Czytaj książkę: «На парозе раю»

Czcionka:

© Дудзюк З. І., 2019

© ТДА «Выдавецтва “Чатыры чвэрці”», 2019

Зінаіда Дудзюк

Выдала зборнікі вершаў «Праводзіны птушак» (1983), «Абрысы лета» (1988), «Так і не» (1993), «Табе» (2000), «Падданыя кахання» (2003), «Дарунак» (2010), «Прадзіва» (2015);

кнігі прозы «Палоннікі жыцця» (1997), «Кола Сварога» (2006), «Аднарог» (2010);

раманы «Год 1812» (2004), «Слодыч і атрута» (2013), «Гонды» (2013), «Лаза» (2016); на рускай мове – «Гонка за волком» (2012), «Год 1812» (2015), «Сотворение» (2015);

кнігі эсэ «Нямеранае багацце» (2012), «Шляхамі адвечнага слова» (2001), «Вяртанне забытага міфа» (2013), «Пара высокага сонца» (2017);

кнігі гістарычных і краязнаўчых нарысаў «Леў» (2011), «Выжыць на дарозе смерці» (2013), «Лясы і лесаводы Брэстчыны» (2000) і інш.;

зборнікі драматургіі «Чароўнае слова» (2001), «Зачараванасць тэатрам» (2005), «Гістарычныя драмы» (2016), «Нарадзіўся я ліцвінам» (2011) і інш., п’есы ставіліся на радыё, у прафесійных і самадзейных тэатрах і студыях;

кнігі для дзяцей і падлеткаў «Канікулы на астэроідзе» (2012), «Листья волшебного дерева» (2014), серыя з дзесяці кніжак «Приключения Буслика» (2014), перавыданне гэтай жа серыі адной кніжкай «Невероятные приключения Буслика и его друзей» (2015).

Пераклала на беларускую мову камедыю Я. Ходзькі «Вызваленая Літва, або Пераход цераз Нёман» (2002), казку П. Яршова «Канёк-гарбунок» (1997), асобныя вершы ўкраінскіх, рускіх і польскіх паэтаў, а таксама некалькі п’ес для лялечнага і драматычнага тэатраў.

Укладальнік кнігі «Песні Белавежы. Камянеччына літаратурная» (2005).

Лаўрэат шматлікіх рэспубліканскіх конкурсаў.

Член Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Аповесці

Рэванш

1

Яна нязручна сядзела за кухонным сталом, у дзверцы якога ўпіраліся калені, памешвала лыжачкай у кубку духмяны ўзвар з зёлак і напружана спрабавала ўспомніць сон, з якім абудзілася. Ёй гэта не адразу ўдалося, але раптам выплыў у памяці пяшчотны тварык немаўляці – і адразу згадалася, што прыснілася ёй, быццам яна нарадзіла дзяўчынку, цешылася ёю, загортваючы ў белыя пялюшкі. Дзіця аказалася вёрткае, вылузвалася з паркалю – ружовыя ладныя ножкі і ручкі прагнулі волі. Жанчына глядзела на немаўля і сілілася адказаць самой сабе на пытанне, ад каго ж яна нарадзіла дачку – ці ад Сіроціна, ці ад Кедрава, ці ад Гальмака. Чамусьці думка пра законнага мужа ў яе не ўзнікла. Падсвядома яна помніла, што яго ўжо няма не свеце. А гэтыя трое ці жывыя? Ім жа зараз усім дай Божа па колькі гадоў… Міжвольна падумала, ці не на хваробу гэты сон? Хаця некалі мама казала, што дзяўчынка сніцца на нейкае дзіва.

Яна адпіла трохі ўзвару. Па сібірскай звычцы любіла, каб вадкасць была гарачая, сагравала ўсё ў сярэдзіне, давала тое цяпло, з якім можна было б супрацьстаяць сцюжы, хоць зараз быў самы пачатак вясны. Лісточкі нясмела вызваляліся з пупышак на бярэзіне, якая калыхала голле на ўзроўні яе акна на другім паверсе шматпавярховага дома. Дзень быў сонечны, праўда, вокны яе аднапакаёўкі выходзілі на захад, так што сонца можна было чакаць толькі па абедзе. Яна горка падагульніла, што ўсё ў яе жыцці ідзе на захад ды на зыход, і зноў вярнулася думкаю да сну, але тут жа адмахнулася ад яе: спіцца, дык і сніцца розная лухта.

Раптам зазваніў тэлефон. Ад нечаканага рэзкага гуку яна нават уздрыгнула, падышла, падняла трубку, пачула незнаёмы дзявочы голас:

– Добры дзень! Запрасіце, калі ласка, Клаўдзію Міхайлаўну Мартынюк.

– Я вас слухаю, – адказала жанчына.

– Вас турбуе аглядальнік абласной газеты Юлія Яновіч. Я ведаю, што вы былі ахвяраю рэпрэсій, цяпер – рэабілітаваны. Ці не згадзіліся б сустрэцца са мною і расказаць пра перажытае?

Жанчына адчула, як на момант балюча сцялося ад страху сэрца і заспяшалася мітусліва, з перабоямі. Яна з цяжкасцю выціснула з сябе:

– Каму гэта цікава?

– Людзі павінны ведаць праўду, што вы пакутавалі нявінна. І мы не маем права забываць тое страшнае мінулае, якое перажылі вы, людзі старэйшага пакалення, каб яно не паўтарылася зноў, – хутка і з пафасам прамаўляў малады голас.

«Што і як раскажу ёй? – пранеслася ў галаве жанчыны, пакуль яна слухала журналістку. – Навошта варушыць мінулае? Яшчэ схопіць сардэчны прыступ, давядзецца выклікаць хуткую».

– Клаўдзія Міхайлаўна, вы слухаеце мяне?

– Так, так, я вас чую.

– Скажыце, калі ласка, калі і дзе мы маглі б з вамі сустрэцца?

– Вы ведаеце, я кепска пачуваюся, – паскардзілася жанчына, жадаючы адкласці сустрэчу.

– Клаўдзія Міхайлаўна, я ўмею падымаць настрой! Пабачыце! Усё будзе цудоўна! – запэўніла дзяўчына. – Давайце не будзем адкладваць. Прыходзьце да мяне ў рэдакцыю ў трыста трэці пакой. Сёння такі цудоўны дзень! Сонца проста асляпляльнае! А калі не можаце, дык я да вас забягу. Як вам лепш?

– Забягайце. Што ўжо з вамі зробіш, – нечакана для сябе самой згадзілася жанчына.

– А ў які час лепш? Каб не размінуцца.

– Заходзьце праз гадзінкі дзве, я буду чакаць.

– Дзякуй вялікі, да сустрэчы.

Жанчына паклала трубку, села на канапу, разгублена агледзела пакой, сказала сама сабе: «Вось табе, Клаўка, і сон у руку: дзяўчынка – дзіва, а пялюшкі – газета. Божачкі, ажно ў жар кінула! Гэта ў маладосці хацелася быць узорам для ўсіх, каб газеты пісалі, каб узнагароды звінелі на аксаміце сукенкі! Вядомасці хацелася. Ды выйшла наадварот: знявага, прыніжэнне, турма, Бадайбо. Схамянулася блудная слава і ўсё ж згадала пра мяне. Ну-ну, дзякуй і на гэтым. Аднак навошта майму стомленаму сэрцу мітусня? Гэта ж толькі пустая турбота. Што я раскажу пра сябе? Праўду? Якую праўду? Хто яе здатны зразумець? Усё жыццё маё паламалася з-за таго, што хацела кахаць і быць каханай, мець сям’ю і дзяцей. Ці ж гэта злачынства? Зрэшты, мяркуючы па тым, як гэтае дзяўчо спяшалася, сядзець у архіве і разбіраць маю справу яна не будзе. Не да таго ёй. Газета патрабуе аператыўнасці. Людзі гатовыя верыць у самыя неверагодныя міфы. А зрэбная праўда мала каго цікавіць. Нічога злачыннага я не зрабіла, а, між тым, сапраўды стала ахвяраю. Сёння ўжо не так важна, на што я ахвяравала маладосць, тым больш, што пра ўсё жыццё не раскажаш нейкай зялёнай і наіўнай журналістцы. Цяпер я пакутніца. Гэта горкая праўда, а калі мяне хочуць зразумець, паспачуваць, дык чаго баяцца? Раскажу сёе-тое. Няхай паслухае. Трэба ціск памераць, нешта ажно млосна зрабілася, і ў сэрца калючка коле. Ах, нервы, мае бедныя нервы…»

2

Ружовашчокая, бойкая Юля паставіла насупраць Клаўдзіі Міхайлаўны дыктафон, дастала нататнік, пазірала дапытліва, чакаючы, калі жанчына збярэцца з думкамі.

– Давайце абыдземся без гэтай тэхнікі, нешта яна мяне напружвае, – папрасіла жанчына.

– Калі ласка, – адказала журналістка і выключыла дыктафон. – Мне хацелася пакінуць на памяць ваш голас.

– Я чалавек іншага пакалення, вы, напэўна, маглі б быць маёй унучкай.

– Клаўдзія Міхайлаўна, выглядаеце вы проста выдатна. Я вам ніколі не дала б вашых гадоў.

– Ай, Юлечка, год туды, год сюды. Якая розніца? Было б здароўе. Давайце пагаворым па-чалавечы. Я адкажу на пытанні, задаволю вашу цікаўнасць. Але, ведаеце, мне не вельмі хочацца, каб пра мяне пісалі.

– Хіба пра такое можна маўчаць? Нейкія зламыснікі абылгалі вас, ні ў чым не вінаватага чалавека, назвалі ворагам народа, а вы будзеце трываць і насіць у сабе сваю крыўду?

– Я ўсім даравала, інакш не выжыла б… Гэта мой лёс. Які Бог даў, такі і прыняла.

– Разумею, але і нягоднікі павінны ведаць, што за хлусню трэба адказваць. Калі яны некага абмазалі брудам, дык няхай хоць праз шмат гадоў іхні бруд вернецца да іх. Усе злачынныя справы абавязкова будуць выкрыты.

– Мне не хацелася б згадваць іхнія прозвішчы па той простай прычыне, што, можа, некага з іх і жывога ўжо няма. Самі ведаеце, пра мёртвых дрэнна не кажуць. А калі ёсць у іх дзеці ці ўнукі, дык яны ж не павінны адказваць за грахі бацькоў і дзядоў.

– Мы не суддзі, Клаўдзія Міхайлаўна. Мой артыкул нікому не нашкодзіць. Проста раскажыце пра сябе ў той скрушны для вас час, – папрасіла журналістка.

– Безумоўна, тады мне было вельмі крыўдна і цяжка, што мяне, маладую, апантаную жаданнем працаваць, служыць радзіме, пасадзілі ў турму. Я ж прайшла вайну, была падпольшчыцай, сувязной, партызанкай, выжыла ў час акупацыі, а тут свае расправіліся ні за што. А як невыносна было пасля таго, як выйшла з турмы! Я аказалася выкрасленаю з жыцця, на працу нікуды не бралі, скрозь натыкалася на пагардлівыя позіркі.

На вочы жанчыны навярнуліся слёзы, яна выцерла іх, і, можа, толькі цяпер Юля заўважыла, зморшчаную сухую скуру на руках. Ды і твар раптам пакамечыўся, ці гэта знянацку сонца высвеціла дробныя маршчынкі, якія перакрэслілі шчокі, лоб, шыю старой.

– Клаўдзія Міхайлаўна, прашу вас, не хвалюйцеся. Усё ж мінула. Я думала, што вы зможаце паглядзець на той час нібы збоку і не засмучацца.

– Гэтая рана незагойная. Мінулае нікуды не знікае, яно заўсёды з намі. Ведаеце што, давайце я вам згатую гарбаткі. Прывыкла я там, у Сібіры, душу адаграваць гэтым напоем, відаць, інакш не атрымаецца ў нас гаворкі.

– Буду ўдзячная, – адказала журналістка са сваёю нязменнаю ўсмешкаю прыгожа акрэсленых вуснаў.

Гаспадыня затрымала на ёй позірк і сказала:

– А ў вас, напэўна, шмат прыхільнікаў.

– Няшмат, – сумелася Юля. – А калі і ёсць, дык далёка не тыя, хто мне можа спадабацца.

– І што ж вы робіце з тымі, хто асабліва назаляе?

– Пасылаю куды далей, – лёгка адказала дзяўчына.

– А калі гэта начальства?

– Раблю выгляд, што нічога не заўважаю.

– І не баіцеcя страціць працу?

– Журналіст – гэта ж не пасада, а толькі чорная будзённая праца. Гані радкі дзень пры дні!

– Шчаслівы ў вас характар. Пашанцавала вашаму мужу.

– Я не замужам.

– Колькі ж вам гадочкаў, калі не сакрэт?

– Пад трыццаць.

– Мне тады было амаль столькі ж, – усміхнулася жанчына і пайшла на кухню.

Журналістка акінула позіркам постаць гаспадыні, яшчэ даволі стройную, са спіны і не скажаш, што гэтай жанчыне пад восемдзесят. Ёсць такія людзі з нязломным духам. Як ні гне іх жыццё, як ні круціць, а яны працягваюць існаваць, знаходзіць нейкае адхланне і радавацца кожнаму дню. Нават гэты пакой паказваў, што чалавек тут жыве неабыякавы: вялізная на ўсю сцяну шафа, набітая кнігамі, пераважна класікай, ваза з шорсткімі сухацветамі, канапа, два крэслы і круглы столік – ніводнай лішняй рэчы, не так, як гэта бывае ў некаторых старых людзей, якія завальваюць кватэры розным непатрэбным начыннем. На адной з кніжных паліц Юля заўважыла фотаздымак гаспадыні, дзе яна была яшчэ даволі маладая. Прыгожы авал твару акаляла завітая кароткая стрыжка, вочы строгія і адчужаныя.

«Каб удалося яе разгаварыць, напэўна, атрымаўся б цікавы матэрыял, прынамсі, яшчэ ніхто з маіх калег не браўся за тэму рэпрэсій, – падумала Юля, адчуваючы няўпэўненасць у сабе, бо ведала, што нейкім выпадковым словам можна выбіць чалавека з раўнавагі, і тады ён замкнецца, нічога ад яго не даведаешся. – Трэба быць вельмі асцярожнай у падборы пытанняў. А мо наадварот пытацца канкрэтна пра тое, што мяне цікавіць? Чаго ж я сяджу як на імянінах? Можа, трэба памагчы старой?»

Журналістка зазірнула на кухню, спытала:

– Ці патрэбна рабочая сіла?

– Усё гатова, Юлечка, бярыце кубачкі, а я прынясу печыва.

Духмяная гарбата трохі развеяла напружанасць. Сонца ўсміхалася ў акне. Субяседніцы, прыхлёбваючы салодкую гарачую вадкасць з кубачкаў, размаляваных галінкамі хвоі, неўпрыкметку прыглядаліся адна да адной.

– У вас нават кубачкі нагадваюць пра Сібір, – заўважыла Юля.

– Так, гэты сервіз я прывезла адтуль.

– Гляджу я на ваш малады фотаздымак. Вы такая прыгожая!

– Маладыя ўсе прыгожыя, – паблажліва адказала гаспадыня.

– Скажыце, вас білі на допытах?

– Не, не білі, але спаць не давалі.

– Як гэта?

– Уначы дапытвалі, а ўдзень не дазвалялі класціся на ложак.

– Як жа вы гэта вытрымалі? – са спачуваннем спытала Юля.

Жанчына апусціла вочы, паўзіралася ў змесціва кубка і ціха прамовіла:

– Зрэшты, мне не было ў чым прызнавацца. Я прыняла ўмовы гульні, згадзілася з усімі абвінавачваннямі, падпісала нейкія паперы і мяне пакінулі ў спакоі да суда, на якім прызначылі дзесяць гадоў пакарання, а потым завезлі ў Сібір, у Бадайбо. Чулі пра такі горад, дзе здабываюць золата? Вось і ўся гісторыя.

Клаўдзія Міхайлаўна паглядзела Юлі ў вочы, нібы правяраючы, ці прыняла тая на веру сказанае, і супакоілася. Журналістка, не выяўляючы ніякага недаверу, пачала нешта запісваць у нататнік, а потым спытала:

– Як вам там было?

– Цяжка, – уздыхнула старая. – Спачатку пасылалі на лесапавал. Маразы ў сорак градусаў, або восеньская слота, або летняя спякота і гнюс – няма паратунку. Пакуты пякельныя! Жанчыны там больш за чатыры гады не вытрымлівалі. Мяне ўратавала тое, што я ўмела шыць. Праз год мне знайшлася праца ў швейнай майстэрні. Там таксама было не соладка, але ж я працавала ў памяшканні, а не на марозе. Калі жонкі ахоўнікаў даведаліся, што я некалі была мадысткаю, сталі шыць у мяне свае строі, часам частавалі чым-небудзь смачным. Так і выжыла.

– За што ж вас пасадзілі? – ціха прамовіла Юля сваё галоўнае пытанне.

– Вой, Юлечка, я і сама да гэтага часу не магу зразумець. Нейкі звышпільны нкусавец у маёй любоўнай запісцы, адрасаванай аднаму чалавеку, разгледзеў прыкметы нянавісці да савецкай улады і маю схільнасць да шпіёнства. Ніколі не думала, што мяне, сакратара падпольнага Антопальскага райкама камсамола, узнагароджаную двума медалямі і ордэнам, пасадзяць у турму.

Юля адсунула свой кубак з недапітаю гарбатай і пачала хуценька запісваць. Настаў той момант, калі, як здалося журналістцы, жанчына разгаварылася, цяпер заставалася толькі разумна ставіць пытанне за пытаннем.

– Вы ў некага закахаліся?

– Так. Але ён аказаўся жанатым. І што я ў ім знайшла? Проста ачмурэнне нейкае навалілася. Ці мо інстынкты мною кіравалі? Жонка ў яго была раўнівая. Мой ліст да яго перахапіла, напісала на мяне данос куды трэба. Карацей, за ўсё трэба плаціць, – развяла рукамі жанчына, на твары яе было напісана пакаянне, як у грэшніцы, якая шкадавала аб сваім учынку.

– Разумею. А дзе ж вы працавалі пасля турмы?

– Уладкавалася ў бібліятэку дзіцячага дома. Сваіх дзяцей у мяне не было, усю любоў я аддавала гэтым сіроткам. Яны мне пасля лісты пісалі з усіх канцоў краіны.

– Вы так і не выйшлі замуж?

– Замужам я была, але мой муж, таксама былы арыштант, не хацеў дзяцей, меў слабое здароўе. Яго жорстка білі на допытах, мо найперш за тое, што меў шляхетнае паходжанне. Ён быў перакананы, што два старыя лагернікі не могуць нарадзіць здаровае дзіця. Зрэшты, пэўна, адчуваў, што мала яму гадоў адмерана. Пражыў ён пасля турмы ўсяго дванаццаць гадоў і аднойчы ціха сканаў у сне. Спынілася сэрца. А я ўсё жыву. Нішто ў маёй душы не змянілася ў адносінах да радзімы. Вы ведаеце, Юлечка, зараз некаторыя выходзяць з камуністычнай партыі, спальваюць білеты, а я хачу вярнуць свой партыйны білет.

– Нашто вам гэта? – здзівілася журналістка.

– Напэўна, хачу яшчэ раз вярнуцца ў маладосць. Пачакайце, зараз я пакажу вам сібірскія фотаздымкі. У мяне іх шмат.

Юля незаўважна для сябе праседзела ў Клаўдзіі Міхайлаўны да прыцемкаў, разглядваючы фотаздымкі, слухаючы яе аповед пра жыццё ў лагеры, пра сібірскую прыроду і тамашніх людзей, схамянулася, калі гаспадыня паднялася і ўключыла святло.

– Вой, я ў вас столькі часу забрала! Даруйце, калі ласка! Як надрукуюць матэрыял, я абавязкова патэлефаную, – спахапілася Юля.

– Можа, не трэба пісаць пра мяне? – зноў выказала сумненне гаспадыня.

– Трэба! Яшчэ як трэба! Дзякую вам за ўсё, – дзяўчына нечакана для сябе самой нахілілася і пацалавала старую ў шчаку як блізкага чалавека.

3

Юля з асалодаю ўдыхнула вечаровае паветра, напоенае пахам першай маладой лістоты. Колькі разоў яна абяцала сабе, што наступнай вясной возьме адпачынак і будзе назіраць, як распускаюцца і цвітуць дрэвы, як наступае лета, весці дзённік, запісваць усё да драбніц, кожную змену ў прыродзе. Але гэтыя абяцанні так і заставаліся няздзейсненымі, бо заўсёды навальваліся нейкія праблемы і справы, а потым прыходзіла лета, калі хацелася з’ехаць куды-небудзь на мора ці хоць на возера, каб не сядзець у задушлівым горадзе.

«Ужо раскісла. Думай пра атыкул, – загадала яна сабе. – Што ж я напішу пра Клаўдзію Міхайлаўну? Бабулька вельмі прыязная, сімпатычная. Але, здалося мне, нешта недагаворвала. Зрэшты, хто з нас гатовы расказаць пра сябе ўсю праўду-матухну? Ніхто. У кожнага свае грахі і тайны! Што расказала, тое і напішу. Гэта ж не дакументальная аповесць, а звычайны газетны артыкул-аднадзёнка, каб пацешыць падпісчыка, што некаму было горш, чым яму. Кажуць, гэта некаторым падымае настрой.

Юля дацягнулася рукой да галінкі, сарвала некалькі клейкіх лісточкаў, расцерла ў пальцах, удыхнула жывы і гаючы пах першай зеляніны.

– Грамадзяначка, пакажыце, калі ласка, вашы дакументы.

Юля здзіўлена падняла вочы і ўбачыла перад сабою маладога міліцыянера, на пагонах ягоных красаваліся дзве зорачкі.

– У нас што, камендацкі час? – здівілася дзяўчына.

– Мой час, – засмяяўся міліцыянер. – Я шмат гадоў марыў з вамі сустрэцца. А сёння паўдня праседзеў каля гэтага дома, чакаючы, калі ж вы выйдзеце. І што вы там так доўга рабілі? Няўжо бралі інтэрв’ю?

– Брала. А што, хіба мы знаёмыя?

– Так.

– Прабачце, я не магу ўспомніць, дзе мы сустракаліся.

– Некалі ў нашай вёсцы Заброддзе вы бралі інтэрв’ю ў майго бацькі падчас жніва. Ён быў камбайнёрам, а я – ягоным памочнікам.

– Першае маё інтэрв’ю, калі была на практыцы! Няўжо вы той самы хлопчык? Ніколі б вас не пазнала, – сказала журналістка, акідваючы позіркам танклявую постаць міліцыянера.

– Вы таксама змяніліся, яшчэ больш папрыгажэлі. Я ўвесь час сачыў за вамі. Маю на ўвазе газетныя публікацыі…

– Сачыць – ваша прафесійнае захворванне? – засмяялася Юля.

– Вядома. Не без таго. Дазвольце правесці вас дадому.

– Правядзіце, калі так хочацца.

– Вы не ўяўляеце, як хочацца, – адказаў ён, беручы яе пад руку.

Яна здзіўлена паглядзела на яго кірпаты профіль пад казырком фуражкі, адчула нейкі дзіўны спакой і абароненасць. Яны ішлі поруч, маўчалі.

– Я не магу ўспомніць, як вас завуць, – схамянулася Юля.

– Барыс Бабровіч.

– А бацька ваш Міхаіл Канстанцінавіч?

– Не, Кандратавіч.

– Склероз пачынаецца, – засмяялася яна. – А вы ведаеце, што я жыву ў мікрараёне, вас чакаюць транспартныя выдаткі.

– Я гатовы ехаць з вамі хоць на край свету, – адказаў хлопец, спыняючы таксі.

Як толькі селі ў машыну, Барыс назваў яе адрас. Юля моўчкі здзіўлена паглядзела на хлопца. Ехалі яны ўсяго хвілін пятнаццаць і за гэты час не прамовілі ніводнага слова, саромеючыся таксіста, толькі паглядвалі адно на аднаго, ніба вывучаючы рысы твару.

Барыс меў тую непрыкметную знешнасць, якая не вылучаецца ў натоўпе. Шэрыя вочы, кірпаты нос, свежы твар, валасы коратка стрыжаныя. Хлопец як хлопец. Калі выйшлі з машыны, Юля падзякавала за якасную транспартную дастаўку каштоўнага грузу.

– Я гатовы гэты груз да смерці на руках насіць, – запэўніў яе хлопец.

– Каму патрэбны такія ахвяры? – засмяялася Юля.

– Ахвяраванне ў гонар багіні кахання, – ці жартам, ці ўсёр’ёз адказаў хлопец.

– Адкуль вы ведаеце мой адрас?

– Я ж у міліцыі працую.

– Зразумела. Што ж, мне пара ў маю вавілонскую вежу, – сказала дзяўчына, ківаючы ў бок дзевяціпавярховага інтэрната.

– Нічога, у мяне ёсць магчымасць атрымаць службовую кватэру, трэба толькі ажаніцца.

– Нявеста ўжо ёсць? – спытала Юля.

– Ёсць, з тае першай нашай сустрэчы…

– Не размею.

– Не ўсё адразу, – усміхнуўся Барыс. – Можа, пойдзем у кафэ пасядзім? Ці вас правесці дадому?

Юлі не спадабалася, што гэты хлапчук раптам уварваўся ў яе жыццё і спрабуе распараджацца паводле свайго меркавання.

– Мяне дома чакаюць муж і дзеці, – схлусіла Юля.

– Не трэба выдумляць алібі, Юлія Максімаўна. Я сабраў пра вас усю неабходную інфармацыю. Сустрэча наша зусім не выпадковая. Разумею, што для вас гэта нечакана. Але ж у мяне не было іншага выйсця. Усе гэтыя гады я думаў пра вас.

Яна адчула сябе ніякавата, бо не мела звычкі хлусіць, а яшчэ таму, што гэты хлопец быў маладзейшы за яе.

– Давайце сустрэнемся заўтра ўдзень, – прапанаваў ён.

– Чаму ўдзень?

– У мяне заўтра выхадны. І пашпарт вазьміце з сабою.

– Навошта?

– А што ж я буду правяраць, грамадзяначка?

– Вам абавязкова трэба нешта праверыць? – засмяялася Юля не столькі са свайго пытання, колькі з-за прыхаванага падтэксту.

– Абавязкова. Прафесійнае захворванне, як вы заўважылі.

– Добра, але рыхтуйцеся ў такім разе расказаць і пра вясковае жыццё вашых бацькоў, і пра вашу міліцэйскую службу. Не буду ж я дарма час марнаваць.

– Усё, усё раскажу.

Яны дамовілі аб месцы і часе спаткання. Барыс пацалаваў ёй руку на развітанне.

Ліфтам Юля паднялася на сёмы паверх. Тут было шумна, у некага гарлапаніў тэлевізар, гаманілі дзеці, якія звычна бавілі час пасля садка на калідоры. Юля прайшла ў свой пакойчык. Есці не хацелася, гарбата з пачастункамі ў Клаўдзіі Міхайлаўны, пэўна, перабіла апетыт. Яна павесіла куртку, села за стол, стала праглядаць запісы, збіралася накідаць артыкул і раптам злавіла сябе на тым, што думае пра Барыса і ўсміхаецца.

«Вось паскудны хлапчук, – падумала яна, – зусім натхненне выбіў, перашкаджае працаваць. Даўно са мною такога не здаралася. Што ж будзе далей?»

4

Пасля візіту журналісткі ноч у Клаўдзіі Міхайлаўны выдалася бяссонная. Нават рэладорм не дапамог. Яна то клалася ў ложак, то ўключала святло, пачынала чытаць, але не магла адбіцца ад навязлівых успамінаў. Постаці людзей з яе далёка мінулага акалялі яе, пра нешта пыталіся, нечага патрабавалі. Паступова яна выбілася з сіл і больш не працівілася, а пачала размаўляць з імі, перагортваючы дні сваёй маладосці. І сама здзівілася, што так яскрава ўсё помніць з мінулага, у той час як звычайна забывалася пра тое, што здарылася зусім нядаўна.

Ёй згадаўся Сяргей Кедраў. Толькі яго аднаго яна і кахала ў сваім жыцці. У партызанскі атрад ён прыляцеў з Масквы ў снежні 1943 года ў новенькім белым кажушку, у шапцы з чырвонай зорачкай, чарнавокі і жвавы, як цыганчук, з кабурой на поясе. Паколькі ён узначаліў камсамольскую арганізацыю партызанскай брыгады, дык яна, сувязная і сакратар падпольнай камсамольскай арганізацыі Антопальскага раёна, атрымлівала ад яго заданні раскідаць лістоўкі, разведаць колькасць тэхнікі ў нямецкім гарнізоне. Клава была гатовая на ўсялякую рызыку, толькі б спадабацца яму. Упершыню яна перажывала такое моцнае захапленне. Калі раней, накіроўваючыся ў лес, апранала на сябе розную старызну, і ледзь сажаю твар не пэцкала, каб не кідацца ў вочы акупантам, дык цяпер прыбіралася, як на свята, у квяцістую хустку і цёмную світку, аздобленую пушыстым цыгейкавым каўняром. Аднойчы, калі яна, расчырванелая з марозу, шчаслівая ад прадчування сустрэчы з каханым, з’явілася перад Сяргеем, ён здзіўлена прамовіў:

– А ты нішто сабе дзяўчына!

– Якая ўжо ўдалася. Вось, Сяргей Анатольевіч, я накрэсліла, як размяшчаюцца ў Кобрыне паліцэйскі ўчастак і ўправа, а тут – іхняя сталоўка, усё, як на далоні. Да таго ж і гэтага польскага нацыяналіста Збышака Смактуноўскага ўпекла. Забралі яго ў гестапа.

– Ну, ну раскажы, прыгажуня мая лясная! – Сяргей глядзеў на яе з непрыхаванай пажадлівасцю.

– Данос на яго напісала па-польску, што, маўляў, ён супрацоўнічае з савецкімі партызанамі, што разам яны збіраюцца знішчыць гарнізон акупантаў у Кобрыне. Мая сястра паслала гэты ліст па пошце, праз тры дні яго арыштавалі.

– Малайчына! Такія твае поспехі варта адзначыць.

Сяргей паставіў на стол пляшку самагонкі, паклаў паўбохана хлеба, нарэзаў сала.

– Сядай, чаго стаіш, як чужая? Мы ж з табою ўжо цэлы месяц знаёмыя! Можна сказаць: своеасаблівы юбілей! – сказаў Сяргей, наліваючы два металічныя кубкі, зробленыя з гільз, і спакусліва пазіраючы на Клаву з-пад ілба.

Яна маўчала. Ёй хацелася проста глядзець яму ў вочы і слухаць ягоны голас. Гэта была найвялікшая насалода.

– За цябе, – сказаў Сяргей, адной рукой уздымаючы чарку, а другой абдымаючы Клаву за плечы.

– За нас, – адказала яна і прыгубіла горкае пітво.

– Закусвай, не саромейся, ты ж з дарогі, стамілася, напэўна.

– Не. Я звыкла шмат хадзіць.

– Што, і ногі не баляць? – ён працягнуў руку пагладзіў яе калена.

– Пабаляць і перастануць. Не трэба, Сяргей Анатольевіч, я саромеюся.

– Колькі табе гадоў, сарамлівая?

– Колькі ні ёсць, усе мае, – пакрыўдзілася Клава ад намёку на яе ўзрост, бо па вясковых мерках яна заседзелася ў дзеўках.

– Я не ў тым сэнсе. Думаў, што ты ўжо даволі самастойная дзяўчына. Зрэшты, давай яшчэ па адной.

Сяргей наліў сабе новы кубак, зазірнуў у Клавін, расчаравана пакруціў галавою:

– Якая ж з цябе будзе партызанка, калі ты зусім не п’еш? Ну, давай да дна за Сталіна, за Радзіму!

Клава вымушаная была выпіць за такі тост увесь кубак, у процілеглым выпадку гэта азначала б здраду, і адразу адчула, як запякло пад грудзьмі, цёплая п’янкая хваля разлілася па ўсім целе.

– Вось гэта па-нашаму, па-партызанску! – пахваліў яе Сяргей.

– Я больш не буду піць, бо не дайду дадому, сп'яна заблуджуся ў лесе, і ваўкі мяне з’ядуць, або засну і замерзну.

– Я цябе сам з’ем, такую салодкую, – сказаў Сяргей, абхапіў яе за шыю і пачаў цалаваць.

Клава адказвала на ягоныя пацалункі пяшчотай і любасцю, няўцямна шаптала ласкавыя словы, і не было зараз на свеце шчаслівейшага чалавека, чым яна.

– Усё, дапіваем гарэлку і кладзёмся спаць, табе ж трэба адпачыць з дарогі, – п’янаватым голасам прамовіў Сяргей, выпрабавальна пазіраючы на сувязную.

Ён напоўніў кубкі, з хітравата-змоўніцкай усмешкай падміргнуў дзяўчыне і абвясціў тост:

– За ноч кахання!

– Чаму толькі ноч? Бываюць жа і дні, – заўважыла Клава.

– Ну, удзень гэтым няма калі займацца, – пасміхнуўся Сяргей. – Давай – за каханне.

– За каханне, – паўтарыла Клава.

Пакуль Сяргей закусваў, потым прыбіраў са стала, Клава сачыла за ягонымі рухамі і думала пра тое, што ён вельмі прыгожы. Кучаравы смаляны чуб спадаў на лоб, чорныя вочы хавалі ў сабе нейкую таямніцу ранейшага жыцця, якое было ёй невядомае. Як бы яна хацела даведацца пра яго мінулае хоць што-небудзь, пахадзіць па тых шляхах, да якіх дакраналіся яго ногі, пабыць сярод людзей родных і блізкіх яму, каб раздзяліць яго жыццё, усе мінулыя і наступныя радасці і надзеі. І гэта здавалася тым больш недасяжным, бо зараз яна мусіла збірацца і ісці дамоў, нягледзячы на тое, што на дварэ была глухая ноч. Зімовыя дні кароткія, усё роўна дамоў трапіш поначы. Лепш выйсці зараз, дык да таго, як развіднее, можна дайсці да сваёй вёскі.

– Ты будзеш маёю каралеваю на адну ноч, – урачыста абвясціў ён.

– Чаму на адну ноч? – зноў уражана спытала яна.

– А на колькі ты хочаш? На дзве, на тры?

– На ўсё жыццё. Я моцна кахаю вас, Сяргей Анатольевіч.

– У партызана век вельмі кароткі. Сёння ёсць, а заўтра – няма.

– З вамі нічога не здарыцца, вы не ходзіце на заданні, – спакойна адказала Клава.

– Што? Ты мяне папракаеш? Я па-твойму пры штабе аціраюся? А ты ведаеш, колькі ў мяне такіх сувязных, як ты? Усім трэба даць заданні, асэнсаваць вынікі зробленага, распрацаваць стратэгію і тактыку далейшых дзеянняў! Ты хоць уяўляеш, аб’ём работы, якую мне даводзіцца выконваць? Я па трое сутак не сплю!

– Прабачце, Сяргей Анатольевіч, я зусім не хацела вас пакрыўдзіць. Мяркуючы па зводках саўінфармбюро, хутка прыйдзе вызваленне. Вайна скончыцца. Не варта думаць пра смерць.

– Гэта для жанчын вайна скончыцца, а мужчыны пагоняць фашыстаў далей, на захад.

– Я заўсёды буду вас кахаць і чакаць, Сяргей Анатольевіч.

– Мне не трэба заўсёды, я хачу цябе зараз, – катэгарычна сказаў ён і памкнуўся абняць Клаву.

Яна адхіснулася і адказала:

– Я вясковая дзяўчына старасвецкага выхавання. У нас не прынята жаніцца па-сабачы без сватоў і шлюбу. Мне пара, бывайце.

Клава памкнулася да дзвярэй зямлянкі, але Сяргей абхапіў яе за плечы, затрымаў:

– Ну, куды ты, дурненькая? Я цябе не пакрыўджу. Нам будзе добра, пабачыш.

– Не хачу я вашага дабра, – адказала Клава, вырываючыся з ягоных абдымкаў.

– Я цябе нікуды не пушчу, – утрымліваў яе за рукаў Сяргей. – Ты будзеш мая, мая, уся, уся, – яго свавольныя рукі абмацвалі яе грудзі.

– А я заўтра ўсё камандзіру раскажу! Вы п’яны, і невядома што вырабляеце!

Клаве раптам здалося, што яна баіцца гэтых ачмурэлых вачэй і ўчэпістых рук. Яна бараніла сябе, сваю годнасць і пры гэтым кахала яго, такога жаданага і чужога.

– Ты не сувязная, ты даносчыца! Ты шпіёнка! – злосна прамармытаў Кедраў. – Заўтра ж напішу рапарт, каб цябе арыштавалі і расстаралялі за тое, што ты ў такі адказны час адмаўляеш савецкаму афіцэру ў самым неабходным!

Ён, няпэўна стоячы на нагах, раптам зарагатаў хрыпла і жорстка, быццам уявіў, як яе будуць расстрэльваць і зласліва радаваўся гэтаму.

– Пішыце зараз, калі ўтрымаеце аловак у пальцах, – з’едліва адказала Клава, вырвалася, адштурхнула Кедрава і памкнулася да выхаду.

– Змяя балотная! Тваю маць! – пачула яна ўслед і хуценька зачыніла за сабою дзверы, адбегла, схавалася за сасну, баялася, што Сяргей кінецца даганяць.

Зімовы лес насцярожана маўчаў, толькі зрэдчас патрэсквалі на марозе дрэвы. Неба завалакло хмарамі, там-сям праз іх дзіравы невад праглядвалі зоркі. Напэўна, на адлігу. Сувязная пастаяла ў нерашучасці, падумала, мо варта вярнуцца, я ж яму падабаюся. Ён так сябе паводзіць таму, бо напіўся. Але тут жа сама сабе сказала, што, калі кахае, дык будуць новыя сустрэчы. Ён яшчэ будзе прасіць прабачэння за сваё нахабства. Да чаго дадумаўся! Не трэба мне шчасця на адну ноч! Яна намацала рукою халоднае жалеза пісталета ў кішэні і рушыла ў зваротны шлях. З таго часу, як Алёша Здзітаўскі падараваў ёй гэтую цацку, яна звыкла хадзіць са зброяй. Прынамсі, сустрэчы з ваўком не баялася, больш асцерагалася звяроў двухногіх, якія палаюць лютай нянавісцю да партызанаў і ўсіх, хто ім дапамагае. Алёша жыў на ўскраіне Антопаля з бацькамі, трымаў гаспадарку. Ягоны агарод выходзіў на шырокі выган з рэдкім кустоўем, далей цягнуўся лес. Гэта дазваляла незаўважна сустракацца з партызанскімі сувязнымі. Клаве ён дапамагаў асабліва ахвотна. Разам яны аднойчы напаілі паліцая Сцяпана Дзеркача самагонкаю і пакралі ў яго патроны. Алёша для яе быў надзейным сябрам. У памяці выплыў гэты сціплы хлопец з прыязным позіркам зялёных вачэй, у картузе з прымятым казырком, невысокі з крываватымі нагамі. Дзе ж ён цяпер? Ці жывы?

Пазней пры сустрэчах Кедраў быў з Клаваю падкрэслена сухі, гаварыў толькі пра справы. У хуткім часе, ён заняў Клавіну «пасаду», стаў лічыцца сакратаром Антопальскага падпольнага райкама камсамола, хоць з тэрыторыі размяшчэння партызанскага атрада не высоўваўся і да вызвалення не ведаў, як той Антопаль выглядае. Клава па-ранейшаму выконвала неабходную работу, якую ёй даручалі як сувязной. Яна таксама ніяк не выяўляла сваіх пачуццяў, хоць шмат думала пра Сяргея, пакуль не ўпэўнілася канчаткова, што ён яе не кахае. Здарылася гэта Восьмага сакавіка. Камсамолкі вырашылі наладзіць невялікі канцэрт у партызанскім атрадзе. Клава таксама далучылася да гэтага гурту. Сцэнаю была невялічкая палянка, акружаная высокімі елкамі, за якімі дзяўчаты пераапраналіся і прыхарошваліся. Клава выйшла на сцэну, каб праспяваць «Кацюшу», і раптам убачыла Кедрава. Ён стаяў побач з Вандай Вышанскай, сувязной з Антопаля, пра нешта з ёю гутарыў, усміхаўся і, здавалася, зусім не звяртаў увагі на тое, што адбывалася на ўяўнай сцэне.

Ograniczenie wiekowe:
12+
Data wydania na Litres:
26 lutego 2019
Data napisania:
2019
Objętość:
291 str. 2 ilustracje
ISBN:
978-985-581-006-4
Format pobierania:
Część serii "Сучасная проза Беларусі"
Wszystkie książki z serii
Tekst
Średnia ocena 4,8 na podstawie 4 ocen
Tekst
Średnia ocena 4,5 na podstawie 8 ocen
Tekst
Średnia ocena 4,5 na podstawie 4 ocen
Tekst
Średnia ocena 4,1 na podstawie 8 ocen
Tekst
Średnia ocena 4 na podstawie 6 ocen
Tekst
Średnia ocena 4,6 na podstawie 7 ocen
Tekst
Średnia ocena 4,1 na podstawie 33 ocen
Tekst
Średnia ocena 4,7 na podstawie 3 ocen
Tekst, format audio dostępny
Średnia ocena 4,4 na podstawie 22 ocen
Tekst
Średnia ocena 4,3 na podstawie 3 ocen
Tekst
Średnia ocena 5 na podstawie 2 ocen