Вясковыя гісторыі. Дваццаць год апасля

Tekst
0
Recenzje
Przeczytaj fragment
Oznacz jako przeczytane
Czcionka:Mniejsze АаWiększe Aa

Суперцэмент

Пад вечар Пятроўна вазiлася з дравамi i лаяла Дразда.

– А каб табе пуста было! Казала ж – хай на вулiцы ляжаць. Дык не! Змокнуць, кажа! У хляўчук iх запер. Змокнуць не змоклi, а сапрэць – сапрэлi! Цэльную машыну дроў спаганiў. Куды iх цяпер? Не дровы – адно гнiлле!

Пятроўна шпарка выкiдвала дровы з хляўчука на вулiцу i паглядала на неба. Па небе беглi хмаркi, збiваючыся ў кучу, прадвяшчая неўзабаве дождж.

– А што гэта ты на ноч гледзячы з дравамi гуляеш? – на двары з’явiлася старая Дуся. Ледзь перастаўляючы ногi, яна дакуляла да ганку i цяжка апусцiлася на лавачку.

– А цябе чаго на ноч гледзячы носiць? – у тон старой запытала Пятроўна.

– Прайшi тыя гадочкi, – сумна прасiпела Дуся, – калi я насiлася. Зараз больш поўзаю.

– Памiраць не збiраешся? – пажартавала Пятроўна.

– Ды дзе там! – адмахнулася старая. – Бог пра мяне забыўся, а чорт не бярэ. Вось i капчу неба.

– Ну-ну! – Пятроўна зноўку накiнулася на дровы.

– Я чаго прыйшла, – Дуся канцом хусткi абцерла твар. – Цi няма ў цябе хоць крышачку цэменту? Упрасiла Валерку каб на могiлкi з’ездзiў. Бацькiн помнiк зусiм на бок завалiўся. Падмазаць трэба. Я ў магазiн зайшла, а там толькi мяшкамi прадаюць. А навошта мне мяшок? Мне б трошачкi. Цi есць?

Пятроўна выпрамiлася.

– Дзесьцi быў. Дрозд ганак заўчора падмазваў. Мо i застаўся.

– Мне трошачку. Помнiк падмазаць, – Дуся дастала з кiшэнi цалафанавы пакет.

– Зараз пагляджу, – Пятроўна адчынiла сарайчык. Дуся зпаўзла з лаўкi i патупала следам.

– Мне поўмяшочка, – гундзела старая. – Валерка заўтра ў тым баку будзе, дык абяцаў падмазаць. Помнiк зусiм набок завалiўся. А ў магазiне толькi мяшкамi прадаюць. А навошта мне мяшок?

– Чорт яго бяры, гэтага Дразда! – мацюкалася Пятроўна, поўзаючы сярод розных мяхоў, скрынь, каробак i рознага хламу, якi ейны мужык натаскаў з уселякiх сметнiкаў. – Колькi раз казала – выкiнi ламачча вон! Ды дзе там! Усе патрэбна! Усе ў справу пойдзе! Кожную жалязяку дамой цягне.

– Гаспадарлiвы, – заўважыла Дуся. – А мой – усе з хаты прэ. Заўчора чугунок дзiравы знес. А я ў iм часнок захоўвала.

– Здаецца знайшла! – Пятроўна расчынiла нейкi мех. – Пэўна гэта. Давай свой пакет.

– Мне поўторбачкi. Многа не трэба.

– Ды мне што? Шкада? – Пятроўна нейкай банкай насыпала шэры парашок у пакет. – Нейкi ен дзiўны! Цэмент звычайна цемны, а гэты занадта светлы.

– Мо так i трэба, – Дуся сачыла, каб Пятроўна насыпала паболей.

– А хто яго ведае? – Пятроўна моршчылася ад шызага пылу. – Мо зараз такi цэмент выпускаюць.

– Мо i выпускаюць, – пагадзiлася старая. – Я сама чула, што есць нейкi суперцэмент – нават замест клею можна выкарыстаць.

– Дык гэта i есць клей! – усмiхнулася Пятроўна. – Суперцэмент называецца. Я такi купляла. Толькi ўсе хлусня. Акрамя паперы ен нiчога не клеiць. Я тапкi хацела падклеiць – ды дзе там! Развалiлiся на другi дзень.

– Хопiць, родненькая, – Дуся прытармазiла кабецiну. – Разыйшлася. Амаль поўны насыпала. I не данясу.

– Ну высыпаць назад не буду, – Пятроўна закруцiла мех, адкiнула банку i накiравалася на вулiцу.

Дуся патупала следам. Пятроўна паставiла мяшэчак на зямлю i прысела на лаўку. Дуся прымайстрылася побач.

– Дзякуй табе. А то у магазiне кажуць – бяры, бабка мяшок. А навошта мне мяшок? Мне трошачкi трэба – помнiк падмазаць. Валерка заўтра ў тым баку будзе – справiць. Я б i сама падмазала, ды не дайду. Дзюжа далека. Я ў той бок толькi з музыкай паеду ды з вянкамi.

– Кiнь! – махнула рукой Пятроўна. – Ты яшчэ ўсiх нас перажывеш.

Дуся толькi пакiвала галавой.

– Ладна, родненькая, – старая палезла ў кiшэнь. – Дзякуй. А гэта табе.

Дуся працягнула некалькi скамячаных паперак.

– Ты што? – абурылася Пятроўна. – Нутка схавай свае грошы! Гляньце на яе – багацейка знайшлася. Схавай грошы, табе кажу, а то больш нiчога не дам.

– Ну дык… – соўгала носам старая. – Вазьмi хоць Дразду на пiва.

– Шыш яму, а не пiва! – Пятроўна ўскачыла з лаўкi. – Ен машыну дроў згнаiў, а ты яго пiвам частаваць задумала! Схавай грошы! А то пакрыўджуся!

– Ну калi грошы не бярэш, – старая запiхнула паперкi назад у кiшэню, – тады я табе яек прынясу. Куры, слава богу, яшчэ нясуцца.

– Няўжо ў цябе яшчэ i куры есць?

– Есць, – старая цяжка ўздыхнула. – Тры курыцы i певень. Валерка кажа – давай на суп заб’ем. Ды мне шкада. Як-нiяк, а гаспадарка. Гарод ужо не саджу. сiл Каровы даўно ўжо няма. Вось толькi куры i засталiся.

– А я сваю жыўнасць даўно звяла, – Пятроўна махнула рукой на пусты хлеў. – Карысцi анiякай. У магазiне дзешавей купiць таго мяса цi малака, чым скацiну выгадаваць. Ды i даглядаць трэба. Сена касiць…

– Аблянелi, – Дуся падхапiла мяшочак i патупала да калiткi. – Толькi спаць ды гуляць. Хаця, мо яно так i спакайней. Спiну гнуць не трэба, ды рукi пэцкаць. Ну, пайду я. Дзякуй за цэмент. А яйкi я табе заўтра з унучкамi перадам.

– Не выдумывай! – аднекiвалася Пятроўна. – Абыйдуся я i без яек. У магазiне куплю. Мо памагчы данесцi?

– Не. Я сама датупаю. Спяшыць мне некуды. Ды i свая ноша рук не цягне.

– Ну як хочаш.

Пятроўна праводзiла старую да калiткi. Пастаяла трошкi. Дачакалася, калi старая знiкне за паваротам.

– Не, не хачу да такiх год дажываць, – Пятроўна здрыганулася. – Яшчэ гадкоў дваццаць пажыць i хопiць на мой век. Хаця тут не згадаеш.

Пятроўна паглядзела на неба i зноў кiнулася выкiдваць дровы з хляўчука на вулiцу.

Назаўтра з дровамi гуляў Дрозд. Ен зносiў iх назад у хляўчук i лаяў жонку:

– Казаў жа ей – не чапай! Сам спарадкую. Не – рукi дзяваць некуды! Трэба было дровы павыкiдываць! А калi б дождж пайшоу? Дзе iх сушыць? Ну заплеснелi трошкi. Ну i чаго лямант падымаць? У сараi i не такiя ляжаць. Рабiць мне больш нечага, як дровы з месца на месца перакiдваць.

– Здарова, Дрозд, – ззаду пачуўся нечы голас. – Што гэта ты з дровамi гуляеш?

Дрозд выпрамiўся. Ля калiткi стаяў Валерка.

– А вось размяцца трошкi вырашыў. Надвор’е добрае. Дай, думаю, дровы пакiдаю туды-сюды.

– Ну-ну! – ўсмiхнуўся Валерка. – Калi ахвота будзе – прыходзь да мяне. У мяне там два трактары не колатых. I разамнешся, i падсобiш.

– Яны у цябе ўжо другi год няколатыя ляжаць.

– А па мне хоць i тры. Я сабе як паравое паставiў, дык дроў зусiм мала трэба. А ты не збiраешся сабе ставiць?

– Што ставiць? – не зразумеў Дрозд.

– Паравое. Калi надумеш, пазавi. Я табе мiгам зраблю.

– Ды мне i печка пакуль не мешае.

– Ну як хочаш! – Валерка накiраваўся прэч.

– Пачакай! – аклiкнуў яго Дрозд. – А ты чаго прыходзiў?

– Да так! Спытаць. Матка ў цябе ўчора цэмент брала. Дык нейкi ен дзiўны.

– Цэмент? – Пятро не разумеў, пра што iдзе гаворка. – Якi цэмент?

– Ды помнiк трэба было падмазаць. Ды вось, кажу, нейкi незразумелы цэмент. Светлы. Не застывае. Намучыўся. Можа стары быў? Хаця i стары цэмент добра застывае. Дык вось я i рашыў запытаць, што гэта ў цябе за трасца такая?

Дрозд непаразумела хлопаў вачыма, потым пагледзеў на сарай, на Валерку, зноў на сарай i зарагатаў.

– Чаго ты? – спалохаўся Валерка. – Крышу знясло?

– Ну бабы! Ну дуры! Гэта ж не цэмент быў!

– Як не цэмент? А што?

– Цэмент я заўчора ўвесь на ганак зрасходваў. А гэта ў мяшку даламiтка была. Ну, мая па дабраце душы тваей матке i насыпала.

– Тваю макаўку! – Валерка плюнуў. – А я як дурны паўдня чакаў, пакуль застыне.

– Ну i як? – Дрозд перастаў рагатаць.

– Што як? Трымаецца. Як i нада быць, – Валерка накiраваўся прэч.

– Ты калi трэба, – крыкнуў Дрозд уваслед, – прыходзь. Я табе яшчэ такога цэменту насыплю. А калi не паленешся – схадзi за ферму. Там яго цэльная гара.

Дрозд хiхiкнуў i зноў прыняўся зносiць дровы ў хляўчук.

Цешча

Генка смяяўся:

– Калі і есць анекдоты пра цешчу, то яны ўсе пра мяне. Каб я ведаў, што так атрымаецца, ніколі б не ажаніўся. Колькі з цешчай разам жывем, два разы толькі і пагаварылі. Адзін раз яна мяне аблаяла. Другі раз я яе. Вось і ўся рамова. А пра што нам з ею размаўляць? У яе свае інтарэсы, ў мяне свае. А агульных ні воднага.

– А колькі ей гадоў? – запытаўся Васіль.

– А чорт яго ведае! – Генка пацiснуў плячамi. – Не то шэсцьдзесят тры, не то шэсцьдзесят чатыры.

– Добры зяць! – усміхнуўся Сяргей. – Нават не помніць, колькі цешчы гадоў.

– Было б чым галаву дурніць! – адмахнуўся Генка. – Мяне такая матэматыка не займае.

– Тут год з дваццаць яшчэ патрымаць давядзецца, – прадоўжыў Сергей. – У маей жонкі адна бабуля дажыла да дзевяноста шасці, а другая – да дзевяноста васьмі.

– Гэта ты сваім зяцям расскажаш, – надзьмуўся Генка, – каб ведалі, што іх чакае. Самае смешнае – жаніцьба, як у той рэкламе – бярэш адну рэч і бясплатна атрымліваеш другую. Бярэш жонку, а ўдабавак і цешчу ўпрыдачу. А самае крыўднае, што ў майго брацельніка было две жонкі і ніводнай цешчы. Трэцці раз недарэка надумаў ажаніцца – і зноў падфарціла – зноў без цешчы. А тут на днях выпадак быў… Звоніць мне малая, раве ў голас. Баба, кажа, забілася. А я і не ведаю – ці то плакаць, ці то радавацца. Я рукі ў ногі і дадому. А ей хоць бы хны! Лезла на шафу – з табурэткі грымнулася. Толькі руку пабіла. А шкада… Калі б галавой ляснулась, мо там бы зварухнулась нешта – паразумнела б хоць крышачку.

– Не любіш ты яе, – заўважыў Сяргей.

– Не люблю, – пагадзіўся Генка. – У нас гэта ўзаемна.

– Ну, – Васіль пацягнуўся, – досыць пра цешчу. Давайце, лепш, вып’ем. Каб нас гэткая трасца мінула.

– Давайце вып’ем, – падхапілі прапанову Сяргей з Генкам.

Налілі, чокнуліся, выпілі, закусілі.

Генка зноў пачаў распавядаць:

– У ва ўсіх цешча, як цешча, а ў мяне мегера. Што прыдумала! У будні дзень спіць да абеду, а як выхадны – ўзапрэцца ні свет, ні зара, і грымець пачынае. Два дні ў тыдні, калі паспаць можна, ды дзе там! Паспіш! Як назло робіць!

 

– А пагаварыць з ей не спрабаваў?

– З ею пагаворыш! – успыхнуў Генка. – Яна ж адразу ў слезы кідаецца! Усе вакол вінаватыя. Усе навакол гады i паразiты. Адна яна анел.

– Не, – Сяргей спачувальна ўздыхнуў, – мая не такая.

– А у мяне цешчы і зусім няма, – дадаў Васіль. – Памерла.

– А хочаш, я табе сваю на пракат дам? – прапанаваў Генка. – Ды яшчэ i прыплачу.

– Не, – Васіль пакруціў галавой. – Твая цешча, ты з ею і ваюй.

– Ваюй! – нахмурыўся Генка. – Тут не вайна, а кругавая абарона. Ранкам не ведаеш, з якой яна нагі ўстала. Увечары не ведаеш, з якім настроем спаць ляжа. І то ей не так, і гэта не гэтак.

– На тое яна і цешча, – усміхнуўся Васіль.

– А ну яе! – Генка махнуў рукой. – Давайце лепш вып’ем!

– І то праўда, – пагадзіліся Васіль і Сяргей. – Давайце вып’ем.

Налілі, чокнуліся, выпілі, закусілі.

Генка зноў завеў размову:

– А з другога боку, і ад яе карысць нейкая есць. І дзеці дагледжаны, і сабака не патрэбен. І на машыну сігналізацыю ставіць не трэба. Вось каб толькі хто ей язык падрэзаў…

Генка гаварыў усе цішэй і цішэй, перамежваючы словы з пазіханнямі.

– Ды і яе зразумець можна… Адна ў хаце… Ні пагаварыць не з кім, ні паспрачацца…

– А жонка? Дзеці?

– У дзяцей свае інтарэсы. Баба ім не патрэбна. А жонка…

Генка салодка пазіхнуў.

– А жонцы таксама не да яе. У яе сваіх спраў поўна. І дзернуў мяне чорт тады жонку паслухаць… Да цешчы жыць пайсці… Хаця, чаго я жалюся? Сам вінаваты…

Генка замоўк.

– А ну цябе, з тваей цешчай! – Сяргею надакучыў бясконцы Генкін маналог. – Двайце лепш вып’ем.

– Давайце вып’ем, – падхапіў Васіль. – Генка, ты як?

Адказу не было. Схіліўшы галаву на стол, салодка чмокаючы вуснамі, Генка спаў.

Спека

Такога пекла, што ўсталявалася ў гэтае лета, даўно не бачылі. І раней былі дні, калі слупок тэрмометра пыдымаўся больш за трыццаць градусаў, але каб такая спека трымалася амаль месяц, з сіняборскіх старажылаў не помніў ніхто. З аднаго боку – яно на тое і лета, каб пагрэцца. А з другога – вытрываць такія выбрыкі прыроды не ўсім было пад сілу. Вялі расліны, жывеліны шукалі сховішча ў цяні. А што ўжо казаць пра людзей? Добра малым і маладым – яны да абеду спалі, а потым да самага змяркання прападалі на рэчцы. А што рабіць дарослым? Хочаш, не хочаш, а на працу хадзіць трэба, ды і хатнія справы на заўтра не адкладзеш. Вось і маяліся ў душных памяшканнях, пакутвалі пад пякучымі промнямі ў гародах, пракліная лета, спеку, сонца і яшчэ невядома каго. Плавіліся мазгі, цела агортавала млявасць, хацелася прахалоды, снегу і зімы. Але ж цяжэй за ўсе даводзілася хворым і старым. Такое надвор’е для іх было сапраўдным катаваннем, спасу ад якого не было нідзе.

Старая Дуся паціху тупала з магазіну. Праз дзесяць крокаў спынялася, выцірала твар канцом хусткі, сумна ўздыхала і крочыла далей.

Нейкая машына абагнала яе і спынілася побач.

– Падвезці? – з вакенца высунуўся чырвоны, ў колер машыны, твар Івончыка.

– Ды, не! – адмахнулася старая. – Сама датупаю. Тут недалека.

– Ну, як пажадаеш, – Івончык не стаў навязвацца. Машына ўзраўла і знікла за паваротам.

– У такое пекла толькі на машыне і ездзіць! – незадаволена заўважыла Дуся і прадоўжыла свой шлях.

Яшчэ поўгадзіны і яна нарэшце завярнула ў свой двор.

– Вось і датупала, – старая паставіла торбачку з харчамі на ганак, зняможана апусцілася на лавачку.

З кожным годам шлях ад дому да магазіну для яе станавіўся ўсе даўжэй і даўжэй. Суседзі кідаліся з дапамогай, але старая аднеківалася:

– Не магу я ў хаце днямі сядзець! Хоць у магазін схаджу. З людзямі пагутару, навіны пачую. Цяжка, але што зробіш? Хоць такая забава.

Нікуды, акрамя як у магазін Дуся больш не хадзіла. Большую частку яна сядзела ў хаце, паглядая на навакольны свет параз вакенца. Тэлевізар у Дусі быў, але там згарэла нейкая лямпа. Валерка, Дусін сын, некалькi разоў вазіў яго ў рамонт, ды там кожны раз казалі, что такіх лямп ужо даўно няма. Трэба купляць новы тэлевізар. Ды дзе ўзяць на яго грошы? Ды і бачыла Дуся дрэнна. Ды і глядзець асабліва нечага. Вось і бавіла старая час назіраннем за тым, што тварылася за вакном.

А сонца паліла няшчадна. На небе ні хмаркі, ні воблачка, ні намека на тое, што гарачыня спадзе.

– Згарыць усе, – разважала Дуся. – Мне што, а ў людзей гароды! Калі дажду не будзе, згарыць бульба. А як жа без яе? Без яе ніяк. У нас усе так – то залье, то засушыць. Аніякага парадку не стала. Балоты асушылі, перапахалі, лясы павыкарчавалі. Вось прырода і мсціць. Мне што? Я свае аджыла. А вось людзям як далей жыць? Вунь, што на свеце робіцца! У нас пекла, а ў Афрыцы снег. Калi такое было, каб у чэрвені чарніцы збіралі?

Дуся сумна ўздыхнула, дастала з торбачкі мяшэчак.

– Светка зараза – ламачча наклала! – абурылася старая, даставая з мяшэчка пячэнне. – А што ей? Ей абы прадаць. Не дагледзеш, накладзе абы-чаго. Вось калі Нінка працавала, дык тая і пакажа, і параіць, што браць, а што не. А гэтая… Думае, калі старая, то і абмануць можна. Старая… Паміраць трэба. Толькі штосьці божачка пра мяне забыўся. Не жадае мяне да сябе прыбраць. Маладыя вунь паміраюць, а я жыву. Пераблыталася ўсе. Дзеці нараджацца не хочуць, старыя паміраць.

Дуся задумліва паглядзела на неба.

– Хаця ў такую спеку паміраць дрэнна. І ўзімку дрэнна. Вось па восені, калі будзе суха, можна. Ды і кветак у восені шмат. Хаця, якія мне там кветкі? Вяночак просценькі і досыць. Трэба Валерцы пра дамавіну напомніць, а тое зрабіць забудзецца. А пакупны не хачу. Маркаўну хавалі ў пакупным. Дык і вузкі, і доўгі. А я хачу, каб па мне быў. Ды яшчэ пару бутэлек гарэлкі прыкупіць трэба, а то на памін не хопіць. Куды-куды, а на памін усе прыцягнуцца…

Дуся смакавала пячэнне.

– Не дагледзела, вось і паклала Светка ламанага. Вось і жыцце ў мяне такое ж ламанае і няўдалае, як гэта пячэнне. Дзяцей выгадавала… Унукі выраслі… Нікому не патрэбна стала… Саме сабой не патрэбна… Цяжка… Ды яшчэ ў такое пекла. Дыхаць нечым… Сэрца шчэміць…

Дуся падхапіла торбачку, паднялася з лаўкі, кінула тужлівы позірк на неба і накіравалася ў хату.

А на небе дзесьці ля гарызонту расплылася танюсенькая шызая палоска. Яна павольна, быццам збіраючыся з сіламі, разлівалася па небасхілу, даруя надзею на доўгачаканы дождж. Але дажду не было.

Яшчэ два тыдні людзі, жывелы, расліны пакутвалі ад спекі.

Яшчэ два тыдні млелі, задыхаліся, прэлі.

А потым зарадзілі дажджы.

Ажно да самой восені.

Чарнiчная лiхаманка

У тое лета казалі – дзе чарнічнік, там і чарніцы. Па вясне мяркавалі, што селета ягад не будзе, ды памыліліся. Чарніц было столькі, што аж цямнела ў вачах.

Знойдзеш лапіну, сагнешся, пачнеш шоргаць буйныя, зпешчаныя лiпеньскiм сонейкам ягады, кiнеш позiрк у бок, а ў дзвюх шагах побач ягады яшчэ буйнейшыя, яшчэ прыгажэйшыя. Кiдаешся туды. Шорг, шорг… А вунь на пагорку зусім лісця з-за ягад не бачна. Ты туды. А там у яміне пад ялiнай іх яшчэ больш…

Так і скокаеш па лесе, шукаючы, дзе ягады паболей, ды папрыгажэй.

Гадзіны з дзве пабегаеш, потым плюнеш, сядзеш на адным месцы і нетаропка набярэш свой посуд, лаячы сябе за тое, што дарма страціў час, бегаючы па балоце.

Сонца яшчэ не перакулiцца за поўдзень, а ты ўжо цягнешся дадому з поўнымі ведрамі. Хаця, якое там дадому! У тое лета зрэдку хто даносіў лясны скарб да хаты. Па большай частцы накiроўвалiся адразу да Вуcцiнавiча. Той абсталяваў стары сарайчык пад прыемны пункт, дзе i прымаў ягады – чарнiцы, бруснiцы, журавiны. І сыпалісь ў пластыкавыя скрынкі ягады, перамешаныя з лiсцем i сасновымi хваiнкамi, абагрэтыя сонейкам i чалавечымi рукамi. І нiхто не шкадаваў сваiх намаганняў. Было чаго! Яшчэ назбiраем. Ды i навошта сабе столькi? Яшчэ з мінулага лета ў падвалах стаяць некранутыя слоікі з варэннем, кампотамі. Чарнiцы ж не вiшнi, не клубнiцы. Ахвотчыкаў на iх мала.

Вось і неслi ягады адразу на нарыхтоўчыя пункты. Грошы напачатку там давалі невялікія, але ж лiшняя капейка ў гаспадарцы не перашкода. Ды i чымсцi трэба было заняць рукi, пакуль на гародах раслi, зелянелi, налiвалiся, чакалi свайго часу бульба, морква, буракi.

Вось i цягнулася да лесу з ранку да вечара чарада нарыхтоўшчыкаў. Хто паасобку, хто напару, а хто i ўсей сям’ей.

Ішлі ў лес – глядзелі, колькі сення Вусцiнавiч нацарапаў на прылепленай да сцяны сарайчыка паперыне. Кумекалі – здаваць сення, ці пачакаць да заўтрага. Мо, заўтра больш даcць. Але ж, вяртаючы з лесу, вырашалi не чакаць магчымага павышэння кошту. За ноч ягады могуць і сапсавацца. Хто іх потым прыме? Вусцiнавiч i гэтак вечна прычэпiцца – то ягады пабiтыя, то смецця шмат. Сам бы лерей ў лес схадзiў, чым носам круцiць.

Цетка Мар’я, як i ўсе вяскоўцы, бавiла час у лесе. Брала пяцілітровае вядзерка, насыпку і калі толькі завіднеецца, тупала ў лес. Цяжкавата, зразумела, ў ейныя гады, ды хоць рукі і галава пры справе. А тут яшчэ і пляменнікі наведаліся – Кастусь з жонкай Вольгай і двумя дачкамі – Машкай і Ангелінай. Як тут не пабалаваць сваякоў свежымi чарнiцамi. Бадай у горадзе iх цяпер i няма. Толькi цетчыных прысмак пляменнiкi i ўнучкi есцi не сталi. Як пачулi пра тое, што людзi на ягадах грошы зарабляюць, кiнулiся ў лес. Ну i цетка з iмi.

Тупала следам, намагаючыся не адстаць ад моладзi, бухцела сабе пад нос:

– Ну і назвалі дзеўчыну! Ангеліна. Хiба iншых iмен не было? І не выгаварыш. І каму такое ў галаву стукнула?

Кастусь толькі сумна уздыхаў. Агелiнай дачку назвала цешча. Гэта ей цюкнула абраць такое неблагагучнае імя. Спрачаліся, крыўдзіліся. Але ж так і пакінулі. Праўда, Ангелінай дачку нi Кастусь, нi Вольга не звалi. Звярталісь усе больш да яе проста – малая.

Мар’я, iдучы ў лес заўседы брала з сабой кавалачак хлеба альбо пару цукерак.

– Лесавiчку, – жартавала яна. – Гасцiнцы. Хай дапаможа нам ягадак назбiраць.

Малыя толькi пасмейвалiся.

– Тут сам не паварушышся, – дзiвiўся цетчыным звычкам Кастусь, – нiхто не дапаможа. Нiякi лесавiк.

– Так то яно так, – пагаджалася старая. – Але ж хто яго ведае…

I, пакiнуўшы на пяньку прысмакi, Мар’я прыймалась за справу. Пляменнiкi таксама намагалiсь не адстаць ад цеткi. Разбрыдалiсь па ўсяму балоту. Шукалi мясцiны, дзе ягад паболей. Дзе яны буйнейшыя i спялейшыя. Гукалi адзiн аднаго, каб не згубiцца. I зноў кiдалiся ў пошукi больш ураджайных лапiн.

Вольга ўвесь час трывалася ля Мар’i. Баялася заблытацца ў невядомым месце, ды i цетчыны рассказы ей былi значна цiкавейшыя, чым мужыкова мармытанне, цi стогны дачок, калi пойдзем дадому.

– А куды гэта Кастусь з малымi падзеўся? – Мар’я прадбачлiва азiралася па баках. – Не заблудзілі б.

– Не заблудзяцца, – супакойвала цетку Вольга. – Не ў першы раз у лесе.

– Не ў першы, – пагаджалася старая. – Але можа так закруціць, што і не зразумееш, як згубішся. Вунь, на мінулым тыдні, Івончык з жонкай у лесе заблудзiлі. Ажно ў Сірацінках выйшлі. Кастусь! Ты дзе?

– Тута! – адгукалася рэхам па бару.

– Ідзі да нас! Тут ягад мора!

– Ды і тут поўна! – неслася ў адказ.

Мар’я выцірала твар канцом хусткі, схілялася долу і зноўку пачынала збiраць спелыя чарнiцы.

Сонца няспешна кацілася па небу. Станавілася горача. Посуд ўжо поўны, але Мар’я не спяшалася. Яна любіла, каб назбірана было з гарой. Пляменнiкi цярплiва чакалi пакуль цетка выпрамiцца, знiме хустку. Значыцца можна iсцi дадому. Потым чакалi пакуль дзеўкi дабяруць свой посуд. Мар’я, паставiўшы свае вядзерка на вiднае месца, бегала вакол i падсыпала ўнучкам па жменьцы. Кастусь бухцеў:

– Самi хай збiраюць! Не малыя ўжо!

Вось i ў дзевак пацiху гарушкi выраслi. Можна i дадому вяртацца.

– Дзякуй богу! Дзякуй лесу! – Мар’я падхапiла вядро з адборнымi, нiбы на малюнку, ягадамi i няспешна патупала па пыльнай дарозе ў напрамку весцы. Пляменнiкi i малыя накiравалiся за ей следам.

Iшлi моўчкi. Нагаварылiся, пакуль збiралi ягады. Машка з Ангелiнай пабеглi наперад. Вольга iшла побач з цеткай, адмахiваючы ад камароў галiнкай. Кастусь цягнуўся апошні, паабапал дарогі выглядваючы грыбы.

– Падзiвiцесь, – Мар’я спынiлася ля вялiзнай лужыны пасярод дарогi. – Цуд прыроды. Дажду бадай два тыдні не было, а лужына не высахла.

Абыйсцi лужыну можна было толькi з аднаго боку, дзе памiж ей i густым зараснiкам малiны сотняй ног была пратоптана вузенькая сцяжынка. Машка з Ангелiнай шпарка праскачылi мiма лужыны, быццам i не сцяжынка тут была, а шырокая дарога. Вольга таксама без уселякiх перашкод пераадолела перашкоду. А вось Мар’я замроілася, не ўтрымалася на нагах, падслізгнулася і з’ехаўшы са сцяжынкi ў лужыну, залямантавала:

– Ягады! Ягады ратуйце!

Кастусь кiнуўся да цеткi, лоўка падхапіў каштоўную ношу. Толькi некалькi ягад рассыпалася па зямлі чорнымi пацеркамi.

 

– Вось і памылася! – абуралася на сваю нязграбнасць цетка, вылезаючы з лужыны. – I лазню тапiць не трэба.

Машка з Ангелiнай цiха пасмейвалiся.

– Чаго рагочыце? – Мар’я абтрасла спаднiцу. – Дажывеце да маiх гадоў, мо не так летаць будзеце.

Пайшлi далей. Праз поўгадзiны ўжо грукалi да Вусцiнавiча.

– Гэй! Есць хто дома? Ягады прымайце!

Вусцінавіч павольна вылез са сваей схованкі.

– Ну чаго дзверы ламаеце? Пачакаць не можыце? Іш ты! Колькі вас тут! Усім кагалам у лес вырашылі? Няйначай увесь лес вынеслi.

– А што? – Мар’я прысела на лавачку ля сарайчыка. – Чаго ў хаце дарма сядзець, калі жывыя грошы ў рукі лезуць.

– Вам паасобку лічыць, – Вусцiнавiч адчынiў сваю гаспадарку, – альбо разам?

– Разам, – адказаў Кастусь.

Машка з Ангелiнай незадаволена засапелi. Яны ўвесь шлях прыкiдвалi куды патрацяць свае грошы. Але з бацькай спрачацца не сталi.

Ссыпалі ягады ў дзве скрыні. Вусцінавіч паставіў скрынi на вагі, пасунуў туды-сюды гiркi, дастаў з кішэні калькулятар, пачаў падлічваць. Памыліўся. Пералічыў. Зноў памыліўся. Зноў пачаў пералічваць.

– Сорак дзве пяцьсот, – не вытрывала малая.

– Правiльна, – Вусцінавіч здіўлена пагледзеў на калькулятар, потым на дзеўчыну, потым зноў на калькулятар.

– Ты глядзі! – войкнула Мар’я. – У цябе, Вусцінавіч, две вышэйшых адукацыі, а ў малой ні воднага, а як хутка падлiчыла. Не тое што твая тэхніка!

Вусцінавіч прамаўчаў. Працягнуў грошы і знiк са скрынямi недзе ў цемры сарайчыка.

Мар’я i кампанiя накiравалiся далей.

Машка з Ангелiнай зноўку пасмейвалiся. На гэты раз з Вусцiнавiча.

– Прыемшчык знайшоўся! – здзiўлялася малая. – Два інстытута скончыў, а з калькулятарам падлічыць не можа.

– І шкарпэткі дзіравыя, – дадавала Машка. – Хіба зашыць некалi?

– Мо i некалі, – уключалась у размову Мар’я. – Увесь дзень ягады прымае.

– Мог бы і новыя купіць, – раіла Ангеліна.

– У яго на новыя грошай няма, – жартаваў Кастусь. – Каб былі, дык ягады не прымаў.

– Вось нарэшце і датупалі, – Мар’я з палегкай уздыхнула. – І ці думала я, што дажыву да такога часу? Тры пакаленні ў лес адразу ходзяць. І калі такое бывала?

– А што гэта вы з пустым посудам вярнулiся? – па-за плотам з’явілася галава суседа Мiколы. – Дзе ж вашы ягады?

– У лесе засталіся, – ў тон суседу адказала цетка.

– У лесе! – недаверлiва хмыкнуў Мiкола. – Ведаем мы гэты лес! Няйначай да Вусцiнавiча адразу панеслi. А вось Людка больш за ягады дае.

– Да Людкі яшчэ поўвескі топаць, – адмахнулася Мар’я. – I грошы ў яе не заўседы бываюць. А тут ля самога лесу. Поўны сервіс.

– Ваша справа, – Мiколава галава знiкла за плотам.

Скiнулi боты, пераапранулiся. Мар’я з Вольгай занялiся абедам. Кастусь, каб забавiць час, сеў у цяньку разблытваць маток лескi, знойдзенай па дарозе. Машка з Ангелiнай, пакуль старыя былi пры справе, збеглi на сяло.

Назаўтра зноў усей кампанiяй падаліся ў лес.

Праходзячы міма Вусцінавічай хаты, Кастусь кiнуў позірк на сарайчык. Паперкі на ім не было.

– Няўжо прымаць перастаў? – спалохана прамармытала Мар’я.

– Пэўна нулі прыпісвае, – ўсміхнуўся Кастусь.

– Мо і так.

Кінулiся на ўчарашнее месца, але да iх хтось тут ужо папоўзаў. І хаця на кусціках там-сям вiднелiся буйныя ягады, збіраць іх па адной не было нiякай ахвоты. Кінуліся ў другое месца – і там таксама абзбірана.

– Людзі не спяць, – заклапочана пакачала галавой цетка. – Павыбралi ўсе.

– Нiчога, – не трацiў надзеi Кастусь. – Наша нам застанецца.

Прайшлі крыху далей. Але і там ягад было не шмат.

– Дурны дзень! – войкала Мар’я. – Посуду набралі, а ягад няма. Вольга, што ты там поўзаеш? Пайшлі адсюль! Няма тут ягад!

– А мне хапае, – Вольга па адной кiдала ягады ў вядро.

– І што гэта за інтарэс па адной ягадзiне збіраць? – дзiвiлася цетка. – Я так не ўмею.

– Гэй! – пачуўся неадкуль з боку кастусевы голас. – Ідзіце да мяне! Тут ягад процьма!

Накіраваліся ў бок Кастуся. Той сядзеў амаль ля самой дарогі і жменямі шоргаў ягады ў вядро.

– Анічога сабе! – Мар’я ўзрушана ўзмахнула рукамi, ўбачышы некранутыя кусцiкi чарнiц. – Вось дурні! Усе ў лес лезуць, куды падалей, а тут ля прыхаду іх відзьмо-нявідзьмо.

Паправiўшы хустку, закiнуўшы вядро за спiну, цетка шпарка пачала ссыпаць у назбiрку буйныя, як на малюнку ягады. Вольга намагалася не адставаць ад яе. Нават Машка з Ангелiнай, не гледзячы на недасып i на адсутнiчанне жадання хадзiць у лес, кiнулiся наперагонкi збiраць лясныя дары.

– Ніколі не збірала чарніцы жменямі, – пасмейвалася Вольга, перасыпаючы ягады з назбiркi ў вядро.

– Толькi ела, – дадаў Кастусь.

Вольга хацела агрызнуцца ў адказ, ды яе перабiла праходзячаяя мiма магазiншчыца Нiнка.

– А што гэта вы тут ля дарогі робiце? – здiўлена запытала Нінка. – Хіба вам у лесе месца мала?

– Месца многа, – не адрываючыся ад справы, адказала Мар’я, – ягад мала.

– Ну гэта каму як! – усмiхнулася Нiнка. – Мне мае застанецца.

– А посуду набрала! – Мар’я выпрамiлася, каб крыху размяць здранцвеўшую спiну. – Няйначай начаваць сабралася?

– А колькі набяру, столькі і набяру, – адмахнулася Нiнка.

– А Пятро дзе твой? – пацiкавiлася Мар'я. – Чаго з сабой не ўзяла?

– У Пятра другiя iнтарэсы, – сумна ўздыхнула Нiнка. – Ен больш да пляшкi ахвочы, чым да ягад.

– Ну-ну, – Мар’я перасыпала ягады з назбiркi ў вядро. – Ты там мiма Вусцінавіча iшла, паперкi не бачыла?

– Не бачыла. Я ў Людкі здаю, – Нінка звярнула ў лес і знікла паміж сосен.

– Вось будзе, калі Вусцінавіч не прымае, – заенькала Мар’я. – Куды я гэтыя ягады дзену? Калі толькі на наліўку паставіць. Ды і хто яе потым піць будзе?

– Не прападуць, – Кастусь ссыпаў апошнюю жменю ў вядро. – Ўсе! Можна і дадому ісці. Машка, Малая! Дзе вы! Дадому пайшлі!

На бацькін голас з’явіліся дзеўкі. З поўнымі ведрамі, з чорнымі ад ягад тварамі.

– А нiчога сабе! – цетка не чакала, што ўнучкi справяцца хутчэй за яе. – Гэта ж трэба —ўсе панабралi ўжо, толькi я адна засталася. Зусiм квалiфiкацыю страцiла.

Дапамаглi цетцы дабраць посуд. Нетаропка накіраваліся ў веску.

На гэты раз Мар’я пералезла праз лужыну без прыгод.

Як і меркавалi, ў Вусцінавіча сення быў не прыемны дзень. Давялося камандыраваць дзевак да Людкі. Самой ісці Мар’е не хацелася. Ногi гудзелi, ды i з Людкай былi нацягнутыя адносiны. Хай маладыя збегаюць. У іх і ногі шпарчэйшыя, і галовы святлейшыя.

– Ну што? – Кастусь выгадваў, колькі яны заробяць сення. – Заўтра пойдзем?

– Заўтра будзе заўтра, – адмахнулася Мар’я. – Ды i перадых трэба зрабiць. Ды i гарод зусiм зарос.

– Ну як? Колькi сення заробiлi? – Кастусь звярнуўся да вярнуўшыхся дачок i, пачуўшы адказ, заерзаў. – Вы як хочыце, а я заўтра зноў пайду. Такiя грошы я нават i за тыдзень на сваей працы не зароблю.

Мар’я, пачуўшы колькi атрымалi сення таксама не ўтрымалася:

– Бог з iм, з гародам, калi шаленыя грошы самi ў рукi цякуць.

Машка з Анегелiнай хацелi было паспрачацца, але прыкiнуўшы, што i iм перападзе значная частка, прымiрылiся.

I ранкам зноў пацягнулiся ў лес.

Па дарозе iх абагнала нейкая кабецiна на веласiпедзе. Прывiталася.

– А ты што, – Мар’я звярнулася да жанчыны, – Васiльеўна, ў адпачынку?

– Ды якi там адпачынак! – кабецiна саскачыла з веласiпеду i пакрочыла побач з цеткай. – Папрасiла Светку падмянiць на поўдня. У ягады збегаць. Iвончык, кажуць, учора на паўмiльена здаў.

– У Iвончыка транспарт i зяць ляснiчы – месцы ведае, – заўважыла Мар’я. – Чаму ж не здаць на столькi. Ты б у яго распытала, куды ен ездiць?

– Скажа ен! Чакай! – жанчына скокнула на веласiпед i падалася наперад.

– А нам i ў сваiм балоце ягад хопiць, – Кастусь вырашыў падбадрыць цетку. – Ну? Куды сення накiруемся? На старое месца, цi на новае?

– А дзе ягады, туды i мы, – адказала цетка, крыху пазайздросцiў таму, хто ў лес не на сваiх дваiх ходзiць.

Ну i бог з iмi! Нам i так добра. Прагуляемся. Паветрам свежым падыхаем. На прыроду палюбуемся. Спiну пагнем. Рукi выпецкаем. I дадому вернемся. Стомленыя i задаволеныя, што не трэба нiкуды ехаць, палiць бензiн, трэсцiся ў машыне. Тут i ў сваiм балоце ягад хапае. Ходзiш па старых месцах, а такое ўражанне, што ў першы раз. Быццам тыя чарнiцы за ноч адрастаюць. Яшчэ бунейшыя, яшчэ прыгажэйшыя.

У гэты раз здавалi Вусцiнавiчу. Той, пачуўшы, што людзi да Людкi пабеглi, падняў кошт ледзь не ў два разы.

Кастусь спахмурнеў:

– А каб я ведаў, то ўчора б не здавалi! Сення б удвая больш атрымалi!

– Усiх грошай не заробiш, – супакойвала яго цетка. – Iтак, дзякуй богу, за тры днi амаль на маю пенсiю здалi. Ну што? Заўтра iдзем, цi перадых зробiм?

– Якi тут перадых! – запярэчыў Кастусь. – Узiмку адпачнем!

To koniec darmowego fragmentu. Czy chcesz czytać dalej?