Czytaj książkę: «Пяшчотна да сябе. Кніга пра тое, як шанаваць і берагчы сябе», strona 4
Напамінак пяшчоты да сябе
1. Расстаўленыя прыярытэты робяць жыццё больш устойлівым, а вас – больш зразумелай для іншых. Няма нічога ганебнага ў словах: «Цяпер мне важнейшае іншае».
2. Не грэбуйце падрыхтоўкай да доўгага і цяжкага перыяду-прыярытэту ў будучыні (доўгатэрміновага праекта, цяжарнасці, дэкрэта або выхаду з яго, атрымання другой адукацыі, эміграцыі і інш.). Падумайце, як вы будзеце аднаўляць сілы, вызначце свае «кропкі радасці», якія будуць вас матываваць працягваць шлях. Паразважайце, ад чаго вам давядзецца на час (ці назаўжды) адмовіцца, – і абавязкова загадзя адгаруйце гэтую страту, пражывіце расстанне ў думках.
3. Прымайце ў разлік абмежаванасць сваіх рэсурсаў і не патрабуйце ад сябе гераічных учынкаў. Важнага не бывае шмат. Няхай вашы прыярытэты берагуць вас ад бязладных выпадковых сувязяў і надзейна абараняюць каштоўнасці таго этапу жыцця, на якім вы знаходзіцеся.
4. Беражыце і песціце ўнутраныя мурашачкі. «Не пытайся, што трэба свету. Спытай сябе, што робіць цябе жывым. Потым ідзі і займіся гэтым. Свету патрэбныя жывыя людзі»17.
Пяшчота чацвёртая. Даросласць
сталей, але і не думай старэць,
смерць існуе, але гэта ўсяго толькі смерць,
даніна закону кантрасту чорнага з белым.
не нумаруй старонкі жыцця дарэмна —
час не пакіне нікога цэлым.
што ж застаецца? помніць імёны, твары ды словы,
межамі пагарджаць, рушыць муры чарговыя,
кахаць і згараць у гэтым сардэчным пажары
і ведаць: усё мае сэнс, нічога не марна.
Ксенія Жалудова
Усё дзяцінства я марыла хутчэй стаць дарослай, каб здабыць «незалежнасць». У свой першы шлюб я ў літаральным сэнсе збегла, і перш за ўсё – з дому, таму што прага аддзялення была велізарнай, а мазгоў, каб прыдумаць, як гэта зладзіць без рашэнняў такога маштабу, не хапіла.
Пры гэтым дом, у якім я вырасла, здаваўся мне месцам, куды я заўсёды змагу вярнуцца, калі жыццё прыцісне, і дзе мяне сардэчна сустрэнуць з адбымкамі. Я шчыра верыла ў гэта, пакуль псіхолаг у працэсе тэрапіі не сказала мне, што дарма.
Дом бацькоў – гэта дом бацькоў, а мой – гэта той, які я пабудую сама.
Гэтая думка сагнула мяне тады напалам. Мне спатрэбілася некалькі гадоў, каб па-сапраўднаму яе зразумець. І пачаць сталець.
З таго часу я шмат думаю пра тое, што такое быць дарослай і ці магу я назваць сябе такой. Фармальна – так: узрост 35+, сям’я, дзіця, дом, вышэйшая адукацыя, праца, адлічэнні ў пенсійны фонд. Аднак мне ўсё яшчэ складана сказаць пра сябе «я дарослая» без таго, каб не скаціцца ў іронію і ха-ха пра «цётку» і «ўжо можна».
І гэта палохае. Бо да сваіх гадоў я нямала праз што прайшла, каб ясна бачыць прорву паміж дзіцячымі страхамі, жаўтаротым юнацтвам і спакойнай упэўненасцю чалавека, які жыў жыццё, а не толькі чытаў пра яго.
Наўскідку магу ўспомніць усяго некалькі чалавек, якіх я адчуваю як дарослых і якія зачароўваюць мяне ўменнем выразна фармуляваць думкі, працаваць з рэальнасцю, разбірацца са сваімі абмежаваннямі і чужымі межамі, смяяцца і плакаць ад усёй душы, але без публічных разбораў траўмаў – такога незразумелага мне прылюднага агалення да костак.
Зыходзячы з колькасці рэкламы тэматычных трэнінгаў, сёння моцны запыт на практыкі, накіраваныя на далашчванне «ўнутранага дзіцяці». Нібы вырашыць праблемы са светам і стасункамі можна, калі нарэшце далюбіць, даабдымаць і дапесціць сябе. Быццам мы доўга-доўга стаялі на паўзе і мерзлі на халодным бацькоўскім ветры – і вось цяпер гучанне ўзноўлена, дзяўчынка з запалкамі можа вярнуцца дадому, дзе будзе смажаная гусь, вялікая ялінка і любімая бабуля, яшчэ жывая. Ды толькі…
Тата і мама тады былі на трыццаць гадоў маладзейшыя, дрэвы – вышэйшыя, а за вокнамі рыпеў нязмазанымі коламі воз іншага часу: з іншымі гісторыямі, уяўленнямі пра шчасце і героямі. Але няма больш ні тых людзей, ні тых нас – толькі цьмяныя вобразы ў галаве, некалькі горкіх фраз, якія звонам аддаюць у вушах па начах, ды неадпушчаныя крыўды.
І нічога пра тое, як быць дарослымі.
Не вялікімі дзецьмі, якія дагульваюць у дзяцінства, з тонай прэтэнзій да ўжо састарэлых бацькоў, а дарослымі, якія не шукаюць сябе, таму што ніколі сябе і не гублялі.
Тэма даросласці – неймаверна важная ў кантэксце пяшчоты да сябе. Таму што гэта пра ўнутраную крыніцу падтрымкі і прымання, пра апоры, якія ствараюцца ўзростам і досведам, пра парадак у галаве, які наводзіш не таму, што мама сказала прыбрацца ў пакоі, а таму, што ў доме, дзе светла і прасторна, хочацца жыць.
Як гэта – быць дарослым?
Разважаючы, чаму сталенне часта палохае, я надумала пайсці далей, чым «таму што дарослыя – нудныя». Якасці, якія звычайна прыпісваюць дзецям – цікаўнасць і здольнасць шчыра здзіўляцца новаму, – не з’яўляюцца выключна «дзіцячымі» (як маркота і занудлівасць – «дарослымі»). Эмоцыі і рысы характару – гэта не малочныя зубы, каб залежаць ад узросту. Так што быць дарослай – добра, быць дарослай – можна, нават калі даводзіцца…
Не адводзіць вачэй. Больш нельга забрацца пад ложак або прыкінуцца «мёрцвенькай»18 – трэба глядзець у твар рэальнасці і нешта з ёй рабіць. Дакладней, так: і забрацца, і прыкінуцца можна, але кошт наступстваў будзе вышэйшым. Прынцып «If I ignore it, maybe it will go away»19 у дарослым жыцці працуе дрэнна.
Пашыраць кола клопату і адказнасці. Бацькі, дзеці, сябры, каты, сабакі, дом, машына, садкі, штрафы, крэдыты, адсоткі за крэдыты, рамонт, затопленыя суседзі… Проста як у вядомым жарце: «Дарослае жыццё – гэта крута! Можна гуляць, піць і весяліцца колькі заўгодна… па дарозе на тры свае працы».
Лічыцца з фактам, што час няўмольны. Калі вы чагосьці не паспелі, вялікая рызыка ўжо і не паспець – з прычын, якія ніяк не залежаць ад прыкладзеных намаганняў. Скура вяне, у валасах з’яўляецца сівізна, трэба больш часу, каб аднавіцца пасля бурнай вечарынкі напярэдадні. А зрэшты, перспектыва легчы спаць крыху раней і прачнуцца без пахмелля ўжо выглядае больш вабнай, чым сэкс на пляжы. Хоба – і вы ўжо пачынаеце берагчы калені, правільна паднімаць цяжар, дасушваць фенам да канца валасы зімой і радавацца, калі паліто закрывае попу. У доме раптам з’яўляюцца ражанка і кефір, мазі ад расцяжэнняў упэўнена пасоўваюць «Алказельцэр», а ў маразілцы можна знайсці не толькі лёд для віскі, але ўжо і косці для супу.
Не раздражняцца на тых, хто думае інакш. Адзін з галоўных крытэрыяў даросласці – спакойнае стаўленне да чужога меркавання, што асабліва актуальна ў эпоху сацсетак з іх «разборкамі ў каментах». Мне вельмі падабаецца думка, якую я сустрэла ў псіхолага Кацярыны Бойдэк20: сталага чалавека чужая пазіцыя не раздражняе. Яна ўвогуле не выклікае эмоцый, паколькі ніяк не ўплывае на яго перакананні і спакойную ўпэўненасць у сваім праве думаць і паступаць так, як ён лічыць патрэбным. Чужое меркаванне кранае, калі вы пачуваецеся перад іншым чалавекам ці дзіцем (і тады чужая пазіцыя палохае), ці падлеткам (чужыя словы выклікаюць бунт і пратэст). Але калі вы адчуваеце сябе з ім на роўных, то, што б ён ні сказаў, гэта не выведзе вас з сябе.
Адзін з самых вялікіх выклікаў сучаснага свету – заставацца сабой там, дзе гучыць іншае меркаванне, і пры гэтым не адчуваць сябе вінаватым за тое, што не ўвязваешся ў вайну за сваю праўду, не ўступаеш у канфлікт, не б’ешся да смерці за ідэю. Каб думаць па-іншаму, жыць па-іншаму і выхоўваць дзяцей у іншых каштоўнасцях, зусім не абавязкова назіраць, як міма па рацэ праплываюць трупы тых, хто думае і жыве інакш.
На жаль, такая даросласць часта расцэньваецца як нейкая душэўная кволасць, баязлівасць. Кніжкі, на якіх мы раслі, вучылі іншаму: калі ты ў нешта верыш, будзь гатовы стаяць да пераможнага фіналу, так робяць адважныя, так паводзяць сябе героі. Быць беражлівей да сябе – значыць адсочваць, калі вас спрабуюць уцягнуць у вайну, якую вы не выбіралі.
Пачуўшы тое, што разыходзіцца з вашымі поглядамі і сардэчным рытмам, проста скажыце: «У мяне іншае меркаванне». Не аргументуйце і не абараняйце яго, калі не хочацца. Вы не павінны гэта рабіць. Вы маеце поўнае права думаць інакш, хацець іншага, верыць у іншае, лічыць правільным не тое, што лічаць іншыя, а тое, што вы адчуваеце правільным для сябе, але змагацца за гэта толькі тады, калі гатовы.
Прамаўчаць там, дзе вы думаеце інакш, – гэта не слабасць і не здрада сваім перакананням. Гэта даросласць: калі разумееш, што можна жыць у згодзе са сваімі каштоўнасцямі без адчайнай барацьбы за тое, каб іх падзялялі іншыя.
Адмовіцца ад гульні ў «грандыёзнасць іншага». Не стаўцеся да незнаёмага чалавека з піетэтам проста таму, што ён старэйшы, – маўляў, пражыў больш, ведае лепш. Або таму, што пасада ў яго гучыць незразумела і складана, а выгляд – салідны і пагрозлівы.
Кожны раз, ловячы сябе на гэтым, нагадвайце сабе: не перабольшвай (іншага ў сваіх вачах), не навешвай на яго свае нявырашаныя праблемы з бацькоўскімі фігурамі (і ўсіх сабак). Ён, гэты іншы, не вялікі і не маленькі, ён свайго ўласнага памеру, звычайнага дарослага. Можа, ён сапраўды ў нечым лепшы, мудрэйшы і кампетэнтнейшы за цябе. Але вельмі можа быць, што і не.
Аддзяляцца ад «мы». З любоўю і пяшчотай знаёмячыся са сваёй даросласцю, вазьміце за правіла не лезці са сваімі страхамі і трывогамі (а таксама клопатам і няпрошанымі парадамі) у зону чужой адказнасці. Не хвалюйцеся за чужыя рэакцыі, не падмяняйце чужыя пачуцці сваімі, не цягніце эмоцыі туды, дзе і словы выдатна справяцца (словы ўвогуле ідэальныя для таго, каб вырашаць праблемы).
Ладзячы жыццё на аснове дарослых каштоўнасцей, разумееш, што шчасце не ў зліцці з кімсьці, а ў аддзяленні ад «мы».
Не прызначайце адказнымі за гэтае пачуццё сямейнікаў ці сяброў. Выдатна, калі яны разумеюць вас, падтрымліваюць, ствараюць бяспечнае і пажыўнае асяроддзе, вераць у вашы задумы і ўвогуле ўсяляк спрыяюць вашаму развіццю і росту. Але гэта – іх падарунак вам, а не абавязак.
Усведамляць, з чаго вы выраслі. Стварыце і час ад часу пераглядайце спіс пад кодавай назвай «I’m too old for this shit»21, у якім будзе пералічана тое, чаго вы больш не робіце, таму што выраслі з гэтага, і што больш не адлюстроўвае вашы ўяўленні пра павагу, пяшчоту і любоў да сябе.
Так, магчыма, вы рабілі так некалі, згаджаліся на такое абыходжанне з сабой, прымалі такія ўмовы – але гэта засталося ў мінулым. Цяпер вам важнейшае іншае (найперш – вы самі), вы чуеце сябе лепш – і ў сваім узросце ўжо ведаеце, на што больш не падпішацеся.
У якасці прыкладу і для натхнення прывяду каля дзясятка пазіцый з майго спіса (магчыма, знойдзецца нешта агульнае з вашым).
I’m too old for this shit:
1) выслухоўваць бесцырымонныя парады ад выпадковых людзей;
2) апранацца прыгожа, але не на надвор’е – ніякіх тонкіх калготак у мароз;
3) гуляць у гульню «адгадай, чаму я пакрыўдзілася/пакрыўдзіўся»;
4) купляць непатрэбнае, нават калі яно прадаецца са зніжкай;
5) пасылаць «праменьчыкі дабрыні» замест прамога пытання: «Чым дапамагчы?» – ці непасрэдна дапамогі, калі я хачу і магу дапамагчы;
6) дачытваць нецікавыя кнігі, дагледжваць нуднае кіно;
7) саромецца свайго ўзросту або какетліва задаваць пытанне: «А колькі вы мне дасце?»;
8) захоўваць цесную вопратку ў шафе ў надзеі, што калі-небудзь схуднею.
Вызначэнне пунктаў «катэгарычна не» – важны крок на шляху развіцця пяшчоты да сябе, паколькі яны адказваюць на пытанне: «Як я магу пра сябе паклапаціцца?» А вось так: не рабіць таго, што вам не падыходзіць, не згаджацца на тое, што выводзіць з раўнавагі, не трываць у дачыненні да сябе паводзін, якія робяць вам балюча. Гэта не «бздура» і не «псіхаванасць», як могуць паспрабаваць вас пераканаць.
Гэта нармальныя дарослыя паводзіны – жыць без гвалту над сабой: і ўласнага, і чужога.
Разбіраючыся з тым, што нам не падабаецца, дзе пралягаюць межы нашых «не хачу», мы робімся здольнымі і іншым дазволіць адчуваць тое, што яны хочуць. (Або не адчуваць нічога. Або – не да нас.) Мы не марнуем свае рэсурсы, каб іх перарабіць, пераканаць, расплюшчыць ім на нешта вочы ці матываваць. Яны дарослыя людзі і самі адказваюць за свае выбары.
У мяне аднойчы быў такі досвед, калі я ўпершыню зразумела, што не «зачапіла» мужчыну. Што, нягледзячы на тое, што я была сімпатычнай, разумнай, смешнай і лёгкай, у яго ў дачыненні да мяне нічога ўнутры не варухнулася. Да гэтага мне здавалася, што права не закахацца ёсць толькі ў мяне, што гэта толькі я магу адмаўляць і прапаноўваць «застацца сябрамі». А тут мужчына, які мне вельмі спадабаўся і з якім я была б радая завесці раман, раптам даў мне зразумець, што магія не спрацавала, хімія не здарылася, агульных дзяцей у нас не будзе, карацей – «усяго найлепшага і дзякуй за рыбу».
Сустрэцца з чужым «не хачу» і не разбурыцца ад гэтага – няпроста. Але гэта абсалютна дакладна тое, чаму варта вучыцца, каб свет не рассыпаўся на часткі кожны раз, калі вы сустракаеце супраціў.
Вучыцца адпускаць без драмы. Гэта не пра знакамітае: «Калі любіш – адпусці, калі яно тваё, то абавязкова вернецца, калі не – то ніколі тваім і не было». Гэта пра тое, чаму мяне кожны год вучыць вясновая праца ў маім садзе, калі я перакопваю тоны зямлі, сею сотні зярнятак, раблюся майстрам у мастацтве прымірэння са стратамі.
Сутнасць апошняга выяўляецца ў грубаватай, але шчырай формуле: «Нешта абавязкова здохне». Як бы я ні скакала, ні біла ў чароўны бубен, у маёй уладзе – толькі частка таго, што адбываецца, бо яшчэ ёсць смаўжы, мучністая раса, бязлітаснае сонца, зваротныя замаразкі і маленькія шпаркія дзіцячыя ногі, якім усё роўна што таптаць. Гэтаксама і ў дарослым жыцці: можна старанна апрацоўваць свае ідэі, вырошчваць у «парніку», засцерагаць ад ветру, але нешта некалі абавязкова пойдзе не так і аголіць уразлівасць вашых намаганняў, калі не звядзе іх на нішто.
Аднак гэта ніколі, ніколі, ніколі не нагода, каб не спрабаваць.
Урэшце, «сталы чалавек адрозніваецца ад нясталага тым, што нясталы ведае, што будзе рабіць у выпадку перамогі, а сталы – што ён будзе рабіць у выпадку паразы»22.
Darmowy fragment się skończył.