Czytaj książkę: «Тэатр шчасьлівых дзяцей»
© Бахарэвіч А. І., 2021
Разьдзел першы
І тут дзьверы адчыніліся.
«Вы чаго расшумеліся? – спытаў Кабінет Кабінетавіч, выходзячы са свайго цёмнага кабінета. – Толькі і чуваць, што вашыя дзікія крыкі».
І ён паглядзеў сваімі кабінетнымі вачыма спачатку на мяне, потым на Анціка. Але на мяне ўсё-ткі больш строга.
«Нейкія малпы, а ня дзеці», – сказаў Кабінет Кабінетавіч і павярнуўся, каб зноў схавацца ў сваім пакоі.
«Проста нам нудна», – нечакана сказаў гучным голасам Анцік. Мне ажно сорамна за яго зрабілася.
«Што? Нудна? Вам?»
Кабінет Кабінетавіч і праўда быў зьдзіўлены. І трошкі пакрыўджаны. Быццам глядзець на зачыненыя дзьверы ягонага кабінета было найлепшай забавай, якую можна сабе ўявіць.
«Так, нудна, – сказала Юля, выпаўзаючы з-пад канапы. – Нам нудна, і сумна, і нецікава, а яшчэ маркотна і тужліва. І яшчэ… І яшчэ журботна, вось».
Трымаючыся за ручку дзьвярэй, Кабінет Кабінетавіч разгублена абвёў нас вачыма. Спачатку мяне, потым Анціка, а потым Юлю. Аднак на Юлю чамусьці ён паглядзеў больш разгублена.
«Але ў вас ёсьць гэтыя вашы… – Кабінет Кабінетавіч задумаўся. – Гаджэты. Пляншэты. Тэлефоны. Кампутарныя гульні. Цацкі. Мульцікі. Вы можаце сядзець за імі хоць да ночы. Я вам дазваляю. Рабіце ўсё што заўгодна, дзеці. Толькі не шуміце так. Галава ад вас баліць. А ў мяне яшчэ столькі працы».
І ён зноў павярнуўся, каб сысьці ў свой цёмны кабінет, пасярод якога сьвяціўся экран ноўтбука.
«А вось чаму, калі крычыш, у дарослых баліць галава?» – спытала Юля і чхнула. Нос у яе быў брудны, а на каленях чарнелі плямы ад пылу.
Кабінет Кабінетавіч агаломшана спыніўся на парозе і абярнуўся.
«Чаму? Як гэта чаму?»
«Ну вось чаму калі мы крычым, у вас галава пачынае менавіта балець? Чаму яна не пачынае, напрыклад, дыміцца? Ці падскокваць, як мяч?» – Юля заматляла галавой, быццам ненармальная, каб паказаць, як галава можа падскокваць на шыі. А потым падышла да Кабінета Кабінетавіча і паглядзела на яго зьнізу ўверх так, што ён ажно пабляднеў ад страху.
«Ну… – сказаў Кабінет Кабінетавіч і пацёр сабе нос. – Таму што. Таму што дзіцячыя галасы – гэта моцныя раздражняльнікі. Асабліва дзявочыя. У дзяўчат яны такія высокія, што нэрвовая сыстэма…»
«Ясна. Мы вас раздражняем, – сказаў я. – Прабачце».
«… такія высокія, што нэрвовая сыстэма чалавека мусіць на іх адгукацца, – сказаў Кабінет Кабінетавіч, прапусьціўшы мае словы міма сваіх кабінетных вушэй. – Калі я чую вашыя крыкі, я пачынаю пра іх думаць. Толькі пра іх. І не магу засяродзіцца на сваёй працы. Я ні на чым больш не магу засяродзіцца. Разумееце, дзеці?»
«Не!» – сказалі мы хорам, хоць нам усё, абсалютна ўсё было зразумела. Атрымалася так голасна, што Кабінет Кабінетавіч ажно скрывіўся.
«Вось у мяне, напрыклад, калі нехта крычыць, пачынае балець палец, – сказала Юля. – На назе. Вось гэты».
І яна пачала здымаць шкарпэтку. Шкарпэтка не здымалася, і тады Юля задрала нагу і ўчапілася ў яе зубамі. Мне было за яе так сорамна, што я пачаў вырываць шкарпэтку ў яе з рота.
«А ў мяне, калі нехта крычыць, пачынае балець зуб, – сказаў Анцік. – Толькі яго ўжо вырвалі».
І ён падышоў да Кабінетыча, стаў перад ім на табурэтку і раскрыў рот так шырока, быццам сядзеў у зубнога. Кабінет Кабінетавіч толькі адхіснуўся і закрыў вочы рукамі.
А я нічога не сказаў. У мяне нічога не балела, таму што мае бацькі ніколі не крычалі. Ні на мяне, ні адно на аднаго.
«Карацей, займіцеся сваімі гульнямі і каб больш я ня чуў ніякага ляманту», – сказаў Кабінет Кабінетавіч, схаваўся ў сваім цёмным кабінэце і зачыніў за сабой дзьверы.
Мы чулі, як ён, крэкчучы, зноў усаджваецца за свой кампутар. За вокнамі было ўжо зусім цёмна. Але не настолькі, каб ісьці спаць. Мы селі на канапу, усе трое, і паклалі ногі на журнальны столік. І пачалі варушыць пальцамі. І чамусьці ў нас гэта так гучна атрымлівалася, што падалося, зараз Кабінет Кабінетавіч зноў выскачыць са свайго пакоя.
«Давайце і праўда будзем цішэй, – прапанаваў я. – Мне яго неяк шкада».
«Каго? Кабінетавіча?» – спытаў Анцік.
«Ну так».
«Гэта таму што ў яго баліць галава, – сказаў Анцік. – Вось калі б у яго, напрыклад, балеў пуп, ніхто б і не заўважыў. І ён сам быў бы спакайнейшы».
«А давайце пагуляем у цішыню», – сказала Юля.
Яна надзьмулася і пачала маўчаць.
І вось мы маўчалі, маўчалі, маўчалі… Але хутка Юля ня вытрымала і як пырсьне сьлінай – проста на Анціка. Я таксама ня вытрымаў і зарагатаў, Юля за мной, а потым і Анцік ажно завыў ад сьмеху, як паранены воўк. З пакоя, дзе сядзеў Кабінет Кабінетавіч, пачулася пагрозьлівае рыпеньне. Я заціснуў Анціку рот, а Юля зноў папаўзла пад канапу, каб там удосталь насьмяяцца.
«А твае бацькі калі вернуцца?» – спытаў Анцік, аддыхаўшыся, калі я прыбраў руку.
«Толькі заўтра ўвечары, – сказаў я. – Яны паехалі за горад, на лецішча да мамінага шэфа. Але там сабакі, а ў мяне на іх алергія».
«А Кабінет Кабінетавіч? Ён хто?»
«Гэта сябар майго таты,» – нерашуча сказаў я.
Таму што ніколі раней пра яго ня чуў.
* * *
Кабінет Кабінетавіч зьявіўся ў нас сёньня пасьля абеду. Мама і тата папрасілі яго пабыць са мной, пакуль яны будуць у ад’езьдзе. Згорбіўшыся, не здымаючы свайго чорнага, мокрага плашча, ён увайшоў у нашу кватэру, падазрона паглядзеў на мяне, прайшоўся па пакоях, зазірнуў у прыбіральню, адсунуў фіранку ў спальні…
«Цеснавата… А мне патрэбны кабінет, – сказаў ён, смурна разглядваючы мой стол, на якім валяліся кніжкі, алоўкі, выразаныя з часопісаў фоткі і фішкі з настольных гульняў. – У мяне шмат працы. У людзей маёй прафэсіі не бывае выходных. Але…»
Ён паглядзеў на мяне і пакруціў сваёй вялікай сівой галавой.
«Але?..» – з надзеяй спытала мама.
«Але калі ў мяне будзе свой кабінет, я, магчыма, змагу тут застацца. І паглядзець за вашым… Хм, сынам».
«Можаш працаваць у спальні, – сказаў тата. – Ніякіх праблем. Вось стол, вось крэсла».
«Лявон спакойны і выхаваны хлопчык, – сказала мама, якая ўжо даўно нафарбавалася. – Да яго сёньня прыйдуць сябры. Яны жывуць у суседнім доме. Праўда, Лявон? Ты ж чакаеш Анціка і Юлю? Дзеці будуць гуляць у сваім пакоі, а вы спакойна папрацуеце ў спальні. Лічыце яе сваім кабінэтам. Вячэра ў лядоўні, абед на заўтра таксама. У нас мікрахвалёвая печка, Лявон умее зь ёй абыходзіцца. Ён зусім самастойны хлопец».
«Што ж, – сказаў Кабінет Кабінетавіч. – Спадзяюся, ён і праўда такі. І мне ня трэба будзе выціраць яму соплі, мазаць яго зялёнкай ці вучыць чысьціць зубы».
«А чым вы займаецеся?» – спытала мама.
«Ён піша раман», – сказаў тата, а Кабінет Кабінетавіч чамусьці пачырванеў і схаваўся ў ванным пакоі.
«Калі захочаце пакурыць, то на бальконе ёсьць попельніца», – гучна сказала яму мама і паціснула плячыма. Я так і не зразумеў, чаму яна гэта сказала. Але Кабінет Кабінетавіч зь незадаволеным выглядам зноў зьявіўся ў калідоры. Мае бацькі не курылі, але часам да іх прыходзілі госьці. Некаторыя любілі падыміць на бальконе, і тады ў кватэру немінуча пракрадаўся пах цыгарэт: непрыемны і чужы. І я засынаў з гэтым пахам – быццам сам начаваў у гасьцях.
«Хм. Я нядаўна кінуў курыць, – сказаў Кабінет Кабінетавіч. – Таму для мяне цяпер надзвычай важна пазьбягаць стрэсаў».
«Усё будзе добра, – сказала мама. – У Лявона свае дзівацтвы, але дзейнічаць іншым на нэрвы – не, на гэта ён ня здольны».
«Гм! Спадзяюся», – зноў гмыкнуў Кабінет Кабінетавіч, з сумневам зірнуўшы мне ў вочы. Так, што я зразумеў: ён ні на каліўца ёй не паверыў.
А потым прыйшлі Анцік і Юля, мама пацалавала мяне ў лоб – і бацькі зьехалі. І, як гэта заўжды бывае, калі да цябе прыходзяць сябры, мне нават не было шкада, калі за мамай і татам зачыніліся дзьверы.
* * *
І вось мы сядзелі ўвечары на канапе: я, Анцік і Юля, і нам зусім не было чым заняцца. Мы ўжо згулялі ва ўсе настолкі, і ў уна, і фільм паглядзелі. І ў твістэр згулялі таксама. За акном ліў дождж і выў вецер, і дрэва пад самым нашым домам расшумелася так, нібы яму вельмі хацелася пра нешта нам расказаць. У мяне раптам узьнікла жаданьне ўзяць якую цікавую кніжку і забрацца пад коўдру – але ў мяне былі госьці. Няветліва забірацца пад коўдру з кніжкай, калі ў цябе госьці. Мама і тата ніколі не ляжаць у ложку пад коўдрай, калі да нас хтосьці прыходзіць. Наадварот, мама прыносіць цукеркі з сакрэтнай шафы, а тата дастае найлепшы каньяк. Цікава, дарэчы, пачаў разважаць я, чаму ў сьвеце ўсё так дзіўна прыдумана. Вось тата і мама – дарослыя людзі. Калі б я быў дарослы і ў мяне была жонка, і ў жонкі быў бы ключ ад сакрэтнай шафы – я б у халодныя вечары ляжаў зь ёй у ложку з кніжкай і еў цукеркі. А каньяк, мабыць, аддаў бы ёй, бо ён жа такі нясмачны – дарма што найлепшы. Тата зусім не разьбіраецца ў прысмаках.
Анцік і Юля пакрысе замоўклі, кожны думаў пра нешта сваё. Дождж няспынна біў па гаўбцы, па падлозе папоўз холад, у нашым доме яшчэ не ўключылі ацяпленьне. Мы забраліся з нагамі на канапу. Дрэва за акном жаласьліва парыпвала гальлём – і я з тугой падумаў пра тое, што ў мамінага шэфа на дачы ёсьць камін і што яны сядзяць там проста цяпер, вялікая кампанія дарослых, з пухнатымі сабакамі, зь цёплымі пледамі, і ўсе п’юць віно, і ядуць печанае мяса, і можа, нават зьбіраюцца таньчыць. Калі бацькі сказалі, што мне нельга паехаць зь імі, я спачатку ўзрадаваўся, бо езьдзіць за горад з дарослымі такая нудота. А цяпер вось мне захацелася туды, да іх. Хай нават не зьвярталі б на мяне ўвагі, мне ўсё роўна, я б знайшоў чым заняцца. А ад алергіі ў мяне ёсьць лекі, іх жа для таго і прыдумалі. Чаму яны ня ўзялі мяне з сабой? Я нават ледзь не расплакаўся. Зірнуў на Анціка, потым на Юлю – не, на шчасьце, яны нічога не заўважылі.
«А давайце расказваць страшныя гісторыі, – сказаў Анцік. – Лявон, маеш чыпсы?»
«Якія ж страшныя гісторыі, калі чыпсы», – сказала Юля.
«А што?»
«Са страшнымі гісторыямі лепш за ўсё есьці сухарыкі», – патлумачыла Юля.
«Гэта яшчэ чаму?» – спытаў Анцік.
«Чыпсаў няма, – сказаў я. – І сухароў таксама. Ёсьць семкі».
«А давайце выцягнем Кабінетавіча зь яго нары. Выцягнем і паглядзім, што ён там піша, – прапанавала Юля. – Я пайду схаваюся ў кухні і закрычу дзікім голасам. Як быццам мяне на кавалкі рэжуць. Кабінетавіч выйдзе паглядзець, пабяжыць на крык, а вы хутка скінеце на флэшку ягоную пісаніну і…»
«Не, – цьвёрда сказаў я. – Лепш ужо семкі».
«Добра, тады давайце гуляць у…»
І тут ва ўсёй кватэры раптам згасла сьвятло.
«У-у-у», – працяжна і радасна прагулі Анцік і Юля. А ў мяне аж сэрца ёкнула. Праўду мама кажа: я празьмерна ўразьлівы. Мо й добра, што ў пакоі зрабілася цёмна, хоць вока выкалі. Бо ні Анцік, ні Юля ня бачылі, як я здрыгануўся, калі ўсе лямпы раптам патухлі. І рукі ў мяне таксама задрыжалі, і пад сэрцам недзе заныла.
«Пробкі выбіла, – сказаў я важным голасам, каб яны не падумалі абы-чаго. – Пайду паглядзець. Хто са мной?»
Я баяўся, што яны не захочуць і давядзецца ісьці самому. Але яны дружна саскочылі з канапы. Мы пайшлі ў калідор, я намацаў у замку ключ і мы выйшлі на лесьвічную пляцоўку. Там таксама было зусім цёмна – толькі месяц у акенцы над сьмецьцеправодам кідаў слабы водбліск на мутнае шкло. Недзе далёка грымнула навальніца. Увесь пад’езд быццам ператварыўся раптам у глыбокі і гулкі цёмны калодзеж, і недзе ўсярэдзіне стаялі мы, натыкаючыся адно на аднога, як сьляпыя. Мне нават падалося, што пад нагамі ў нас булькае. Хоць гэта проста з даху вада лілася па вадасьцёках.
«Не, гэта ня пробкі, – сказаў я. – Ва ўсім доме сьвятло вырубілася. Трэба сьвечкі запальваць».
Мы вярнуліся ў кватэру і ў густым змроку чарадой прайшлі на кухню. Я чуў, як у цемры гучна дыхаюць Анцік і Юля, і зразумеў, што ім таксама трохі вусьцішна. Адчыніўшы шафу на сьцяне, я пашукаў пальцамі па паліцы. Знайшоў сьвечкі, запалкі – і вось мы ўжо прабіраліся па калідоры, цікуючы за ўласнымі ценямі, што краліся ўздоўж сьценаў, як нейкія злавесныя манахі ў капюшонах.
«А як жа Кабінет Кабінетавіч?» – спытаў Анцік.
«І праўда, чаму ён не выходзіць?» – шапнуў я ўстрывожана, захінаючы далоняй агеньчык у маіх руках, каб ня згас.
«Можа, баіцца?» – сказаў Анцік.
«Ты што, ён жа дарослы, – сказала Юля. – У яго ноўтбук добра зараджаны, таму ён нічога і не заўважыў. Усё працуе, бедненькі. Давайце яго паклічам і скажам, што сьвятла няма».
Трымаючы перад сабой сьвечку, я ветліва пагрукаў у дзьверы бацькоўскай спальні. Але адтуль не пачулася ані гуку. Нібы Кабінет Кабінетавіч заснуў проста падчас працы.
«Адчыняй», – шапнула мне Юля. Трапяткое сьвятло сьвечкі скакала па яе твары.
«Неяк няёмка», – сказаў я.
«Тады я сама адчыню», – рашуча сказала Юля і прачыніла дзьверы. Яна выставіла наперад руку са сьвечкай і зазірнула ў пакой, а за ёй і мы прасунулі галовы. Я на хаду прыдумляў, што скажу Кабінету Кабінетавічу – што мы не хацелі, што гэта ня пробкі, а падстанцыя, што я ўжо ўсё праверыў, і што такое ў нас часам бывае. Буду паводзіцца, як дарослы. Няхай Кабінет зразумее, што мама казала пра мяне праўду.
На стале, побач з ложкам маіх бацькоў, ярка сьвяціўся экран ноўтбука. Крэсла стаяла на сваім звычным месцы. Праз адчыненую фортку тхнула сьвежым сырым паветрам. Шумеў дождж, і недзе паблізу ў цемры рыпела старое дрэва. За акном, на вуліцы, каля аўтобуснага прыпынку, гарэў адзінокі ліхтар.
Але ніякага Кабінета Кабінетавіча ў пакоі не было.
Разьдзел другі
«Ён што, праз фортку ўцёк?» – недаверліва сказала Юля.
Агаломшаныя, мы стаялі і азіраліся па баках.
«Я адразу падумаў, што ён няпросты дзядзечка», – сказаў Анцік.
«Просты, няпросты, але нельга ж так, – абурыўся я. – Дарослы чалавек, а паводзіцца, як дзіця. Дзе ён падзеўся?»
«Адзін Божанька ведае», – сказала Юля і чхнула, а потым выцерла пальцы аб покрыва на ложку. Думала, ніхто ня бачыць. Але мае вочы пачыналі ўжо паціху звыкацца зь цемрай, дый няяркае сьвятло ноўтбука дазваляла сёе-тое разглядзець. Напрыклад, раскладушку, якую бацькі паставілі каля сьцяны, а на ёй – бялізну і гару падушак. Пэўне, для Кабінетыча, калі той напрацуецца.
У бацькоўскай спальні я апошнім часам бываў рэдка, мне нельга было заходзіць сюды без дазволу. А цяпер, у цемры, гэты пакой наогул падаваўся мне нейкім незнаёмым. Я глядзеў на камоду ў куце і ня мог зразумець: яна тут заўсёды стаяла ці яны яе купілі, калі я ўжо вырас. Купілі і нічога мне не сказалі?
«Ну загадка!» – гучна сказаў Анцік, махнуўшы рукой, і ягоная сьвечка імгненна згасла. У пакоі адразу зрабілася яшчэ цямней – і мы неўпрыкмет прысунуліся бліжэй адно да аднога.
«Малайчына, – сказала Юля. – Хто ж дыхае на сьвечку ў такой цемнаце? Мог бы і памаўчаць, калі ня можаш сказаць штосьці разумнае».
Анцік гучна засоп, ён заўсёды так рабіў, калі пачуваўся пакрыўджаным і думаў, што б такога сказаць у адказ. Але цяпер нам было не да Анціка.
«Кабіне-етаві-іч!» – ціхенька паклікала Юля, узіраючыся ў цямрэчу калідора, і мы павярнуліся ўсьлед за ёй туды, але ніхто не адгукнуўся.
«Так ён цябе і пачуў», – помсьліва прамовіў Анцік.
І тут зусім блізка ад нас раптам нешта рыпнула. Нібы хтосьці хаваўся проста за адчыненымі дзьвярыма і толькі й чакаў, што мы яго паклічам. Мы скалануліся ад жаху. Нехта ззаду зьнянацку дакрануўся да маёй шыі – лёгка, халоднымі пальцамі… Я адчуў, як маё сэрца падскочыла, як мяч.
Фух. Фіранка. Вецер з адчыненай форткі ўзьняў яе край і кінуў у мой бок. Фіранка павольна апусьцілася, яе край зноў схаваўся за сталом, і я з палёгкай выдыхнуў.
«Там жа нікога няма, праўда? – сказаў Анцік, які стаяў побач са мной з заплюшчанымі вачыма. – Лявон, скажы, што мы адны ў кватэры!»
«Адны», – пачулі мы Юлін голас, і я вырашыў, што ня буду баяцца, што б ні здарылася. Усё ж я быў тут гаспадар. Хоць у хаце маёй было цяпер цёмна, як у труне.
«Зараз Кабінетавіч прыйдзе, і ўсё зробіцца добра. Падумаеш, у прыбіральню чалавек выйшаў на хвілінку», – сказала Юля, а сама ўзяла мяне за руку, каб не баяцца, і рука ў яе была ледзяная.
«Можа, ён выйшаў, калі мы пробкі правяраць хадзілі? – здагадаўся я. – Пайшоў нас шукаць. Зараз вернецца і…»
Мы ўсе разам павярнуліся да дзьвярэй, але ў кватэры цяпер была мёртвая цішыня. Нават супэрсучасная супэрбясшумная і супэрэканамічная лядоўня, якую нядаўна купілі бацькі, маўчала – хоць раней я чуў яе нават празь дзьве сьцяны. Зразумела чаму. Электрычнасьць жа вырубілася.
«А можа, ён затаіўся недзе і чакае? Гэты Кабінетавіч? Мы выйдзем, а ён як накінецца ў цемнаце?» – прашаптаў Анцік.
«Навошта гэта яму на нас кідацца?» – недаверліва спытала Юля.
«Ну, каб пажартаваць».
«Не, Кабінетавіч не такі чалавек, – сказаў я. – Ён жа раман піша. Адкуль яму ведаць, што такое жарты».
«Раман? – перапытаў Анцік. – А што гэта?»
«Ну, – сказаў я важна, хоць сам цьмяна сабе ўяўляў, што гэта такое. – Ну… Гэта такая вялікая кніга для дарослых. Вельмі тоўстая і сур’ёзная. Дзе апісваюцца розныя героі. І што яны думаюць».
«А пра што яны думаюць?» – не адчапляўся Анцік.
«Пра што захочуць, пра тое і думаюць, – раззлаваўся я. – Якая розьніца. Вырасьцеш, даведаешся».
«Ці спытаеш у Кабінетыча, – падтрымала мяне Юля. – Калі ён знойдзецца. Толькі наўрад ці ён захоча з табой размаўляць. Ты ж наймалодшы з нас, забыўся?»
Анцік зноў засоп. Мне раптам зрабілася яго шкада.
«Слухайце, – сказаў я. – Мне гэта не падабаецца. Мы так пасварымся хутка. І без усялякай прычыны. Такі дзень быў файны. І вось табе маеш. Вы заўважылі, як у нас настрой зьмяніўся? Усе нейкія злосныя зрабіліся…»
«Гэта таму што цёмна, – сказаў Анцік. – І есьці ўжо хочацца. Ты казаў, там на кухні семкі? Юля, ты такая сьмелая, можа, сходзіш хуценька?.. Туды і назад? А?»
«Давайце я бацькам патэлефаную, – вырашыў я. – Пацерпіш».
Мы выйшлі зь цёмнай спальні, я навобмацак знайшоў сярод падушак на канапе свой мабільны і набраў тату, але ён не адказваў. Тады я набраў маму, але і яна не падняла трубку. Напэўна, і праўда таньчаць там, на лецішчы. Уключылі музыку на ўсю катушку – вось і ня чуюць. Бацькі, называецца. Забаўляюцца сабе недзе за горадам, а пра сына і забыліся. Мой тэлефон, між іншым, амаль разрадзіўся, а электрычнасьці не было. Вось захочуць мне пазваніць, праверыць, як я тут маюся, ці жывы, ці дыхаю яшчэ, а ня змогуць. Можа, я тут у лужыне крыві даўно валяюся. Ці алергія пачалася. Хай тады свайму Кабінетавічу тэлефануюць. Таму самаму Кабінетавічу, які загадкава зьнік і ніхто ня ведае, дзе яго шукаць. Кінуў нас адных. А яшчэ дарослы чалавек. Раманіст. Ну окей. Хай тады бацькі кусаюць локці. Самі яго паклікалі. Я б і безь яго спакойна пераначаваў. Не маленькі.
Анцік і Юля, ледзь бачныя ў цемры, моўчкі сачылі за маімі спробамі дазваніцца. Я чуў, як яны напружана дыхаюць.
«Вам, мабыць, дахаты пара, – спахапіўся я, зірнуўшы на гадзіньнік свайго мабільнага. – Юль, твае бацькі, відаць, ужо хвалююцца. І твае, Анцік. Вас жа толькі да дзевяці адпусьцілі, а ўжо дзясятая гадзіна».
І зноў мой голас задрыжаў. Бо, шчыра кажучы, сёньня мне зусім не хацелася заставацца на ноч аднаму ў пустой і цёмнай кватэры. І нават калі б сьвятло ўключылі – хто захоча начаваць у адзіноце пасьля такіх дзіўных здарэньняў.
«Слухай, Лявон, – сказала Юля, нібы прачытаўшы мае думкі. – Я лічу, цябе нельга пакідаць тут аднаго. Зараз я сваім бацькам пазваню і скажу, што застануся ў цябе да раніцы».
Я з сумневам паглядзеў у той бок, дзе яна сядзела. Яе твару не было відаць, але я бачыў, як бялеюць у цемры зубы. Яна што, усьміхалася?
«Але бацькі цябе не адпусьцяць, я іх ведаю», – сказаў я і ўздыхнуў.
Рэч у тым, што Юліны бацькі верылі ў Бога. Божанька ўсё бачыць, расказала нам неяк Юля, і няясна было, яна сама так думае ці ёй трэба так думаць, каб бацькі на яе не сердавалі. Як гэта ўсё ж складана: жыць, верачы ў Бога. Калі ня можаш нікуды схавацца, нават на хвілінку. Вось мае бацькі, напрыклад, лічылі, што ў дзіцяці павінен быць свой пакой. А ў Юлі свайго пакоя не было. То бок ён быў, канечне, але які ж гэта свой пакой, калі з табой увесь час жыве Бог. Нібы старэйшы брат ці сястра. А яшчэ Бог чамусьці не любіў, калі Юля начавала ня дома. І хоць яна ніколі гэтага не рабіла, Бог усё роўна быў супраць.
Цікава, падумаў я: калі Бог і праўда існуе, ці бачыць ён у цемры? Што ён бачыць, калі ў кватэры выключаецца электрычнасьць? Ці бачыць ён нас? Я ўпотай пакалупаўся пальцам у носе, але Бог пакуль што прамаўчаў. Можа, не заўважыў проста. А можа, убачыў і запомніў. І паставіў птушку насупраць майго імя. Калі Юліных бацькоў паслухаць, неяк так ён і дзейнічае. Запамінае, хто чаго нарабіў – а потым бабах. У самы неспрыяльны момант.
«Я таксама пазваню і адпрашуся! – заявіў Анцік. – Тут такая таямніца, а я што, спаць мушу ісьці? Знайшлі дурнічку!»
«Ну, цябе ўжо дакладна не адпусьцяць, – сказаў я. – Цябе нават у лес з намі тады не адпусьцілі, памятаеш? Калі я руку зламаў».
«А, гэта калі Юлю міліцыя да ночы з сабакамі шукала? – сказаў Анцік. – Дык гэта яшчэ ў дзяцінстве было. Знайшоў што ўспомніць».
«Эх, цудоўны быў час, – сказала Юля. – Добра. Зараз я сваім пазваню. Штосьці прыдумаем».
Дзіва дзіўнае. Я б і не паверыў, калі б не сядзеў поруч. Юліны бацькі дазволілі ёй застацца ў мяне да раніцы! Юля і сама зьдзівілася, як лёгка яны пагадзіліся. «Такое адчуваньне было, што яны ўжо даўно сьпяць, – уздыхнула яна. – Нейкі сонны голас у таты… Нібы і не ягоны. А потым гэтыя людзі будуць казаць, што за мяне хвалююцца. Ага, як жа ж».
Вядома, яна ні слова не сказала сваім бацькам пра тое, што ў нашым доме няма сьвятла. Але хіба яна схлусіла? Не, пераконваў я сябе. Яна проста не сказала. А гэта зусім іншая рэч, чым схлусіць. Схлусіць – значыць сказаць няпраўду. А не сказаць няпраўду – значыць сказаць праўду. То бок Юля сказала ім праўду, што хоча застацца ў мяне пераначаваць, і не сказала ім няпраўду, што мяне пакінулі дома ў самоце, бо якая ж гэта самота, калі мяне пакінулі з Кабінетам Кабінетавічам. Натхнёны лягічнай хадой сваіх думак, я пакрысе супакоіўся і вырашыў узяць стырно ў свае рукі.
«Толькі не хлусі», – строга сказаў я Анціку перад тым, як ён сеў званіць.
«І не сапі ў трубку, – сказала Юля. – А то яны падумаюць, мы табе тут нож да горла прыставілі».
І вось мы селі бліжэй да Анціка і напружана сачылі, як ён набірае нумар.
«Усё добра, мам, – прасоп Анцік, прыціскаючы тэлефон да вуха. – Нармальна, ага. Паелі. Ага. Мам? А гэта праўда ты?»
Мы зьдзіўлена зірнулі на Анціка. Як можна пра такое пытацца ва ўласнай маці?
«А можна… – лісьліва сказаў Анцік. – Мам, а можна мне застацца ў Лявона? Да раніцы? Ура! Дабранач!»
Ён кінуў тэлефон на падушку.
«Гэтага проста ня можа быць», – сказаў я.
«Чаму?» – спытаў Анцік.
«Таму што я ведаю вашых бацькоў. Яны б ніколі не дазволілі вам начаваць у мяне. Нават калі б яны не былі супраць, сказалі б: паклічце спачатку да тэлефона кагосьці з дарослых».
«Але бачыш, Лявон, усё скончылася добра, – сказала Юля. – Мы з табой. Сьвятла няма, затое ёсьць загадка. Куды падзеўся Кабінет Кабінетавіч? Прапаную вярнуцца ў яго кабінет і ўсім разам добра падумаць!»
Па чарзе, стараючыся не азірацца, мы зноў прайшлі па цёмнай кватэры ў спальню маіх бацькоў. Ноўтбук на стале ўсё гэтак жа сьвяціўся ў змроку, а за акном гарэў ліхтар, але ён быў на іншым баку вуліцы, далёка ад нас. Далёка, як поўня, падумаў я. Хоць якая поўня ў такое надвор’е.
«Давайце адчынім акно, – сказаў я. – Гэта адзіны шлях, якім ён мог уцячы. Паглядзім, ці не засталося сьлядоў».
І хоць насамрэч сьмешна было ўяўляць Кабінетавіча, які лезе праз фортку, прасоўваючы ў такую вузкую адтуліну сваё даўгое цела, я ўзяўся за справу грунтоўна. Стаў на крэсла, дацягнуўся да верхняга шпінгалета, вольнай рукой адчыніў акно і вызірнуў вонкі, у дождж.
І тут мая сьвечка таксама згасла. Я палез па запалкі, але ў кішэні іх не было. Пэўне, згубіў на канапе, выпалі, ці што. Калі б не ноўтбук на стале, які асьвятляў твары Анціка і Юлі, і ня сьвечка ў Юліных руках, я б наогул ня бачыў, што адбываецца за маёй сьпінай, у маёй роднай кватэры. Дый перада мной была непраглядная ноч. Толькі самотны ліхтар у смузе – і ноч.
«Ну што там?» – хорам запыталіся Анцік і Юля.
«Нічога, – сказаў я. – Цемра».
На другім баку нашай вуліцы быў прыпынак, на якім спыняўся толькі адзін аўтобус, дый той хадзіў рэдка. Мала хто ім езьдзіў, бо маршрут у яго быў нейкі дзіўны. Тата шмат разоў казаў, што пара ўжо скасаваць такі непапулярны маршрут. На прыпынку цяпер не было нікога, і ходнік таксама быў пусты. Здавалася, з гораду ўсе сышлі кудысьці, а нас не папярэдзілі. Сышлі і распусьціліся ў тумане. Дарослыя, дзеці, жывёлы. Усе. Засталіся толькі мы трое, зачыненыя ў цёмнай кватэры, і гэты цьмяны ліхтар на вуліцы сярод дажджу.
Я зірнуў уніз, але не пабачыў нічога. Мы жылі на другім паверсе – і, стоячы на падваконьні, я ведаў, што там, у цёмнай прорве пада мной, чорная мокрая трава, засохлы кветнік і поўныя дажджавой вады місачкі для катоў, якіх карміла суседка зьнізу, ведаў, што там ляжаць недапалкі і сьмецьце, і што калі ісьці па вуліцы ўлева, дык прыйдзеш да крамы, а калі ўправа, дык да школы.
Але цяпер там была толькі цемра. Тая самая цемра, якой некалі баяліся першабытныя людзі – і таму прыдумалі агонь.
«Высакавата, – сказаў я. – Нават для Кабінетыча. Я б дакладна не рызыкнуў».
«Ня ведаю, як вы… – сказала Юля і села за стол. Цяпер сьвечка гарэла толькі ў яе, і яна пачувалася галоўнай. – А я ду-ужа хачу пачытаць, што ён там пісаў. Што там за раман такі».
«Ты што? – сказаў я, саскокваючы на падлогу. – Хіба можна чытаць чужое?»
«Можа, у ім разгадка? – сказала Юля. – Можа, Кабінетавіч там напісаў пра свае пляны. Куды ён падзеўся і дзе яго шукаць. І наогул, калі ён піша гэты свой раман, значыць, хоча, каб яго прачыталі. Інакш навошта яму наогул яго пісаць?»
Яна паставіла сьвечку на стол і зручней уладкавалася ў крэсьле. Мы з Анцікам сталі абапал яе і ўперыліся вачыма ў экран. Файл з раманам Кабінетыча доўга шукаць не давялося, ён там быў толькі адзін, проста на працоўным стале. І назва ў файла была такая, што не пераблытаеш:
раман. docx
Юля адчыніла файл, і мы не паверылі сваім вачам.
На экране было ўсяго толькі тры словы!
Усяго тры.
«Ну нічога сабе», – расчаравана сказала Юля.
«Вялі-ікая, то-оўстая кніга… – перадражніў мяне Анцік. – Ён што, цэлы вечар тут сядзеў, каб напісаць тры словы?»
«Адкуль мне ведаць, – сказаў я. – Можа, у яго не ішло. Ты і столькі не напішаш, калі цябе пасадзіць раман пісаць».
«Напішу! – сказаў Анцік. – Я табе такі раман за сэкунду напішу, нават большы, чым у Кабінетыча!»
«Мне вось што цікава… – сказаў я, бо і праўда ня мог дапяць, што адбываецца. – Усе прачыталі, што тут напісана?»
«Гэта не па-нашаму», – сказаў Анцік.
«І гэта не па-ангельску, – сказала Юля. – Нейкія незразумелыя літары».
«Вось! – сказаў я. – Гэта шыфр. Наш Кабінетыч пісаў шыфрам. А гэта значыць…»
«Гэта значыць, ён пісаў тут зусім не раман», – хутка прамовіла Юля. – Ён усіх падмануў.
«Не раман? А што тады?»
І тут у дзьверы пазванілі – рэзка і настойліва!
Я нават падумаць ня мог, што наш добры дзьвярны званок можа так жудасна гучаць. Нібы піла.
Юля ажно падскочыла ў крэсьле, а мы з Анцікам кінуліся ў розныя бакі.
Званок яшчэ раз разьдзёр цемру кватэры, а потым зрабілася ціха.
«Юля! Анцік!» – паклікаў я шэптам, седзячы за ложкам.
«Я тут», – азваўся Анцік аднекуль з-за камоды.
«А я тут», – ціха сказала Юля. Я падняў галаву і пабачыў, што яна ўсё гэтак жа сядзіць за сталом. Можна было падумаць, што ёй зусім ня страшна, але я бачыў, як яна ўчапілася ў падлакотнікі – быццам яе спрабавала выцягнуць адтуль нейкая невядомая сіла.
«Спужаліся? – шапнула Юля. – Я таксама».
«Дзіўна, – сказаў я. – Электрычнасьці няма, а званок працуе…»
«Як такое можа быць?» – усхліпнуў Анцік.
«Ты што, плачаш?»
«Я? Я ніколі ня плачу! Гэта проста соплі», – шмыгнуў носам Анцік, высунуўшыся з-за камоды.
«Можа, там на пляцоўцы Кабінет Кабінетавіч? – сказаў я. – Можа, ён ключы забыўся?»
«Давайце адчынім!» – узрадаваўся Анцік.
«Не, – сказала Юля. – Трэба спачатку схадзіць на разьведку. Толькі ціха!»
Яна спусьцілася на падлогу і стала на кукішкі. Я нехаця зрабіў тое самае, а потым і Анцік вылез са свайго ўкрыцьця. І мы папаўзьлі ў калідор, а адтуль да дзьвярэй.
«А чаму мы паўзем? – спытаў Анцік. – Маглі б проста…»
«А раптам нехта глядзіць у вокны? – сказала Юля. – Толькі і чакае, што мы сябе выдадзім».
«Хто?» – прашаптаў з жахам Анцік.
«Ты што, кніжак не чытаеш? – спыніўся я, павярнуўшы да яго галаву. – Можа, яны думаюць, што нікога няма дома. Ці што тут дарослыя. А калі даведаюцца, што тут дзеці…»
«Хто даведаецца? – ледзь не расплакаўся Анцік. – Хто? Лявон, скажы, хто?»
«Гэтага мы ня ведаем. Усё, маўчы».
Мы дапаўзьлі да дзьвярэй і прыслухаліся. Спачатку нічога не было чуваць, але калі маё сэрца трохі суцішылася, я зразумеў, што радавацца рана. Там, на пляцоўцы, нехта быў, нехта чакаў і дыхаў, стоячы проста перад дзьвярыма – і таксама прыслухоўваўся, спрабуючы нас пачуць.
«Можа, усё ж адчыніць? – прашаптаў Анцік. – Можа, гэта мае бацькі? Або Юліны?»
«Не, яны б пазванілі спачатку, – адказаў я таксама шэптам. – Давайце пачакаем, ён пастаіць і сыдзе».
Але той, хто стаяў за дзьвярыма, не сыходзіў. Замест гэтага ён яшчэ раз пазваніў – доўгім, пранізьлівым званком, ад якога ў мяне зноў закалацілася сэрца.
«Хто там?» – раптам сказаў Анцік сваім гучным голасам, якім ён славіўся на ўсю школу. Юля схапілася за галаву, але прамахнулася і трапіла мне ў нос. Я ўскрыкнуў ад болю – і, вядома, адразу выдаў сябе.
«Гэта ваша суседка, – радасна, нібы толькі і чакаў, прамовіў з пляцоўкі нечы тонкі голас. – У вас таксама сьвятла няма?»
«Няма», – сказаў я.
«Вось жа паскуднікі, – залапатаў тонкі голас. – Надакучылі ўжо сваімі аварыямі! За што мы толькі грошы плацім! А вы ня ведаеце, гэта ва ўсім раёне няма, ці толькі ў нашым доме?»
«Гэта падстанцыя», – сказаў я няўпэўнена. Я ня ведаў, што значыць «падстанцыя», але так казаў тата, калі ў доме здараліся гэткія адключэньні.
«Пакліч некага з дарослых, – сказаў голас. – Я б пазычыла ў вас сьвечку і запалкі, бо ў мяне яны скончыліся, а з маім зрокам хадзіць па цёмнай кватэры проста небясьпечна».
Усё гэта гучала, здаецца, цалкам пераканаўча, і я ўжо пацягнуўся да замка, каб павярнуць у ім ключ. Але ў апошні момант перадумаў. Бо ў гэтым тонкім голасе была нейкая незразумелая, злая радасьць і нецярплівасьць. Нібы тая, што была на пляцоўцы, сама і адключыла электрычнасьць.
«Ну адчыняй жа», – сказаў голас і ручка дзьвярэй раптам заторгалася проста ў мяне перад носам. Юля і Анцік ускочылі – іхныя твары былі вельмі блізка, і я бачыў, што яны круцяць вачыма, каб я ні ў якім разе не адчыняў.
«Мы ўжо сьпім», – сказаў я, ня ведаючы, што рабіць.
«Як жа сьпіце, калі ў вас сьвечка ў спальні гарыць», – сказаў голас.
«А адкуль вы ведаеце?» – спытала Юля.
«Інтуіцыя, – прамармытаў голас. – О, я чую, што вас там трое. Трое дзяцей і ніводнага дарослага?»