Czytaj książkę: «Парыж, Эйфелева вежа і…»
Частка першая. ЖЫЦЬ – НЕ ТОЛЬКI МЁД ПIЦЬ
1
Ноччу над Мінскам грамыхала шчодрая расцугляная навальніца. Сіратліва-цьмянымі выглядалі вулічныя ліхтары, калі віхлястая вострая маланка кроіла на кавалкі нізкае грувасткае неба. Вада імклівымі патокамі шапацела па асфальце, незадаволена віравала, бурліла, калі натыкалася на прыпаркаваныя ўздоўж тратуараў машыны. Раскацісты гром узрушваў ахоўныя сігналізацыі, і машыны ад бяссілля гулка завывалі, кожная на свой лад. У вокнах шматпавярховых дамоў часта ўспыхвалі палахлівыя агеньчыкі ад цыгарэт, але гаспадары не рызыкавалі выходзіць у гэткую непагадзь да сваіх чатырохколых улюбёнцаў. Толькі ў пяцісотым «мерседэсе» не міргалі аварыйкі, не скуголіла сігналізацыя, дый патокі вады яго абміналі. Машына задзірліва перагарадзіла тратуар.
У прапахлым гарэлкай салоне на раскладзеным вадзіцельскім сядзенні спаў чалавек. Скамечанае скураное паліто ляжала ў нагах, ледзь прыкрываючы калені, пінжак расхрыстаны, кашуля разарваная на грудзіне, на голай шыі – чырвоны заплямлены тлушчам гальштук. Рукі спячага моцна сціскалі напаўпустую вялікую бутэльку каньяку.
Пакідаючы горад сцішаным і абноўленым, летняя парная навальніца кацілася на ўсход. Дождж толькі крышачку паменшаў, а каля «мерседэса» ўжо віскнуў тармазамі міліцэйскі «УАЗ». З машыны няспешна выйшаў міліцыянер, ухутаны ў плашч-палатку, і зыркім святлом ліхтара асвяціў салон. Ён доўга разглядваў спячага, некалькі разоў ляпнуў далонню па ветравым шкле, крыкнуў:
– Гэй, чалавек, прачынайся, прыехалі!
– Наш кліент? – вытыркнуўшы галаву з машыны, запытаўся міліцыянер з зорачкамі прапаршчыка на пагонах.
– Спіць… Але не адзін-адзінюткі, пляшку каньяку абдымае…
– Калі каньяк угледзеў – будзі, трэба разбірацца…
– Гэткага не разбудзіш, поўнае адключэнне, – тупаючы вакол машыны і барабанячы далонню па капоце, па даху, па дзвярах, бубніў міліцыянер.
У начной цішы кожны ўдар аддаваўся гулкім рэхам у самых дальніх куточках вуліцы, у кронах паркавых каштанаў, у падваротнях дамоў. У найбліжэйшым пяціпавярховым доме ў кутнім акне трэцяга паверха запалілі святло. Рыпнулі дзверы, на балконе з’явіўся сілуэт чалавека. Бліснуў трапяткі агеньчык, на хвілінку выхапіўшы з цемры твар мужчыны, які прыпальваў цыгарку.
– Выклікайце эвакуатар і на штрафную, – прабасіў сілуэт, – не першы раз тратуар перагароджваюць… Нахабнікі!..
– Ідзі спаць, не то і цябе эвакуіруюць, – з глыбіні кватэры пачуўся вісклівы жаночы голас, і святло ў акне адразу патухла.
– Намёк зразумеў, – юрліва засмяяўся мужчына і паспешліва зачыніў за сабой балконныя дзверы.
– Не ляпай па машыне… Калі што не так – да пенсіі не разлічымся, – камандаваў прапаршчык.
Міліцыянер у плашч-палатцы роспачна махнуў рукой і з ноткамі адчаю ў голасе прапанаваў:
– А што, мо і сапраўды эвакуіруем? Няйнакш у машыне злодзей.
– І хутчэй за ўсё бадзяга – алкаголік… З паўсотні машын выбраў самую крутую, замкі ўзламаў, у бардачку знайшоў пляшку каньяку і выжлукціў… Навошта рызыкаваць, абцяжарваць сябе лішнім клопатам, калі можна напіцца на халяву і ўтульна, з камфортам паспаць? І амаль без наступстваў… Крадзяжу няма, значыцца, і крыміналу ніякага…
– Табе абы насміхацца, – пакрыўджана прамармытаў міліцыянер і, залазячы ў машыну, абыякава дадаў: – Зрэшты, ты старшы, табе і рашэнне прымаць.
– Правільна кумекаеш, – засмяяўся прапаршчык. – Я тут нумарок прабіў праз адраснае… Машына належыць Гурскаму Алесю Пятровічу… Яму трыццаць тры гады… Бізнесмен… Генеральны дырэктар фірмы «Хрыстафор Калумб», жыве на гэтай вуліцы… Дом нумар пяць, кватэра пятнаццаць… А цяпер скажы: шафёр будзе п’янстваваць у машыне пад вокнамі гаспадара?
Нечакана «мерседэс» захістаўся, бакавое шкло прыадчынілася, і міліцыянераў быццам ветрам выдзьмухнула з «уазіка». Прапаршчык, больш увішны, першым аказаўся каля машыны і абачліва паклаў гумавую палку на прачыненае шкло, адрэкамендаваўся.
– Будзь хоць генералам, у гэткім стане яму ўсё адно, – незласліва падкузьміў калегу напарнік.
Калі пругкае святло ліхтарыка выхапіла зашчацінелы твар спячага, той замахаў рукамі, замармытаў нешта незразумелае. Прапаршчык прасунуў руку ў салон машыны, выхапіў ключ з замка запальвання і, падкінуўшы яго на далоні, весела гукнуў:
– Цяпер кліент наш…
2
Апоўначы Гурскі вярнуўся з Масквы. Дзе змог, прыпаркаваў машыну, памацаў нагрудную кішэню пінжака, у якой ляжаў футарал з дарагім пярсцёнкам, зірнуў на вялікі букет чырвоных руж і шчасліва ўсміхнуўся.
Праз некалькі хвілін ён, быццам на крылах, узляцеў на пяты паверх, адамкнуў дзверы, увайшоў у кватэру і…
Ружы крывавымі плямамі рассыпаліся па падлозе… Перад ім стаяла Люся ў апратцы Евы… У беласнежных руках паднос, на ім два келіхі з чырвоным віном. У прыцемненай спальні да болю знаёмы барытон фальшыва напяваў любімую песню Алеся «Миллион алых роз».
Жончыны раскосыя вішнёва-чорныя вочы ад нечаканасці шырока расплюшчыліся і глядзелі на мужа спярша здзіўлена, потым з непрыхаваным страхам. Ад празмернага хвалявання прыгожыя, поўныя грудзі прывабліва калыхнуліся, рукі нервова ўздрыгнулі, келіхі дзынкнулі і ледзь не кульнуліся ўслед за ружамі.
– Т-ты?.. – выдыхнула Люся, машынальна прытрымала келіхі і, паставіўшы паднос на камоду, што тулілася побач пад шырокім люстэркам, няпэўна прашаптала:
– Мы чакалі цябе толькі заўтра… Я сёння занятая…
Алесю здалося, што на яго вылілі вядро кіпню. У вачах замітусілася нейкае ліпучае павуцінне, абурэнне і нястрымны гнеў ірваліся з грудзей, але ні сказаць, ні зрабіць нічога ён не мог. Аслабелыя ногі быццам ураслі ў падлогу, не хапала дыхання, было адчуванне, што хтосьці нябачны пераціснуў гарляк.
– А я… вось… сёння… – толькі і змог прасіпець.
– Эх, Сашка, Сашка, – данёсся са спальні голас, які Алесь пазнаў бы з тысячы, а мо і больш. – Мог бы і папярэдзіць… Люся, дзе мой халат?
– На дзвярах… на вешалцы…
Люся ўзяла сябе ў рукі. Спакойны і, як заўсёды, ураўнаважаны палюбоўнік надаў рашучасці, страх саступіў месца нейкай адчайнай жорсткай злосці на мужа, які знарок ці не, але заўсёды блытаў яе планы.
– Алесь, мне холадна… плашч дай… – надрывіста крыкнула Люся, і яе выразныя ярка-чырвоныя вусны скрывіла зневажальная ўсмешка.
У пакоі запанавала цішыня, варожая і гнятлівая. Гурскі невідушчым, скамянелым позіркам свідраваў саперніка, а той, быццам нічога не здарылася, прытуліўся да дзвярнога вушака і, нахабна ўсміхаючыся, няспешна завязваў пояс на махровым халаце Алеся ў тугі вузел. Немігатлівы ўстрывожаны позірк і асабліва нервовая дрыготка ў пальцах усё ж выдавалі затоенае хваляванне Андрэя.
3
Сем гадоў таму паспяховы бізнесмен Гурскі з маладой жонкай вярнуўся ў Мінск з вясельнага круізу. На карпаратыўнай вечарынцы, зладжанай у гонар маладых, нехта з калег па бізнесе, ужо добра падпіўшы, у забаўку прапанаваў неадкладна выбраць Алеся дэпутатам ў парламент. Маўляў, трэба пашыраць у заканадаўчых уладах прысутнасць людзей бізнесу. Ідэю падхапілі, тут жа прагаласавалі і прышпілілі Гурскаму на лацкан пінжака чырвоны гваздзік як дэпутацкі сімвал.
Да канца гулянкі ўсе гаварылі тосты і пілі не толькі за здароўе маладых, але і за новаспечанага дэпутата, цалавалі рукі прыгажуні жонцы. Жартавалі, весяліліся, а на другі дзень, як звычайна, забыліся. Толькі Люся з усёй сур’ёзнасцю ўспрыняла і магчымае мужава дэпутацтва, і хмельныя жартаўлівыя віншаванні, а калі ў краіне распачалася чарговая выбарчая кампанія, угаварыла Алеся балаціравацца. Клопат па арганізацыі і правядзенні перадвыбарчай кампаніі маладая жонка ўзваліла на свае плечы, і гэта ёй добра ўдалося.
Напачатку Алесь скептычна ставіўся да мітусні вакол дэпутацтва і паверыў у поспех толькі пасля першага тура, калі з вялікай перавагай перамог і выйшаў у другі. Гурскі больш не аднекваўся ад выступленняў на тэлебачанні і радыё, з задавальненнем даваў інтэрв’ю журналістам. Ён стаў чалавекам, якога пазнавалі. Цяпер пісалі не толькі пра яго, але і яму, з усіх бакоў сыпаліся просьбы аб дапамозе. І ён дапамагаў чым мог, асабліва калі пытанне тычылася матэрыяльнай падтрымкі.
Неяк да Алеся завітаў галоўны рэдактар газеты, даволі вядомай у апазіцыйным асяродку. Рэдактар па-гаспадарску ўладкаваўся ў мяккім крэсле, да прапанавай кавы папрасіў «грамульку» каньячку, каб трошкі настрой падвысіць, і, шумна сёрбаючы пітво, доўга разглядваў Алеся сваімі вылупленымі рудымі вочкамі. Потым з жалем паглядзеў на пусты кубак, на Алеся і, зразумеўшы, што яму больш нічога не прапануюць, паспешліва прама ў лоб агучыў прычыну візіту: «Я валодаю забойным кампраматам супроць Вас… Калі не дамовімся – кампрамат выстраліць і, хутчэй за ўсё, паставіць крыж на Вашай яшчэ не пачатай палітычнай кар’еры… Ад мяне залежыць, прачытаюць выбаршчыкі гэтыя матэрыялы ці не… Выбар за Вамі». У пацвярджэнне рэдактар паклаў на стол ладны стос фотаздымкаў.
Паводзіны наведвальніка гаварылі самі за сябе: перад Гурскім прафесіянал, ён з гэтага корміцца, а значыць, і кампрамат сапраўды мае… Толькі што?..
Гурскі, каб трошкі пацягнуць час і абдумаць сітуацыю, прапанаваў наведвальніку яшчэ каньяку, наліў і сабе. Губляючыся ў здагадках, Алесь узгадаў праблемныя месцы дзейнасці фірмы – прычапіцца не было да чаго, нават аўдытарская праверка, якую спецыяльна правёў перад выбарамі, не выявіла ніякіх хібаў.
Ён цадзіў каньяк і няспешна разглядваў каляровыя здымкі. Убачыў сябе на пляжы з пышнагрудай бландзінкай, і каля начнога вогнішча ў атачэнні распранутых дзяўчат, і з брунеткай у лодцы, і… нават у ложку з вядомай спявачкай. Алесь быў не тое што разгублены, ён хацеў зразумець, каму спатрэбілася гэтая правакацыя, хто стаіць за шэранькім, кругленькім і нахабным чалавечкам, які напышліва сядзіць насупраць, п’е каньяк і мітуслівымі прагнымі вочкамі ловіць яго позірк.
Было відавочна, што перад ім не Астап Бендэр, а дробны махляр-ашуканец. На фотаздымках сапраўдным быў толькі твар Алеся, астатняе – звычайны фотамантаж.
У чалавека, чыё тулава похапкам прыляпілі да галавы Алеся, на правым плячы красавалася каляровая галава тыгра з ашчэранай пашчай. У Гурскага татуіровак ніколі не было, і цяпер свярбелі рукі паквітацца, даць нахабніку добрага выспятка… Але ж вельмі хацелася даведацца, што рудавокі просіць узамен, а для гэтага трэба згуляць па правілах махляра, і ён гэта зрабіў, вырашыў вывесці шантажыста на чыстую ваду, ды так, каб пра яго шулерскі заробак ведалі ўсе.
Высветлілася, што рэдактар не просіць, а прапаноўвае супрацоўніцтва. Надзейны чалавек у парламенце патрэбен тым, хто фінансуе газету, свой жа клопат ацаніў «невялікай» прэміяй. Пазначаная на аркушы сума аказалася з шасцю нулямі, а прыпіска, у якой валюце шантажыст жадае атрымаць грошы, так рассмяшыла Гурскага, што ён больш не мог стрымліваць пачуцці і выпусціў на волю грэблівае… зусім не літаратурнае…
На раптоўны і нязвыклы крык начальніка, які праз хвіліну-другую змяніўся абрывістым гучным смехам, у кабінет заглянула перапужаная сакратарка, потым прыбеглі ахоўнікі і па загадзе гаспадара выправадзілі няпрошанага госця, праўда, не вельмі тактоўна… Рэдактар-шантажыст выспятка ўсё ж атрымаў…
Потым быў «праўдзівы» артыкул у газеце і суд. Гурскі не сумняваўся ў поспеху і, калі пачуў вынік экспертнага заключэння: «Фотаздымкі, надрукаваныя ў газеце, сапраўдныя і фотамантажом не з’яўляюцца…», – ледзь не кінуўся на крыўдзіцеля з кулакамі. Адвакат утрымаў, а на Люсю сілы не хапіла. З крыкам: «Эксперты падкупленыя…» – раз’ятраная жанчына каршуном ляцела на рэдактара. Шантажыста не ўратаваў бы і стол, пад які ён шустра схаваўся, каб Люсю не перахапіў невядомы. І адразу ў зале суда запанавала знямелая цішыня…
4
У той дзень у зале суда цішыня была знямелая, але ўрачыстая, поўная радаснага хвалявання, сёння ж варожая і здрадлівая. Люся спяшалася высветліць адносіны з мужам, спяшалася рассекчы гордзіеў вузел.
– Будзем гуляць у маўчанку ці я ўсё ж апрануся і мы пагаворым як культурныя людзі? – яна рашуча ўзяла з падноса келіх віна і выпіла да рэшты.
– І сапраўды, трэба перацерці сітуацыю… даўно наспела, – пагадзіўся Андрэй; ён падышоў да вешалкі, зняў скуранку і накінуў Люсі на плечы. – Прыкрыйся, не ў бардэлі…
На паўслове Андрэя перапыніў нечаканы шалёны парыў свежага ветру, які шумна расчыніў балконныя дзверы, разгульна ўварваўся ў кватэру, ветразямі зашкамутаў пад самай столлю занавескі, і адразу нешта цяжкае бразнулася. Праз секунду загрукатала, загрымела, што аж пад нагамі задрыжэла падлога, быццам страляючы з рознакаліберных гармат, пакацілася па небе калясніца Пяруна.
– Кітайская ваза… чатырнаццатае стагоддзе… – ускрыкнула Люся і кінулася ў цёмны пакой.
Скуранка саслізнула з яе цела і распласталася на падлозе.
– Хоць бы не разбілася… Усё ж дынастыя Мін… – заклапочана ўскрыкнуў Андрэй і крутнуўся наўздагон за палюбоўніцай.
У гэтую хвіліну шматлікія сляпучыя маланкі нарэшце разбудзілі разамлелае ад летняй спёкі неба і цяпер, як згаладалыя лютыя звяры, ірвалі яго на часткі. Паднябессе прамянілася сотняй, тысяччу асляпляльна-белых феерверкаў, сіняватае трапяткое святло разлілося па пакоях, запахла азонам… Перапалоханыя непагаддзю палюбоўнікі знерухомелі і, быццам манекены, застылі пасярод спальні.
– І даўно ты з ёй? – крыкнуў Алесь, але Андрэй не пачуў: аглушальны гром праглынуў і словы, і вулічны шум, і ўвесь горад. – Ажаніўся на сваю бяду! – скрозь зубы працадзіў Алесь, махнуў рукой, невядома чаму падняў скуранку і выйшаў, моцна бразнуўшы дзвярмі.
На вуліцы праліўны дождж у нейкі момант здаўся жыватворным, але не было ў ім той ачышчальнай сілы, што радасцю магла напоўніць спусцелую душу, вярнуць прыніжаны мужчынскі гонар, супакоіць неўтаймаваныя пачуцці, абражаныя здрадай. Паветра не хапала. Алесь адчайна ірвануў кашулю на грудзях і закрычаў ва ўсю моц:
– Лю-дзі-і-і!.. Паглядзіце на раганосца!..
На яго помслівую крыўду адгукнулася толькі навальнічнае неба ярасным, грукатлівым громам, але і ў яго гнеўных перакатах Алесь пачуў улюбёныя Андрэевы словы: «Пер-р-рацерці сітуацыю… бар-р-рдэль…»
5
Тое, што адбывалася ў зале суда, было падобна на казку. На пытанне ашаломленага суддзі: «Хто Вы?» – губы невядомага кранула белазубая ўсмешка: «Андрэй Іванавіч Лісаў, брат-блізнюк Алеся Пятровіча Гурскага. Так што памылачка, грамадзянін суддзя, выйшла… На фотках я, і цяпер трэба неяк перрацерці сітуацыю… Нельга дазваляць прайдзісветам ператвараць суд ў бар-рдэль…» – ён зняў кашулю: на правым плячы была татуіроўка ашчэранай пашчы тыгра.
У той памятны дзень душа Алеся напоўнілася яшчэ неспазнаным радасным усведамленнем таго, што на агромністым белым свеце ён не адзін, у яго ёсць родны брат, падобны на яго, як дзве кроплі вады, гэткі ж высокі, русавалосы, шэравокі, шырокі ў плячах. Гурскаму, выхаванцу дзіцячага дома, гэткае магло прысніцца толькі ў чароўным сне.
Радасці ніколі не бывае многа, і ў Алеся раптам зацеплілася надзея: а што, калі і маці з бацькам жывыя і ўсе гады шукалі свайго сыночка? Ад уяўлення закружылася галава. Сёння ён паверыў бы і Дзімку, дзетдомаўскаму сябруку, як некалі, зусім маленькім, верыў яго аповедам пра тое, што іншапланецяне хітрыкамі заманілі іх бацькоў на лятаючую талерку і сілком вывезлі на сваю планету на экскурсію. Але хутка настане той час, калі экскурсія скончыцца, таты і мамы вернуцца і ўсе дзеці будуць жыць дома. Алесь часта ўставаў начамі, падыходзіў да акна і з заміраючым сэрцам глядзеў у зорнае неба. Калі бачыў мігатлівыя, чырвоныя агеньчыкі, вочы міжвольна напаўняліся слязьмі, вусны шапталі адно: «Мамачка, я тут, забяры мяне…» Маці не прыляцела, а ён праз свае начныя сядзелкі ля акна атрымаў мянушку Лунацік.
Цуда не адбылося ні тады, ні цяпер. У зале суда Андрэй пераказаў гісторыю, якую даведаўся з перадсмяротнага ліста прыёмнай маці. Парадзіха адмовілася ад дзяцей яшчэ ў радзільным доме, а разлучылі блізнят, калі ім споўнілася паўтары гады. Спярша прыёмныя бацькі хацелі ўсынавіць абодвух братоў, але ў апошні момант перадумалі, спужаліся, што з двума будзе цяжка, не дадуць рады. Блізнят разлучаць нельга, патрэбна вельмі важкая прычына, каб гэта зрабіць. Прычыну знайшлі дактары, вядома, за добрае ўзнагароджанне. Блізнят паклалі на медыцынскае абследаванне, пасля чаго ў аднаго з братоў у медыцынскай картцы з’явіўся запіс: «Падазрэнне на парок сэрца». Гэта і вырашыла далейшы лёс братоў Гурскіх.
Спрактыкаваны ў судовых справах рэдактар імгненна скарыстаў сітуацыю і папрасіў расчуленага Алеся скасаваць заяўлены іск, пайсці на міравую. Ён паабяцаў надрукаваць у газеце абвяржэнне і афіцыйна перад ўсімі чытачамі папрасіць прабачэння за агалоску неправераных фактаў. Цяпер Гурскаму сапраўды было не да судовых спрэчак, і ён ахвотна прыняў прапанову.
У чарговым нумары газеты на цэлым развароце быў размешчаны хвалебны артыкул пра добрыя справы будучага дэпутата Алеся Гурскага. Былі і фотаздымкі з родным братам, які гэтак незвычайна аб’явіўся. Рэдактар асабіста патэлефанаваў, лісліва выбачаўся за прычынены клопат і чамусьці папрасіў надалей быць больш асцярожным і памятаць словы палітыка, які сказаў, што «ворага можна задушыць і ў сяброўскіх абдымках…» Алесь толькі пасмяяўся, маўляў, ёсць з кім абдымацца і без ворагаў, але вельмі хутка зразумеў сапраўдны сэнс гэтых слоў.
Тое, што адбылося ў зале суда, выклікала незвычайнае ажыўленне ў сродках масавай інфармацыі. Напэўна, усе газеты напісалі пра бізнесмена Гурскага, ягоную незвычайную чалавечнасць і дабрыню, тэлебачанне зняло дакументальны фільм «Браты знайшлі адзін аднаго». Праўда, не засталося па-за ўвагай і тое, што Андрэй прыцягваўся да крымінальнай адказнасці… Імгненна разнеслася чутка, што кандыдат у дэпутаты бізнесмен Гурскі дапамагае ўсім, хто гаруе ў нястачы, і, зрэшты, ён варты большага, чым быць дэпутатам…
Гэтага было дастаткова, каб Алесь трапіў у спіс «ненадзейных» і кантралюючыя органы рознага кшталту амаль на паўгода запаланілі кабінеты офіса. Без усялякага тлумачэння былі заблакіраваны рахункі, і дзейнасць фірмы практычна спынілася. Гурскі цярпеў страты і ўжо не думаў пра дэпутацтва… Як мог, ратаваў сітуацыю. Каб разлічыцца па крэдытах і іншых пазыковых абавязацельствах, давялося распрадаць не толькі маёмасць фірмы, але і асабістую. Калі нічога не засталося, кантралёры імгненна зніклі і быццам у насмешку пахвалілі Гурскага за добра наладжаную справу, кожны жадаў поспеху. У прыватнай размове адзін з начальнікаў нават пашкадаваў сябе, што гэтулькі часу марна патраціў, а ўсё з-за неправеранай інфармацыі…
Алесь быў на мяжы нервовага зрыву. Як аднаўляць бізнес, калі няма ўпэўненасці ў заўтрашнім дні? Цяжка бачыць, як у пакутах выпешчаная справа знішчаецца чужой нядобрай воляй, часцяком рушыцца не свядома, а з-за глупства, па неабдуманасці. Гурскі быў на раздарожжы, усё часцей прыходзіла думка з’ехаць за мяжу і там шукаць шчасця.
Нечакана зноў аб’явіўся рэдактар-шантажыст і весела, пасваяцку загугнявіў у тэлефонную трубку пра тое, што Гурскі пажынае пасеянае, што праз сваю маладосць не ўбачыў карысці ў супрацоўніцтве. Звысоку павучаў, наказваў у будучым не сварыцца з прэсай, а сябраваць з «чацвёртай уладай».
Ад пачутага ў Алеся нуду як рукой зняло. Цяпер ён добра ведаў, каму і за што абавязаны развалам фірмы. Гэта падштурхнула, надало рашучасці, і ён апантана ўзяўся за працу. Атрыманую навуку засвоіў на ўсё жыццё, на сабе зведаў, як ворага можна калі не задушыць, то добра-такі прыдушыць у сяброўскіх абдымках.
6
У машыне Алесь зацята глытаў каньяк, пакуль яго істэрычныя п’яныя крыкі не зліліся ў адно працяглае завыванне і моташны цяжкі сон не ўзяў верх. І не сон гэта быў, а хутчэй непрабуднае, п’янае забыццё, таму і не мог уцяміць, што не маланка бліскае, не гром грыміць, а нейкія людзі слепяць, крычаць і трасуць яго расхрыстанае цела.
– Ён вочы расплюшчыў, – аднекуль здалёк даляцеў напружаны голас.
– Вушы… Вушы круці… Імгненна ў норму прыйдзе, – утомлена раіў нехта нябачны.
– Вушы не чапаць… Яны абмарожаныя, – п’яна прахрыпеў Алесь, намацаў пад сядзеннем рычажок, тузануў, і спружыністае пругкае крэсла склалася разам з ім.
Мутнаватымі асалавелымі вачыма даўгавата ўзіраўся ў чалавека, што схіліўся над ім, але выразнасці не было, шкодзіла хмельная павалока. Ён страсянуў галавой, пацёр скроні, калі зноў узняў вочы, яго твар прасвятлеў:
– Тава-а-рыш міліцыянер, – сухія губы скрывіла вялая фальшывая ўсмешка. – А я вось тут… адпачываю… прыснуў.
– Гурскі Алесь Пятровіч? – мацаючы пальцамі галаву вадзіцеля, запытаўся прапаршчык.
– Так, Гурскі, – Алесь рэзка адхіснуўся ад міліцыянера, абурана ўскрыкнуў: – Навошта ціскаць галаву? Вы ж не доктар!
Ён хацеў яшчэ нешта сказаць, але гэтае імгненнае абурэнне нечакана вострай пякучай стрэмкай усмакталася ў свядомасць, і Алесь з горкай трывогай, напоўненай кепскімі прадчуваннямі, успомніў прыезд у Мінск, прыгадаў жонку, брата і ўсё, што здарылася напярэдадні. «Я сёння занятая… занятая… занятая…» – званіцай гуло ў скронях. Стала цяжка дыхаць, замінаў саленаваты камяк, што крыўдай падкаціў пад самае горла. Халодныя ў сваёй рашучасці вочы запрамяніліся адчайнай непакорнасцю, растрывожаныя пачуцці прагнулі помсты. Алесь глядзеў на прапаршчыка так, быццам той у нечым перад ім вінаваты.
Змены няроўнага настрою вадзіцеля прапаршчык зразумеў па-свойму і, каб яго супакоіць, лагодна сказаў:
– Не, не доктар… Я лепш за доктара… Я міліцыянер… А галаву агледзеў, каб упэўніцца, што адсутнічаюць цялесныя пашкоджанні.
– Кажу афіцыйна: пашкоджанняў няма… Прэтэнзій таксама, – катэгарычным тонам заявіў Алесь і паспрабаваў зашпіліць кашулю, але марна: гузікаў не было. – І ў машыне спаць маю права… Не забаронена… Канешне, калі за ноч законы не памяняліся…
– Не забаронена, калі «мерседэс» належыць Вам, – умяшаўся ў гаворку другі міліцыянер і строга запатрабаваў: – Пан Гурскі, пакажыце дакументы і раю не шукаць новых праблем…
– Ну-у, калі па-а-н… Калі абяцаеце праблемы… Тады калі ласка… – Алесь усміхнуўся і скептычна, міжвольна ікаючы, выдыхнуў: – Ц-ц-япер для мяне м-м-ашына – сапраўды, і-і-і дом, і-і-і крэпасць… А-а-а праблем… і-і-і без вас… в-в-ышэй даху…
Ён няспешна на ўсе гузікі зашпіліў пінжак, прыдзірліва агледзеў сябе ў салонным люстэрку, паправіў на голай шыі гальштук і, выцягнуўшы з нагруднай кішэні партманет, аддаў прапаршчыку. Пакуль міліцыянер вывучаў паперы, намацаў у бардачку бутэльку, радасна ўскрыкнуў:
– А калі я дома, то і выпіць не грэх, – але, убачыўшы, што гэта шампанскае, скрывіўся, быццам пракаўтнуў нешта кіслае, кінуў бутэльку на пасажырскае сядзенне, горка выдыхнуў: – Сёння шампанскае не для мяне, сёння душа патрабуе мацнейшага…
– Паперы ў поўным парадку, – казырнуў прапаршчык, – а вось з Вамі, відаць, нешта кепскае здарылася… Мы можам дапамагчы?..
– Дзякуй, ужо дапамаглі… Вярніце дакументы і пакіньце мяне ў спакою!
– У прафілактычных мэтах часова канфіскуюцца ключы, вадзіцельскае пасведчанне і тэхнічны пашпарт. Іх зможаце забраць у дзяжурнага па аддзеле міліцыі, але толькі раніцай… Спадзяюся, адрас ведаеце.
– Я для надзейнасці і нумары скруціў, – па-дзіцячы шморгнуўшы носам, радасна засмяяўся той, што быў у плашч-палатцы, – гэта каб не ўздумаў уцякаць.
– Што, ключы прыхапілі і нумары садралі? – абурана ўскрыкнуў Алесь. – Не маеце права, гэта незаконна.
– Незаконна паркаваць машыну на тратуары і брыдка да бяспамяцтва напівацца, тым больш у машыне, – узвысіў голас прапаршчык і кінуў на калені Гурскаму пульт аховы з бірулькай. – Пільнуйце сваю крэпасць і беражыце сябе… Жыць – не толькі мёд піць…
Застаўшыся адзін, Алесь цяжкавата высунуўся з машыны і, валюхаючыся, зрабіў некалькі крокаў. Здранцвелыя ад доўгага сядзення ногі не надта слухаліся, і ён, прытуліўшыся спінай да дрэва, некалькі разоў прысеў. Калі адчуў гарачыню ў лытках, шырока закінуў рукі за галаву і, ўглядаючыся ў перадсвітальнае неба, з асалодай удыхнуў начную прахалоду.
Навальніца скончылася, але высокі вецер яшчэ шапацеў у разгалістых, густалістых кронах, і цяпер з абмытых дрэў сыпаліся важкія дажджавыя кроплі.
Вецер, дождж, неба, якое ён бачыў праз хісткія кроны, нечакана супакоілі. Змучаную рэўнасцю душу паціху напаўняла шчымлівае пачуццё адзіноты, і, як ні дзіўна, гэтакі стан яму падабаўся ўсё больш і больш. Думкі прасвятлелі, хмелю як і не было, толькі не выходзіла з галавы пачутае: «Жыць – не толькі мёд піць».
7
На другі дзень душным надвячоркам Гурскі з затоеным хваляваннем пераступіў парог кватэры, якая да нядаўняга часу і сапраўды была ягонай крэпасцю. Убачыў насупленага злога брата, якога не спадзяваўся тут сустрэць, сваю, але ўжо не сваю жонку, што ўзрушана нешта даводзіла Андрэю, і ў памяці імгненна ўсплылі звады, якія ўспыхвалі паміж ім і Люсяй, здавалася, без усялякай на тое прычыны. У сямейных сварках Алесь заўсёды саступаў і толькі цяпер, у гэтую хвіліну, зразумеў і прычыну частых лаянак, і чаму Люся не хацела мець дзяцей. Яна не кахала яго!.. Зразумеў і адчуў, як прыкрая туга, што вярэдзіла надарваную душу, раптам прытупілася, помслівая злосць саступіла месца пагардлівай абыякавасці.
Калі ішоў сюды, яму мроілася, што пры сустрэчы жонка будзе бажыцца і клясціся ў сваёй вернасці, назаве здраду глупствам, першай і апошняй недарэчнай выпадковасцю, папросіць прабачэння. У самых патаемных куточках душы цеплілася надзея, што, калі здарыцца менавіта так, ён не адразу, але даруе Люсі. Толькі мроі не спраўдзіліся, а спланаваная размова, да якой рыхтаваўся, аказалася непатрэбнай. «У любоўным трохкутніку трэці лішні, і гэты трэці – я, – бязрадасна падумаў Алесь, і тут жа трапяткой упартасцю затахкала ў скронях: – Жыць – не толькі мёд піць». Ён прыгадаў начное адчайнае п’янства, блуканне па міліцэйскіх пакоях у пошуках дакументаў і зразумеў, чаму павінен прыйсці сюды.
– Добры вечар, – з вымучанай усмешкай на твары павітаўся Алесь і з непрыхаванай іроніяй дадаў: – Вы мяне зноў не чакалі?
– Чакалі, яшчэ як чакалі! – узбуджана ўскрыкнуў Андрэй і зрабіў крок насустрач. – Нам даўно трэба…
– Перацерці сітуацыю, – з насмешкай у голасе перапыніў брата Алесь; ён няспешна прысмаліў цыгарку і, пыхкаючы дымам, дадаў: – Няма больш ката, як брат на брата…
– Можа, вып’ем, закусім? – лісліва заглядваючы Алесю ў вочы, запыталася Люся.
Яна ніколі не магла зразумець, чаму атрымоўвалася так, што браты, быццам згаварыўшыся, заўсёды аднолькава апраналіся. Ранкам Андрэй перагледзеў увесь гардэроб, доўга корпаўся, перабіраў кашулі, а цяпер як адзін, так і другі былі ў сініх пацёртых джынсах і аднолькавых белых тэнісках. Зрэшты, апратка брата здзівіла і Алеся, бо джынсы ён купіў усяго некалькі гадзін назад.
– І то праўда, на сухую цяжкавата… – падтрымаў Люсю Андрэй.
Ён дастаў з шафкі бутэльку каньяку, скруціў накрыўку і наліў у тыя самыя келіхі, з якіх піў віно з Люсяй.
– Піць не буду, і без гарэлкі ахмялелы, – катэгарычна адмовіўся Алесь і, сядаючы ў крэсла, абыякава, быццам наперад ведаючы, што скажа Андрэй, зазначыў: – А ты расказвай, перацірай сваю сітуацыю…
Андрэй каўтануў, зноў напоўніў келіх і нервова зашпацыраваў па пакоі. Нячутна ўвайшла Люся з плеценай фруктоўніцай у руках, на якой у гуллівых промнях вечаровага сонца іскрыліся вінаградныя гронкі. Яна запытальна зірнула на палюбоўніка, але сказаць нічога не паспела. Андрэй крутнуўся да Алеся і выпаліў:
– Любая мне Люська… Даўно з ёй жывём у адзін дух…
– І як даўно? – перапытаў Алесь і адчуў, што не рэўнасць, а помслівая злосць зноў гарачай хваляй ускалыхнула пачуцці.
Попел з цыгаркі спікіраваў на дыван, і Алесь, хаваючы дрыжыкі ў пальцах, сціснуў кулакі. Далонь апякло, але гэта быў камарыны ўкус у параўнанні з тым агнём, які цяпер віраваў у ягонай падманутай душы.
– З першай сустрэчы…
– З залы суда? – ад здзіўлення вочы ў Алеся акругліліся, але праз хвіліну яго імклівы, учэпісты позірк ужо свідраваў жонку.
Гурскі не верыў, не мог паверыць у тое, што і года не прайшло з дня вяселля, як каханая здрадзіла, ды не з кім-небудзь, а з яго родным братам.
– Люся, ты мне здраджвала цэлых сем гадоў?
Жанчына вольна перасмыкнула плячыма і, як само сабой зразумелае, горда сказала:
– У нас каханне… з першага позірку, – яна трошкі памаўчала і дадала: – А потым, ты сам прывёў і прымусіў Андрэя жыць з намі… Вы ж як дзве кроплі вады, як адно цэлае… Першы раз я нават і не зразумела, хто ёсць хто… Хіба ж гэта здрада?
Люся бачыла, як наструнілася мужава цела, а бледны твар, толькі што ўмольна насцярожаны, акамянеў. Гнеўныя вочы не прадвяшчалі нічога добрага. Яна хутчэй адчула, што сказала нешта не тое, і, намагаючыся выправіць сітуацыю і апраўдаць каханка, роспачна ўскрыкнула:
– Ты не так зразумеў… Андрэйка заўсёды дома, а ты днюеш і начуеш на сваёй працы…
Напамін пра работу яшчэ больш падліў масла ў агонь.
– Ну ты і цюцька з каралеўскай псярні!.. Я ішачыў, зарабляў грошы, а ты гэтым часам паскудзіў!.. – крыкнуў Алесь, спружыніста падхапіўся на ногі і кінуўся з кулакамі на Андрэя, і браты, таўкучы адзін аднаго, пакаціліся па варсістым дыване.
Ашаломлены Андрэй больш бараніўся, але гэта ў яго не надта атрымлівалася. Алесь за ўсе гады слова кепскага не сказаў, а тут каршуном наляцеў і кулакамі лупіць прафесійна і балюча. У гэтыя хвіліны яны быццам месцамі памяняліся і верхаводам быў Алесь. На падлогу глуха пляснулася, але не разбілася, пляшка з каньяком, следам паляцела фруктоўніца, пругкімі нагамі перакулілі стол, абарвалі занавескі…
– Зараз падпраўлю тваё падабенства, – цяжка сапучы, прыгаворваў Алесь, – быў кропляй вады… станеш кропляй дзярма…
– Жанчын кахаць трэба… – сіпеў у адказ Андрэй, – падарункамі секс не заменіш…
Пачуўшы гэтыя словы, Люся з усёй жаночай рашучасцю кінулася ратаваць палюбоўніка. Ухапіла за валасы таго, хто быў зверху, раз-другі страсянула і… адступілася: яна зноў не магла распазнаць, хто ёсць хто. Лепшае, што магла прыдумаць, – гэта паспрабаваць разняць забіякаў. Толькі як? «Разліць вадой», – мільганула думка, але Люся адразу яе і заглушыла: «Дурніца, мэблю пашкодзіш… Міліцыю выклікай, няхай забяруць мужанька-буяна…» Яна крутнулася да тумбы, на якой звычайна стаяў тэлефон, але апарата на месцы не было, толькі жыўцом выдраныя дроцікі тырчалі са сцяны ды зламаная трубка валялася ў дальнім кутку пакоя. Мабільны тэлефон Люся заўсёды насіла ў сумачцы, але, каб да яго дабрацца, трэба прайсці на кухню.
У гэты момант браты зачапілі бар, шафка захісталася, пачала хіліцца, і Люся, сілячыся яе ўтрымаць, далонямі ўперлася ў люстэркавую гладзь. У сярэдзіне шафкі дзынькнула шкло, і на галовы ваяроў пацяклі ручайкі бурштынавага пахучага каньяку, але блізнюкоў гэта не спыніла. Люся з жахам зразумела, што можа здарыцца, калі бар бразнецца аб падлогу. Толькі на імгненне ўявіла вялізную лужыну з гарэлкі, розных він і лікёраў, расколатую на кускі шафку, разбітыя бутэлькі, шклом парэзаных братоў, і ёй стала нядобра. Не разбіраючыся, хто ёсць хто, Люся моцна піхнула нагой аднаго з задзіраў і завішчала, быццам трывожная сірэна: