Za darmo

Літоўскі хутарок

Tekst
iOSAndroidWindows Phone
Gdzie wysłać link do aplikacji?
Nie zamykaj tego okna, dopóki nie wprowadzisz kodu na urządzeniu mobilnym
Ponów próbęLink został wysłany

Na prośbę właściciela praw autorskich ta książka nie jest dostępna do pobrania jako plik.

Można ją jednak przeczytać w naszych aplikacjach mobilnych (nawet bez połączenia z internetem) oraz online w witrynie LitRes.

Oznacz jako przeczytane
Czcionka:Mniejsze АаWiększe Aa

Убачыла, як санітар папярэдне пары троху сунуўся на камлыжку, а насілкі варухнуліся, ранены ледзь утрымаўся, і ўсміхнулася. Схапіла жменьку валасоў і моцна рванула сябе за смех.

Ян ездзіў з падводаю збіраць на пахаці забітых.

Перад вечарам вярнуўся маўклівы і замораны.

На роспыты сям'і адказваў марудна і неахвотна. I кажучы аб другое, бачыў перад сабою ашклянелыя вочы, рукі са сціснутымі кіпцямі і ўзнятыя ўгору і кроў. I як ён, прывёзшы іх да брацкай магілы, па загаду санітараў хапаў за ногі, як за дубцы, і кідаў з калёс у яму, нібы дровы.

Салдаты часам поркаліся ў нямецкіх рыжых і касматых ранцах, даставалі салодкія жоўценькія сухаркі і частавалі Яна.

Ён папробаваў, і цяпер яму прыкра і мляўка.

IV. Заціхлі гарматы: пасунуліся на захад…

Заціхлі гарматы: пасунуліся на захад. Хутарок астаўся ў тыле. Пайшлі…

Хутарцы ўздыхнулі вальней. I думалі, што навальніца мінула. Ждалі лістоў ад Блажыса, але пошта была раскідана той навальніцай, і Даміцэля блізка месяца дарэмна штодня ўранні і ўвечары ў малітвах пыталася, ці жывы сыны яе? Лістоў не было, вешчых сноў не снілася, трывога не міналася.

Ян колькі разоў падвозіў хлеб на пазіцыю. Вярнуўшыся, шмат расказваў у двары аб тое, што бачыў.

Крэпка верылі ўсе, што не адыдуць ужо нашы і не прыйдуць сюды немцы.

А мінуўся месяц, і вестка аб адступленні ўразіла хутарок больш, чым некалі вестка аб вайне. Тры пары, дзень і ноч, гудзіць маць-зямля. Дымяць пажары. Чырванее неба. Выюць сабакі. Тарарахкаюць пушкі і павозкі.

– Рускія ўцякаюць…

Вот з аднаго хутара выйшла гаспадыня, старая літвінка, зірнула на лог свой, акопамі зрыты і гэтак кінуты, пачула жалобнае мычанне непакормленага ў сумяціцы скоту, абхапіла галаву рукамі і завыла сама, як той бедны сабака.

А ў касцёлах, бажніцах – трывожны звон, у званіцы навалена вузлоў спалоханых уцекачоў, там богамаленцы і сівы дзядок – кунігас. Дрыжачымі рукамі благаслаўляў тых, што па дарозе забягалі са стрэльбамі ў руках, каталікі.

Курыў па полі дожджык і, урэшце, паліў як з вядра. Клум, гразь. Адзадзі страляніна, і збоку лятуць ужо снарады. Там нейкія крыкі, вазня, уцекачы-жыхары з цэлым возам убогага шкумацця поўзаюць у гразі ля калёс і беднага каня, што прыстаў у патапечы.

А ў хутары Шымкунаса голаснае выццё. Блажыс ішоў са сваім палком міма роднай хаты і забег да сваіх на пяць мінутак.

– Што нам рабіць, сыночак, што? – Кладуць яму ў торбу сала і каўбасу, сыр і хлеба.

– Сам не з'ясі, таварышаў пачастуеш, – нечым будзённым чуецца сярод гора і плачу.

I не пускаюць таго з хаты. Матка і Ядвіська прыніклі да яго і выюць; ужо Монця падае торбу і роніць слёзы, а бацька ўсіх супакойвае і сам плача.

– Ужо не ўцеч вам, – кажа сын, – выкапайце за дваром ямку і накрыйце тоўстым бярвеннем з зямлёю. Калі будуць біцца, хавайцеся туды, а пакуль што хоць у паграбніцу. Бывайце, бывайце!

– Цалуе бацьку, хапае матчыны рукі, абшчапіў сясцёр, схапіў стрэльбу і торбу і пабег даганяць свой полк.

– Калі што, дай вестачку, Блажыс!

А наўкола сяліб і ўздоўж шасэ ўжо рыюць зямлю нямецкія гарматы.

Ядвіся палезла на вышкі, кінулася на сена і аддалася панаванню гора. Нітка думак парвалася, і дзяўчынка плакала доўга і няўцешна, чуючы толькі, што на свеце робіцца нешта незразумела страшнае, што на хатку прыйшло незвычайнае няшчасце, што герман іх забірае.

Выплакалася Ядвіся ўволю і троху прыціхла, у пакоі з прыемнасцю палепшанага пацягнулася на мяккім паху чым сене, закінула рукі за галаву, глыбока ўздыхнула і прыслухалася. Гарматны гул не сціхаў, але далятаў здалёку, як глухі гром, глухімі раскатамі. Наўкола ж блізка ўсё было ціха. З хаты не чуваць было ані гуку.

Шкло вакенца на вышках ледзь дрынчэла і званіла, калі мацней гудзеў гул. Мусі, дожджык ішоў: вакенца было затуманена дробнымі капачкамі, запацела.

На вышкі залезла кошка, упёрлася зялёнымі зрэнкамі на дзяўчыну, падняла хвост і замяўкала.

– Кыць-кыць-кыць, – паманіла Ядвіся, але вуха яе раптам уразілася рэзкім хлопаннем унізе, блізка возера.

Яна мігам скочыла, падбегла да шыбкі, працёрла яе ад туману і глянула на поле.

Дожджык ішоў. Людзей не было відаць, але паміж гор то тут, то там хлопала, і на міг віднеўся клубочак пару, як ад дыхання ў мароз.

Прыгледзеўшыся, убачыла Ядвіся, што за хутарам, куды пайшло рускае войска, па ўсім полі, у лагчынах і па адхону гары пераскаквалі, як вераб'і, адбягалі назад і прысядалі, нібы перапырхвалі, шэрыя са штыкамі і старэцкімі хатылькамі фігуркі. I ўсё нешта хлопала.

– Матка боска! То ж яны страляюць, – спалохана даўмелася Ядвіська і заламала, аж хрэснулі, пальцы.

Адна шэрая, абчэпленая торбамі кароценькая фігурка бегла саўсім недалёка ад пруда, па канаўцы ля шасэ. Во прысела, выставіла стрэльбу да лесу, рэзка хлопнула, – і раз, і два, і тры. Усхапілася і шпарка-шпарка пакацілася ад хутарка.

Ядвіся не мела сілы аглянуцца. Во фігурка ўзмахнула ўгору рукі і кінула стрэльбу. А воддаль яе і блізка пыл на раллі там, тута курыцца, як пыл на дарозе, калі пачынаецца буйны дождж. Прысела фігурка, потым сярдзіта пачала рваць з сябе тыя торбачкі; ізноў ускочыла, схапілася за грудзі, замяталася туды сюды ў бакі, кінулася ніц на дол і асталася ляжаць нерухома.