Дараванне

Tekst
Autor:
0
Recenzje
Przeczytaj fragment
Oznacz jako przeczytane
Jak czytać książkę po zakupie
  • Czytaj tylko na LitRes "Czytaj!"
Дараванне
Czcionka:Mniejsze АаWiększe Aa


Серыя заснавана ў 2023 годзе


Укладальнік і аўтар уступных артыкулаў – старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі А. М. Карлюкевіч

© Брава А. В., 2023

© Ждан А. А., 2023

© Бензярук А. Р., 2023

© Бадак А. М., 2023

© Федарэнка А. М., 2023

© Карлюкевіч А. М., укладанне, уступныя артыкулы, 2023

© ТДА «Аверсэв», 2023

Ці вернецца аповесць?

Проза, як увогуле літаратура, шукае сябе і ў новых жанрах. А мабыць, проста парушае межы традыцыйных жанраў – рамана, аповесці, апавядання, – спрабуе разбурыць традыцыю, каб дасягнуць новых уяўных вышынь…

У 2022 годзе часопіс «Полымя», некалі галоўны заканадаўца ўсіх літаратурна-мастацкіх змен, надрукаваў у раздзеле «Проза» 32 творы (прадстаўлены 21 аўтар). Сярод іх – 3 раманы, 3 аповесці, 22 апавяданні, а таксама «словы пра самога сябе» – такое жанравае вызначэнне ў тэксту Адама Глобуса «Аўтапартрэт з усмешкай», «запісы» – гэта твор «Мой тэлеграм-канал» Георгія Марчука, проза Вітаўта Чаропкі з цыкла «Запісная кніжыца жыцця» – «Мой 2019 год» і «жыццёвінкі» Васіля Ткачова пад назвай «Добра там, дзе мы ёсць»…

Такая вытворча-мастацкая «статыстыка» даволі красамоўна сведчыць, нават пераконвае: з прозай адбываецца нешта асаблівае… Можа, яна не мігрыруе ў іншыя жанры, а зусім памірае, страціўшы цікавасць да сваіх традыцыйных формаў адлюстравання жыцця, стварэння яго мастацкага «фотаздымка»? Смерці прозы, хочацца верыць, ніхто з аўтараў не жадае. Але час пакажа… Абнадзейвае тое, што мы і сёння маем магчымасць прачытаць новыя творы ў традыцыйным жанры аповесці. У часопісе з аповесцямі выступілі Генадзь Аўласенка («Адплата. Амаль дэтэктыўная аповесць у двух эпізодах»), Віктар Казько (у снежаньскім нумары надрукаваны пачатак аповесці «Высакосны год»), Яўген Хвалей («Пяць бэзавых пялёсткаў шчасця, або Пандэмія ў Слупцах»). Мяркую, у партфелі часопіса «Полымя» захоўваецца яшчэ не адзін твор у жанры аповесці. А надрукавана, будзем спадзявацца, найлепшае…

Зразумела, немагчыма ўсур’ёз разважаць пра жанравыя зацікаўленні сучасных беларускіх празаікаў, разглядаючы выключна «Полымя» за 2022 год. Навошта тады згадка пра тое, што аповесцей мала, што аповесць як жанр, пэўна, пераходзіць у іншы фармат? Існуе меркаванне, што творцаў сілкуе мастацкая і грамадзянская свабода, адсутнасць цэнзуры, аднак, не аспрэчваючы гэтага, скажу, што літаратура развіваецца ў любых умовах. А найперш развіццю літаратуры спрыяе нараджэнне талентаў, якія прыходзяць са сваім натхненнем, сваёй геніяльнай празорлівасцю ў асэнсаванні жыцця і прадбачанні будучыні. І яшчэ – справа ў атмасферы вакол творцаў… Пісьменнік усё ж павінен адчуваць, што яго твор стане прадметам чытацкай увагі, што пра яго працу будуць гаварыць крытыкі, што яго адзначаць, заўважаць…

Гавару з некаторай верай, што аповесць павінна адрадзіцца. Сёння вельмі патрэбны такія выданні: каб сабраць творы ўжо вядомыя, падкрэсліць, што яны не забыты, не засталіся толькі ў недаўгавечнай перыёдыцы або аўтарскіх кнігах, выдадзеных, звычайна, невялікімі накладамі. Сучасная проза павінна быць вядомай не толькі крытыкам і літаратуразнаўцам, якія робяць агляд літаратурна-мастацкага працэсу на старонках манаграфічных даследаванняў, – неабходна, каб яна дайшла да масавага чытача.

Прапанаваныя ў зборніку аповесці, за выключэннем твора Анатоля Бензярука, выйшлі ў свет на працягу апошніх 10–15 гадоў. Не буду выказваць уласныя сімпатыі да гэтых твораў. Але мой выбар як укладальніка, зразумела, грунтаваўся на асабістых уражаннях ад прачытанага, якія прайшлі ўжо выпрабаванне часам.

Шаноўны чытач, я ўпэўнены, сам разбярэцца ў вартасцях гэтых твораў. А выдаўцам – паклон за іх жаданне весці дыялог з чытачом на сучаснай мове, у сістэме сучасных мастацкіх каардынат, не хапаючыся за «вечна жывую» класіку. Магчыма, такі падыход якраз і паспрыяе вяртанню жанру аповесці ў шырокі кантэкст сучаснага культурнага жыцця…

Алесь Карлюкевіч,
старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі

Алена Брава

НЕМАГЧЫМА КАРЫСТАЦЦА ЧУЖОЙ ПАМЯЦЦЮ!

У беларусаў была і застаецца выдатная літаратура пра Вялікую Айчынную вайну. Але гэта ў большай ступені літаратура франтавікоў, партызан (Васіль Быкаў, Іван Шамякін, Іван Навуменка, Тарас Хадкевіч, Алесь Савіцкі, Алесь Адамовіч, Янка Брыль), а яшчэ – дзяцей вайны (Іван Чыгрынаў, Барыс Сачанка, Мікалай Чаргінец). А што датычыць маладзейшых пісьменнікаў, якія адважыліся напісаць пра Вялікую Айчынную вайну ўжо ў XXІ стагоддзі, – іх не так і многа. Сярод іх – Алена Брава з аповесцю «Дараванне».

Упершыню аповесць была апублікавана ў часопісе «Маладосць» у 2011 годзе. Пераклад на рускую мову, які выйшаў у часопісе «Сибирские огни», трапіў у доўгі спіс агульнарасійскай літаратурнай прэміі «Ясная поляна» за 2011 год. А ў 2013 годзе ў выдавецкім доме «Звязда» пабачыла свет кніга на трох мовах (беларускай, рускай і нямецкай) тыражом 1418 экзэмпляраў (столькі дзён доўжылася Вялікая Айчынная вайна).

У аповесці даследуецца феномен памяці – гістарычнай, асабістай. У анатацыі да аднаго з выданняў «Даравання» гаворыцца наступнае: «Старажытнагрэчаскае слова “алетэйя” (“ісціна”) літаральна азначае “адсутнасць забыцця”. Страціўшы памяць, непазбежна губляеш ісціну». Сярод звычайных людзей: Ральфа, Лады, Светы, – якія думаюць пра што заўгодна, толькі не пра мінулую вайну, парадаксальным чынам толькі хворы Ганс застаецца чалавекам, якому ўласціва «ісціна як адсутнасць забыцця». У сваёй свядомасці ён упарта намагаецца выправіць падзеі 1944 года і адпомсціць за смерць беларускай дзяўчыны Зосі, якую не здолеў тады ўратаваць. Праз 70 гадоў пасля тых падзей у Ганса з’яўляецца сядзелка з Беларусі, і стары яшчэ глыбей занураецца ў мінулае. Блукаючы разам з Гансам па шляхах яго балючых успамінаў, Ларыса перажывае трагедыю спаленай фашыстамі вёскі і сваёй сям’і. Вакол віруе звычайнае жыццё, а Ганс і Ларыса штодня як бы пражываюць мінулае ва ўсёй яго трагічнай незавершанасці. Пытанні, якія ўвесь час задае сабе Ларыса: «Чаму калектыўны вопыт катастроф нічому не вучыць новыя пакаленні? Чаму немагчыма пакарыстацца чужой памяццю? Што гэта ўвогуле такое – чалавечая памяць: набор асабістых вопытаў ці штосьці большае?» Аповесць ставіць і іншыя пытанні. А яшчэ гэта твор пра каханне, мацнейшае за смерць, пра старасць, пра суперажыванне.

Алена Валер’еўна Брава – не толькі празаік, але і паэт. Нарадзілася ў 1966 годзе ў Барысаве, на Міншчыне. У 1989 годзе скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Жыла разам з мужам і дачкою на Кубе. Вярнуўшыся ў Беларусь, доўгі час працавала ў журналістыцы. Зараз – намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Алеся». Дэбютавала ў літаратуры зборнікам вершаў, потым звярнулася да прозы. Шырокі чытач фактычна адкрыў аўтара па аповесці «Каменданцкі час для ластавак». Яе апавяданні, аповесці, раманы публікаваліся ў беларускіх часопісах «Маладосць», «Полымя», «Нёман», а таксама ў расійскіх выданнях – «Сибирские огни», «Новый Берег» і інш., у шматлікіх анталогіях. Алена Брава – аўтар пяці кніг прозы, лаўрэат шэрагу літаратурных прэмій. Крытыкі адзначаюць нязменныя якасці прозы пісьменніцы – эмацыйную шчырасць, паэтызаванасць стылю, псіхалагізм, увагу да сімвалічнага і метафарычнага асэнсавання рэальнасці.

Дараванне

Ганс знік апоўдні.

Перадусім яе «хэндзі» якраз зазваніў у самы нязручны момант, – яна толькі што ўвайшла ў дом і, калі ласка, натрапіла на старога, які ўладкаваўся ў гасцёўні як ні ў чым не бывала: наліў ліманаду ў іржавую каструлю для садовых угнаенняў (дзе толькі адшукаў!), размачыў там кардонку з-пад яек і ўжо старанна жуе яе. Выцвілыя вочкі рэдкага блакіту, што тое эмалевае неба над вежамі старажытнага Кайзербурга, цурочак сліны сцякае па маршчастым падбароддзі – давялося неадкладна надзяваць гумовую пальчатку, каб выцягнуць у яго з рота кавалкі кардону, і на званок яна не адказала.

Мелодыя «Beethoven fantasy» хутка раздалася зноў; тэлефанавала яе суайчынніца Лада, родам з Віцебска, прапаноўвала паехаць на сеанс нейкай варажбіткі, нібыта ўнучкі сібірскага шамана, а верагодней за ўсё, чарговай аферысткі (бедныя немцы! панаехала ж нас на вашую галаву!): «Ты ж нарадзілася ў шэсцьдзясят шостым, табе кроў з носа патрэбна, у цябе лёс закрыты, дзве шасцёркі на канцы!» Карацей, калі Ларыса, адклаўшы, нарэшце, мабільнік, вярнулася ў гасцёўню, каб даць Гансу яго звычайную дозу мелперону, старога там ужо не было.

Зазірнула ў ягоны пакой, голы, нібыта канура айчыннага алкаголіка, а не апартаменты баварскага пенсіянера, там было пуста, толькі старое люстэрка з’едліва, як ёй падалося, мігцела вышчарбленай амальгамай; але тут напаўадчыненыя ўваходныя дзверы з прымацаваным да іх з унутранага боку небіткім люстэркам (па парадзе лекара і прымацавалі, маўляў, уласны адбітак адцягвае хворага ад намеру ўцячы з дому), – уваходныя дзверы, якія Ларыса забылася замкнуць, усё растлумачылі. Пакуль яна размаўляла па тэлефоне, стары збег!

Кінулася на адзіную вуліцу вёскі; як быццам бы ідучы на шпацыр (галоўнае – не прыцягваць увагі, адразу ж данясуць у бальнічную касу, што «гэтая руская» дрэнна даглядае хворага), але ўсё ж дастаткова шпаркай хадой прайшлася міма прыватных парадызаў з пунсовымі ды залатымі цюльпанамі, раскошнымі нарцысамі, падобных да дарагіх магазінаў свяцільняў, дзе ўзялі дый запалілі ўсе лямпы адразу, вось толькі размешчаны яны па капрызе моднага дызайнера не ўверсе, а ўнізе. Суседкі старанна працавалі ў палісадніках; іх шыйныя хусткі, якія варушыліся ад ветру, нагадалі ёй узнімаючых галовы змей.

 

Старога на вуліцы не было.

Пакуль ішла назад, узгадвала ўчарашняе: вярнуўшыся з Эбенсфелда, знайшла Ганса ля люстэрка – стаяў, не запальваючы святла, худыя ногі ў перакручаных сподніках, майка нацягнута на швэдар (апранаўся сам), пух на цемі нібыта мох на камені-кругляшы, якіх багата ў наваколлі. Стаяў, утаропіўшыся ва ўласны адбітак. Што ён мог бачыць там у цемры? Кранула за плячо – Ганс зірнуў на яе не пазнаючы і зноў звярнуўся да люстэрка, замшэлы правал рота манатонна, без усялякага выразу, прашамкаў: «Тут халодна… няма ежы… няма запалак… нікога няма…» – менавіта так яна зразумела сэнс ягонага мармытання. Перад ёю стаяў вар’ят, які перакрэсліў ужо рэальнасць яе існавання, і яна стомлена ўсміхнулася: мо яе насамрэч няма? Вось было б цудоўна! А праз хвіліну раздаліся хрыплыя гукі, як быццам бы скрыгоча заезджаная кружэлка, гэта ён заспяваў: «Auf Wiedersehen… Auf Wiedersehen…», нават правай рукой паспрабаваў камусьці ў люстэрку памахаць, нібыта на развітанне, а потым выцягнуў гэтую руку перад сабой: «Sieg Heil!», але не ўтрымаў раўнавагі ды паваліўся б на падлогу кулём, калі б яна яго не падтрымала.

Яна тады адцягнула ўвагу хворага ад люстэрка, панадзіўшы яго цукровым пячэннем (безадмоўны сродак пераключэння рэальнасцей, што нязменна вяртаў Ганса ў тут-і-цяпер), дапамагла ўкласціся ў ложак, скарміўшы яму разам з пячэннем двайную дозу мелперону. І задумалася – у які ўжо раз! – над тым, як вычварна блукае ў лабірынтах мінулага зацямнёная свядомасць. Для яе, зразумела, не адкрыццё, што няўхільнае сціранне ўсіх адбіткаў рэальнага свету – адметная рыса хваробы Ганса, у аснове якой ляжыць працэс прагрэсіруючай гібелі нейронаў. Упершыню апісаны Альцгеймерам від бяспамяцтва даволі распаўсюджаны тут, у Германіі; паўгода таму памёр іх сусед Паўль, такі ж прыдуркаваты стары, да таго ж апантаны жарсцю да бадзяжніцтва, яго брату-пенсіянеру даводзілася з ім нялёгка. Ральфу таксама хапіла б клопатаў з уласным бацькам, калі б не яна, Ларыса. Час ад часу пагібаючыя нейроны Ганса, штуршкамі прарываючы плеўку беспамяцтва, – так рыба выкідваецца на бераг з атручанага вадаёма, – выносяць на паверхню тыя ці іншыя небіткія асколкі. «Зіг Хайль…» Ну а ты чаго хацела – каб ён зацягнуў «Вставай, страна огромная»?

Пра тое, як усё пачыналася, яна ведае па расказах Ральфа. Калі Ральф Краўз, другі яе законны муж, прывёз сюды яе са Светкай, якую вырашыў удачарыць, Гансаў маразм ужо пышна квітнеў, драпежна распростваючы свае пялёсткі колеру змяркання, воўчай ягады. Яшчэ пяць гадоў таму, казаў Ральф, Ганс быў дабрадушным старым з белым пухам на цемі ды па-дзіцячаму ясным позіркам за шкельцамі акуляраў. Увесь вольны час ён праводзіў у куратніку: развядзенне курэй было ягонай жарсцю. На сваім «фальксвагене» ездзіў у бліжэйшы горад, Эбенсфелд, дзе прадаваў яйкі нясушак знаёмым пенсіянеркам, з якімі бавіў ціхія вечары за кубкам кавы. Змярканне розуму пачалося досыць бяскрыўдна: стары стаў забываць дні нараджэння сваякоў і даты аплаты рахункаў. Увечары забываў, што ранкам стрыгся ў цырульні ці здаваў у лекара кроў на аналіз; бліжэйшыя дні хтосьці нібыта акуратна вымаў з ячэек, і лакуны памяці пусцелі. І пакуль Ральф апісваў ёй казусы, якія адбываліся з бацькам у банку ды ў супермаркеце, яна ўзгадала пра тое, што старажытнагрэчаскае слова «а-летэйя», то бок ісціна, літаральна азначае «адсутнасць забыцця». Страціўшы памяць, непазбежна губляеш ісціну. Прыкладам, той, хто пакутуе на хваробу Альцгеймера, імгненна забывае, што было ўчора, затое падзеі, якія адбываліся паўвека таму, паўстаюць перад ім як ніколі ярка. Ён не можа больш напісаць ані слоўка, нават калі быў першым вучнем у школе, не ўсведамляе, калі да яго звяртаюцца, перастае пазнаваць знаёмыя твары; тканка быцця, што складаецца са звычак, расплятаецца, як прагнілы гамак, і чалавек правальваецца ў пустату. У фінале адбываецца распад усіх навыкаў, застаюцца адно прымітыўныя рэфлексы. Усё гэта растлумачыў ім псіхіятр, на прыём да якога яны з Ральфам вазілі Ганса; і яшчэ ёй запомнілася, што розныя праявы той хваробы носяць нечакана прыгожыя грэчаскія назвы: агнозія, афазія, апраксія – тры сястры, тры антыподы Мнемазіны.

Ральф заўважыў дзівацтвы ў паводзінах бацькі, калі той раптам забыў рэцэпт соусу, які гатаваў ужо гадоў сорак да нядзельных страў, – гатаваў на старой электраплітцы, бо новая пліта, занадта «нагорнутая», з панэлямі пукатых кнопак, якую Ральф купіў у крэдыт, у свае сорак пяць запланаваўшы, нарэшце, ажаніцца (тое, што нявесты яшчэ не было ў наяўнасці, яго не бянтэжыла), аказалася для старога занадта складанай. Потым высветлілася, што Ганс запамятаваў, як робіцца кава; аднойчы ён вырашыў закіпяціць на электраплітцы малако ў пластыкавым кубку – пах ва ўсім доме стаяў яшчэ той, але сам стары яго не адчуваў: якраз перад тым у яго раптоўна знік нюх. Калі ж ён стаў ездзіць па цэнтры дарогі, не прытрымліваючыся правай паласы і не рэагуючы на сігналы кіроўцаў, а потым пакінуў у Эбенсфелдзе «фальксваген» адкрытым насцеж і рушыў дадому пешшу, яго давялося адлучыць і ад машыны. Менавіта тады пачалася Вялікая Эпоха Ключоў: Ганс пераварочваў усё ў пошуках ключоў ад «фальксвагена», хаваў звязку ад уваходных дзвярэй і паштовай скрыні, пры гэтым, зразумела, імгненна забываючы куды; цяпер ужо ключы пачынаў шукаць Ральф, і той пошукавы сверб, нібыта заразная бацыла, адразу ж перадаваўся кожнаму, хто ўваходзіў у дом. Ганс па дваццаць разоў на дзень спускаўся ў гараж, каб паторгаць за ручку дзверцы машыны, але адным ранкам паглядзеў на свой «фальксваген» з адцягненай цікаўнасцю натураліста, нібыта гэта – адноўлены для Мюнхенскага музея прыродазнаўства шкілет брантазаўра. Пра існаванне агрэгата, што рэгулюе ступень абагравання дома газам, агрэгата, які сам жа і ўстанаўліваў чвэрць стагоддзя таму, ён неяк вельмі хутка забыўся, а вось пра печ і дровы помніў доўга, і паліў так, што ў доме стаяла сапраўдная Сахара. Гэта, натуральна, злавала Ральфа: яму нарыхтоўваць дровы. Калі раней Ганс штодня чытаў мясцовую газету, то цяпер праглядваў толькі калонку з некралогамі, а ў хуткім часе ўжо і не разумеў, навошта патрэбны той шматок паперы з жучкамі-літаркамі. А ў васьмідзясяты дзень свайго нараджэння (Ларыса якраз аформіла ў бальнічнай касе штомесячную дапамогу па доглядзе – цяпер яна лічылася афіцыйнай Kránkenpflegerin хворага, то бок сядзелкай) вельмі здзівіў суседку Аліцыю, якая зайшла на кубачак кавы, на яе ветлівае: «Колькі табе споўнілася, Ганс?» – урачыста адказаўшы: «Сямнаццаць!» – «Дык табе вядома, як павярнуць час назад, Ганс!» – успляснула рукамі суседка, але ён, ужо забыўшыся пра яе, прагна жаваў пірог, спечаны новай сядзелкай, – што-што, а апетыт у яго заўжды быў выдатны, нават булачкі для сняданку яна пачала хаваць, бо ўсё, неабачліва выкладзенае на стол, ён з’ядаў уночы, а раніцай забываў і патрабаваў яшчэ.

Аліцыя! Магчыма, Ганс накіраваўся да яе – па інерцыі памяці, як у тыя гады, калі днямі прападаў у куратніку, а яйкі нясушак прадаваў суседцы па сходнай цане? Яна кінулася праз жывую агароджу да дома, паспела нават пазваніць у дзверы, калі ўзгадала (не, усё ж такі догляд за вар’ятам ўплывае і на яе розум), што Аліцыя ўчора вылецела ў Вашынгтон на пахаванне адзінага сына, грамадзяніна ЗША, які падарваўся на міне ў Іраку. І калі ў дзверы высунуўся заспаны, але нават у такім выглядзе нязменна хітраваты твар Отта: «Што здарылася? Патрэбна дапамога?» – яна ўжо зразумела, што Ганса тут няма, але на ўсякі выпадак спытала, нават па прапанове гаспадара разам з ім абышла дом ззаду і зазірнула ў сад. Отта лічыў неабходным рабіць сур’ёзны твар, напэўна, з-за Майка (а сам пры гэтым так і шнарыў вачыма па яе грудзях, нагах); зрэшты, было абсалютна відавочна, што яму пляваць на гэтага Майка, які так і не здолеў дараваць маці разводу з ягоным бацькам-амерыканцам, а калі Аліцыя вярнулася ў Германію, дзе ў другі раз пабралася шлюбам, назаўжды спыніў зносіны з ёю. Аб жыцці сына Аліцыя даведвалася праз прыватнае дэтэктыўнае агенцтва (якому, дарэчы, плаціла немалыя грошы): стаў ваенным псіхолагам, мяняў месцы службы, адправіўся ў Ірак, між іншым, добраахвотна. Недарэчная яго смерць мусіць пячы бессардэчную маці гарачым жалезам пажыццёва – вядома, з пункту гледжання нябожчыка (стоп, ці можа ў нябожчыка быць пункт гледжання?). Але яна, жонка Ральфа і сядзелка Ганса, даўно пасвячоная суседкай ва ўсе яе таямніцы, – яна дык ведала, аб чым насамрэч плакала Аліцыя за тры гадзіны да адлёту самалёта: хітраваты Отта ў час камандзіроўкі ў Прагу зблытаўся з маладзенькай чэшскай прастытуткай (якая ўзяла яго тым, што «галасавала» ля дарогі ў ботах-панчохах і даўгім норкавым футры на голае цела) і, па чутках, нават прыжыў з ёю дзіцёнка. Сына Аліцыя не бачыла пятнаццаць гадоў – ці магла яна, калі ўдумацца, шчыра плакаць па незнаёмым барадатым мужчыне, які анітрохі не нагадваў дванаццацігадовага хлопчыка, пакінутага ёю ў Амерыцы? Гады ідуць, і нічыя смерць больш не становіцца доказам.

Як і нічыё жыццё. Яе, Ларысы Вашкевіч-Краўз, у тым ліку. Ды ці было яно ў яе, жыццё? Зразу-мела, было, досыць беспрасветнае, як на яе думку. Толькі вось у яе роднай краіне, дзе прызвычаіліся да звышдосведу болю, а чалавечая пакута вымяралася такімі маштабнымі катаклізмамі, як вайна, рэпрэсіі, Чарнобыль, яе асобна ўзятае няшчасце нікога не ўражвала дый увогуле мала што значыла. Школа ў райцэнтры, крыклівыя лозунгі ды яйкападобныя гіпсавыя галовы правадыроў – ад гэтага фантастычнага існавання мозг абараняўся абсалютна рэальнай стратай зроку: так запацявала люстэрка ў ванным пакоі, варта было ўключыць занадта гарачую ваду, і ў ім ужо нельга было нічога ўбачыць, хіба што намаляваць на вільготнай паверхні фігуру з трох пальцаў. Фігура атрымлівалася надзвычай падобная да адзінага профілю трох стваральнікаў «вялікага вучэння» – трохгаловай істоты, якая глядзела з усіх школьных падручнікаў і размнажалася простым дзяленнем, няйнакш: толькі такім малазатратным чынам можна было напладзіць столькі вырадкаў-блізнюкоў. «Ты павінна насіць акуляры і сядзець на першай парце!» – яна і сядзела за першай партай у нязграбных акулярах з чорнай аправай, дзяўчынка Дай-Спісаць, але зрок усё роўна працягваў падаць… Ну а што там далей было, га? Ды вядома што: ВНУ, метры друкаванага тэксту, якія можна было разаслаць накшталт «дарожкі», – ага, дыван-самалёт, які транспартаваў іх, старанных зубрылак навуковага (быццам бы) камунізму ў краіну, якой насамрэч, натуральна, не існавала, а існавала іншае: вечная галеча, мокрыя ногі, абгорнутыя газетай (дзякуй, маці навучыла) усё з тымі ж красамоўна канстатуючымі факт усеагульнага і поўнага працвітання тэкстамі – мокрыя ногі ў працякаючых, яшчэ матчыных ботах… Давучылася такі да дыплома і пакойчыка ў інтэрнаце; у дадатак – мацюканне суседзяў-пралетараў за сценкай, а потым і шлюб, і хуткае развітанне з ілюзіяй, што ўсё ў яе зараз будзе «як у людзей». Зрок між тым зніжацца працягваў, нібыта яе вынаходлівы мозг імкнуўся хутчэй размыць карцінкі, што яму паказвалі, – каб выжыць самому, не абрынуцца ў істэрыку з рэзаннем вен (як суседка па інтэрнаце) альбо банальны псіхоз.

А карцінкі былі адныя і тыя ж, звыклыя, як штамп у пашпарце, як запаскуджаны павільёнчык пад акном з надпісам «Піва-Воды»: муж, які «патрыятычна» прапівае заробак разам з алкашамі менавіта з роднага завода; хваробы, яе і Светчыны, забруджаныя лазарэты з няўлоўным унутрыбальнічным стафілакокам, што прытаіўся накшталт лах-нэскага монстра, самадурства люмпенаў ад медыцыны з іх жывёльным чуццём на чужую безабароннасць: неапахмеленыя санітаркі з аднолькавымі «ліхтарамі» на сінюшных фізіяноміях расчыняюць насцеж дзверы адзінага на ўвесь паверх сарціра са зламанай зашчапкай, не звяртаючы ўвагі на тое, ці ёсць хто ўнутры. Смерць маці ад інсульту, перадусім – яе гніенне жыўцом у перапоўненым калідоры, дзе інтымнасць растаптана, няма ўжо ні мужчын, ні жанчын, адно бясполыя шматкі мяса, як перад печчу крэматорыя. Муж між тым дапіўся ўжо да таго, што прайграўся блатным (тады, у сярэдзіне дзевяностых, крымінальнікі пачуваліся досыць вольна), і змрочнага выгляду бугаі ў наколках моўчкі вынеслі з кватэры маці тэлевізар, мэблю, яе і Светчыны рэчы. І, нарэшце, фінал – муж, які павесіўся з дапамогай дзягі на трубе батарэі ацяплення ў той пустой, хоць у футбол гуляй, аднапакаёвай кватэры.

Вось тады, пасля другіх за год хаўтураў, лежачы начамі без сну, Ларыса і зразумела, што страта зроку выратоўвала яе ад страты розуму: яе «я» інстынктыўна хавалася ў кокан слепаты, каб не бачыць, а жыццё гвалтоўна раскрывала ёй вочы – не, адразала павекі! – і вось яна цяпер успрымае свет аголенай сятчаткай, як, напэўна, успрымалі Сонца будыйскія містыкі, якія самі рабілі над сабой тую бязлітасную аперацыю, каб сон не адцягваў іх ад пошукаў Абсалюту. Але містыкі, трэба аддаць ім належнае, рабілі гэта якраз дзеля таго, каб стаць відушчымі; яна ж, атрымліваецца, стала сляпой па ўласным жаданні – вось дык адкрыццё! – і нават доўга, надта доўга закрывала вочы рукамі, каб захаваць свае ілюзіі. Аднак жыццё, як кат, што прымушае глядзець на пакуты роднай істоты, аддзірала яе рукі ад яе ж органаў зроку, – зусім не са шкоднасці, не са скрупулёзнага садызму, не з жадання заперці яе ў псіхушку з дыягназам «эндагенная дэпрэсія», а каб, наадварот, выратаваць. А можа, увогуле і не дзеля яе, трыццацітрохгадовай наіўнай дурышчы з тыповым нацыянальным комплексам шматпакутніцыгаротніцы яно, жыццё, выкладвалася (каму мы, адпрацаваны біяматэрыял, цікавыя?), а, як водзіцца ў прыроды, аб «падрастаючым пакаленні» клапацілася. І, праз некалькі год знайшоўшы ў дачкі спадчынную міяпію, яна не стала чакаць горшага і па парадзе ўвішнай сяброўкі, ні на што асабліва не спадзеючыся, адправіла сваю анкету ў шлюбнае агенцтва. «Мы падбяром вам заможнага (замежнага!) мужа», – вось і падабралі, і на што ёй, уласна кажучы, скардзіцца? Калі ж яна даведалася, што Ральф, клапоцячыся пра здароўе, робіць ранішнія прабежкі і ўвогуле не ўжывае алкаголю, гэты адзіны аргумент паставіў кропку на ўсіх яе ваганнях.

 

Аднойчы – было гэта неўзабаве пасля прыезду ў Германію – яна адправілася ў краму за парашком для ручнога мыцця бялізны. На паліцах стаялі дзясяткі пакункаў, слоікаў, бутляў любога памеру, колеру, кансістэнцыі ды паху, эпатуючы яркасцю фарбаў і характарыстыкамі змесціва – але ўсе, абсалютна ўсе прызначаліся для аўтаматычных пральных машын! Зразумела, была такая машынка і ў Ральфа, але… ураджэнка краіны, дзе прачкі ў недалёкім мінулым займаліся ў асноўным тым, што кіравалі дзяржавай, а таму клапаціцца пра чысціню бялізны не было каму, яна не ўмела карыстацца цуда-аўтаматам, баялася зламаць… І зламала-такі адразу, калі, нарэшце, адважылася пакласці туды сваю бялізну, да якой сама прымяняла дыпламатычны эўфемізм «са стажам», – было не да смеху, калі машына выплюнула шматкі, а металічная «костка» ад гарсэта трапіла ў барабан, і дзікі скрыгат, які раздаўся пасля гэтага, прымусіў нават Ральфа вывернуць кубак з гарачай гарбатай сабе на калені. Ларыса ніколі не забудзе твар майстра, які быў неадкладна выкліканы, гэтага ад нараджэння цывілізаванага нямецкага майстра, якому і ў галаву б не прыйшло падкоўваць блыху, затое свае прамыя абавязкі ён прывык выконваць з веданнем справы, – трымаючы ў руцэ выцягнуты з барабана пакамечаны абломак, ён ветліва і разам з тым разгублена пытаўся: «Што гэта можа быць?!» Вось у гэты момант яна і ўсвядоміла, што глыбіня бездані, якая раздзяляе – нават у дробязях, і ў першую чаргу менавіта ў дробязях! – дзве цывілізацыі, якія ўмудрыліся паралельна суіснаваць на рубяжы тысячагоддзяў на еўразійскім кантыненце, зводзіць да нуля любую магчымасць узаемаразумення. Ну што тут паробіш: ні ў яе маці, фабрычнай рабочай, ні ў яе самой ніколі не было пральнай машыны-аўтамата, таму і прыйшла яна ў краму за звычайным парашком… Прадавец, якому баязліва выказала сваю просьбу, вылупіў на яе вочы і развёў рукамі.

Выйшаўшы з крамы на брукаваную вуліцу – камяні пад нагамі былі такія чыстыя ды гладкія, як быццам бы іх вымылі найдалікатнейшым дзіцячым шампунем, – яна села на лаўку насупраць велічэзнага куста руж, якія глядзелі навокал з годнасцю каранаваных асоб, – кветкі на ўбогіх клумбах яе правінцыйнага гарадка прасякнуты страхам, што іх патопчуць, вырвуць з коранем, ліквідуюць як клас, і таму намагаюцца выглядаць драбнейшымі, непрыкметнейшымі, прыніжана сціснуцца ў камяк, як і людзі ў тым горадзе, – нават кветкі разумеюць, дзе ім выпала нарадзіцца! Хіба яе маці не магла пражыць зусім іншае жыццё? Паўдня яна тады праплакала аб маці, змардаванай катаржным бытам, і вырашыла, што дзеля Светкі, так, толькі дзеля дачкі яна, Ларыса Вашкевіч, з яе такім няўдалым (д’ябал ведае чаму!) жаночым лёсам будзе цярпець маразматычныя выхадкі Ганса, не больш страшныя, чым бяскрыўдныя нумары дзіцячага ранішніка ў спецгрупе для даўнаў у параўнанні з тым, што яна спазнала дома.

Зрэшты, бывалі ў Ганса і моманты яснасці, калі хвароба раптам пераставала навальвацца на яго мозг, як мядзведзь на бабу, што заблукала ў малінніку (між іншым, іх суседка Аліцыя, адукаваная еўрапейка, дагэтуль лічыць, што на радзіме Ларысы, у Расіі («Я з Беларусі», – звыкла папраўляе яна Аліцыю), мядзведзі разгульваюць проста па вуліцах разам з абутымі ў лапці абарыгенамі). У такія моманты Ганс шчыра радаваўся яе прысутнасці ў доме і нават рабіў маленькія падарункі: прачнуўшыся раніцай, яна знаходзіла на тумбачцы сарамліва пакладзены з краю букецік маргарытак, або загорнутую ў танюткую духмяную паперу брошку, або залацістую круглую бляшанку з надпісам «Danish Butter Cookies», бляшанку, якая сама па сабе з’яўлялася шэдэўрам, а ўжо разнастайнае cookies, то бок печыва, якое ў ёй ляжала, на выгляд і на смак увогуле, на яе думку, не прызначалася для простых смяротных. Ён хваліў прыгатаваны ёю абед, распытваў пра дом, мясціны, дзе нарадзілася. Аднойчы назваў яе Зосяй… «Ганс, чаму – Зося?» Ён не пачуў, або прыкінуўся, што не чуе, а потым спытаў, ці бывала яна ў… і назваў невялікі беларускі горад. Зразумела, бывала, адказала яна, там жыла яе бабуля. «О, бабуля!» А ці ведае яна такое месца за горадам, там ваенны аэрадром, а побач лес і яр… Зразумела, ведае. Аэрадрома даўно няма, там цяпер пабудавалі санаторый для ветэранаў вайны. «О, санаторый? Для ветэранаў?» – як быццам бы здзівіўся Ганс, і яна пацвердзіла: так, санаторый. І дадала, узгадаўшы: там побач мемарыял. На гэтым месцы ў час вайны былі расстраляны яўрэі, шмат яўрэяў, восем або дзесяць тысяч… і асяклася. Тут ён заплюшчыў вочы, паказваючы, што размова скончана, а праз хвіліну зацягнуў хрыплым фальцэтам: «Im Namen des Vaters, des Sohnes und des heiligen Geistes… Amen… Auf Wiedersehen… Auf Wiedersehen… Morgen um 9 Uhr gehen wir nach Hause, nach Hause, zu meiner Mutter…»[1]Зразумеўшы сэнс, яна вырашыла, што ён спрабуе ўзгадаць адну з песень, якія спявалі нямецкія салдаты на мінулай вайне, але пацвердзіць дакладнасць яе здагадкі не мог цяпер ніхто.

Раптоўная думка аб тым, што Ганс, магчыма, насамрэч вярнуўся дадому і хаваецца цяпер у куце за дровамі, прымусіла яе хутка ўзбегчы на ганак, зазірнуць у рабочую каморку, дзе захоўваюцца дровы, знаходзяцца печ і газавы агрэгат… Неўзабаве пасля размовы пра беларускі горад у яго і ПАЧАЛОСЯ. Стары прызвычаіўся ўночы перацягваць дровы з каморкі ў свой ложак. Але каб толькі дровы: не запальваючы святла, у поўнай цемры перасоўваў мэблю, вытрэсваў скрыні з тумбачак, выкідваў адзенне з шафы, здзіраў бялізну з ложкаў – свайго і нябожчыцы Эльзы, перакульваў крэслы, расчыняў насцеж вокны, так што ўсе гаршкі Ральфа з геранямі аказваліся на падлозе. Працаваў моўчкі, агрэсіўна адштурхоўваў яе заспакойваючыя рукі. Іншым разам, учыніўшы вэрхал, клаўся спаць, а раніцай – ну проста нявіннік! – абураўся, што Ральф і суседка нібыта змовіліся і ўчынілі ў яго пакоі гэты «ўнорднунг» (нойе орднунг, новы парадак – выбурбольвала неадкуль з патрывожанай памяці, яна нават здзіўлялася сама сабе: трэба ж, для колькіх яшчэ пакаленняў нямецкая мова застанецца звязанай з тым акупацыйным neu Ordnung’ам?). Налілі вады ў яго ложак, працягваў свае бязглуздыя абвінавачанні Ганс, і было бессэнсоўна тлумачыць, што гэта ён пакутуе на нетрыманне; аднойчы, убачыўшы праз акно суседку, паведаміў той, што «ў наступны раз» заявіць на яе ў паліцыю. Давялося прыбраць з яго пакоя ўсё лішняе, ператварыўшы той у нешта накшталт карцара або палаты для звар’яцелых, разабраць і вынесці ложак Эльзы, схаваць абрусы, пакрывалы, адмовіцца нават ад настольнай лямпы ў металічным корпусе, якую хворы з невытлумачальным раздражненнем рэгулярна кідаў на падлогу. «Вось акупант пракляты», – напаўголас лаялася яна, урэшце, без злосці, падбіраючы лямпу. Выкруцілі і ручку з аконнае рамы, але тое было пазней; а тады, у адну з тых вар’яцкіх начэй, стаміўшыся назіраць, як ён гародзіць клад дроў на падушцы, яна падышла, кранула за плячо: «Ганс, што ты робіш?» – але ён нават вухам не павёў, верагодна, таму, што ў дадатак да ўсяго быў амаль глухім, а карыстацца слыхавым апаратам не хацеў: той бесперапынна звінеў – парушэнне кантакту, – і для таго, каб стары чуў, ёй прыйшлося б увесь час прытрымліваць у ягоным вуху апарат, – занятак, ад якога яна ў рэшце рэшт адмовілася. Таму сваё пытанне ёй давялося паўтарыць некалькі разоў: «Што ты робіш?» Палец з паточаным грыбком пазногцем тыцнуў у люстэрка: «Яны наступаюць!» – «Хто, Ганс?» – «Рускія! Іх шмат! Трэба схавацца…» – «Гэта ж люстэрка, Ганс, а ў ім проста нашы адбіткі!» Але тлумачыць яму тое было ўсё роўна, што пляваць супраць ветру.

1«Im Namen des Vaters, des Sohnes und des heiligen Geistes… Amen… Auf Wiedersehen… Auf Wiedersehen… Morgen um 9 Uhr gehen wir nach Hause, nach Hause, zu meiner Mutter…» (ням.) – «У імя Айца, Сына і Святога Духа… Амінь… Бывайце… Бывайце… Заўтра ў 9 гадзін пойдзем мы дамоў, дамоў, да маёй маці…»