Za darmo

Літоўскі хутарок

Tekst
iOSAndroidWindows Phone
Gdzie wysłać link do aplikacji?
Nie zamykaj tego okna, dopóki nie wprowadzisz kodu na urządzeniu mobilnym
Ponów próbęLink został wysłany

Na prośbę właściciela praw autorskich ta książka nie jest dostępna do pobrania jako plik.

Można ją jednak przeczytać w naszych aplikacjach mobilnych (nawet bez połączenia z internetem) oraz online w witrynie LitRes.

Oznacz jako przeczytane
Czcionka:Mniejsze АаWiększe Aa

Уся хата дрыжыць ад звонкага, адылі закароткага смеху. Толькі задумная Монця ледзь усміхнулася на словы смяшлівае сястронкі.

Пачалі развітвацца. Салдаты дастаюць «пінегу» (грошы).

– Не, не… Грэх браць у салдата. Наш Блажыс таксама ў войску. Вы ідзіцё на смерць за ўсіх. Не.

I адварочваецца ад платы.

Але хто заможней, пакідае грошы на стале.

– Добрыя людзі, – кажуць у хаце после іх, – вясёлыя.

– Добрыя людзі, – кажуць салдаты па дарозе, – сумленныя людзі.

А тым часам трывога аб крывавую будучыню ўсё расла, даходзіла да хутарка і сяліла там смутак і клопат, хоць ужо ўсе трохі і прывыклі, што вайна.

Стары, седзячы іногды ўвечары ля салдацкага вогнішча і сапучы піпкаю, гаварыў, шукаючы спагады і даючы і не даючы веры самому сабе.

– Баюся, што хлеб сабраць не паспею. Збяру ў гумно, што ёсць, а прыйдуць свае ці чужыя – і спаляць.

– Не бойся,– супакойваў салдат.– Хто цябе будзе паліць? Мірных жыхароў чапаць забараняецца.

III. I вось два ворагі-асілкі сышліся…

I вось два ворагі-асілкі сышліся. Нарання будзе бой. Сталі закопвацца ў зямлю. Ночы з пазіцыі прыйшлі да хутара салдаты (не тыя, што сцераглі мост, тыя ўжо даўно былі дзесьці ўперадзе). Пачалі ламаць вароты, дзверы, платкі на будоўлю бліндажоў. Ян выйшаў з хаты.

– Няможна! Не далі! Я не далі, – казаў ён салдату, што цягнуў вершкавую дошку-паліцу.

– Няможна? Возьмем… Вайна, дзядуля. Табе заплацяць.

Салдаты ідуць і ідуць.

Ян нікога не разумее. Учора ён раздарыў шмат хлеба і сала. Так, па-хрысціянску, без грошай. I прыемна самому было. Яму і цяпер не шкода. Толькі нашто ўсё руйнуюць. Прыкрасць. Без вайны зглумуюць.

Надышоў дзень. Калоны войска ідуць туды і сюды. Грымяць цялежкі, кухні, гарматы. Скачуць вершнікі. А ранне такое сонечнае, цёплае. Прыпякае. Неба сіняе-сіняе. А ўдалі над лесам выплываюць знедкуль белыя клубочкі дыму. Пакажуцца і паволі расплывуцца, Там жа нешта гудзіць, як далёкі ціхі гром.

– Што то, зямляк? – пытаецца літвін у сумятліва бягучага пехацінца.

– Што то? – ізноў пытаецца ён тэлефаністаў, што шпарка разматваюць шпульку з кабелем.

– Што? Шрапнелі… Уцякай, дзед, назад!

Ян узняў далонь над вачмі і пільна ўглядаецца ў тыя белыя клубочкі высока над лесам. Не, ён не кіне свае сялібы, свае гаспадаркі. I ён спакойны: жонка і дочкі з вузламі і пакункамі яшчэ досвіткамі пайшлі ў касцёл, далёка ў тыл.

– Тра-рах!

Ян здрыгнуўся мімаволі і як толькі не зваліўся на дол ад раптоўнасці. Сабачка жалабна заскігатаў і кумільгам рынуўся пад вароты. Аграмадны чорны стоўб зямлі і газаў уздымаўся на пакаце гары, а міма ляцелі і клаліся на палату чарапкі: дзвыгд!.. пук! – пелі і пукалі яны. Ян палажыў рукою крыж на сябе і зайшоў за вугал, прыхінуўся да сценкі. Чуваць, як за гарою быццам чым хлопаюць ці бабы на падоле бялізну перуць; перш рэдка і дзе-нідзе: тах! тах! А потым усё часцей і часцей, і пасыпалася дробна, як гарох аб сцяну: хлоп-лоп-лоп!

– Са стрэльбаў,– сказаў сам сабе стары.

Сэрца стукала. Чуе: запрацаваў кулямёт, роўна і доўга: тра-та-та, а збоку і адзадзі, у лагу, куды ўчора артылерысты цягалі дошкі, круглякі і жэрдзі, разам у цішы пачулася рэзкая, дужая каманда:

– А адзін патрон, беглы агонь!!

Разам, аглушаючы, тарарахнуў залп усёй батарэі. Ян неяк ненаўмысна пабег у хату, стаў, кіраваўся абдумаць і зноў выбег за вароты.

– Гэта ж свае… чаго баяцца.

I потым ужо цалюткі дзень, да канца бою, стары не мог апамятацца і агоўтацца і зрабіцца такім, як заўсёды, і думаць, як заўсёды. Нібы пялёнка нейкая заслала вочы, нібы ўва сне плыло ўсё ў бездонне часу, толькі ні на каліва не пакідала балючае пачуццё чакання канца бою, чакання ночы і нейкая прыглушаная трывога аб сабе і аб жонцы з дочкамі і аб сваіх салдатах.

Беглі міма пехацінцы, скакалі патронныя двухколкі, прагрукатала з лагчыны на новую пазіцыю батарэя, на хутар пляліся лёгка раненыя. Стары паіў іх вадою, падаслаў у хаце і на двары чысценькай, сёлетняга першага абмалоту, саломкі. Блукаючы, абы не сядзець, ён за дваром набрыў на забітага. Перш хацеў вярнуцца і не зірнуць, ды нешта цягнула туды. Стаў і глядзеў, глядзеў, бутуваўся папарадкаваць думкі, уцяміць, але думка была неслухмяна ці затупілася, і ён такі аклумлена дзівіўся доўга на аскаленыя зубы, крывяны твар і раскінутыя рукі.

К ночы, калі пачало заціхаць, успомніў Ян, што ўвесь дзень нічога не еў і не карміў скоту. Ноч. Ранне. Ізноў сонца, ізноў дзень. Не даецца веры, што ўсё ціха. Немцы адышліся. Уранні ў садзе Шымкунаса сівавусы палкоўнік гаманіў з некім па тэлефону:

– Няма сілы падабраць. Ляжаць цэпкамі, калонамі. Бог іх ведае, ці забіты так, ці параненыя спаўзліся ў адзін груд. Трупаў не менш трох тысячаў на адной маёй пазіцыі. Можа быць, тыл падбярэ.

Ян чуе і не можа цяміць: ці шмат то ў адным грудзе забітых і як яны спаўзліся? Прыйшла жонка са збялелай проці звычайнага Монцяй і нервова-сумятлівай Ядвіськай. Яны праседзелі ў касцёле і не бачылі бою, толькі маліліся, плакалі і пужаліся кананады. У хаце Монця села ля акна, па-свойму падпёршыся рукою. Без слёз плакала сухімі вачамі. Ядвіська разоў дзесяць вылятала за садок і з-за вуголчыка дзівілася на палатняныя насілкі з капкамі крыві і барадатых, у пыле, санітараў з чырвоным крыжам на рукаве, на нерухомых сініх нямецкіх салдатаў у жоўтых ботах з гваздамі, на фурманкі, дзе крахтавалі, стагналі раненыя, на шпаркі самакат, што курыў то ў той бок, то ў той, па шляху.