач гаўкае.

Тут вялікае гора.

Не чуваць вясёлых галаскоў прыгажух-дзяўчатак. Монцю немцы павялі з грудам літоўцаў нібы акопы капаць, а Ядвіська хворая, непрытомная ляжыць, трызніць, бедная:

– Не рушце! Не рушце! Ратуйце!

VII. На Вержбалоўскіх пазіцыях немцы ўмацаваліся і сталі…

На Вержбалоўскіх пазіцыях немцы ўмацаваліся і сталі. Жыхары з бліжэйшых хутаркоў уцяклі назад, пагналі за сабою скот. Ян Шымкунас выправіў сям'ю, а сам астаўся ў хутарку пад абстрэлам.

Цэлы дзень сядзеў ён, напрануўшы жупан, у сцюдзёнай хаце, а ўвечары выходзіў з двара і пудліва пытаўся, страчаючы салдатаў:

– Не хоча адступаць герман?

Быў строгі наказ войску мірных жыхароў не чапаць, а за ўсё плаціць. Але, адстоіўшы тут месяц, у дні, калі не паспяваў да часу фуражыр з хлебам, траплялі салдаты на хутаркі.

У адно ранне Ян дагледзеў, што нехта начою падушыў яго пчол і паламаў калодкі, шукаючы мёд.

Праходзілі міма салдаты, і Ян, ні да каго не звяртаючыся, жаліўся:

– Ах, Божа мой! Не пашкадавалі маіх пчолак. Чужы пакрыўдзіў і свае ж не даруюць.

Маўчалі салдаты.

А калі ў іншы вечар прыходзіла да старога Даміцэля, раскладала на стале хлеб і што варанае, ці крышыла сухі сыр у цёплую ваду і падкрапляла мужа, ён гаманіў з ёю, што і бульба з ямаў прападае, і кублы ў садзе, што былі вынесены ад пажару, паломаны.

Але ў той быў больш балючы клопат:

– Дзе-то наша Монценька? Ці жыў то Блажыс? Чаму нічога не піша Дамянік і сам не едзець? – плакала яна.

Вярнулаткі дзяўчына, але не борзда, цераз месяц адышлі немцы яшчэ дальш, і вярнуліся з палону работнікі-літоўцы. Прыйшлі дзяўчаты і маладухі.

Ішлі, бяднягі, ледзь жывыя: нага за нагу. Чорныя, што зямля чорная.

Няможна было пазнаць Монцю.

Сляды мук, перажытага сораму і гвалту адбіліся страшным выглядам на твары.

На роспыт маткі, з плачам абшчапіўшай яе, Монця прараніла шапатком некалькі слоў праз сілу. Па збялеламу і цьмяна-бруднаму твару цяклі слёзы, пакідаючы палоскі. Адзежа зрабілася шкумаццём.

Дзяўчына прытулілася да хворай сястры, потым адарвалася, схапіла матку за руку і завыла.

– Мамулечка! Няхай бы забілі мяне, чым так зрабілі мне…

Цераз колькі дзён матка, баючыся, каб саўсім не выйшла з розуму дзеўка, павяла яе да кунігаса.

Ківаў ён жалобна сівенькаю галавою.

Калі будзе, то і твой гэта дзіцёнак, Монька. Маліся матцы Божай.

– Не хачу я яго, – залівалася слязамі Монця.

– Маліся, Монечка, – Бог дасць дзіва, і ўсё абыдзецца так, як Богу заўгодна.