Цені Дзікага палявання

Tekst
0
Recenzje
Przeczytaj fragment
Oznacz jako przeczytane
Jak czytać książkę po zakupie
  • Czytaj tylko na LitRes "Czytaj!"
Czcionka:Mniejsze АаWiększe Aa

Ён, лесавік, з’явіўся на зямлі так даўно, што ўжо на вельмі многае з былога забыўся. Ён ужо слаба памятаў пра першыя свае крокі па пушчы, пра тое, якой яна тады яму бачылася, не памятаў і аб тым, як яго самога ўспрымала пушча. Але заўсёды ён памятаў, усведамляў, што нейкая сувязь паміж ім і чалавекам першапачаткова была. У агульным падабенстве паставаю, абліччам – гэта тады, вядома, калі ён паўставаў у сваім сапраўдным выглядзе і дазваляў убачыць сябе, – адным словам, у тым, што быў ён усё ж больш чалавекам, чым зверам? Можа быць. У тым, што мог падумаць – калі хацеў – як чалавек? І гэта было. У тым, што мог гараваць, радавацца, здзіўляцца, непакоіцца, злаваць, цешыцца?.. Многае з гэтага, праўда, з’явілася ў ім – незаўважна і незалежна ад яго – толькі апошнім часам. А можа быць, пачаўшы часцей сутыкацца з чалавекам, пачаўшы назіраць за ім і прыглядацца, ён адкрыў у чалавеку тое ж самае, што было і ў ім самім? Агульнае было, гэта несумненна, як і была вялікая розніца.

Што і казаць – за часы сваіх апошніх блуканняў па рэштках пушчы лесавік ужо ведаў, каго колькі ў ёй засталося. І ў гэтым яму таксама бачылася ягоная апошняя мяжа. Мядзведзяў – ніводнага, яны ўжо зрабіліся тым, чым былі зубры, туры, собалі, дзікія коні. Рысяў – тры сям’і, і падобна было на тое, што яны таксама знікнуць, бо ў рысяў заўсёды невялікія ўладанні, яны не любяць шукаць здабычу дзе далёка, прабегчы ім якія пяць дзясяткаў кіламетраў цяжка. А дзе ты зараз знойдзеш месца, каб на невялікай дзялянцы былі і зайцы, і казулі і лясная птушка вялася? Усяго паменела. Ваўкоў было больш – дзесяць сем’яў, логавы іхнія былі схаваныя адмыслова, дарослыя звяры па здабычу не ленаваліся прабегчы семдзесят, а то і болей кіламетраў, не баяліся яны людскіх селішчаў, маглі ўскочыць у самы крайні хляўчук і парэзаць там жывёлу, маглі нават сабаку злізаць з-пад самага ганка, пакінуць гаспадарам адно абрывак вяроўкі ці ланцуг. Ваўкі навучыліся абыходзіць паляўнічых са стрэльбамі, абмінаць атручаную прынаду, навучыліся не зважаць нават на чырвоная сцяжкі, калі наладжвалася аблога. Ваўкі ведалі, што паляваць трэба далёка ад логава, і імчаліся шэрымі зданямі многія кіламетры, упэўнена кіраваліся да патрэбных балот і ляскоў, дзе яшчэ трапляліся лёжкі дзікоў і дзе хадзілі невялікімі статкамі ласі. Ваўкі маглі яшчэ які час жыць. І ласі таксама тут вяліся, чалавек іх не чапаў, рэдка калі трашчала ад стрэлаў паветра і валіліся набок вялікія звяры, якіх потым абступалі людзі і пачыналі, спяшаючыся, рэзаць і дзяліць. Часта на гэтых людзей, у сваю чаргу, палявалі іншыя людзі, лавілі іх, адбіралі дзічыну і некуды вялі, такое лесавік заўважаў таксама. Бегалі і дзікі, нястомна паролі зямлю, узбіваліся нават на людскія палі, людзі іх тады ганялі, нават пастрэльвалі. А вось баброў, якіх па берагах тутэйшых рачулак даўней заўсёды траплялася шмат, амаль не засталося, хавалася на беразе ляснога возера ў атачэнні старых дубоў толькі адна жылая хатка, была яна тут апошняя. Лесавік калі-нікалі спыняўся каля яе – яшчэ валтузіліся недзе пад берагамі жывыя істоты, яшчэ трапляліся ўздоўж берагоў адмыслова паточаныя пянькі асін, яшчэ вытыркваліся з вады круглыя заклапочаныя морды. Апроч іх, рэдкімі былі і каршукі, і кані, і совы, і выдры, і лісіцы, і ці мала яшчэ хто.

Лесавіка, які глядзеў за рэдкім ужо ў ягоных уладаннях зверам, найбольш цягнула да тых, што засталіся, лічы, адны, што зрабіліся гэтым сваім адзіноцтвам падобнымі да яго самога. Яму проста карцела лішні раз убачыць іх, паназіраць за іхняю адзінотаю, за тым, як ганарліва глядзелі яны ўдалечыню – апошнія заўсёды глядзяць як бы з вышыні, як бы над усім астатнім, як бы ведаючы тое, чаго ніхто ўжо ведаць не будзе. Апошнія ўжо не плачуць і не скардзяцца, не мітусяцца, не б’юцца за лепшы кавалак, – апошнія ўжо глядзяць туды, за мяжу. Лесавіка цягнула да іх, як да крыніцы з хмяльным пітвом, каля іх яму было і тужліва, і высока, і лёгка, яны былі яму як бы і роднымі. Некалі ён доўга не мог адысці, адстаць ад зубра, што непрытульна бадзяўся па вялікай тады пушчы, чамусьці выбіраў большасцю ўзлескі, аж пакуль не выйшаў да людзей. Тады лесавік уратаваў яго, але зубр, растварыўшыся ў лесе, амаль адразу лёг і болей не ўстаў. А лесавік хадзіў кругамі вакол яго і ўсё не мог пайсці зусім, усё не мог кінуць яго, абыякавага да лесу, да ежы, да жыцця. Зараз адзіным у лесавіковых уладаннях застаўся ястраб, не такі яшчэ і стары, але ўжо надзвычай спакойны. Гняздо ястраба хавалася ў гушчары невысокіх крывых дрэў, што выраслі на былым пагарэлішчы. Пагарэлішча гэта густа аплялося дзікімі кустамі, чалавек праз іх прадзіраўся вельмі рэдка. Гняздо было недагледжанае, зеўрала велікаватымі дзіркамі, праз якія нават магло выкуліцца, калі б было, яйка, але яек у ім не ляжала ўжо шмат вёснаў. Пад ім валялася на зямлі некалькі костак, ды на тонкіх суччах бліжэйшых кустоў трымцелі на ветрыку рэдкія пёркі – рэшткі даўняй здабычы. На паляванне ястраб лятаў зрэдку – цэлымі днямі ён праседжваў на суку каля гнязда, сам здаваўся суком, бо амаль не варушыўся. Круглыя жоўтыя вочы пазіралі кудысьці далёка – і раптам зацягваліся плеўкаю. Але потым плеўка ўсё ж знікала. І голасу ястраба лесавік амаль не помніў. Ды што казаць – слаба помніўся ўжо свой. Ястраб сядзеў, лесавік умошчваўся дзесьці побач – ястраба гэта зусім не непакоіла, – абодва глядзелі ўдалеч, у сябе. Абодва чулі даўнейшае, далёкае, бачылі здабычу і сваіх ахвяр, адчувалі моц крылаў і моц духу, ад якіх гула пушча і ўцякалі людзі і звяры – і гэта іх амаль не хвалявала. Потым лесавік знікаў, ястраб жа часцей за ўсё заставаўся. І не таму, што быў слабы. Ён быў ужо вельмі спакойны. І гэты ягоны спакой лесавік разумеў, не хацеў, каб ён быў, ды зрабіць нічога не мог.

Адзіны ў пушчы быў і стары крумкач, які ўжо таксама зажыўся сярод гэтых лясоў і балот. Астатнія крумкачы, што яшчэ праляталі над людскімі паселішчамі, падыходзілі яму хіба што ў праўнукі, крумкач заўсёды трымаўся адасоблена ад іх, як і ад усяго жывога. Але крумкач, у адрозненне ад ястраба, не праседжваў суткі на адным і тым жа суку, не камянеў на ім, а ўвесь час кудысьці ляцеў. Ён раптоўна ўзнікаў там, дзе яго ніхто не чакаў, – каля зарэзанага ваўкамі лася, мяса ягонае дымела ў марозным паветры, вочы ўжо зашклянелі, вялікае тулава з адкінутымі нагамі паторгвалася, з ашчэраных ваўчыных пашчаў зрывалася сліна, змяшаная з крывёй, ваўкі рвалі, пагырквалі адзін на аднаго, похапкам глыталі, над ласём чутны былі хрыпы, шархацеў снег, патрэсквала раздзіранае мяса, глэмкалі, клацнуўшы зубамі, пашчы, – крумкач сядзеў на бліжэйшай яліне, некаторы час уважліва глядзеў, потым раптоўна зрываўся і ляцеў. Ці раўлі, захлынаючыся, бензапілы, людзі ў ватоўках і ботах павольна пахаджвалі між дрэў – і чарговае з іх, задрыжэўшы вяршалінай, спачатку марудна, вельмі марудна хілілася і па-над самай зямлёй ужо імкліва ляцела пад ногі сабратам; раўлі маторы, ірвалі драўніну, гонячы свежа-белае пілавінне, зубы піл, глуха бумкалі аб зямлю тоўстыя камлі, трашчала голле, разляталася ў бакі садраная кара, пахла смалой і сокам, – на свежым, яшчэ не замшэлым пні сядзеў крумкач, пакручваў галавой, вочы яго былі жывыя. Крумкач людзей унікаў, але ніколькі і не баяўся. Ці вось ужо сышла веснавая паводка, рэчка амаль увайшла ў берагі, пра паводку гаварылі ўжо толькі шматкі сухое травы і лісця на кустах, іх пачапіла там высокая каламутная вада, і ў рэчцы ўжо свяцілася, жаўцелася дно, а на перакатах дык і бачны былі дробныя каменьчыкі, галька, – па гэтай рэчцы ішла некуды супраць плыні ачмурэлая, атручаная аміячнымі і азотнымі сцёкамі стронга; яна была вялікая, моцная, але ішла няўпэўнена, віхляючы, завальваючыся то на адзін, то на другі бок, і каляровыя, вясёлкавыя плямы на яе баках пабляклі, не гарэлі з вады, не ўспыхвалі, стронга ўжо нават разы са два паказала сіне-белае пуза, поўнае ікры, і ішла яна з апошніх сіл. Крумкач дзе скакаў берагам, пакідаючы на гладзенькім пяску рысачкі слядоў, дзе проста ішоў, дзе падлятаў, касавурачыся на стронгу ў вадзе, ішоў, адным словам, следам; ён ведаў, што адкласці ікру стронга ўжо не здолее, была яна напаўжывая, і ўпарта чакаў, зараней адчуваючы смак буйных чырвоных ікрынак, акуратных круглых дробачак, з якіх павінны былі б вылупіцца моцныя і прыгожыя стронгі.

Лесавік няблага ведаў крумкача, і ён не мог надзівіцца яго здольнасці быць усюды, а найбольш там, дзе патрэбна была яго, лесавікова, дапамога. І часта крумкач апярэджваў яго, задуменна гледзячы на тое, што адбываецца, запамінаючы – але навошта, для чаго? Крумкач пра гэта не гаварыў, не мог сказаць, ён проста ў час прылятаў і глядзеў. Ён таксама быў па-свойму адзіны.

За доўгія сотні летаў і зім лесавік уведаў пра людзей столькі, колькі, мусіць, яны не ведалі пра сябе і самі. І тут нічога не было дзіўнага, бо часта вёскі абкружала не поле, а глухі лес. І разам з лесавіком шмат што ведалі людзі, якія жылі сярод балот і лесу, над галовамі якіх шугалі навальніцы, на якіх абрыньваліся залевы, якія ведалі, што такое лютаўскія завірухі і градзіны з курынае яйка пасярод лета. Ведалі: калі вясною бяроза распускаецца раней за вольху, трэба чакаць сухога лета; калі разам – мокрага, але ўрадлівага. Ведалі, што ранняе з’яўленне палявых і лугавых красак гаворыць пра ўраджай грыбоў летам і прадракае маразы зімой. А вялікі ўраджай на працягу ўсяго лета, у сваю чаргу, паказваў на працягласць наступнае зімы. І была яшчэ процьма драбніц, пра якія ведаў толькі лесавік і мала хто з людзей. Ластаўкі нізка лётаюць – дождж будзе. Зарадзіла мяцеліца – сцюжа на двор. Студзень мяце – ліпень залье. Люты халодны і сухі – жнівень гарачы. У сакавіку туман – у жніво дождж пан. Май халодны – не будзеш галодны. Калі камарна, то і хлебна. Восень – на дзень пагод восем. Пчала на любую кветку ляціць, але не на кожную сядзе… Канешне, гэтыя прыкметы з людзей ведаў далёка не кожны, бо далёка не кожны ўмее чуць і бачыць. Для лесавіка ўсё гэта было навідавоку, ён усё ведаў, ды і, зрэшты, гэта ягонае жыццё. Людзі ж часта не бачылі таго, што сляпіцаю лезла ім у вочы. І часта цярпелі з-за гэтага, гаравалі, часта падалі на роўным месцы.

 

А за апошнія часы многае змянілася так, што разгубіліся не толькі людзі – страціў спакой лесавік.

І ўсё часцей і часцей, спачатку міжволі, а потым і па сваёй ахвоце, ён з’яўляўся недзе побач з людзьмі – як той крумкач, ці што? – цікаваў з-за дрэў, потым раптоўна, як напалохаўшыся, знікаў.

Апошнюю вясну, праўда, ён усю прабыў у лесе. Вясна была наўздзіў дружная, пасля снежнае зімы з моцнымі маразамі і доўгімі завеямі, у якія яму добра драмалася на сваёй утульнай імшарыне, адразу павярнулася на цяпло. Падзьмулі палуднёва-заходнія вятры, якія амаль і з’елі пульхныя сумёты, выкацілася сонца, і ўсё жывое заварушылася, задыхала, заспяшала. Хутка набрынялі пупышкі, імкліва выдзеўбліся з іх стрэлкі маладога лісця, на прагалах, а асабліва на адкрытых сонцу ўзгорках, палезла трава. І хаця па нізінах стаяла вада, дрэвы ішлі па ёй і ўсё не маглі выбрысці да сухога, на вышэйшых месцах заквітнелі пралескі і воўчае лыка, адразу за імі ўзялася шчамяліца, загулі над іх пяшчотнымі ружова-сінімі званкамі яшчэ ачмурэлыя з зімы чмялі, былі скрозь запэцканыя жоўценькім пылком, і мурашкі прабівалі ў леташніх голках і лістах дарогі, па якіх хутка пацягнуць вусеняў, жукоў і лічынак, ва ўсіх напрамках паўзлі доўгія, круглыя, ледзь прыкметныя, вялікія жукі і павукі, пырхалі жоўта-чырвона-чорна-сінія матылькі, шархацелі яшчаркі, папісквалі мышы, ценькалі, свісталі, гугукалі, трашчалі, рыпелі птушкі ад малой пеначкі да лупатага пугача, трусіла аблезлая яшчэ лісіца, высока падскоквалі рудыя жабкі, лезлі з-пад палеглых бяроз і асін смаржкі і страчкі, – ішла вясна, ішла гэтак жа, як праходзілі сотні вёснаў да яе. Лесавік амаль усю вясну ўцякаў ад людзей, якія быццам шукалі яго, уцякаў ад рэха іхніх галасоў, нават не заблытваў тое рэха, кідаючы з аднаго боку ў другі, а проста ўцякаў. А потым яго неадольна пацягнула да лясных узмежкаў.

Адцвілі вербы і бярозы, асіны і вольхі, сышла халаднаватая пена чаромхаў, адколваліся густыя хвалі бэзавых колераў і пахаў – узялося лета з ягонымі безліччу кветак і густым разнатраўем, пісклявымі птушанятамі, камячкамі зайчанят, вывадкамі лісянят і ваўчанят, што яшчэ сядзяць па норах, валтузяцца, б’юцца, ваюючы за сасок з малаком, і ляскі, увайшоўшы ў моц, выдавалі ўжо не такімі рэдкімі і малымі, а купкі старых ялін дык нагадвалі нават пра колішнія гушчары. Лес рос, квітнеў, звінеў, радаваўся, быццам не ў тысячны раз, а ўпершыню ўступіў ён у лета і не думаў, не задумваўся над тым, што чакала яго наперадзе, у будучыні.

Набліжалася галоўнае свята лесу – Івана Купалы.

Некалі, даўнавата ўжо, свята гэта было, бадай, агульным святам людзей і лесу, а значыць – і святам лесавіка. З начных рэк сплывалі, клубіліся туманы, і ў чарнаце начы раптам успыхвала адно вогнішча, другое, трэцяе… Хутка гіганцкія каралі змяіліся, зіхацелі, блішчэлі на чорнай зямлі – быццам адбілася на ёй уся неабсяжнасць зорнага восеньскага неба. Тысячы вогнішчаў ішлі разам з рэкамі ў невядомую далячынь, і параўнаць гэта начное ўбранне зямлі, гэтыя вычварныя, дзівосныя карункі не было з чым. Вогнішчы палалі, патрэсквала сухое голле, мірыяды іскраў ляцелі да дробнай гушчыні зорак, згасалі, выбухвалі зноў, вакол вогнішчаў кружыліся ў карагодах людзі, іхнія песні – блізкія гэтай начы, блізкія лясам і рэкам – узляталі высока і далёка, і асобныя падгалоскі, неверагодныя ў сваёй вышыні, апякалі марозам скуру і паколвалі яе нябачнымі голкамі, найбольш смелыя з карагоднікаў скакалі праз полымя вогнішчаў, ажно трашчалі валасы і шэрхнулі вусны, скакалі ў самую яго сярэдзіну, але полымя ў гэтую ноч было літасцівае і мяккае, як мяккай і добрай была ўся зямля. Густа-чорныя, як дрэва эбен, воды рэк прымалі на сваю паверхню вянкі з кветак, асцярожна і пяшчотна пакалыхвалі іх, неслі ў ноч, у невядомае, і загадкавым, чароўным было ўсё: лугі з вогнішчамі на іх, цені людзей, працяглыя, як жыццё, песні, галасы маладых ваўкоў, што таксама віталі вялікае свята. На вянках, якія паціху плылі па рэках, мігцелі свечкі, у іх, гэтых свечках, маладзенькім дзяўчаткам, гаспадыням вянкоў, бачыўся іхні лёс, абавязкова шчаслівы, з мужам-асілкам і здаровымі дзецьмі, яны глядзелі чорнымі, як гэта ноч, вачыма ўслед вянкам, і слязінка шчасця блішчэла на густых вейках, паміргвала, як зорка ў бясконцай бездані. У гэтую ноч, і сапраўды, адхіналася крыху заслона перад невядомым, і таму, хто вельмі хацеў, можна было зазірнуць у свой лёс – і не заўсёды трэба было гэта рабіць. Плылі вянкі, луналі песні, усю ноч палалі вогнішчы, і дзесьці гарачая дзявочая рука аціхала ў вялікай хлапечай – і Купала бласлаўляў іх, браў за сваіх дзяцей. А ў самым сэрцы лесу, у атачэнні самых магутных дрэў, ззяла, цвіла, красавала, прыгаршчамі раскідвала вакол сябе россыпы самацветаў, і вабіла, клікала, прыцягвала людзей, тых якраз, для каго была яна недасяжная, папараць-кветка.

Здаралася, што ў гэтую купальскую ноч лесавік, разагнаўшыся па вяршалінах самых вялікіх дрэў, узлятаў высока-высока – і заміраў на колькі імгненняў над усёй сваёй пушчаю, ахопліваў яе ўсю цалкам, глядзеў – не мог наглядзецца, смяяўся, адчуваючы сваю моц і веліч. Зямля пад ім ляжала багатая, прыгожая, расквечаная агнямі – а колеры вогнішчаў былі самыя розныя, ад жоўта-чырвоных да зялёна-сініх, – і мякка-густое паветра трымала яго, гушкала, – гэта была ягоная хвіліна, вельмі рэдкая, аднак тым і найдаражэйшая, таму што якраз вось у гэтую хвіліну адкрывалася яму ягоная сутнасць. Ён жыў, пакуль жыла гэта зямля з лясамі і рэкамі, пакуль раз у год завалодваў светам Купала, пакуль нізка нахіляўся да зямлі месяц – і рабіў цуды. Так, якраз у гэтую ноч месяц запальваў чароўным агнём душы камянёў – і яны гарэлі не згаралі ўжо вечна, і людзі, адгадваючы ў тых камянях чароўную моц, падбіралі іх і трымалі каля сябе, аднекуль ведаючы, што камень, запалены месяцам, дапамагае і ахоўвае. Лесавік таксама любіў гэтыя камяні, ён ведаў, дзе які хаваецца, і ў асобныя хвіліны прыходзіў да іх, глядзеў. Ён умеў зрабіць так, што камень выходзіў, выціскаўся да сонечнага ці месячнага святла са свайго сховішча, і промні, сутыкнуўшыся з каменем, раптоўна рассыпаліся, успыхвалі, камень як бы адкрываўся – і адарвацца ад яго было ўжо цяжка. У халодным бляску дыямента бачылася купальская ноч, у якую ён быў запалены, бачыліся каралі надрэчных вогнішчаў, хісткія цені людзей вакол іх, вянкі на чорнай вадзе, бачыўся водбліск папараць-кветкі, слабенькі водбліск, які працінаў да глыбіні душы. Лесавік ведаў, што некаторыя людзі, аднойчы глянуўшы на купальскі камень, ужо ні на што іншае глядзець не хацелі – і хутка гінулі. Камяні выходзілі з зямлі, лесавік углядаўся ў іх – і святлеў, увесь святлеў, быў ён у тыя мінуты не такі, як заўсёды. Перад яго вачыма перабылі ўсе самыя галоўныя камяні: сарданікс, тапаз, карбункул; смарагд, сапфір, алмаз; лігур, агат, аметыст; берыл, онікс і яспіс. Ён ведаў іх, назвы гэтых камянёў ішлі з такой далёкай мінуўшчыны, пра якую і падумаць цяжка, не тое што ўявіць. Гэта першыя свяшчэнныя камяні. Сонечнае святло, трапіўшы ў алмаз, адразу рабілася фіялетавым, далей – сінім, зялёным, жоўтым, аранжавым і выходзіла ўжо чырвоным. Камень жыў колерамі, дыхаў імі, гуляў. Сапфіры былі празрыстай сінечаю, нагадвалі яны пра нябёсы і моры і клікалі ў сваю глыбіню, не адпускалі. У смарагдах хавалася ўся зеляніна лясоў, ад кволай веснавой да купальскай, можна было ўбачыць у іх лугавыя травы і паўтоны кустоў, камяні пераліваліся адценнямі лесу, зачароўвалі, і не было больш прывабных для вока камянёў. Чырвоныя рубіны, тапазы ад блякла-жоўтых да вішнёва-карычневых тонаў, гранаты, да якіх далучаліся чырвоныя піропы і малінавыя альмандзіны, ружовыя і індыгава-сінія турмаліны, пяшчотна-зялёныя хрызаліты, розна-блакітныя цырконы, няўлоўныя александрыты, дымчатыя кварцы – кашэчыя вочы… Ва ўсіх гэтых камянях лесавіку бачыўся невядомы свет – і ён глядзеў, стараўся ў яго зазірнуць. А купальскія камяні, нарадзіўшыся, адразу хаваліся ў зямлю, глыбока ў яе ўваходзілі, знайсці іх шанцавала вельмі рэдкаму чалавеку. Чалавеку з чыстай душой – пра гэта лесавік таксама ведаў. А камяні, прапусціўшы праз сябе ці дзённае, ці начное святло, яшчэ некаторы час мігцелі, праменілі ў сваіх сховішчах, іх лесавік мог таксама бачыць, вось як на далоні. Сваёй незвычайнасцю і адзінотаю – так, яны былі адзінымі, непадобнымі ні да якіх іншых – камяні былі блізкія лесавіку, бо ён таксама быў адзін, адзіны…

І тымі купальскімі начамі, здаралася яшчэ, лесавік прыходзіў да вогнішчаў, запаленых людзьмі, і нерухомеў каля іх, затойваўся. На Купалле яму можна было наблізіцца да людзей, і ён прагна сачыў за жывымі, асветленымі блікамі агню, тварамі, глядзеў на ўсмешкі хлопцаў – і дзіўнае, незразумелае пачуццё ахоплівала яго. Ён не мог – ды і не хацеў вось гэтак скакаць вакол вогнішча, закінуўшы ў неба твар, абдымаць за плечы… другую, яму роўную, – і ўсё ж яго цягнула да вогнішчаў, ён зліваўся з найбліжэйшым кустом, пазіраў. Глядзеў ён на людзей у купальскую ноч зусім не так, як на дзівосныя камяні, выкліканыя ім з зямлі, аднак жа і было нешта агульнае. У людзях гэтых яму таксама бачыўся незнаёмы і прываблівы свет, і яго, гэты свет, хацелася адчуць, хаця б трохі ўведаць. Але людзі былі чужыя. І ён, растрывожаны, знікаў у лесе да наступнае купальскае начы.

Але часы ішлі, купальскіх вогнішчаў менела, і зараз вось яны ўжо амаль зніклі. Купальскія ночы, ясныя, месячныя, урачыстыя, праходзілі па зямлі, па былой лесавіковай пушчы маўклівыя, ціхія. Адно месяц яшчэ ўглядаўся ў зямлю пад ім, шукаў рэдкага каменьчыка, у якім была душа і якога можна было запаліць. Са знікненнем пушчы забываўся і Купала. І людзі, якія нястомна шукалі папараць-кветку, таксама кінулі хадзіць па лясах, яны забыліся, што папараць-кветка ўсё ж ёсць.

Купалле набліжалася, але лесавік нічога не чакаў ад яго, ён проста адзначаў: хутка Купалле. Праўда, гэтым перадкупальскім часам яго непакоіла яшчэ адно: недалёка ад сваёй імшарыны ён зноў пачуў людзей. І сустрэчы з імі тут яму зусім не хацелася. Людскія галасы даляталі да яго звонкія, маладыя, і калі добра прыслухацца – не зусім яму прывычныя. Справа ў тым, што ён добра пазнаваў галасы тых, хто не-не ды сустрэнецца ў лесе: грыбнікоў, паляўнічых, ягаднікаў, рыбакоў. Гэтых людзей ён амаль ніколі не чапаў, яны яму не заміналі, не шкодзілі лесу. На поўдзень ад ягонай імшарыны быў яшчэ вялікі луг, на ім гэтаю парою таксама з’яўляліся людзі, касілі траву – галасы тых, хто завіхаўся на лузе, лесавік таксама ведаў. Маладыя і вясёлыя галасы, што даляталі зараз, былі мала падобныя да ўсіх яму вядомых.

Мусіў ісці, даведвацца.

Першы раз прыйшоў, зразумела, уначы. На лузе, недалёка ад рэчкі, што працякала паўз яго, стаялі два часовыя людскія буданы, каля іх паміргвала цяпельца, некалькі чалавек сядзелі вакол яго: хто драмаў у абдымках другога, хто гаварыў, стараўся для ўсіх, хаця на яго мала зварачалі ўвагі, папісквала, патрэсквала, шаптала радыё, адна з многіх людскіх прыдумак. Было відаць, што людзі асталяваліся тут на час касавіцы, на гэта паказвала ўсё: і пах свежаскошанай травы, і некалькі пастаўленых стагоў, і граблі з віламі, кінутыя ў кучу недалёка ад буданоў. Каб лесавік быў ранейшым лесавіком, ён бы прыдумаў, што зараз рабіць. Параскідаў бы па ўсім лузе вілы і граблі. Разварушыў бы стагі. Патрос бы свістам буданы, павухкаў бы, пагігікаў так, што заледзянела б кроў у жылах, анямелі б каля вогнішча і ў будане тыя, што прыйшлі куды не трэба… Але пра яго, лесавіка, ужо амаль ніхто з людзей не памятаў, не ведаў, што гэта якраз ён гаспадарыць уначы, папярэджвае, пагражае, што толькі ён умее ў ціхую ноч разгойдваць дрэвы і наводзіць марачэнне. Не памяталі і не ведалі. Ды і што гэтыя лесавіковы забаўкі і гульні ў параўнанні з тым, што маглі самі людзі… Лесавік колькі разоў бачыў, як палалі цэлыя вёскі – і ў іх гарэлі людзі. Як адзін выбух раскідваў на кавалкі хату. Як аднымі машынамі знішчаліся другія машыны разам з людзьмі. Як вытайвалі з-пад снягоў трупы людзей – у ягонай пушчы вытайвалі, – пазіралі ў неба пустымі вачніцамі, чакалі, пакуль знойдуць іх жывыя, і тады лесавік, шкадуючы, рассоўваў мерзлую зямлю, хаваў, ведаючы, што нежывому сярод жывога месца няма. Людзі часта не маглі падзяліць нечага свайго людскога, і тады гулі войны, з кожным разам усё страшнейшыя. Самога лесавіка пакуль што зачапіць яны не маглі – але ў іх лесавік адчуваў і сваю апошнюю мяжу.

І вось зараз побач з лесавіковым жытлом былі людзі – і рабіць што-небудзь з імі яму не хацелася. Другі раз лесавік прыйшоў таксама прысмеркамі. Зноў гарэла вогнішча – ужо большае, хадзілі вакол яго людзі, галасы іх разносіліся далёка. Лесавік яшчэ ў першы раз убачыў, што людзі гэтыя зусім не вяскоўцы, якія кожным годам прыязджалі на луг, спяшаючыся, працавалі, яны рабілі сваю работу – і ўсё. Гэтыя ж, у адрозненне ад тых знаёмых яму вяскоўцаў, працавалі і няўмела, і не вельмі ахвотна, ва ўсякім разе, стагі на лузе вырасталі марудна, і былі яны нязграбныя, а адзін з іх дык і зусім гатовы быў раскідацца, лёгенька дзьмухні – і не будзе стога. І крыку, мітусні ў гэтых людзях было столькі, што здзіўляўся нават лесавік. Быццам прыехалі святкаваць Купалле, нават пачалі ўжо гэта рабіць за два тыдні да вялікай ночы. Але ж ноч была і ёсць адна на ўвесь год. Праца гэтых людзей на працу, што і казаць, была мала падобнай. Маладыя ўсе, амаль пароўну дзяўчат і хлопцаў. Ну правільна, усё як на Купалле. Маладыя дзяўчаты і хлопцы. Лесавік прыглядаўся. І з выгляду гэтыя людзі былі непрывычныя яму: незнаёмае адзенне, нейкая іншая пастава, іншыя – рэзкія, паспешлівыя рухі. Зноў жа крык, гогат, піск – вяскоўца ў лесе ці ў полі і не пачуеш, адно толькі адчуць можна. У купальскую ноч, зразумела, таксама бываюць і крыкі, і песні, і дзявочы войк, аднак тут было не тое. Людзі былі чужыя ў гэтых мясцінах, лесавік гэта ведаў дакладна.

 

Ён адышоўся да бліжэйшага стога, сеў пад ім, задумаўся. Вось людзі – і вось ён, лесавік. Раней людзі не тое што ведалі пра лесавіка, яны яго баяліся, лічылі ледзь не сваім ворагам, ставілі ў адзін шэраг з нячысцікамі. Людзі, баючыся смерці і неадступна думаючы пра яе, выдумлялі сабе ворагаў, якія тую смерць набліжаюць, гаварылі пра кару, што чакае іх за грахі – а грашыць людзі ўмелі, часта гэта рабілася ледзь не галоўным у іхнім жыцці, – і караў не толькі адзін і ўсемагутны Бог, а і нячысцікі. Ніхто з людзей, ніхто з жывых звычайных людзей тых нячысцікаў не бачыў, аднак людзі пабудавалі ў сваіх уяўленнях цэлы вусцішны і жудасны свет, свет змроку і пакут. На чале яго, а гэта значыць у самым нізе, у пекле, быў Люцыпар у акружэнні гайні пякельнікаў, каснаў і шатанаў. У сляпой апраметнай начы, бачылася людзям у нейкія жахлівыя хвіліны, усё скрозь было запоўнена цмокамі, паралікамі, паветрыкамі, прахамі, шэшкамі, і чалавек, праклінаючы таго, хто перайшоў яму дарогу, ці пакрыўдзіў, ці зняславіў, ці падмануў, гаварыў: «Каб ты спрах, браце, каб цябе паралік узяў, каб цябе цмокі наведалі, як ты са мной абышоўся, брат мой дарагі, бліжні мой, які павінен любіць і быць, канешне, любімым». А побач з чалавекам, былі яны ўпэўнены, заўсёды, пакуль той чалавек глядзеў на свет і яму радаваўся, існавалі кадукі, дамавікі, хлеўнікі, гуменнікі, пуннікі, лазнікі. Яны былі, таму што будаваліся і стаялі хаты і хлявы, гумны і лазні, і тыя, не чалавекі, былі такімі ж гаспадарамі, як і людзі, толькі нябачнымі. Калі ты кепскі гаспадар, то і цені твае шкадлівыя, цягаюць з-пад носа твае рэчы, блытаюць іх, не даюць распаліцца агню ў печы і не вядуць у хату дастатак, наадварот, зводзяць яго дашчэнту, і калі ў галаве ў цябе яшчэ нешта ёсць – кідай усё, хату гэтую кідай, перабірайся ў іншае месца, заводзь сабе новых сужыцеляў. Так думалі людзі. З таго ж уяўнага, нерэальнага свету прыходзілі да іх і як бы паўнячысцікі, паўцені, слабыя, кволыя, здольныя змагчы хіба што соннага і хворага, – палуночнікі і ярэтнікі, мары і кікімары. У тым жа свеце людзі знаходзілі месца і такім, як лесавік. Яны не ведалі, хто такі лесавік, што ён такое ёсць, і выдумлялі. Наогул, людзі ўсё невядомае ім стараліся надзяліць самымі дзівоснымі, самымі вычварнымі якасцямі і ўласцівасцямі. Менавіта з-за гэтага ў памочнікі Люцыпара, у яго падручныя трапіў і лесавік, а яшчэ, акрамя яго, – палевікі, кладнікі, вадзянікі (сярод іх людзі распазнавалі вірнікаў і ціхоняў), балотнікі, багнікі, аржавенікі, лознікі. А як ёсць адны – ёсць і другія. У рэках і азёрах забаўляліся, спявалі салодкія песні, клікалі людзей да сябе ў чароўнае вадзяное княства русалкі. Людзям рабілася шмат лягчэй жыць, калі яны маглі сабе і іншым што-небудзь растлумачыць. Спакойна пасвіўся статак, пагладжвала зямлю сонца, каб не было зусім горача, пралятаў лёгкі ветрык, пакалыхваў траву – і раптам адна з кароў, зарыкаўшы, задраўшы старчма хвост, кінулася ў самы гушчар кустоў, з якога потым не так проста яе выцягнуць, і за ёй памчала другая, трэцяя… Заляскалі пугі, забрахаў сабака, замармыталі сабе пад нос пастухі: палевікі, яны, нячысцікі, іхняя работа, цэлымі днямі над кожнай каровай па некалькі дзясяткаў аваднёў са сляпнямі віецца – і нічога, не, толькі палевікі пачынаюць ганяць кароў, прымушаюць іх гізаваць, падбрыкваць нагамі і матляць галавой; ды на тое яны, палевікі, і ёсць. Ці брыдуць, зрэдку разгінаючыся, па балоце ягадніцы, збіраюць у кашалі журавіны, і вось выйшлі да чыстага, ціхага азярца, выпрасталіся, уздыхнулі з палёгкай, паселі, прыхінуўшыся да дрэў, тварам да возера, бо вочы на вадзе адпачываюць, на чым жа ім яшчэ адпачываць, як не на роўным і чыстым абсягу, – і раптам пайшлі па вадзе бурбалкі. Людзі падхапіліся, у трывозе глядзяць на ваду, бокам-бокам у лес, ногі самі нясуць падалей ад возера, а там, у вадзе, ужо нехта ляпае, раве, вішчыць. Вадзянік гуляе, пераглядаюцца між сабой людзі, хутчэй адсюль, яшчэ ўхопіць ды туды, хутчэй, барані божа…

Ну і, здаралася, хацелася людзям бачыць сярод сабе падобных нелюдзяў, тых, хто прадаўся нячыстай сіле, хто не здаволіўся дзённым, зямным, хто пайшоў у слугі падзямелля і ночы. У абліччы людзей хадзілі, пазіралі цяжкімі, бяздоннымі вачыма сугнеістыя ведзьмакі, ведзьмы і калдуны. Удзень яны проста хадзілі і пазіралі – а ўначы… Уначы яны маглі зрабіць самую розную шкоду, бо сіла іх была вялікая. Прапала малако ў каровы – чары, захварэла дзіця – зірнула на малога ведзьмава вока, няўрод у полі – таксама ведзьмакова старанне, трэба знайсці яго ці яе і знішчыць.

Той чорны ўяўны свет узнік, мусіць, з моманту з’яўлення ў лясах чалавека. Чалавек адразу зрабіў сабе ідала – столькі ж дзіўнага, незразумелага наўкола, столькі недасяжнага і магутнага, столькі жаданага, што якраз ідал і ўстаў у пячоры, і да ідала прыдумалася, прыдалося. А яны, лесавікі, і тады былі, і цяпер ёсць, ніколькі яны не памяняліся і не звяліся.

Ды, зрэшты, лесавік добра ведаў і іншае: людзі, якія жылі ў ягонай пушчы і вакол, якія пабудавалі на гэтай зямлі вялізныя гарады і думалі пра яшчэ большыя, якія, зусім не маючы намеру звесці пушчу, амаль звялі яе, хаця і засталося яшчэ некалькі ляскоў, гэтыя людзі ніколі не ўзводзілі нячыстую сілу – усіх гэтых шатанаў, кадукоў, кікімар і лесавіка разам з імі – у абсалют. Многіх яны нават лічылі як бы і за сваіх, спагадалі ім, паблажліва дазвалялі займацца сваімі «нячыстымі» справамі, пасміхаліся, расказваючы пра іхнія забаўкі, і папярэджвалі: «Вы ўжо не вельмі, як вас там… спакайней як-небудзь, усё мы разумеем, з усім згодны: і пасвістаць можна, і магерку з галавы скінуць, і з панталыку збіць… але не вельмі. Па-свойску давайце, спакайней». І абыходзілася ўсё часцяком якраз спакойна, па-свойску. Страх быў – але памяркоўны, іх пракліналі – але як вулічных суседзяў, з імі ваявалі – але не да смертазабойства. Калі яно ёсць – дык хай будзе.

Чалавек, канешне, надта любіў на ўсё незразумелае напусціць такога туману, што ў рэшце рэшт сам заблытваўся і губляўся. Вось і накруціў з нячысцікамі, вось і пасадзіў побач з імі лесавіка. А лесавік – ён лесавік. Не чалавек, канешне, не звер і не птушка – але і не нячыстая сіла. Проста яму было дадзена такое, чаго не мог чалавек. Усё проста. Вось людзі не задумваюцца ж, як яны дыхаюць. І лесавік не думаў, як ён жыве. Жыў лес, жылі звяры, жылі камяні з запаленай душой, жылі людзі – і ён. Жыла зямля, якая ўсіх іх нарадзіла.

І вядома яшчэ, што ўсё простае – складана, вельмі складана.