Czytaj książkę: «Трыкутнiк караля»
© Яўген Аснарэўскі, 2022
ISBN 978-5-0053-9502-3
Создано в интеллектуальной издательской системе Ridero
Частка I. Трыкутнiк караля
Глава 1. У тры гадзіны дня
Мечыслаў ужо даволі доўга бадзяўся па цэнтры горада, пазіраючы на будынкі. Гэта быў звычайны працоўны дзень, абедзенны час якога Мечык праводзіў вывучаючы свой любімы горад. Гродна стаў яму родным, хоць вырас ён у невялікім мястэчку нездалёк.
Старыя, крывыя вулачкі, велічныя касцёлы – у гэта ўсё цяжка было не ўлюбiцца. Мечык і не спрабаваў супраціўляцца абаянню горада. Ужо ў першы прыезд ён ведаў, што хацеў бы жыць тут, сярод усёй гэтай прыгожай даўніны, якая не палохала чалавека сваёй несувымернай яму веліччу, хоць падобнае можна было сказаць, да прыкладу, пра Фарны касцёл, але ўсё ж не – і ён быў Мечыку сваім, як сябар дзяцінства, з якім звязваюць гады дробных свавольстваў і грубых правін, радасцяў і крыўдаў. Гарадзенская даўніна ўлагоджвае гараджан, радасна ўсміхаючыся ім мілавіднымі фасадамі, з маленькімі балкончыкамi, над каменным тратуарам.
Вось ужо некалькі гадоў бліскучы выпускнік аднаго з польскіх універсітэтаў, магістр гістарычных навук – пан Мечыслаў, працаваў, не пакладаючы рук, зусім не па сваёй спецыяльнасці. Працаваць прыходзілася не галавой, а рукамі і хоць, па сутнасці, Мечык нічога не меў супраць такой працы, у глыбіні душы варушылася крыўда ні то на сябе, ні то на краіну, ні то на тых, хто быў вінаваты ў такім становішчы яго краіны.
Каб філасофстваваць, зрэшты, у Мечыслава было не вельмі шмат часу. Хлопец ужо паспеў абзавесціся жонкай і маленькім дзіцём, і абодва гэтых родных і блізкіх яму чалавека, зразумела, патрабавалі самай пільнай увагі, якую Мечык з задавальненнем аддаваў ім, не забываючы пры гэтым і пра сваю творчасць.
Тварыць жа Мечыслаў мог не толькі гістарычныя нататкі, але і карціны. Гісторык сапраўды нядрэнна маляваў. Такая адоранасць, безумоўна, яшчэ больш распальвала жаданне Мечыка працаваць у асноўным сваім розумам, а не мускуламі.
У абліччы гэтага маладога, дваццаці з лішнім гадоў ад нараджэння, чалавека, была прыкметная ахайнасць. Характар пана Мечыслава быў не самы спакойны, хоць гэты добры па натуры хлопец не трацiў разважлівасьці і валодаў здольнасцю стрымліваць гарачыя парывы сваёй душы, у тыя моманты, калі яна клікала яго наперад.
Розум падказваў Мечыку, што актыўныя дзеянні не заўсёды патрэбныя і што вось так проста ўзяць і даць бязглуздаму балбесу па фізіяноміі – не заўсёды лепшае, хай нават і вельмі жаданае, рашэнне.
Не гледзячы на немагчымасць зарабляць сваёй любiмай спецыяльнасцю – гісторыяй, хоць колькі-небудзь прыстойныя грошы, Мечыслаў не кідаў сваіх заняткаў на ніве Кліо, а проста рабіў гэта ў вольны ад асноўнай працы час.
Так і зараз, у свой абед, малады чалавек хадзіў па горадзе і прымячаў тое, што яму было трэба для нататак, якія ён публікаваў у гістарычных часопісах. У распрацоўцы гісторыка было адразу некалькі артыкулаў, а прагулкі па Гродна звычайна натхнялі яго і на новыя ідэі, таму ён не спяшаўся вяртацца на працу, а ўсё блукаў і блукаў сярод мінакоў, як звычайна ў такі час, трохі спяшаючыхся і панурых, сноўдаючых па сваіх справах.
Мечыслава моцна засмучала тое, што ў яго любімым горадзе ўжо даўно даволі бязладна ставіліся да гістарычнай спадчыны. Мечык быў актыўным крытыкам дзеянняў гарадской адміністрацыі, якая разбурала старадаўнія ансамблі вулачак і плошчаў Гродна. Імкнучыся хаця б зафіксаваць на фота, атакаваных людзьмі, маўклівых сведкаў мінулага, Мечыслаў не раз дакараў сябе, калі не паспяваў да якога-небудзь доміка, са сваім фотаапаратам, раней, чым да яго паспявалі, разнамасныя групы рабочых з бульдозерам. Таму ён з вялікай увагай працягваў блукаць па старым цэнтры, узіраючыся ў знаёмыя кварталы і, з унутраным трымценьнем, уяўляў сабе чарговыя работы па паляпшэнню гарадской інфраструктуры, якія праз раз зводзіліся да разбурэння горача любiмага ім, прыгожага беларускага горада.
Цяпер ён ішоў па вуліцы Савецкай, якая выглядала зусім не па-савецку. У адным з закуткоў, што адкрываліся воку з гэтай вуліцы, некалькі чалавек у робах капалі яму.
Адным з вялікіх інтарэсаў Мечыслава была археалогія. Веды маладога чалавека ў гэтай дысцыпліне былі сапраўды шырокімі. Яшчэ ў гады першых курсаў універсітэта, ён актыўна ўдасканальваў свае навыкі археолага, абганяючы праграму і здзіўляючы выкладчыкаў. Пазней Мечык любіў аглядаць траншэі выкапаныя рабочымі на вуліцах Гродна. У іх амаль заўсёды можна было знайсці нешта цікавае для археолага. Сырая зямля, яе выгляд і пах, ужо абяцалі Мечыславу плойму адкрыццяў, і ён лёгка знаходзіў дзіўныя рэчы там, дзе іншыя мінакі бачылі толькі камякі гразі, брыдка прыліпаючыя да чыстага, яшчэ пахкага свежай скурай і офісам, абутку.
Рабочыя часцяком са здзіўленнем глядзелі на невядомага ім маладога чалавека, які вывучаў плён іх працы, але мала хто цікавіўся: што ж спатрэбілася яму тут і навошта трэба разглядаць і перабіраць кучы зямлі, выкінутай на агляд прахожых вялікімі рыдлёўкамі – шуфлямі, як іх называлі самі працаўнікі гарадской гаспадаркі.
Мечык не стаў паварочваць, каб паглядзець на яму рабочых у закутку, бо ён бачыў яе ў мінулы раз, а працягнуў рухацца наперад.
Дайшоўшы да канца вуліцы, ён павярнуў у сквер на месцы разбуранага галоўнага каталіцкага храма Гродна – Фары Вітаўта, і, прайшоўшы міма нейкай парачкі, якая займала, як звычайна, лаўку ля краю сквера, павярнуў на вуліцу Замкавую, накіроўваючыся ў бок гродзенскіх каралеўскіх рэзідэнцый. Перад ім маячыла высокая пажарная вежа. Яна была падобная да сярэднявечнай абарончай, мела фігурны флюгер і бутафорскага пажарніка на верхняй пляцоўцы.
Перайшоўшы дарогу побач з упрыгожаным гербам Гродна асабняком арыстакратаў Храптовічаў, Мечыслаў накіраваўся да драўлянай статуі Вітаўта, падоранай шмат гадоў таму літоўцамі, і калі дайшоў да яе, павярнуў налева, у Новы замак. Ззаду засталіся вароты замка з фігурамі каменных сфінксаў, якiя вось ужо больш за дзвесце гадоў ахоўвалі ўваход у былую каралеўскую рэзідэнцыю.
Звярнуўшы направа, Мечыслаў апынуўся на абрыве над мірнай плынню Нёмана. Тут адкрываўся цудоўны від на Стары замак і Каложскую царкву. Унізе, па набярэжнай, рухаліся малюсенькія фігуркі людзей, сонца свяціла ярка і яго цяпло можна было лёгка адчуць, падставіўшы твар, з заплюшчанымі вачыма, пад ззянне, якое напаўняла ўсю прастору. Аблокі – шырокія, пакрытыя неверагодна складанымі разводамі, у прасвеце якіх і гарэў яркі сонечны шар, засланялі сабою амаль усё неба, і, здавалася, віселі нізка над іскрыстымі, зялёнымі хвалямі ракі, адкрываючы ў далі, размыты блакітнай смугой пейзаж, што дэманстраваў высокія груды-горы над самым лесам.
Палюбаваўшыся гэтай карцінай, Мечыслаў працягнуў свой шлях. Прайшоўшы ўздоўж правага крыла каралеўскага палаца, якое выходзіла да абрыву, ён павярнуў налева i выйшаў да паўкруглага палацавага эркеру.
Тут корпаліся пяцёра рабочых, яшчэ столькі ж сядзела на прыступках перад палацам, а адзін аблюбаваў для сябе дэкаратыўную вазу, ужо моцна аблезлую ад часу. Брыгада вяла раскопкі, вiдаць з мэтай рамонту вадаправодных труб. Усмешлівыя, адпачываючыя без справы, рабочыя, дружна зiрнулi на Мечыслава.
– Добры дзень, спадарства, – убачыўшы іх увагу, сказаў Мечык.
– Спадары вось тут надоечы ўсе ў Парыж паехалі, – адказаў рабочы з тварам Вітаўта на карціне Матэйкі «Грунвальдская бітва». – А мы вось тут зямлю роем.
Астатнія рабацягі стрымана засмяяліся.
Гісторык нічога не меў супраць жартачак рабочых і ўжо даўно прывык да іх.
Будаўнік – вельмі філасофская спецыяльнасць. Адпачынак пасля цяжкай, фізічнай працы, на кучы будаўнічых адходаў, з кубачкам таннай, растваральнай кавы, размешанай чымсьці накшталт цвіка – вось яна цудоўная рэальнасць будаўніка, пра якую Мечыслаў ведаў не па чутках. У такія моманты чалавек бывае адкрыты і фiласафiчны да крайнасці, нават калі ўсё яшчэ цвярозы.
– Я гісторык, пагляджу трохі, што тут у зямлі можа быць.
– Так-так, калі ласка, – ветліва адказаў нейкі тып, якi, мяркуючы па больш ахайнай фізіяноміі, і апранутай белай касцы, з'яўляўся брыгадзірам.
– Нам зямлі не шкада, – уставіў «Вітаўт», выклікаўшы ў рабочых крывыя ўсмешкі.
Мечыслаў апусціўся на кукішкі і пачаў разглядаць кучы зямлі перад сваiм тварам. Адзін з тых рабочых, што ўвесь час капалі, між тым вылез з траншэі, падышоў да брыгадзіра і папрасіў запаліць. Тыя рабочыя, што засталіся адпачываць, вярнуліся да абмеркавання нейкага фільма, нядаўна паказанага па тэлевізары. Адзін з іх уважліва паглядзеў на значок з гербам Пагоня, на грудзях гісторыка.
Мечыслаў тым часам капаўся ў зямлі. Цікавасць да раскопак у самым цэнтры горада заўсёды была максімальнай. Адсюль, з гэтых пагоркаў, жыхары Гродна глядзелі на навакольны свет… Стагоддзямі на гэтым месцы жылі людзі. Што тычыцца прасторы за эркерам Новага замка, то тут маладога чалавека прыцягвала магчымасць убачыць у раскопках падмуркі саксонскай капліцы васемнаццатага стагоддзя, якая служыла для малітвы каралю і была разбурана ў дваццатым стагоддзі. Траншэі рабочых былі пракапаныя як раз у тым месцы, дзе павінны былі хавацца гэтыя падмуркі…
Выбух рогату прымусіў Мечыка падняць галаву. Двое рабочых задумалі дуэль на рыдлёўках, астатнія сэкундавалi ім. Адзін з будаўнікоў адыходзіў у бок маладога гісторыка і, наблізіўшыся да яго ў шчыльную, адскочыў убок у момант удару лапатай, які зрабіў яго праціўнік – пажылы чалавек з чорнымі вачыма і сівымі, смешна зачасанымі валасамi. Рыдлёўка прасвістала ў паветры і трапіла зусім не туды, куды жадаў той, хто трымаў яе. Мечык заплюшчыў вочы.
– Гэтыя рабочыя проста як цыркачы. У жыцці не бачыў такіх вясёлых капальнікаў, – сказаў сам сабе Мечыслаў. І тут жа апусціў галаву, таму што яго рука адчула нейкі выцягнуты прадмет.
Змахнуўшы зямлю, якая патрапіла на яго наручны гадзіннік (ён паказваў тры гадзіны дня) гісторык глянуў на тое, што было ў яго руцэ. Угледзеўшыся, ён спачатку не паверыў вачам. Гэта была невялікая металічная капсула з выявай нейкіх завіткоў, не вельмі добра бачных на цёмнай паверхні. Над гэтымі завіткамі змяшчалася карона. Трохі ачуняўшы ад здзіўлення, ён падумаў, што ўжо бачыў гэтую выяву.
– Дык гэта ж… – гісторык здзіўлена падняў бровы.
На капсуле была адлюстравана манаграма караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, дакладна такая ж, як на сцяне яго гродзенскага палаца. Тры лацінскіх літары «S A R», якія азначаюць фразу на лацінскай мове: «Stanislaus Augustus Rex».
«Станіслаў Аўгуст Кароль», – падумаў Мечык.
Але самым дзіўным Мечыславу здалося тое, што капсула, падобна, была зроблена са срэбра. Матэрыял пацямнеў, але ў свежай драпіны, нанесенай лапатай рабочага, якi не заўважыў, што ён выкінуў на паверхню, праступаў светлы метал.
Мабыць, гэта было не зусім правільным дзеяннем, але малады гісторык сунуў капсулу пад кашулю і, падняўшыся на ногі, хуткім крокам пайшоў прэч, не гледзячы на ўсё яшчэ дуракуючых людзей з рыдлёўкамі.
Пралятаючы па вуліцах, Мечыслаў адчуваў, як сэрца калоціцца ў грудзях. Часам ён зазіраў пад кашулю, каб пераканацца, што ён нічога не прыдумаў і яму сапраўды ўдалося знайсці такi каштоўны артэфакт.
Выпусціўшы на парозе хаты ключы, ён імкліва нагнуўся за імі і, намацаўшы іх злёгку дрыготкімі пальцамі, рэзка выпрастаўся, выдыхнуў, сказаўшы сабе, што трэба супакоіцца, затым ускінуў галаву, а потым рэзка ўставіў ключ у замок. Ключ лёгка пракруціўся і Мечык увайшоў у дом. Цяпло і знаёмы пах свайго дома адразу супакоілі яго, але неверагодная знаходка працягвала паліць рукі. Шурпатая, цёмная паверхня капсулы, была прыемнай навобмацак, але галоўнае, вядома, тое, што ўнутры. Што можа быць схавана ў капсуле з каштоўнага мэталу з манаграмай апошняга ўладцы Рэчы Паспалітай?
Падняўшыся на гарышча дома, гісторык пашукаў інструменты, якія маглі спатрэбіцца для працы з капсулай. Нечакана ён кінуў усё ды проста сеў на кульгавае старое крэсла, якое дасталося яму ад прадзеда, і пільна прыгледзеўся да капсулы. На ёй быў яшчэ адзін, цяпер ледзь прыкметны, знак. Нешта накшталт крыжа і ружы. Ніякіх надпісаў відаць не было, але зачынена капсула была вечкам з маленькай ручкай у выглядзе каровінай галавы.
– Так-так, – прашаптаў сабе пад нос Мечык. – Галава вала, здаецца гэта герб Панятоўскіх.
Было падобна, што вечка проста ўстаўлена ў капсулу і ніяк не мацуецца звонку. Захоўванне ў неналежных умовах зрабіла сваю справу: стан капсулы быў даволі такі дрэнны. Малады чалавек злёгку патузаў за галаву вала – вечка не паддалася. Прыгледзеўшыся, Мечыслаў заўважыў, што рагатая ручка вырастала з невялікай кароны.
– Гэта сапраўды герб Панятоўскіх, – гучна ўголас сказаў сам сабе Мечык.
Застыўшы на некалькі секунд, малады чалавек паспрабаваў круціць ручку супраць гадзіннай стрэлкі. Вечка не паддаваліся. Сціснуўшы вусны і глыбока ўдыхнуўшы, гісторык яшчэ раз паспрабаваў пакруціць ручку. На гэты раз ён пачуў рэзкаваты трэск і вечка, на здзіўленне лёгка адлучыўшыся, засталася ў левай руцэ Мечыслава. Капсула была адкрыта!
Чамусьцi менавіта ў гэты момант Мечык успомніў, што так і не вярнуўся на працу, і проста будзе мець прагул. Але гэта яго зусім не кранула.
Ён здрыгануўся ад гуку сігнала вырабленага суседскім аўтамабілем, якi пад'ехаў да дома насупраць. Машынальна падняўшы галаву і паглядзеўшы ў вакно, ён тут жа зноў яе апусціў і плаўна павярнуў да сябе капсулу, тым бокам, дзе толькі што была вечка, а затым пільна зірнуў унутр.
– Так, – сказаў Мечыслаў, папстрыкаўшы языком і злёгку ўсміхнуўшыся.
Капсула не была пустая. Надзеўшы чыстую пальчатку, якую Мечык вывудзіў са скрыні з інструментамі, ён асцярожна, двума пальцамі, дастаў са срэбнай ёмістасці яе змесціва. У руцэ даследчыка апынулася маленькая скрыначка з чырвонага дрэва, мяркуючы па выглядзе – выдатна захаваная. Адклаўшы каштоўны пенал на стол, малады чалавек вырашыў заняцца капсулай. Ён хутка падрыхтаваў ашчаджальны содава-саляны раствор, для ачысткі срэбра, і пагрузіў у яго сваю здабычу, а потым вярнуўся да пенала.
– Трэба будзе ўсё ж праверыць хромпiкам гэтае срэбра. Хоць, я і так упэўнены… – заўважыў сам сабе Мечык.
На вечцы красаваўся пазалочаны герб Панятоўскіх – вол павернуты налева. Асцярожна адкрыўшы пенал, гісторык дастаў нешта невялікае, падобнае на скрутак паперы.
– Ды гэта ж пергамент, – здзіўлена прамовіў Мечыслаў. – У Гродне? У васемнаццатым стагоддзі? Калі гэта, вядома, сапраўды прывітанне з васемнаццатага стагоддзя, – дадаў ён, жмурачыся на святло суседскага вакна, дзе гарэла яркая люстра, бо ўжо надышоў вечар.
Асцярожна разгарнуўшы пергамент з дапамогай свайго любiмага, які служыў яму ўжо, здавалася, тысячу гадоў, алоўка, малады чалавек убачыў польскі тэкст напісаны чырвонымi чарніламi, цудоўным, каліграфічным почыркам.
«Rycerz Salsinatus złożył swoje imiona w trójkąt. Umieść wybranych według imion na miejscach ich w dniu przybycia rycerza na świat mapa gwiazd jego słońcem wskaże na słońce w imion trójkąt. Odpowiedź w imionach wybranych złożonych razem otrzymasz. Na Poszukiwanym znajdziesz ją w wyznaczonym dniu».
Мечык свабодна валодаў польскім «ензыкем» і таму хутка, тым самым алоўкам, які выкарыстаў для таго, каб разгарнуць скрутак, ён запісаў на кавалачку паперы пераклад.
«Рыцар Salsinatus імёны свае ў трыкутнік склаў. Пастаў абраных па імёнах на месцы іх у дзень прыходу рыцара ў свет зорная карта яго сонцам на сонца пакажа ў імёнаў трыкутнік. Адказ у імёнах абраных складзеных разам атрымаеш ты. На Шуканым знойдзеш яго ў дзень прызначаны»
Усміхнуўшыся, Мечыслаў пастукаў тупым канцом алоўка аб стол.
– Хм…
«Пераклад з польскай атрымаўся кітайскім – нічога ж не зразумела…» – прамільгнула ў галаве Мечыка.
– І што далей? – спытаў ён сябе ўголас. – Напісаць Віцы, – адказаў сам сабе гісторык.
Глава 2. Прафесар філасофіі
Сонечным, пагодлівым днём, па вуліцы Універсітэцкай горада Вільні, якая праходзіць, як і вынікае з назвы, побач з універсітэтам, ішла маладая дзяўчына гадоў дваццаці. На ёй былі элегантныя штонікі, яе любімага белага колеру, белы шалік і лёгкае светла-шэрае паліто. Уся яе стройная фігурка, здавалася, была ўвасабленнем элегантнасці. У яе былі шэрыя, напоўненыя жывымі іскрынкамі, вочы, светла-русыя валасы і доўгія пальчыкі без яркага лаку на акуратных кіпцірках.
Прайшоўшы міма пазбаўленага ўсякай пампезнасці светлага будынка прэзідэнцкага палаца, яна накіравалася ўнутр старадаўняга Віленскага ўніверсітэта, чый масіўны корпус навісаў над стаянкай машын. Дзяўчына iшла да адной з заляў, дзе ёй была прызначана сустрэча. Дасягнуўшы ўваходу ў залю, які быў размешчаны паміж двума нішамі з белымі скульптурамі, яна на момант затрымалася і, падняўшы галаву вышэй, прачытала надпіс на латыні, змешчаны над злёгку прыадчыненымi, цяжкімі дзвярыма:
«Alma Mater Vilnensis»
Трохi нахіліўшы галаву набок, госця працягнула свой шлях у залю, якая насіла літоўскаю назву «Mažoji aula». Увайшоўшы ў яе, дзяўчына акінула позіркам велічнае памяшканне, з радамі карынфскіх калон уздоўж сцен. Заля была застаўлена крэсламі, з мяккімі чырвонымі спінкамі. У далёкім канцы памяшкання, спіной да ўвайшоўшай, стаяў чалавек у карычневым касцюме і карычневых жа лакіраваных туфлях. Ён як быццам ведаў, што тая каго ён чакае – ужо тут, хоць яна ўвайшла амаль бясшумна. Павольна развярнуўшыся да яе, чалавек падняў вочы. Пільны погляд яго трохі выпуклых вачэй, чорнага колеру, здаваўся насмешлівым і гэты насмешлівы позірк зваліўся на госцю. У гэтага чалавека быў квадратны падбародак, нізкі лоб і чорныя, неверагодна густыя, кучаравыя валасы. Яго пульхныя вусны былі складзеныя ў лёгкую ўсьмешку. Твар здаваўся ў цэлым трохі глупаватым, а чырвоны, у белую палоску, гальштук – толькі ўзмацняў гэтае ўражанне. Акрамя таго, чалавек быў невысокі і даволі поўны.
– Добры дзень, – сказала дзяўчына па-літоўску, прыемным мяккім голасам, добра дапаўняючым яе мілавідную знешнасць, – гэта вы Мiхаiлас Лiтвакас?
Карычневы чалавек злёгку пакланіўся, адвёўшы рукі трохі назад, і адказаў высокім хлапечым тэнарам:
– А вы, я ўпэўнены, і ёсць Вікторыя.
– Так… Гэта я, – адказала дзяўчына.
– Вас да мяне паслаў прафесар Баранаўскас? Гэта значыць ён – гісторык, паслаў да мяне – філосафа, дзяўчыну з пытаннем па гісторыі, я правільна зразумеў? – насмешліва спытаў прафесар.
– Гэтае пытанне вамі дасканала вывучана, прафесар. Паважаны прафесар Баранаўскас гэта ведаў і таму накіраваў мяне да вас.
– Што ж гэта за пытанне?
– Гісторыя таемных таварыстваў, прафесар.
Лiтвакас цмокнуў сваімі поўнымі вуснамі і аблізаў іх як бы ў знак таго, что яго апетыт прачнуўся.
– Так-так, – сказаў ён, патупіўшы вочы ўніз, – гэтая тэма мяне вельмі цікавіць… вельмі.
Дзяўчына ўсміхнулася і з разуменнем паківала галавой.
– Ну што ж, пайшлі лепш у мой кабінет – вымавіў Лiтвакас. – А па дарозе купім пірожных, вы ж любіце пірожныя, праўда? І давайце размаўляць на вашай роднай мове, я бачу, што вы валодаеце літоўскай, але хачу, каб вам было максімальна камфортна, а ваша мова і для мяне, можна сказаць, родная.
Кабінет прафесара, куды праз сорак хвілін ён увайшоў з дзяўчынай, якая трымала скрыначку пірожных, знаходзіўся даволі далёка ад месца сустрэчы суразмоўцаў. Гэта была невялікая каморка, застаўленая ўсякай рознасцю.
Размясціўшыся ў крэсле і прапанаваўшы госці сесці, прафесар сказаў:
– А вось наш агульны сябар – майстар несці лухту з разумным выглядам, ён быў бы добрым палітыкам.
Лiтвакас змоўк, запытальна гледзячы на дзяўчыну.
– Я не буду адымаць занадта шмат вашага часу…
– Ды што вы? Не стрымлівайце сябе, я не спяшаюся.
– І ўсё ж… Мне, канешне, было б цікава праслухаць лекцыю па гісторыі таемных таварыстваў васемнаццатага стагоддзя, бо я чула пра тое, які вы выдатны лектар, прафесар, – Лiтвакас злёгку нахіліў галаву і пастукаў пальцамі па стале, – але я, паўтаруся, не хачу ў вас адымаць шмат часу…
На гэтых словах дзяўчына лёгкім, хуткім рухам дастала складзеную ўдвая паперку і, разгарнуўшы яе, паклала на стол перад прафесарам, да паперкi яна дадала дзве фатаграфіі, на кожнай з якіх было адлюстравана па адным прадмеце: на першай – серабрыстая капсула, на другой – маленькая чырвоная скрыначка.
– Вось тэкст, – сказала Віка, паказваючы на паперку ў сваёй руцэ, – які мне вельмі хацелася б зразумець. Ці можаце вы растлумачыць сэнс? Тэкст напісаны на сапраўдным пергаменце і знойдзены ў футляры, – дзяўчына ткнула пальчыкам у фота, – а футляр у срэбнай капсуле. Яна на іншым фота.
Дзяўчына дастала яшчэ некалькі фотаздымкаў, якія паказвалi знаходкі з розных бакоў, і, склаўшы рукі на грудзях, сядзела моўчкі, пакуль прафесар, павольна адарваўшыся ад спінкі крэсла яшчэ павольней нахіляўся да фатаграфій і паперкi на стале. Чым больш ён прыглядаўся да іх, тым больш пашыраліся яго вочы. Было бачна, што ён стаў дыхаць часцей. Ён даволі доўга ўглядаўся ў выявы на фотаздымках і перачытваў тэкст на паперцы. Здавалася, ён зусім забыў аб сваёй маладой наведвальніцы. Нарэшце Лiтвакас адкінуўся ў крэсле, прыціснуўшы дзве складзеныя далоні да вуснаў і гледзячы ў пустэчу. Рэзка перавёўшы позірк на сваю госцю, ён сказаў спакойным тонам, хоць голас яго дрыгнуў на апошніх словах:
– Гэта праўда, скажыце шчыра? Можа быць гэта жарт, містыфікацыя… Як мне даведацца? Вы хочаце… Хочаце чаго? Можа быць грошай?
– Я хачу даведацца, што значаць словы на паперцы.
– Людзі хлусяць іншым пра ўсё, каб атрымаць грошы, а грошы хлусяць ім пра іх саміх, што яны атрымалі сябе, – вымавіў, сапучы Лiтвакас.
Дзяўчына задуменна адвяла позірк.
– Дзе гэта было знойдзена?
– Там, дзе жыў Панятоўскі. Вы ж ведаеце ўжо, што там манаграма Панятоўскага?
– Ведаю не горш за вас! – рашуча i зло гаркнуў прафесар. Ён імгненна авалодаў сабой, толькі ў глыбіні вачэй чыталася злосць ад раптоўнай успышкі.
– Людзі хочуць толькі жэрці, але вы – вы імкнецеся да нечага большага! Дзеля чаго вы асабіста, мілая, цягніцеся да гэтых ведаў? Калі гэтая сярэбраная штука сапраўдная, то вартая шмат грошай, але ж вам не патрэбныя грошы. Вы проста любіце гісторыю, як мне сказаў ваш… наш агульны сябар – прафесар Баранаўскас. І вы нават не гісторык па спецыяльнасці. Вы цягніцеся да ведаў. Але не да грошай. Але ведаеце, што я скажу вам? Гэта больш сур'ёзна, чым вы можаце ўявіць. Лепш бы вы не прыходзілі да мяне з гэтымі фотаздымкамі і запіскай. Хочаце ведаць? Хочаце насамрэч? Ну дык я вам скажу!
Лiтвакас расхваляваўся зноў, але авалодаў сабой.
– Так… – прафесар прыслабіў свой смешны гальштук. – На срэбнай капсуле знаходзіцца манаграма караля Панятоўскага, там ёсць яшчэ невялікая выява: ружа і крыж – эмблема ордэна розенкрэйцараў, вол – герб роду Панятоўскіх. Вось гэта ўсё вы ведалі. Цяпер тое, што вы не ведалі, – вымавіў ён.
Дзяўчына прыўзняла галаву і прыжмурылася.
– Дык вось, тое, што вы не ведалі, – Лiтвакас шматзначна памаўчаў.– Мяркую, Баранаўскас ужо распавёў вам, што кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, быў масонам і розэнкрэйцарам, рыцар Salsinatus – частка тытула, дадзенага каралю ў масонскай ложы. Salsinatus – анаграма ад імя Станіслаў. Усё гэта даволі шырока вядома сярод тых асоб, што цікавяцца гісторыяй і, верагодна, ужо вядома вам, дзякуючы нашаму паважанаму сябру, прафесару гэтай самай гісторыі Баранаўскасу. Так?
Дзяўчына нахіліла галаву на знак згоды.
– І значыць… – працягнуў прафесар, – я нічога больш не магу вам сказаць. Так, я ўсё жыццё цікаўлюся таемнымі таварыствамі: масоны, розэнкрэйцары, ілюмінаты. Мне ўсё гэта цікава, але ваша загадка занадта складаная і я не магу дадаць нічога да сказанага Баранаўскасам…
Віка, пры ўсёй сваёй стрыманай грацыі і спакойнай ветлівасці, не змагла схаваць на твары моцнага расчаравання.
– Не магу дадаць нічога, – зноў загаварыў Лiтвакас, – акрамя сцвярджэння, што ў пасланні перададзена зашыфраваная інфармацыя пра месцазнаходжанне нейкага артэфакта.
Віка ўскінула вочы, i яны імгненна загарэліся цікаўнасцю. Прафесар сядзеў, склаўшы рукі на тоўстым жываце, з самым каменным тварам, якi толькі мог адлюстраваць. Праз секунду ён гучна зарагатаў, закінуўшы галаву назад.
– Усё ж у наш час моладзь глядзіць занадта шмат фільмаў, – хіхікаючы, прамовіў Лiтвакас. – Нават калі тое, што вы мне прынеслі сапраўднае, наўрад ці расшыфраваўшы пасланне, вы знойдзеце скарб масонаў. Баранаўскас занадта наіўны і лёгка ўзяў на веру вашыя доказы… Зрэшты, пакіньце фатаграфіі і тэкст тут, калі я змагу нешта зразумець, дык абавязкова паведамлю вам. Толькі той хто выкрыў таямніцу прыроды ведае, што насамрэч стварыў новую. Жадаю прыемнага дня, Вікторыя.
Віка, секунду падумаўшы, устала і, пакінуўшы фатаграфіі на стале, пайшла да дзвярэй. На твары яе была ўсмешка, якая, праўда, не вельмі хавала яе расчараванне. Павярнуўшыся на парозе і паціснуўшы руку, працягнутую ёй прафесарам, дзяўчына сказала:
– Што ж, гэта было прыемнае знаёмства і карысная размова. Прабачце, што патурбавала, дзякуй, што аказалі дапамогу. Калі ласка, паведаміце, калі вы нешта зразумееце, і можаце не сумнявацца ў сапраўднасці артэфактаў. Я дык зусім не шукаю скарб, але расшыфраваць гэтае пасланне, зразумець, што хацеў сказаць нам аўтар, якім мог быць сам кароль… Хіба гэта не значная справа?
– Так-так, так-так, – зачасціў Лiтвакас, – усяго найлепшага, паненка. Апошняе слова ён сказаў па-літоўску.
Зачыніўшы за госцяй дзверы, Лiтвакас яшчэ доўга стаяў на адным месцы, як чалавек пагружаны ў гіпноз. Затым ён ляпнуў сябе па каленях, ды вярнуўся да стала.
Сонечны дзень у Вільні, між тым, паволі падыходзіў да канца. Вікторыя спакойнай хадой пайшла ў бок сваёй здымнай кватэры.
Увайшоўшы дадому, яна заўважыла, што яе саарандатараў – двух дзіўнаватых дзяўчынак студэнтак – яшчэ няма. У гэты момант у яе зазваніў тэлефон.
– Алё, – сказала Віка, калi паднесла трубку да вуха.
– Алё. Гэта Лiтвакас, Віка. М-м-м-м, я хацеў бы парэкамендаваць вам аднаго спецыяліста па вашым пытанні, выдатнага гісторыка з Мінска. Дакладней, можа ён і не зусім спецыяліст менавіта па вашай, так бы мовіць, справе… м-м-м-м, але гэта чалавек захоплены гісторыяй, вялікіх ведаў хлопец. Яго клічуць Уладзімір. Ён можа дапамагчы ў пошуках. Запішыце каардынаты…
Праз хвіліну дзяўчына запісала дадзеныя пратэжэ Лiтвакаса, а потым увайшла ў сацыяльную сетку і пакінула аднаму з фрэндаў наступнае паведамленне:
«Мечык, я паразмаўляла з Лiтвакасам. Нажаль, амаль нічога.: (»