Czytaj książkę: «Вазьмі сваю свяцільню»

© Сідарэйка А. П., 2025
© Кісель А. У., 2025
© Нарэйка Н. М., 2025
© Саротнік В. В., 2025
© Сінюк В. А., 2025
© Латышкевіч М. Ю., 2025
© Кароль А. І., 2025
© Гаўруковіч В. В., 2025
© Вешторт А. В., 2025
© Жукоўскі Я. М., 2025
© Аляксеева Ясенія, 2025
© Дваранская П. А., 2025
© Таранда М. I., выява на вокладцы, 2025
© Карлюкевіч А. М., укладанне, уступныя артыкулы, 2025
© Афармленне. ТДА «Аверсэв», 2025
Выбар маладых
Літаратурна-мастацкі часопіс «Маладосць» і газета «Літаратура і мастацтва» ў апошнія гады дапамаглі адкрыць сапраўдную кагорту цікавых маладых празаікаў. І наш новы зборнік серыі «Сучасная беларуская літаратура» прысвечаны творчасці гэтых аўтараў. Аўтараў, розных па ўзросце: да прыкладу, Андрэю Сідарэйку, які сваім творам «Маладыя, альбо Вясёлыя будні сям’і Курачкіных» адкрывае зборнік, ужо споўнілася 39 гадоў, а Паліна Дваранская, аўтар апавядання «Чужы шлях да свайго шчасця», толькі скончыла Ліцэй БДУ. Далёка не ў кожнага з іх ужо ёсць кнігі. У некага гэта першыя, але даволі ўдалыя пробы пяра.
Нягледзячы на тэматычную разнастайнасць, апавяданні, уключаныя ў зборнік, блізкія адно да аднаго ў галоўным: аўтары праяўляюць аднолькавую настойлівасць у пошуку сэнсу жыцця. Пры гэтым і Андрэй Сідарэйка, і Алена Кісель, і Настасся Нарэйка, і Валерыя Саротнік, і Вікторыя Сінюк, і Маргарыта Латышкевіч, і Аляксандра Кароль, і Валерыя Гаўруковіч, і Алесь Вешторт, і Ягор Жукоўскі, і Ясенія Аляксеева, і Паліна Дваранская, безумоўна, розныя, у кожнага з іх свой жыццёвы досвед за плячыма.
Чытаючы творы сённяшніх маладых аўтараў, я прыгадаў уваходжанне ў літаратуру Івана Навуменкі, Вячаслава Адамчыка, Івана Пташнікава, Івана Чыгрынава, Барыса Сачанкі – таксама з першымі апавяданнямі… І адразу пры такіх параўнаннях узнікла ўсведамленне, што яны, пачаткоўцы 1950—1960-х гг., і маладыя празаікі XXI ст. істотна адрозніваюцца сваімі творамі. І справа тут зусім не ў мастакоўскім майстэрстве. У творчых папярэднікаў сённяшняй моладзі была большая сюжэтная акрэсленасць. А ў літаратараў, творы якіх сабраны ў гэтай кнізе, болей філасофіі, болей разваг пра сэнс жыцця, увогуле пра нашу прысутнасць у гэтым свеце. Шанаванне традыцый продкаў, паважлівае стаўленне да сям’і, да родных і блізкіх людзей, высокая адказнасць у адносінах да пачуццяў, да кахання – гэта істотна вылучаецца ў прозе маладых. І пры ўсім тым часам нешта чапляе нечаканасцю, неспадзяванасцю, неадпаведнасцю… Але такі ўжо выбар пакалення, якому заўтра давядзецца ўмацоўваць, узвышаць беларускую літаратуру…
Параўнальна даўно і ў дачыненні да іншага пісьменніцкага пакалення Алесь Адамовіч заўважыў: «…Літаратура не ўрач, літаратура – боль. Калі боль не самы востры, а значыць не выклікае імгненнай рэакцыі – значыць, яна не адпавядае часу, а таму і зусім не літаратура». Сучасная літаратурная моладзь, відавочна, разумее, што толькі праз боль, праз асэнсаванне самых глыбінных працэсаў у чалавечым жыцці, у яго судакрананні з грамадствам можна стварыць сапраўды прыцягальныя мастацкія ілюстрацыі да нашага часу, да прасторы, у якой мы зараз жывём…
Сёння проза маладых прыходзіць да чытача на старонках дзяржаўнага літаратурна-мастацкага часопіса «Маладосць», заснаванага яшчэ ў 1953 г. Часам апавяданні пачаткоўцаў (на жаль, вельмі рэдка!) друкуюцца і ў газеце «Літаратура і мастацтва». Выдавецтва «Мастацкая літаратура», выдавецкі дом «Звязда» і Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь праводзяць конкурс маладых літаратараў «Першацвет», па выніках якога выдаецца аднайменны штогадовы зборнік.
Алесь Карлюкевіч,старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі
Андрэй Сідарэйка

З ГУМАРАМ І… СУР’ЁЗНА
Андрэй Сідарэйка нарадзіўся ў 1985 г. у вёсцы Каравацічы Рэчыцкага раёна, на Гомельшчыне. Скончыў Лоеўскае педагагічнае вучылішча і факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Аўтар кніг «Жонка на гадзіну», «Вальс чырвоных гронак рабін», «Дзесяць капеек», «Здарэнне ў ціхую ноч», «Хабар», а таксама шматлікіх публікацый у беларускай літаратурна-мастацкай перыёдыцы (у часопісах «Вожык», «Маладосць», «Полымя», «Родная прырода», газетах «Літаратура і мастацтва», «Звязда»). Прызёр конкурсу апавяданняў газеты «Звязда».
Гумарыстычная аповесць «Маладыя, альбо Вясёлыя будні сям’і Курачкіных» першапачаткова задумвалася аўтарам як «міні-серыял» для часопіса гумару і сатыры «Вожык». Кожная новая гісторыя пра маладажонаў, нібы асобная серыя, павінна была знаёміць чытача з іх новымі прыгодамі. Вясёлых здарэнняў, цікавых момантаў, як і ў жыцці кожнай сям’і, хапала.
Аднак падчас працы твор выйшаў за межы задумкі і стаў успрымацца як невялічкая гумарыстычная аповесць, якая патрабуе асобнага выдання. А за знешне гумарыстычным падыходам удумлівы чытач заўважыць шмат сур’ёзных рэчаў…
Маладыя, альбо Вясёлыя будні сям’і Курачкіных
Гумарыстычная аповесць
Знікненне, ці З чаго ў сё пачалося
У той дзень сантэхнік Міхаіл Курачкін прыйшоў дадому як звычайна – а восьмай вечара. На дзіва, у кватэры не было жонкі Машы, а з кухні не даносіўся пах наварыстага баршчу і смажаных катлет.
Курачкін здзівіўся: Маша заўсёды вярталася раней і паспявала згатаваць вячэру. Запаліў святло на кухні і агледзеў пліту: ні рондаля, ні патэльні, ні нават чайніка на ёй не было. Наш герой набраў нумар жончынага мабільнага. Чужы голас у слухаўцы паведаміў, што абанент часова недаступны. Гэта здзівіла Курачкіна яшчэ больш. Дзе ў такі час магла быць жонка? Што рабіць? Мужчына прысеў на канапу. Яго позірк спыніўся на аркушы паперы, які ляжаў на часопісным століку: «Прабач. Спяшаюся. Іду да Ся…»
«Што гэта за “Ся…”? – заінтрыгавана задумаўся Курачкін. – Няўжо было так цяжка дапісаць?!»
Побач з аркушам ляжала ручка. Мужчына схапіў яе і ці то ад расчаравання, ці то ад злосці пачаў вадзіць па аркушы кругі. Але ручка не пакідала следу. Стала зразумела, чаму Маша не дапісала слова. Што гэта за «Ся…»? Сярожа, Сяргей, сябар, сяброўка? Не, усё ж гэта было імя. Бо першая літара – вялікая.
«Сяргей», – вырашыў «падмануты» муж і згадаў, што зусім нядаўна каханая размаўляла па тэлефоне з нейкім Сяргеем, як яна сказала пасля – калегам.
Не давала спакою, смылела думка: «Няўжо?..»
Пацягнуліся неспакойныя гадзіны. Курачкін сядзеў на канапе, ляжаў на ложку, спрабаваў заснуць… І ў той момант, калі ён, здавалася, задрамаў, дзверы кватэры адчыніліся, на парозе паўстала Маша.
Падалося, крыху на падпітку. Пачала здымаць туфлікі.
Курачкін падхапіўся сустракаць каханую.
– Дзе ты была? – занепакоена запытаўся ён.
– У сяброўкі Светы. Я табе цыдулку пакідала. Адзіная ручка ў кватэры скончылася – не змагла дапісаць, а ты на той момант быў недаступны па мабільнай сувязі.
– Я тэлефанаваў пазней.
– Прабач. Тэлефон разрадзіўся, а мы былі на дыскатэцы…
– Ты была на дыскатэцы?! – здзівіўся муж.
– Так. Ты ж бываеш у кавярні, на рыбалцы, у гаражах сяброў. Чаму я не магу пабыць на дыскатэцы?
– Але ж ты там была не адна – магла ўзяць тэлефон у сяброўкі і патэлефанаваць.
– Ведаеш, на дыскатэцы я была не толькі са Светай…
– А з кім яшчэ? – здзівіўся Курачкін. Ён адчуваў, як у ім прачынаецца рэўнасць.
– З іншымі сваімі сяброўкамі: Наташкай, Алінай, Ангелінай…
– Выдатна!.. І ў іх не было з сабой тэлефонаў?
– Не. Пакінулі дома прынцыпова… Трэба ж было нам жаночай кампаніяй проста адпачыць. Не ўсё ж вам, мужыкам, адпачываць ад нас. Мы таксама хочам сваёй кампаніяй развеяцца.
Маша прайшла ў пакой і расцягнулася на ложку.
– О! Як цудоўна! – прамовіла яна. – Ці як ты там кажаш, калі завальваешся на ложак пасля чарговай пасядзелкі ў кавярні з сябрамі? Што ты так стаміўся пасля вельмі сур’ёзных размоў?..
– Так… – разгубіўся Курачкін. – Але хіба мы не маглі з табой проста паразмаўляць, калі табе так не падабалася, што я баўлю час у кавярні?
– Маглі, канешне. Але ты заўсёды казаў, што мы паразмаўляем пасля таго, як ты выспішся. Вось і я спачатку высплюся, а пасля мы з табой паразмаўляем.
– Але ж раніцай нам на працу.
– Вось-вось, іменна: на працу. Таму не перашкаджай адпачываць.
– Але калі мы сур’ёзна паразмаўляем?
– Калі рак на гары свісне. Ці пасля дожджыку ў чацвер. Ці як ты там яшчэ любіш казаць?
Мужчына згадаў, што ён і сапраўды час ад часу так адказваў жонцы.
– Усё, я гэтак больш не магу!.. – здаўся Курачкін.
– Я таксама, – ледзь чутна прашаптала Маша.
– Давай паразмаўляем па душах.
У адказ Курачкін пачуў мірнае сапенне жонкі.
Мужчына таксама прылёг на ложак і прыгадаў моманты з сямейнага жыцця, якія маглі стаць падставай для жончынага ўчынку.
Дарэчы, Міхась і Маша былі жанатыя ўжо два гады. Маладыя. Аднагодкі. Абаім па дваццаць пяць. За час сумеснага жыцця здарылася шмат гісторый. І такіх, праз якія Маша вельмі злавалася, – таксама.
Першая з іх адбылася на трэцім месяцы пасля вяселля.
Неверагодная шчодрасць
У той дзень Курачкіна выклікаў да сябе старшыня прафкама і адказны за ідэалагічную працу на прадпрыемстве Іван Гнацюк і запытаўся, ці атрымаў малады супрацоўнік заробак. Калі той сцвярджальна кіўнуў галавой, Іван Міхайлавіч адразу рушыў у бой:
– А прафсаюзны ўнёсак хто плаціць будзе, падпіску афармляць?
– Не хвалюйцеся, Міхалыч, зараз і грошы аддам, і на пошту схаджу. Абед якраз, – супакоіў старшыню Курачкін.
Так доўгачаканая зарплата крыху патанчэла. Але нашага героя гэта не напалохала: затое цяпер ён прафкаму нічога не вінны. Больш за тое, увесь наступны месяц будзе чытаць аж пяць рэспубліканскіх газет!
Нечакана зазваніў тэлефон. Сябар Толік прасіў пазычыць хоць якую пяцёрку – па яго словах, нават на жэтон у метро грошай не было. Аддаць паабяцаў праз тры дні.
– Хіба табе пяцёркі хопіць? – шчыра здзівіўся Курачкін. – Магу пазычыць і дваццатку. Толькі ты абавязкова, як і дамовіліся, вярні, не цягні.
Па дарозе дадому Курачкін успомніў: патрэбны новы інструмент – ліхтарык і электрадрыль. Рэчы абышліся ў добрую капейку. Затое цяпер у яго было ўсё, пра што ён марыў апошні месяц.
Каля прыпынку, адкуль наш герой дабіраўся дадому, стаяў шапік. У ім прадавалі латарэі на найбліжэйшыя выхадныя.
«А калі пашчасціць і выйграю аўтамабіль?» – мільгнула ў галаве думка.
І зноў у кішэні паменела грошай.
Курачкін завітаў і ў краму, што была побач з домам. Ну не вяртацца ж пасля зарплаты з пустымі рукамі? Малады муж набраў розных прысмакаў і толькі потым, ззяючы ад шчасця, рушыў дадому.
На жаль, каханая не раздзяліла радасці мужа.
– Дзе грошы?! – запыталася яна, не паспеў той пераступіць парог.
– Вось, – адказаў Курачкін і выклаў на стол некалькі пакамечаных купюр, а таксама цэлую жменю капеек.
– І гэта ўсё?! – здзівілася жонка.
– Што значыць – усё? – перапытаў муж. – А прадукты? Інструмент? Латарэя? Вось квітанцыя на падпіску. Увесь наступны месяц будзем чытаць перыёдыку. Гэта табе не лайкі пад фотаздымкамі ў інтэрнэце ставіць!
– А камунальныя паслугі хто будзе аплачваць? Цэлы месяц гатаваць? – абурылася Маша. – Усё, Курачкін, чытай сам сваю перыёдыку, у сценах дзіркі свідруй, людзям краны рамантуй, мяне гэта больш не хвалюе. Я ад цябе сыходжу!
…Маша не размаўляла з мужам цэлы тыдзень, але ўсё ж засталася. Газеты чытаў толькі наш герой. Хоць яму таксама хацелася пабавіць час у інтэрнэце.
А неўзабаве Курачкін выйграў у латарэю навамодны пыласос. Відаць, менавіта такі важны для сямейнага побыту фактар і растапіў сэрца Машы.
Хаця ўрок Курачкін засвоіў добра: цяпер увесь заробак адразу аддаваў жонцы.
За імгненне да гадзіны ІКС
Размеркаваць сямейны бюджэт так, каб яго хапіла да наступнага заробку, атрымліваецца не ва ўсіх. Курачкіны не былі выключэннем. Да таго ж яны былі маладыя. А ім шмат трэба. Калі фінансы спявалі рамансы, даводзілася трываць, цярпець, чакаць: дні, гадзіны, нарэшце, хвіліны. А ў працоўны час па сацыяльных сетках ішлі пасланні SOS.
– Каханенькі, пакладзі крыху грошай на тэлефон. Зусім на балансе пуста, – пісала мужу Маша.
– Заробак абяцалі пералічыць на картку пасля абеду, – адказваў муж.
– Але я нават не магу патэлефанаваць па справе, – ішло чарговае пасланне жонкі.
– А як жа дзясятка? – адказваў Курачкін.
– На інтэрнэт тэрмінова патрэбны былі грошы…
– Узгадаў. У шафе на чорны дзень ёсць заначка.
– Ведаеш, чорны дзень настаў яшчэ ўчора. Прабач, што не папярэдзіла.
– Я так і ведаў, – уздыхнуў Курачкін. – Таму зрабіў яшчэ адну заначку: пад тэлевізарам з правага боку. Трэба яго прыпадняць…
– Я ведаю, – перарвала яго Маша. – Разумееш, на самай справе першы чорны дзень настаў два дні таму. Памятаеш, я хадзіла ў цырульню?
– Так, – адказаў Курачкін.
– Ну вось.
– Калі табе патрэбныя грошы, то вазьмі іх у кішэні маёй зімовай курткі, – напісаў Курачкін.
– А іх няма там ужо тыдзень як.
– Як?! – здзівіўся Курачкін.
– Я набыла новую люстру. А перад гэтым здавала ў хімчыстку тваю зімовую куртку. Падрыхтавала яе да новага сезона.
– Добра. Але яшчэ тыдзень таму ў нас было грошай, каб пражыць тры тыдні. А іх чамусьці хапіла толькі на тыдзень.
– Разумееш, каханенькі, каб зняць стому пасля працы, я хадзіла ў салон прыгажосці, а потым у модны буцік.
– Калі меркаваць, колькі ты там пакінула грошай, у цябе быў сапраўдны стрэс. А цяпер ён у мяне. На гэтыя выхадныя я дакладна еду на рыбалку.
– Згода.
– А пасля рыбалкі – у лазню, – працягваў пісаць Курачкін.
– Добра.
– А пасля лазні – у бар. Стрэс трэба зняць як мае быць.
– Ага.
– І дадому вярнуся, як прыйдзецца.
– Добра.
– О! Мне якраз на картку прыйшлі грошы. Зараз пакладу табе на тэлефон.
– І мне. Ха-ха, – з’явіўся ў тэлефоне смайлік. – Усё, не патрэбны мне твой рубель. І на выхадных ніякай рыбалкі. Едзем у госці да маёй мамы – тваёй цешчы.
Курачкін быў задаволены, што на картку прыйшлі грошы. Але ў яго з’явіўся яшчэ адзін клопат – падарунак для цешчы.
Нялёгкія выпрабаванні
Курачкін узгадаў знаёмства з цешчай, якое адбылося за некалькі месяцаў да вяселля. Кацярына Мікалаеўна жыла за горадам у прыватным доме, вяла гаспадарку. У тую суботу яна прыняла будучага зяця прыязна, але дачцэ, калі засталіся адны, выдала:
– Твой бацька-нябожчык быў волат. А ён нават вілы ў руках не ўтрымае, не тое што гной з хлеўчука выкінуць.
– Ды мой Міхась адной левай з гэтым разбярэцца, – адказала Маша і накіравалася ў залу.
Наш герой нацёр нямала мазалёў, пакуль займаўся справай. Кацярына Мікалаеўна задаволена паглядала на будучага зяця, але дачцэ зноў сказала: «Вось твой бацька-нябожчык і на агародзе шчыраваў як трэба! Бульбу адзін мог прапалоць за нейкую там гадзіну-другую».
– І Міхась справіцца! – адказала Маша і пайшла даваць Курачкіну новае даручэнне.
Сонца пякло, было млосна, пот абліваў твар Курачкіна, але той мужна займаўся праполкай бульбы. Праўда, тут яму дапамагала Маша. Ужо праполка – не гной бухаць.
«Ну-ну…» – цешылася Кацярына Мікалаеўна, назіраючы з акна за дачкой і будучым зяцем.
Не паспеў госць зайсці ў хату, як Кацярына Мікалаеўна заенчыла:
– Ой, Міхаська, зусім забылася, у мяне некалькі паленцаў ля дрывотні ляжаць. Ты б іх пасек, а то так і струхнеюць.
Не адпачыўшы, Курачкін адправіўся выконваць новае даручэнне. Паленцаў аказалася не некалькі, а амаль воз.
Нарэшце, пад вечар, змораны, наш герой узяў ручнік і выправіўся да бочкі з вадой, што стаяла ў садку. Абмыўшыся як след, уваліўся ў хату.
– Міхась, пакуль гатуецца яешня, загані ты вунь таго пеўня ў куратнік. Усе куры на седале, адзін ён, нягоднік, ходзіць, – папрасіла Кацярына Мікалаеўна.
Доўга бегаў Курачкін за пеўнем. Той уцякаў ад незнаёмца па ўсім двары, але ў куратнік ніяк не хацеў ісці. Стаміўшыся, госць прысеў на ганак.
Неўзабаве выйшла Кацярына Мікалаеўна.
– Што, не слухаецца? – запыталася жанчына.
– Ага, – прамовіў Курачкін.
– Тут далікатны падыход трэба мець, – сказала будучая цешча і звярнулася да пеўня: – Пеця, давай на седала, а не то заўтра суп з цябе згатую.
Пачуўшы пагрозу, певень тут жа накіраваўся ў куратнік.
– Вось бачыш, як трэба, – задаволена прамовіла жанчына.
Вячэра была смачнай. Былі і чарка, і скварка. Кацярына Мікалаеўна ўсё нахвальвала будучага мужа дачкі.
– Малайчына! Дапамог дык дапамог!
Калі наступным днём госці выправіліся ў горад, да Кацярыны Мікалаеўны завітала суседка.
– Ну, Мікалаеўна, як будучы зяць?
– Ды нават пеўня на седала загнаць не можа. Што ўжо пра астатняе казаць, – адказала жанчына.
– Ой, намучаецца твая Маша з ім.
– Не кажы, – падтрымала Кацярына Мікалаеўна.
Суседка пайшла. Гаспадыня ўсміхнулася: «А зяць у мяне будзе самы лепшы, усім на зайздрасць. Каб толькі не сурочыць!»
Праўда, такой пахвалы Курачкін ад самой Кацярыны Мікалаеўны так ніколі і не пачуў. Можа, тое было і да лепшага.
Каб не сурочыць!
Страсці па дачы
Адпачываць і працаваць на прыродзе Курачкіну даводзілася не толькі ў цешчы, але і на ўласнай дачы. Там Кацярыны Мікалаеўны не было (толькі з-за гэтага мець сваю дачу – вялікая ўдача), не было і задзірыстага пеўня. Адно садавіна і гародніна. Што з іх карысці? Так лічыў Курачкін. Таму доўгі час на дачу ездзіла толькі Маша. Галава сямейства знаходзіў сабе іншыя заняткі: то пойдзе на рыбалку з сябрамі, то хатнімі клопатамі зоймецца. Але пра ўсё па парадку…
– Міша, паедзем на дачу. Радыску пасадзім, бульбу, – напярэдадні выхадных прапанавала Маша.
– Ну якая дача? – буркнуў незадаволена наш герой. – Сябры паклікалі на рыбалку. Кажуць, такі клёў зараз! Кілаграмовыя карасі і карпы самі ў вядро скачуць.
– Ну добра! – пагадзілася Маша. – Пачастуеш потым юшкай.
Суботнім ранкам жанчына выправілася на лецішча, што знаходзілася за добрую сотню кіламетраў ад горада, а Курачкін з сябрамі адправіўся на рыбалку. Клёў не ішоў. За дзень наш герой злавіў толькі некалькі невялічкіх карасікаў, ды і тых адпусціў.
Дадому вярнуўся вечарам і зразумеў, што ў кватэры нікога няма. Жонка прыехала праз тры гадзіны вельмі змораная і адразу ж запыталася пра юшку. Курачкін прызнаўся, што рыбалка не задалася.
– Я столькі працы перарабіла, а ён на рыбалцы адпачываў! – пачала злавацца жанчына. – Хоць бы вячэру прыгатаваў!
Кінуць што на зуб перад сном хацелася і Курачкіну. Стомлены, ён выправіўся ў краму, а потым да ночы гатаваў рыбны суп.
Наступным разам, калі Маша зноў зазбіралася на дачу, Курачкін сказаў, што ён даўно хацеў падрамантаваць дзверцы ў шафе, падкруціць на кухні кран ды перарабіць шмат чаго яшчэ, што з-за працы заўсёды адкладваў. Маша парадавалася, што дома нарэшце па мужчынскай частцы стане парадак, і выправілася ў дарогу.
Толькі Курачкін заняўся шафай, як патэлефанаваў сусед. Папрасіў дапамагчы завесці машыну.
Што тая хвіліна-дзве? Курачкін пагадзіўся. Машына завялася, сусед паехаў па сваіх справах, а вось наш герой дадому так і не дайшоў. Суседка Галя папрасіла зазірнуць у падвал і памяняць лямпачку, бо тая перагарэла. Здавалася, на гэтым місія была выканана, але суседка папрасіла заадно занесці мех бульбы ў кватэру. Жыла яна адна, памочнікаў не было.
Вярнуўшыся дадому, гаспадар нарэшце адрамантаваў дзверцы ў шафе. Тут якраз раздаўся хатні званок.
На парозе стаяла бабуля Ганна, якая паскардзілася на кран, што моцна цурчыць.
– Сёння выхадны. Сантэхніка не выклічаш. А ты ж, ведаю, майстар, – пахваліла нашага героя госця.
Як пасля пахвалы адмовіць?
Кран, як на тое ліха, не рамантаваўся. І якім добрым сантэхнікам ні быў Курачкін, а гадзіны дзве яму прыйшлося па-сапраўднаму папацець!
А тут ужо і абед. Бабуля не хацела адпускаць, пакуль сусед не пагадзіўся сесці за стол. Ну, вядома: дзе скварка, там і чарка.
Курачкін хутка захмялеў. Вярнуўшыся дадому, вырашыў гадзіну адпачыць.
Прачнуўся, калі ўжо вечарэла. Вось-вось павінна была вярнуцца з дачы Маша.
Гаспадар кінуўся на кухню і хутка стаў рамантаваць кран. За гэтай працай яго і застала жонка.
– Ты з самай раніцы тут?! – здзівілася яна.
Курачкін хацеў сказаць, што перад гэтым ён адрамантаваў дзверы ў шафе, зрабіў шмат добрых спраў, але Маша пайшла ў наступ:
– І чым ты цэлы дзень тут займаўся, незразумела. А я агуркоў прывезла. Думала цябе пачаставаць. Але не. Зраблю салату і з’ем сама.
Гэтым разам Курачкін застаўся без вячэры. У думках ён быў удзячны бабулі Ганне, якая ад душы пачаставала яго. А з іншага боку, каб не яна, то…
Цяпер кожныя выхадныя, калі Маша збіралася на дачу, усе справы, нават рыбалку, Курачкін адкладваў на потым.
На дачы разам з жонкай мужчына з задавальненнем палоў градкі. Усё ж смачна прыгатаваныя бульбу, агуркі і памідоры ён любіў. І не хацеў, каб жонка пазбаўляла яго такіх ласункаў, вырашчаных сваімі рукамі. А рыбалка і хатнія справы пачакаюць…
Незвычайныя святы
Неяк Курачкін знайшоў у інтэрнэце каляндар нетрадыцыйных свят.
«Цудоўна! – усклікнуў ён. – Гэта ж колькі нагод падняць келіх, адвесці душу ды ўвогуле арыгінальна правесці дзень!»
Першае такое свята Курачкін запланаваў адзначыць у апошнюю нядзелю студзеня, у Міжнародны дзень без інтэрнэту. Паведаміўшы Машы, што трэба тэрмінова дапамагчы сябру адрамантаваць машыну, мужчына адключыў мабільны і рушыў у Музей мастацтваў, дзе раней ніколі не быў.
Дзень прамінуў хутка. Але ўражанні ад наведвання музея адразу зніклі, як толькі Курачкін вярнуўся дадому:
– Дзе ты быў? – накінулася на яго Маша. – Не датэлефанавацца, ні ў якіх сацыяльных сетках не адгукаешся! Мабыць, у палюбоўніцы?
– Ты што! – запярэчыў муж. Ён нават і падумаць пра такое не мог. – Я ж казаў: сябру дапамагаў машыну рамантаваць.
– Тэлефанавала я тваім сябрам! – не адступала Маша.
– Відаць, не ўсім. Навошта мне цябе падманваць?
Маша ўвесь вечар не размаўляла з мужам, але той так і не распавёў пра сваю таямніцу.
Наступны раз адзначыць арыгінальнае свята Курачкін адважыўся ў маі, калі надышоў Дзень без штаноў.
Церусіў дождж. У шортах і майцы Курачкін вырашыў прайсці некалькі кварталаў па лужынах. Свет не без добрых людзей: жончына знаёмая Каця, якая ў гэты час выйшла на балкон, незнарок пабачыла незвычайны шпацыр Курачкіна і адразу патэлефанала сяброўцы: запыталася, куды гэта яна выправіла свайго мужа ў такім адзенні ды яшчэ пад дажджом.
Праз паўгадзіны Курачкін вярнуўся дадому азяблы і мокры. Было, вядома, непрыемна, але ў душы ён радаваўся, што адзначыў яшчэ адно арыгінальнае свята. Ды толькі Маша зноў сапсавала настрой.
– Дзе цягаўся? – пагрозліва запыталася яна. – Я цябе нікуды не пасылала! Да сяброў у кавярню?
– Ну што ты… – хацеў апраўдацца муж, але жонка нават і слухаць не стала.
Прайшоў час, і Маша ад усё той жа сяброўкі даведалася, што каханы гуляў па скверыку з адэніумам, яе любімай пакаёвай раслінай. Мала таго – ён з ёй размаўляў. Гэта стала апошняй кропляй. Жонка паставіла ўльтыматум: больш ніякіх стасункаў, пакуль ён не выкіне з галавы розную лухту.
На дапамогу прыйшло чарговае нетрадыцыйнае свята – Дзень прымірэнчага пацалунка, што адзначалася напрыканцы жніўня. Курачкіна асяніла! Гэта быў знак, каб скончыць бессэнсоўную варажнечу. Ранкам ён прыгатаваў сняданак, а калі Маша зайшла на кухню, распавёў ёй усё як на духу. Напрыканцы паведаміў і пра свята. А потым хутка цмокнуў у шчочку.
Маша рассмяялася.
– А калі б гэтае свята было яшчэ не хутка, то мы не памірыліся б і я не даведалася б усёй праўды. Чаму не расказаў раней? Мне таксама было б цікава адзначыць якое-небудзь арыгінальнае свята!
Курачкін паціснуў плячыма.
– Які ж ты…
Гэтую фразу Маша не паспела дагаварыць, бо Курачкін зноў пацалаваў яе. Выпрабоўваць далей сумеснае сямейнае жыццё не хацелася. Ці мала што магло яшчэ здарыцца? А Дзень прымірэнчага пацалунка адзначаўся толькі раз на год!
На каго трэба глядзець?
Адзін з любімых заняткаў жанчын – хадзіць па крамах, шукаць новае адзенне. Не была выключэннем і Маша. Як і любому мужчыну, Курачкіну гэта не падабалася. Але ён цярпліва чакаў, пакуль Маша выбірала сабе строі.
У той дзень было сонечна, і Маша вырашыла прагуляцца да бліжэйшай крамы моднага адзення пехатой. Курачкіну такая ідэя спадабалася. Не ўвесь жа час у грамадскім транспарце ездзіць!
Наш герой ішоў па горадзе і азіраўся па баках. Часам насустрач ці недзе побач ішлі (таксама прагульваліся) дзяўчаты. Позірк Курачкіна незаўважна для яго самога спыняўся на іх.
Такая няўвага да яе Машы хутка надакучыла.
– Што ты прыліп да яе позіркам? – нечакана запыталася яна ў мужа, калі той утаропіўся ў чарговую прыгажуню.
Курачкіна аж перасмыкнула. Каб ён сам ведаў чаму. Але трэба было нешта адказваць.
– Такая прыгожая маечка! Вось бы табе такую!
Маша нічога не адказала. А Курачкін выдыхнуў з палёгкай і вырашыў, што гэтым разам ён выкруціўся. Ён і сам не заўважыў, як позірк ізноў прыліп да прыгожай падарожніцы.
– А цяпер табе што падабаецца? – раздаўся жончын голас.
«Калі толькі заўважыць паспела?» – падумаў Курачкін і пачаў зноў шукаць выйсце з няёмкага становішча:
– Зірні, каханая, якія прыгожыя джынсы!
– А-а, зразумела, – адказала Маша.
Да крамы заставалася зусім мала, як позірк Курачкіна спыніўся зноў на кімсьці цудоўна прыгожым.
– Што табе падабаецца ў гэтай дзяўчыне? – запыталася жонка.
– Сонечныя акуляры! – не раздумваючы, адказаў муж.
У краме Маша вельмі доўга прымярала. Хадзіла з аддзела ў аддзел. Курачкін выбраў сабе шкарпэткі і, разлічыўшыся за іх на касе, чакаў сваю другую палавінку.
А калі ж яна нарэшце выйшла з прымерачнай, на ёй былі такія ж джынсы, маечка і акуляры, якія ён бачыў нядаўна на незнаёмках.
– Ну што? Цяпер, мабыць, з мяне, а не з іншых прыгажунь позірк не будзеш зводзіць, – усміхнулася Маша.
– Ага, – толькі і змог адказаць Курачкін.
Прыгожыя абноўкі абышліся нятанна. Курачкін маўчаў, бо лічыў вінаватым сябе. Хоць гэтая гісторыя і завяршылася даволі мірна, але Міша Курачкін засвоіў урок добра. Калі гуляў з Машай на вуліцы, уся яго ўвага была скіраваная толькі на жонку.
Кароткі шлях
Аднойчы Маша папрасіла Курачкіна схадзіць у краму па любімую памаду, якая да таго ж была на акцыі.
– Я хутка, – адказаў наш герой. – Тут жа кароткім шляхам хвілін дзесяць пехатою.
Каб лягчэй было растлумачыць прадаўцам, што яму менавіта трэба, малады муж узяў жончыну памаду і паклаў яе ў кішэню.
Каля суседняга дома Курачкіна сустрэў даўні сябар.
– А я толькі цябе ўзгадваў, – шчыра прызнаўся знаёмы. – Вось сантэхніку новую набыў. Хацеў, каб ты зірнуў, як яе лепш паставіць. Ты ж у нас спецыяліст!
– Давай потым. У краму спяшаюся. Жонка памаду папрасіла набыць, – як ёсць адказаў Курачкін.
– Ха! Цябе потым даклічашся! Крама яшчэ тры гадзіны працаваць будзе. Калі што, я цябе нават падвязу. Кароткім шляхам на машыне – дзве хвіліны.
Адмаўляцца больш не было нагоды, і Курачкін пагадзіўся. Кансультацыя заняла не больш за дзесяць хвілін.
– Вялікі дзякуй! – сябар не скупіўся на словы пахвалы. – Цяпер сядай у машыну! Падвязу, як і абяцаў.
У машыне было ўтульна, і Курачкін падумаў, што вось як добра ўсё атрымалася: і сябру дапамог, і з ветрыкам да крамы пад’едзе. Што тут тае язды!
Нечакана адбыўся гучны выбух. Сябар выбег з машыны і агледзеў яе.
– Кола! – прамовіў ён. – Трэба запаску ставіць! Ты пачакай, я хутка!
На дзіва, Маша не тэлефанавала і не цікавілася, дзе муж. Таму можна было і не спяшацца.
– Гатова! – абвясціў таварыш. – За дзве хвіліны будзем на месцы.
Сябар даімчаў да крамы і сапраўды хутка. Паабяцаў пачакаць і адвезці Курачкіна дадому.
У краме наш герой паказаў прадаўцу – маладой дзяўчыне – патрэбную памаду.
– Некалькі хвілін таму забралі апошнюю, – адказала тая.
Расчараваны Курачкін выйшаў з крамы і пра ўсё расказаў сябру.
– Не хвалюйся. Тут яшчэ адна крама побач ёсць! Сядай! Пяць хвілін кароткім шляхам!
Але і там патрэбнай рэчы не знайшлося. Рабіць не было чаго – Курачкін з сябрам адправіліся дадому.
– Калі трэба, звяртайся, – сказаў Курачкін таварышу.
– І ты. Заўсёды падвязу.
– У дзвюх крамах быў. Няма такой памады, – сказаў наш герой жонцы.
– Ведаеш, як ты пайшоў, мне дужа захацелася халвы. Я выправілася ў краму, толькі звычайным, а не кароткім шляхам. Ну а пасля зазірнула і туды, куды адпраўляла цябе. Прадавец сказала, што засталася апошняя памада. А мой тэлефон разрадзіўся, я не змагла табе патэлефанаваць, каб запытацца, ці набыў ты ўжо яе. Вырашыла: калі што – будуць дзве памады! А атрымалася, што не!
– Відаць, мой шлях не самы кароткі! – усміхнуўся сумна Курачкін.
– Відаць, не! – канстатавала Маша.
Дуэль інтарэсаў
Неяк Курачкін захапіўся адным прыгодніцкім серыялам. Штовечар, як вяртаўся з працы, займаў месца на канапе і атрымліваў асалоду ад чарговай серыі. У гэты час ён забываўся на вячэру, дамашнія клопаты. Ды што там казаць – нават на жонку.
Вядома, гэта дужа не падабалася Машы, якая, нягледзячы на прысутнасць мужа, заставалася сам-насам са сваімі клопатамі і думкамі. Нават і пагаварыць не было з кім!
Калі ж муж завяршаў прагляд серыяла, то яшчэ цэлую гадзіну пераказваў Машы сюжэт новай серыі.
На нейкі момант расказы мужа захапілі Машу, і тая вырашыла таксама стаць прыхільніцай серыяла. Але пасля прагляду некалькіх серый зразумела, што гэтая тэма яе не цікавіць.
Каб неяк адцягнуць захапленне мужа серыялам, яна пачала штодзень шукаць хатнія справы. То кран трэба падрамантаваць, то дыван тэрмінова выбіць, то дзверцы ў ваннай паправіць. Але марна. Кран Курачкін адрамантаваў падчас рэкламнай паўзы, дыван выбіў пасля прагляду, а пра дзверцы і зусім запамятаваў.
– Прабач. Такая захапляльная серыя была! – прызнаўся ён.
Машы стала сумна. Яна набыла невялічкі тэлевізар і паставіла яго на кухні. І там вечарамі глядзела розныя ток-шоу.
Нарэшце, серыял скончыўся. Курачкін, задаволены фіналам кінастужкі, адчуваў эйфарыю яшчэ тыдні два. А потым… Потым нічога цікавага для прагляду так і не мог знайсці.
А Маша працягвала глядзець ток-шоу і розныя серыялы.
Тут Курачкін заўважыў, што жонка зусім перастала гатаваць па вечарах. Толькі бутэрброды з гарбатай ці кавай. Не прасуе адзенне і наогул не цікавіцца яго жыццём.
– Пакуль ты «хварэў» на серыял, я ўсё рабіла сама. Цяпер твая чарга паклапаціцца пра мяне, – стомлена адказала палавінка.
Курачкін занепакоіўся. Няўжо і ён «хварэў» таксама, як цяпер жонка? Але выбару не заставалася. Курачкін гатаваў вячэру, займаўся бялізнай, прыбіраў кватэру. А Маша пасля прагляду серыяла і ток-шоу толькі ўздыхала ды ішла адпачываць.
– Больш ні на што сёння сілы ў мяне няма, – казала стомлена яна.
Нарэшце серыял завяршыўся. У той дзень Курачкін якраз выбіў дыван, набыў торт і прыгатаваў гарбату.
– Што зараз рабіць будзеш? – пацікавіўся ён у Машы.
– Не ведаю, – адказала жонка. – Сяброўкі кажуць, што па іншым канале такі цудоўны серыял пачаўся. Трэба будзе паглядзець хоць адну серыю.
– А ў мяне ёсць іншая прапанова, – сказаў Курачкін. – Давай сходзім у тэатр.
Курачкін паклаў на стол два квіткі.
– Гэта, пэўна, цікавей за серыялы, – падміргнуў муж. – Ды і нарэшце разам паглядзім, а не паасобку.
– Слушная ідэя, – падміргнула Маша. – Можа, і ў парк сходзім пагуляць?
– Можна, – абрадаваўся Курачкін.
– А калі ў цябе новы сезон серыяла пачнецца? – пацікавілася Маша.
– Не ведаю, – шчыра прызнаўся Курачкін. – Ды і навошта ён мне? Разам бавіць час лепш. Давай наогул забудзем пра гэтыя серыялы.
Маша ўсміхнулася. Серыяльная «пандэмія» ў сям’і скончылася.
Нечаканы падарунак
Святы бываюць розныя: міжнародныя, дзяржаўныя, арыгінальныя, сямейныя, асабістыя, як дні народзінаў, напрыклад. Адны не адзначае ніхто, іншыя – па жаданні, а ёсць і такія, што не адзначыць проста нельга. Прычым хтосьці ў такія святы абавязкова чакае падарунка. Так, 23 лютага сюрпрызаў чакаюць мужчыны, 8 Сакавіка – жанчыны, у дні нараджэння – імяніннікі.
У сям’і Курачкіных таксама былі святы. Акрамя вышэйназваных, яны адзначалі круглыя даты стасункаў: гадавіну знаёмства, шлюбу. Словам, нагод хапала.
Пасля завяршэння мядовага месяца першым падарункам ад маладога мужа стала навамодная патэльня. «Спадзяюся, на кухні яна стане табе добрай памочніцай», – рэзюмаваў Курачкін.
Маша надзьмула шчокі. Яна ж чакала зусім іншага. На 8 Сакавіка Курачкін падарыў ёй прас, а на дзень нараджэння – пральную машыну. Маўляў, цяпер у нас ёсць усё для ўладкаванага сямейнага жыцця.
Маша такі падарунак не ацаніла. І не размаўляла з Курачкіным тыдзень.
– А ты лепшая? – сказаў ёй Курачкін, каб пачаць прымірэнчую размову. – Шкарпэткі, пена для галення…
– Наступным разам я цябе сапраўды здзіўлю, – паабяцала Маша.
– І я цябе, – таксама паабяцаў Курачкін.
Гэтую гісторыю герой расказаў сябрам у кавярні.
– Хіба пральнай машынай можна пакрыўдзіць? – казаў ён. – Ды я ж ад усяго сэрца. Бо думаю і клапачуся толькі пра яе.
– А падаруй ёй іншы раз кветкі, – прапанаваў адзін з сяброў, Мікола.
– Кветкі? – здзівіўся Курачкін. – І што гэта за падарунак?
– Ну, тады машыну. Ці аформі паездку ў еўратур, – падказаў іншы сябар, Саша.
– Машына не па кішэні. А ў еўратур яна паедзе, а я што буду рабіць дома адзін?
– Тады кветкі, – падвёў рысу сябар Алег.
Набліжалася чарговая гадавіна, калі ён зрабіў Машы прапанову.
– Але ж ты не забывай, што кветкі – гэта толькі знак увагі. А падарунак – гэта падарунак, – зноў падказаў сябар Саша.
Неўзабаве настаў дзень ікс. Пасля працы Курачкін выправіўся ў кветкавую краму. Кветак было шмат, і наш герой ніяк не мог вызначыцца. Спачатку (для найбольшага эфекту) хацелася набыць незвычайныя кветкі. А калі не спадабаюцца ці пахнуць будуць не так? Пахадзіўшы па краме, Міша спыніўся на традыцыйных ружах.
Выйшаўшы з крамы, Курачкін згадаў словы Сашкі, што кветкі – гэта толькі знак увагі, а вось падарунак… Тут зноў Міхась пачухаў патыліцу. Ногі нібыта самі павялі яго ў краму бытавой тэхнікі.
«Можа, кухонны камбайн? – думаў малады муж. – Вельмі карысная рэч».
«Ці мультыварка? Мікрахвалёўка?»
Усе гэтыя рэчы прынеслі б вялікую карысць дому. «Ды толькі як Маша? Зноў будзе кавезіцца?»
Курачкін выйшаў з крамы.
Ідэй не ўзнікала. І тут… Курачкін убачыў перад сабой будынак цырка.
«Вось дзе я… дзе мы даўно, відаць, не былі!» – узрадавана ўсклікнуў у думках ён.
Такому падарунку Маша абрадавалася, бо таксама даўно не была ў цырку.
– Але ж і ў мяне ёсць сюрпрыз, – сказала яна.
– Няўжо новая вуда? – усміхнуўся Міхаіл.
– Не. Лепш. Залатая рыбка. Цяпер яна будзе спраўджваць нашы жаданні.
Курачкін прайшоў у залу. Там на століку стаяў невялічкі акварыум. У ім плавала зусім маленькая рыбка.
– Вось гэта?
– Так, – адказала Маша.
– Яна ж яшчэ зусім маленькая для нашых грандыёзных жаданняў.
– Гэта нагода яе пачаставаць. Каб яна хутка стала дужай. І магла выканаць любое нашае жаданне.
Маладыя муж і жонка назіралі за тым, як рыбка ловіць ротам корм. У думках яны загадвалі свае першыя жаданні.
Помста
Аднойчы ўсе надумваюць рабіць рамонт: кватэры, дачы ці асобнага пакоя. Такая ідэя адным вясновым ранкам прыйшла і да Курачкіна. Захацелася замяніць плітку на кухні і ў ваннай, пакласці ў зале лінолеум. Гэтай ідэяй ён падзяліўся за сняданкам з Машай. Тая падтрымала мужа. Пасля працы Курачкін набыў неабходны будматэрыял і прыняўся перфаратарам збіваць старую плітку.
Калі Маша вярнулася дадому, то пачула непрыемны гук электраінструмента.
– А гэта што? – здзівілася яна.
– Рамонт, – адказаў Курачкін. – Як і дамаўляліся.
– Але ж у мяне з заўтрашняга дня адпачынак. Я не думала, што ты так хутка яго пачнеш. Проста хацела цябе падтрымаць.
– Вялікі дзякуй, – усміхнуўся муж. – Але цяпер гэты працэс не спыніць, не стрымаць! – пры гэтым ён паказаў адбітую плітку на падлозе.
Курачкін шчыраваў да сямі гадзін вечара – да часу, калі дазваляецца шумець. Але суседзі ўсё роўна былі незадаволеныя. Так, адна з суседак гучна выказалася, праходзячы міма дзвярэй іх кватэры:
– Знайшлі час. Маглі б і летам! Калі ўсе едуць на дачы і ў адпачынак.
– Ведаеш, як у нас стане прыгожа! – ужо вечарам падзяліўся думкамі з жонкай муж.
– Уяўляю, – адказала Маша, а потым запыталася: – А ты ведаеш, колькі разоў чалавек можа хадзіць у адпачынак?
– Як мінімум два разы, – адказаў Курачкін.
– Гэта не ва ўсіх. У мяне звычайна адзін адпачынак. І ты хочаш, каб я правяла яго ў разбуранай табой кватэры?
– Не хвалюйся. Я хутка скончу! – паабяцаў муж.
Штовечар Курачкін вяртаўся з працы і браўся за справу. Маша ў гэты час сыходзіла з дому і да позняга вечара шпацыравала па горадзе. Былі цёплыя вясновыя вечары. Не сцюдзёна, як зімой. Чаму і не развеяцца?
У перадапошні дзень Машынага адпачынку Курачкін скончыў рамонт.
– Ну вось, цяпер у нас парадак і прыгажосць, – абвясціў радасна ён. – Ды і ты свежым вясновым паветрам надыхалася. А то кісла б у кватэры ўвесь адпачынак.
– Ага, – усміхнулася жонка. – Дзякуй, што так клапоцішся пра мяне.
Ішлі дні, тыдні… Неўзабаве адным ліпеньскім днём Курачкін зазбіраўся ў адпачынак.
– Міша, а ты любіш закруткі: агуркі, памідоры? – запыталася Маша.
– Вядома. Пад бульбачку ў самы раз, – адказаў муж.
– Дык вось. Як ты ідзеш у адпачынак, а я працую, то чаму б табе не паехаць на дачу і не заняцца нарыхтоўкай стратэгічнага запасу на зіму? – пацікавілася жонка.
– Хто, я?! – здзівіўся Курачкін. – Але ж у мяне былі іншыя планы на адпачынак. Ды, нарэшце, я закруткамі ніколі не займаўся.
– І ў мяне былі іншыя планы на адпачынак, – адказала Маша. – Але рамонт – справа неабходная. І нарыхтоўкі на зіму таксама. Камусьці патрэбна гэтым займацца. А як ты будзеш вольны, то чаму не навучыцца такому рамяству? Ты ж у мяне вунь які майстар на ўсе рукі!
Курачкін зразумеў, што ад «камандзіроўкі» на дачу яму не адбіцца.
– Ведаеш, гэта цудоўная ідэя, – адказаў ён. – Таксама свежым паветрам падыхаю. А ўжо якіх закатак нараблю! Ты ў мяне яшчэ ўрокі практыкі будзеш браць!
– Згода! – засмяялася Маша.
А вось рэцэпт, па якім рабіў зімовыя запасы Курачкін, так і застаўся сакрэтам.
Халадзільнік
Усе жанчыны мараць мець талію, каб ім зайздросцілі… Дзеля мары не шкада ні часу, ні сродкаў. І хоць Маша была прывабнай жанчынай, але і яна ў адзін дзень вырашыла, што мяжы прыгажосці няма і што заўсёды ёсць «над чым папрацаваць».
Жанчына зайшла ў інтэрнэт, дзе хутка знайшла дыету, якая, на яе думку, дапаможа ёй дасягнуць жаданага.
– З гэтага дня мы на дыеце, – абвясціла жонка Курачкіну і пералічыла прадукты, якім больш не месца ў халадзільніку.
– А я пры чым? – здзівіўся Курачкін. – Я ні на якую дыету не падпісваўся.
– Заняцца сабой ніколі не позна, – адказала Маша. – А калі не, то я не буду з табой размаўляць.
Курачкін зразумеў, што ад дыеты яму не адкруціцца.
– Вось спіс прадуктаў, якія неабходна набыць, – працягвала камандаваць Маша.
Праз гадзіну халадзільнік быў забіты карыснымі для душы і цела прадуктамі. Увесь вечар Маша складала меню на заўтрашні дзень, якое пасля з задавальненнем агучыла Курачкіну.
– Уяві толькі: аўсянка з разынкамі, зялёная гарбата з абястлушчаным тварагом…
– Нешта стаміўся я, – адказаў муж і адправіўся адпачываць.
У той вечар Курачкін не захацеў ні глядзець тэлевізар, ні гуляць у камп’ютарную гульню, ні нават перапісвацца з сябрамі ў сацыяльных сетках.
Ноччу яму спачатку прысніліся шашлыкі, потым смажаная курыца з бульбай. Ён неўзабаве згадаў, што ў лядоўні ляжыць добры кавалак мяса.
«Калі прыгатаваць яго зараз?» – узнікла думка.
Курачкін прачнуўся. Паглядзеў на Машу, тая моцна спала. Мужчына падняўся і ціхенька, амаль крадком, пайшоў да халадзільніка. Зачыніўшы добра дзверы, каб пах смажанага мяса не пратачыўся ў спальню, Курачкін пачаў гатаваць вельмі познюю вячэру.
Пад’еўшы як трэба, Міхась усміхнуўся сам сабе і падумаў, што пасля такой вячэры на сняданак пойдзе і аўсянка з разынкамі.
Апантаная ідэяй Маша прачнулася рана і прынялася за прыгатаванне сняданку.
– Бачыш, як апетытна выглядае! – сказала яна Курачкіну, калі той прачнуўся.
– Вельмі! – пагадзіўся Міхаіл і падыграў: – Аж апетыт усхадзіўся!
Пасля Курачкін падзякаваў Машы за сняданак і выправіўся на работу. У яго ссабойцы былі вараныя яйкі, памідор з агурком і невялічкі кавалачак хлеба. Абед атрымаўся так сабе. А вячэра і зусім ніякай. Хіба бутэрброд і зялёную гарбату можна было назваць сытнай стравай?
Ноччу Курачкіну снілася смажаная бульба і катлеты. Але сон тое быў ці не, Курачкін узгадаць не мог. Як і мінулай ноччу, ён апынуўся на кухні, дзе стаў гатаваць сабе вельмі каларыйную страву. А потым уплятаць яе за абедзве шчакі.
Так ішлі дні за днямі. Маша кожны дзень круцілася перад люстэркам і не магла налюбавацца, як дыета ўплывае на яе талію. Каля люстэрка станавіўся і Курачкін, каб падыграць жонцы.
Невядома, колькі б працягвалася гэтая гісторыя, але здарылася вось што. У адну ноч Курачкін завітаў на кухню, каб прыгатаваць познюю вячэру, і ўбачыў там Машу. Яна піла гарбату з пірожным.
– Прабач, – пачырванеўшы, сказала яна. – Нешта салодкага захацелася.
На імгненне яна збянтэжылася, а потым падазрона паглядзела на мужа:
– А ты што тут робіш?
– Таксама салодкага захацелася, – знайшоўся Міхась, а потым прызнаўся: – І мяса. Маша, можа, пакончым з дыетай? Ты мне падабаешся такой, якая ёсць.
– І ты мне. Сядай, зараз завару табе гарбату. А вось пірожнае.
Эх, каб не яно…
Не тэлефонная размова
Падчас абеду ў Курачкіна зазваніў мабільны. Нумар быў незнаёмы.
– Алё, – сказаў звыклае слова мужчына.
– Добры дзень, – адгукнуўся жаночы голас.
– Мы знаёмыя? – пацікавіўся Курачкін.
– Пакуль не, – прамовіла жанчына. – Але можам пазнаёміцца.
– У вас праблемы з сантэхнікай? – запытаўся Курачкін, мяркуючы, што, пэўна, яму тэлефануюць па працы.
– Бываюць, – у голасе з трубкі пачулася ўсмешка. – Але сёння ніякіх праблем няма. Усё працуе спраўна.
– Тады не разумею, – шчыра здзівіўся Курачкін. Ён хацеў зразумець, хто яму тэлефануе, але гэта ў яго пакуль не атрымлівалася. – І адкуль у вас мой нумар?
– Набрала лічбы, якія на душу прыйшлі. І трапіла на вас. Чаму нам проста не пагутарыць? – пачуўся зноў жаночы голас. – У вас жа цяпер абед? І ў мяне таксама. Сумна. А вам?
– Ну… – Курачкін не ведаў, што адказаць.
– Вось бачыце, – прамовіла жанчына. – Вас як зваць?
– Міша.
– А мяне Люда.
Курачкін разумеў, што яго, пэўна, нехта спрабуе разыграць. Але хто? Ён пачаў прыгадваць усіх жончыных сябровак, але ніякай Люды не памятаў, хоць, як яму здалося, такі жаночы голас ён ужо недзе чуў.
– Сёння цудоўнае надвор’е. Можа, сходзім вечарам у кафэ? – прапанавала Людміла.
– Не. Мяне Маша чакае, – адказаў проста Курачкін.
– Хто такая Маша?
– Жонка.
– А-а, – пачуўся ўздых. – Яна добрая?
– Вельмі.
Тут Курачкін згадаў жанчыну, якую, здаецца, звалі Людміла і пра якую некалі расказвала Маша як пра даўнюю школьную сяброўку.
«Ці не яна? – пранеслася ў галаве думка. – І ці не розыгрыш гэта ад яе і жонкі?»
– Значыць, вы добры сем’янін?
– Так.
– Заўсёды спяшаецеся з працы дадому?
– Але.
– Як вашай жонцы пашанцавала, – уздыхнулі зноў у трубцы.
– Спадзяюся.
– Яна добра гатуе?
– Ага.
– І што плануецца на вячэру?
– Не ведаю. Але хацелася б баршчу, смажанай бульбы з катлетамі.
– Ну ў вас і апетыт!
– Пасля працы надараецца, што і дыназаўра хочацца з’есці.
– Ведаеце, я вельмі рада, што ў вас усё так добра.
– А вы замужам?
– Так.
– Пэўна, і ў вас добры муж.
– Магчыма. Але я не ведаю, што б ён адказаў незнаёмцы, якая запрасіла б яго на сустрэчу.
– Ведаеце, абед заканчваецца. Трэба ісці. Калі ў вас будуць праблемы з сантэхнікай, то тэлефануйце. Дапамагу. І кавы пап’ём.
– Дзякуй. Добрага дня вам. Было прыемна паразмаўляць.
Курачкін пайшоў працаваць. Увесь час ён думаў пра загадкавую Людмілу і выпадковую размову. «Дзіўныя сітуацыі часам надараюцца», – думаў ён.
Але яшчэ больш мужчына здзівіўся, калі дома на вячэру Маша прыгатавала боршч, смажаную бульбу і катлеты.
«Вось гэта супадзенне!» – падумаў ён. Але пра размову з незнаёмкай гаварыць не стаў. Толькі падазрона паглядзеў на жонку і падумаў: «А як бы яна зрабіла на маім месцы – пайшла б у кафэ ці адмовілася?»
Сакрэт віншавання
Аднойчы Курачкін прыйшоў з працы вельмі заклапочаным.
– Заўтра дзень нараджэння ў нашай бухгалтаркі. Шэф сказаў, што віншаваць будуць усе. І я ў тым ліку. А я ж зусім не прамоўца.
– Нічога страшнага, – супакоіла Маша. – Ты ж мяне віншуеш, вось і бухгалтарцы тое скажы.
– Але ж яна не ты…
– А ты на хвіліну ўяві. Усё і атрымаецца.
Курачкін падзякаваў жонцы за слушную ідэю і, задаволены, сеў за вячэру. Вечарам наступнага дня ён ізноў прыйшоў засмучаным.
– Што здарылася? – запыталася Маша.
– Віншаванне. Ведаеш, спачатку ўсё было цудоўна. Я ўявіў, што бухгалтарка – ты, і пачаў жадаць. А пасля на імгненне запамятаўся і сказаў крыху лішняга: «Ну, як мая Маша рэдка гатуе боршч, так і ты, шаноўная Наталля Сяргееўна, нячаста радуеш мяне разліковым лістом». Цяпер прэміі мне доўга не бачыць.
– Не хвалюйся, – супакоіла жонка. – Прэмію табе ставіць дырэктар. І ён, пэўна, чуў тваё пажаданне. А вось бухгалтарка і іншыя, бадай, успрынялі твае словы як жарт і добра пасмяяліся.
– Канешне. Усе трымаліся за жываты, – панура прамовіў Курачкін.
– Усё будзе добра, – яшчэ раз запэўніла жонка.
І сапраўды, за бягучы месяц Курачкін атрымаў добрую прэмію. «Відаць, Маша мела рацыю», – падумаў ён. І да вячэры набыў шакаладны торт. За гарбатай ён падзяліўся з жонкай сваімі думкамі і радасцю.
Прайшоў час, і Курачкін зноў прыйшоў дадому заклапочаным.
– Заўтра дзень народзінаў у начальніка нашага працоўнага ўчастка. І я зноў у спісе віншавальнікаў.
– Калі не хочаш уявіць мяне, то намалюй у думках маю маму. Ты ж яе таксама вельмі добра віншуеш з усімі святамі.
– Ага, – уздыхнуў мужчына, згадаўшы, як, выціраючы пот з ілба, віншаваў з 8 Сакавіка цешчу.
Вечарам наступнага дня ён зноў прыйшоў устрывожаным.
– А цяпер што не так? – занепакоілася Маша.
– Такіх прыгожых слоў віншавання я, пэўна, не гаварыў ніколі, – стаў расказваць Курачкін. – Але напрыканцы віншавання, разумееш, не стрымаўся, сказаў: «Ведаеш, Мікалай Мікалаевіч, як мая цешча рэдка бывае ў нас у гасцях, так хацелася б, каб і ты менш круціўся на нашых вачах. Толькі працы замінаеш». Усе зайшліся смехам. Нават сам імяніннік.
– Вось бачыш, няма чаго хвалявацца. Нярэдка такія пажаданні падчас віншавання трапляюць у яблычак.
Так і адбылося. Начальніка ўчастка Курачкін стаў бачыць толькі раніцай на планёрцы, а потым спакойна працаваў дзень на аб’екце.
– Ведаеш, заўтра дзень народзінаў нашага шэфа, – у адзін з вечароў сказаў Міхась жонцы. Намеснік паведаміў што без мяне не абысціся. Што ж мне пажадаць самому Івану Іванавічу?
– Тое, што і сабе, – параіла Маша.
«Ну, сябе я хваліць умею», – падумаў Курачкін і, супакоіўшыся, пайшоў адпачываць.
– Напачатку я разгубіўся, – падзяліўся назаўтра з Машай муж. – Але потым нагаварыў Івану Іванавічу вельмі шмат добрых пажаданняў. На што ён адказаў: «Пасля такіх слоў я павінен табе, Курачкін, паставіць адпачынак у наступным годзе, як і сабе, у аксамітны сезон. Так што можаш планаваць, як ты яго правядзеш, ужо зараз».
– Сапраўды? – здзівілася Маша. – Тады і я вазьму адпачынак у наступным годзе ў верасні. Будзем адпачываць разам!
Цяпер, калі Курачкіна прасілі павіншаваць каго-небудзь, ён хутка згаджаўся, бо ведаў галоўны сакрэт віншавання.
Крама «Лёс»
Аднойчы Курачкіну прысніўся сон, нібыта трапіў ён у краму пад назвай «Твой лёс».
– Чым тут могуць гандляваць? – задаўся пытаннем Міша.
– Нічым, – пачуў адказ прадаўца-кансультанта, які з’явіўся невядома адкуль. – Тут даюць магчымасць наведвальнікам выбраць свой лёс. Вось вы – мужчына, значыць, вам патрэбная для жыцця жанчына. Можам паказаць, якія ў нас ёсць мадэлі.
– Мадэлі?! – яшчэ больш здзівіўся Курачкін.
– Так. Усе жанчыны, як і мужчыны, дзеляцца на пэўныя тыпы – катэгорыі. Можам паказаць.
– Цікава. Давайце.
Прадавец-кансультант правёў нашага героя ў асобную залу. Там на подыуме стаялі розныя жанчыны, падобныя да манекенаў-робатаў.
– Вось гэта мадэль хатняй гаспадыні, – сказаў кансультант і націснуў нябачную кнопку на манекене, на ёй быў фартух, а ў руках – чарпак.
Жанчына адразу зарухалася і пачала гаварыць:
– На сняданак – аўсянка, зялёная гарбата з блінамі. На абед прыгатую боршч. На вячэру – катлетак. Збегаю ў гастраном, захаплю фарш, грэчку. А потым прыбяру посуд…
– Прабачце, а чаму яна, – Курачкін паказаў на манекен, – ні слова не кажа пра працу?
– Гэта ж мадэль хатняй гаспадыні, – падкрэсліў кансультант. – Сям’ю забяспечвае муж.
Кансультант выключыў манекен і падышоў да наступнай мадэлі.
– А вось супрацьлеглая мадэль – бізнесвумен. У такім выпадку муж можа і не працаваць, – пры гэтым кансультант зноў націснуў на нябачную кнопку.
– На абед мяне не чакай, у мяне запланаваны бізнес-ланч, – строгім тонам пачала гаварыць жанчына. – Вячэраю я з будучым інвестарам. Дадому вярнуся позна. Выбі дываны, зрабі вільготную ўборку. І не забудзься на Рэкса. У дзве гадзіны і сем вечара ў яго прагулка. Для Мурзіка набудзь сухі корм, замяні ваду ў акварыуме. Усё, я пабегла. На сувязі. Калі будуць пытанні, пішы. Я патэлефаную…
– Хопіць, хопіць, – занепакоіўся Курачкін. – Гэта зусім не жанчына маёй мары. Мне б такую, каб і працавала, і гатавала, і паразмаўляць магла.
– Універсальная. Зразумела, – адказаў кансультант і падышоў да наступнага манекена. – Вось.
Прадавец уключыў і гэты экспанат.
– Каханенькі, сёння спазнілася, трапіла ў затор, так стамілася, – пачала жанчына-робат. – Я ў лазенку, а ты пакуль прыгатуй вячэру. Ну, як у цябе на працы? Нічога не чую, я ў лазенцы. І не думай сёння глядзець свой серыял. Абяцала зайсці сяброўка. Падтрымаеш нашу размову. А вось яшчэ што: вынес смецце?
– Выключайце. Гэта зусім не тое. Хочацца і рамантыкі, – сказаў Курачкін.
– Зразумела, – кіўнуў галавой кансультант і падышоў да наступнага манекена. – Думаю, гэта тое, што трэба.
– Мілы, я так цябе кахаю, – пачала жанчына.
– Вось-вось, – адобрыў Курачкін.
– У нашым сямейным жыцці даўно не было рамантыкі, – працягвала яна. – А так хочацца прагулак пад месячыкам на пляжы Чорнага мора. Мяккага ложка ў пяцізоркавым атэлі.
– Не, гэта не тая рамантыка, – запярэчыў наведвальнік. – Мне б такую, з якой можна хоць куды.
– Я б вам не раіў, – адказаў кансультант. – Вось, паглядзіце самі, – і прадавец уключыў наступны манекен.
– Каханы, я з табой хоць куды. Але для гэтага мы напачатку зробім шопінг. Калі мы збіраемся ў Амазонку, то мне патрэбныя боты каўбоя, калі на рыбалку, то крэм для загару, пасля загару, надзіманая лодка, мангал, шашлык, новы купальнік, туфелькі, сонечныя акуляры…
– Я не тое меў на ўвазе, – перабіў пакупнік. – Мне б такую, якая прытрымлівалася б здаровага ладу жыцця…
– І такая мадэль у нас ёсць. Вось, – кансультант уключыў наступны манекен.
– Дарагі, заўтра мы пераходзім на здаровы лад жыцця. Прачынаемся ў шэсць раніцы, ідзём на прабежку, потым лёгкі сняданак – і на працу. Пасля працы ідзём у фітнес-залу. Абанемент каштуе сто рублёў на дваіх. Гэта два тыдні.
– Не-не, – зноў запярэчыў Курачкін. – Тут працаваць толькі на фітнес-залу будзеш. Ведаеце, – звярнуўся ён да кансультанта, – няма ў вас прыдатнага экспаната. А сваю жанчыну-лёс я ўжо сустрэў. Завуць яе Маша. Яна хоць і не ідэальная, але самая блізкая, такая, што трэба! І яна мяне ўжо, пэўна, чакае з працы.
– У нас дагэтуль ніхто не выходзіў без другой палавінкі, – заўважыў кансультант.
– Відаць, я буду першы, – адказаў Курачкін і хутка накіраваўся да выхаду.
У дзвярах стаяў ахоўнік, які не хацеў выпускаць Курачкіна. Кансультант жа, учапіўшыся за Мішаву руку, цягнуў наведвальніка назад, да манекенаў. Невядома, чым гэта ўсё скончылася б, але тут Курачкін прахапіўся. З ілба цёк пот. Міхась агледзеўся. Побач мірна сапла Маша.
– Дзякуй, гэта толькі сон, – супакоіўся наш герой.
Ён лёг зноў, абняў Машу і моцна заснуў. Да раніцы больш ніякія сны яму не сніліся.
…А пад раніцу яны прачнуліся, альбо Што такое добра і што… не вельмі
Згадваючы розныя гісторыі, Курачкін не заўважыў, як настала раніца. Ціха, каб не будзіць жонку, пайшоў рабіць сняданак – бутэрброды з сырам і кавай. Ён уяўляў, як складзецца іх размова з Машай. Ужо і пажартуе, пакпіць ён з яе!
За такімі думкамі Курачкін не заўважыў, як на кухню зайшла каханая. На дзіва, выглядала яна добра адпачыўшай. Нават не скажаш, што прыйшла вельмі позна.
– Сняданак ужо гатовы, – з усмешкай прамовіў Курачкін.
– Гэта добра, – у адказ усміхнулася Маша.
Яны селі за стол.
– У колькі я ўчора прыйшла? – запыталася жонка.
– А другой гадзіне ночы, – адказаў Курачкін.
– Гэта дрэнна, – уздыхнула Маша.
– Ага, – падыграў муж.
– А прыйшла сама?
– Так.
– Гэта добра, – усміхнулася Маша, а потым удакладніла: – А таксіста не было?
– Не, – на гэты раз ужо здзівіўся Курачкін.
– Гэта дрэнна.
– Чаму? – раўнівым тонам запытаўся Курачкін.
– Атрымліваецца, я столькі шыбавала пехатою…
– Гэта добра, – выдыхнуў Курачкін. Яшчэ б – таксіста не было, ды і грошы сэканоміліся.
– А сумачка са мной была?
– Так.
– Гэта добра, – узрадавалася Маша.
– Ты думала, што недзе яе згубіла?
– Не. Затое ўсе грошы, што былі ў ёй, пакінула ў клубе. Якія цудоўныя там напоі…
– Гэта дрэнна, – па інерцыі прамовіў Курачкін.
– У цябе ж аванс у гэтую пятніцу? – пацікавілася жонка.
– Так.
– Гэта добра, – адказала Маша. – Ведаеш, я наглядзела сабе сукенку…
– Ведаеш, не вельмі. Я думаў…
– А я падумала першай, – адказала Маша.
– Добра. Няхай будзе сукенка, – выдыхнуў Курачкін.
– А як мае туфелькі, у якіх я ўчора прыйшла? – пацікавілася Маша.
– Выдатна. Уяўляеш, не зламаўся ніводны абцас, – падкрэсліў муж.
– Вось бачыш, казала я табе, што гэта вельмі якасныя туфлі. А ты – як заўсёды: «Шмат каштуюць!..»
– Вялікі кошт – непрыемнасць для сямейнага бюджэту, – заўважыў Курачкін.
– Ага, – пагадзілася Маша, а потым дадала: – Твае розныя мужчынскія рэчы таксама нятанна каштуюць.
– Гэта кепска. Каб танна, у мяне іх было б нашмат больш, – пажартаваў Курачкін.
Крыху памаўчалі, атрымліваючы асалоду ад кавы.
– Ты як хацеў правесці выхадныя? – запыталася першай Маша.
– З сябрамі на шашлыках.
– Гэта добра. Я з табой.
– Ідэя не вельмі, – зноў выдыхнуў Курачкін.
– Чаму?
– У нас сабралася толькі мужчынская кампанія.
– Кепска, – выдыхнула Маша. Памаўчаўшы, дадала: – А ведаеш, Наташка, што ў суседнім пад’ездзе, зацяжарыла. Учора яе бачыла, хвалілася.
– Цудоўна, – без эмоцый прамовіў Курачкін.
– А ў нас з табой дзяцей яшчэ няма.
– Кепска, – уздыхнуў Курачкін.
– Ну вось, я падумала, а чаму б нам не завесці хлопчыка ці дзяўчынку?
– Выдатна! – узрадаваўся Курачкін. – Я толькі за!
Ён падхапіўся з крэсла, падбег да Машы, абняў яе і пацалаваў у шчаку.
– Ціха! Ціха! – стала супакойваць мужа жонка. – Зараз трэба ісці на працу.
– Гэта дрэнна, – уздыхнуў Курачкін і зноў сеў на сваё месца.
– Але вечарам мы зможам вярнуцца да гэтай размовы, – падміргнула Маша.
– Выдатна! – прамовіў натхнёна Курачкін.
Абое шчаслівыя, маладзёны пайшлі на працу.
Сямейнае жыццё працягвалася.
І яно, як паказалі вечар і раніца, вельмі рознае, але ўсё ж цікавае.
І абяцае шмат яшчэ сюрпрызаў.
Алена Кісель

ГАЛОЎНАЕ – ВЕРЫЦЬ
Алена Кісель нарадзілася ў 1986 г. у Магілёве. Скончыла Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. А. Куляшова, аспірантуру Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Кандыдат філалагічных навук. З 2017 г. – сябар Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Піша раманы ў жанры эпічнага, прыгодніцкага, гумарыстычнага фэнтэзі, а таксама вершы, гумарыстычныя пераказы міфалогіі і біяграфій. Размяшчае творы пераважна ў інтэрнэце. Так, на сайце author.today выкладваліся серыі раманаў «Аид, любимец Судьбы», «Серая Дружина», «Артефакторы». Асобнымі кнігамі выйшлі раман «Аид, любимец Судьбы» (2016), зборнік апавяданняў «Забавная мифология» (2019), зборнік вершаў «Пять жизней» (2021), раман «Эликсир для гения» (2023).
Плённа працуе і ў жанры літаратурнай крытыкі. Выступае з рэцэнзіямі і артыкуламі ў часопісе «Маладосць», газеце «Літаратура і мастацтва».
Апавяданне «Печыва для анёла» – гэта гісторыя пра дзяўчынку Ліку, якая верыць у… Вера ў яе, шчыра кажучы, трохі дзіўнаватая. З таго часу як у яе руках апынулася кніжка пра анёлаў, Ліка верыць, што яны, белакрылыя анёлы, ходзяць сярод нас і праз нас. У брудных вопратках, у жабрачым абліччы. І выпрабоўваюць людзей на дабро. Але ж дарослыя чамусьці не падзяляюць гэтай яе перакананасці… Мо яны нешта асаблівае ведаюць? Ці, наадварот, не ведаюць і не разумеюць нечага?..
Гэта твор пра дзіцячую дабрыню і дзіцячую веру. Пра некаторыя выхаваўчыя моманты. І пра тое, што сустрэча з цудам можа здарыцца дзе заўгодна. Галоўнае – верыць…
Печыва для анёла
– Та-а-атка… Гро-о-ошыкаў…
Жанчына ў паліто колеру пабляклага смарагду павярнулася на хаду, чмыхнула. Сучасныя дзеці, маўляў. Мала лупцавалі, зашмат песцілі, усё ім купі, дык яшчэ грошыкі, вось як!
Андрэй сціснуў зубы і пацягнуў дачку за сабой – у бясснежны снежаньскі дзень, уздоўж гразкай вуліцы.
Дзіця капрызіла: ціхенька, без істэрыкі. Затое і жаласна, са слязлівымі ноткамі. Так, быццам з кожным крокам жыццё выцякае.
– Ну-у… Каліласк.
– А мо лепш купім табе шакаладку? – першая спроба даць хабар правалілася, Андрэй уздыхнуў і паспрабаваў яшчэ раз: – Цацку? Ляльку хочаш? Або кніжку. Ты ж хацела – вялікую, міфы там усялякія…
– Ды не… лепш трошачкі… грошыкаў. Грошык. Маленькі… Ну, мы ж прайшлі амаль… Я ж сябе добра паводзіла… Хочаш – я посуд памыю?
Дачка ўмела даваць хабар лепш. Настойваць на сваім таксама ўмела лепш. Яшчэ ўмела ззяць чыстым блакітам з-пад бэзавай шапачкі з адна-рожкам. Асцярожна ззяць, лісліва. Так, што ў галаву лезе міжвольнае: «Жонка прыб’е, калі дазнаецца…» – а пальцы ўжо намацваюць у кішэні паліто партманет, шукаюць дробную манету, уручаюць дачцэ пад стомлены ўздых бацькі.
– Мамцы не кажы, – сказаў Андрэй сумна і паглядзеў на вітрыну з велізарным жоўтым плакатам пра калядны распродаж.
Не хацелася глядзець, як Ліка нясецца да гэтай чарговай жабрачкі (ці гэта мужык, проста ў такім адзенні). Пах – тараканаў можна труціць, грудкаваты нос тырчыць сярод патлаў, рукі з абламанымі кіпцюрамі, а перагар які!
Заняць пазіцыю – не хапала яшчэ, каб дзіцёнак падхапіў якую-небудзь заразу, калі будзе цягнуць манету гэтаму… Анастасія Міхайлаўна з кафедры казала – люмпірнал. Выразна. Яшчэ больш выразна – бомж перагарна-пераходны, пачвара вулічная, жудасная… Якое глупства ў галаву лезе, на самай справе.
Ліка звычайна такіх і выбірала: каб самыя страшныя, самыя брудныя. Нармальнаму дзіцяці такое паказаць з пяці крокаў – уначы не засне, да таты-мамы ў ложак будзе прасіцца.
– Усё! Дала, – а гэтая вяртаецца подскакам. І на касыя погляды мінакоў – хоць бы што. І на золь. А з раніцы яшчэ сумавала, казала: «І Новы год без снегу, ці што, будзе? Там, пэўна, на небе ўсе млыны чароўныя паламаліся!»
Нейкі дзядуля з вайсковай выпраўкай угледзеў-ткі ў вачах Андрэя сусветную тугу і вырашыў выступіць у ролі мудрага настаўніка-падарожнага.
– Ты дзядзечку навошта грошыкі дала? – спыніўся, нахмурыўся, затрос пальцам, а сам усё міргаў Андрэю, маўляў, глядзі, як трэба! Выхоўваю! – Дзядзечка грошыкі прап’е, будзе пад плотам валяцца…
Андрэй закаціў вочы з пакутай, таму што адцягнуць дачку ўжо не паспяваў. Ліка акругліла вочы, прыўзнялася на дыбачкі і радасным шэптам распавяла проста ў твар дзядулю-выхавальніку:
– А раптам дзядзька – анёл?!
– Пытанняў да дысертантаў больш няма, – іранізаваў Андрэй, цягнучы дачку ад знямелага дзядулі. Той замёр – трэба было прытрымаць досціп, што хіліўся некуды ўбок. Яшчэ рот закрыць – адкрыты ў патэтычным: «Штооо?!»
– Мая дачка трызніць анёламі, – злосна сказаў на гэтае «штооо» Андрэй. Не старому і не валацугу ў лахманах. Мабыць, сказаў вітрыне з распродажамі. Яны абяцалі сродак ад усяго…
Вось бы знайшоўся ў іх сродак для Лікі. Ад кніжкі, што хросная прынесла… На Каляды або на Вялікдзень усё ж такі? Ад таннай простай кніжачкі, размаляванай блакітнымі кветачкамі і чымсьці белакрылым. І ад апавяданняў, у якіх у кожным абзацы можна было стрэць гэта самае белакрылае і зразумела кім пасланае са светлымі мэтамі на зямлю. У абліччы валацуг і жабракоў.
Лепш бы падарыла Маршака ці Чукоўскага. Або пра жывёл казачных што-небудзь.
У свеце Лікі цяпер па вуліцах ходзяць анёлы. Сядзяць у пераходах, просяць грошай пракуранымі галасамі. Або нудна цягнуць просьбы аб міласціне каля бліжэйшай царквы. Анёлы шаркаюць нагамі, збіраючы пустыя бутэлькі каля скрыні, пішуць напаўпісьменныя запіскі аб тым, што адсталі ад цягніка, або пра нейкія аперацыі для дзяцей з неверагоднымі хваробамі.
Выпрабоўваюць людзей на дабро (Андрэю заўсёды здавалася, што на зло або на цярплівасць, але Ліцы лепш відаць, таму што дарослыя – яны ж анічога не разумеюць). І вось ім ніхто не дае, а маленькая Ліка – хоп, і грошык! І анёл тады ўбачыць, што Ліка добрая, і зробіць ёй што-небудзь такое, ну, невядома што, але таксама, напэўна, добрае, а можа, ён нават паляціць на неба і там усім-усім пра яе раскажа, а можа, яшчэ…
– Доча, ну навошта ўсім запар цягнуць? Ну вось паглядзі, які страшны, нямыты… Ну які ён?..
– Не, ну а калі ж усё-ткі…
– Ліка! Адыдзі ад яго, каму кажу?! Ну куды ты панеслася, што гэта такое ізноў?! Ніякі ён не анёл, гэта ўсё казкі!
– А анёл тады іншы які-небудзь, так? Ты мне скажаш, які? Не-е-е, мы ж не ведаем, які можа аказацца…
– Доча, анёлаў не бывае.
– Нічога… Алінка кажа: прахфесарэй не бывае… Жывых. Як Настассіхалаўны… А яна ж ёсць. Проста Алінка іх не бачыла, а калі паказаць, тады…
Позна спахапіліся. Думкі ішлі хмурныя, без адзінай белай плямы, як дзень. Дзіця чытае, мае зносіны з аднагодкамі, гульні выдумляе – і добра. Цешча – педагог у другім пакаленні – падхапілася першай: «Што яна ў вас грошы клянчыць? Да кожнага жабрака соваецца?! У яе што – да гэтага часу не прайшло?!»
…Каля перахода ўладкаваўся нейкі малады, у пацёртым паліто з чужога пляча, у чорнай шапачцы. Ліка азірнулася, уздыхнула, пакасілася на бацьку, але ныць пра «грошыкі» не стала. Засапла носам і паведаміла:
– У мяне ад гэтай цёткі жу-у-у-удасная мігрэнь, – фірмовым матчыным тонам.
У Андрэя ад «гэтай цёткі» таксама была мігрэнь, але з цешчай, якая «цётку» і параіла, ён гэтым не дзяліўся.
Нафарбаваныя пазногці ў кожны візіт мільгалі перад вачыма, жыццярадаснасць біла такім магутным струменем, што ў ім хацелася ўтапіцца.
І – прафесійная ўсмешка: «Я звяртаюся да маленькага дзіцяці, ой, вы ўжо дарослы, ну, нічога, выслухай мяне, дарослы зайчык…»
– Зразумела… Інтэлігентная сям’я… Здзіўляе толькі, што ў дзіцячым садку не звярнулі ўвагі, але нашы дзіцячыя садкі… Так, вядома, магла трымаць у сабе. Гэта шчаслівая выпадковасць, што яна трымае кантакт з іншымі дзецьмі, але ў далейшым такія фантазіі могуць прывесці… Калі ўлічыць стрэс пры пераходзе ў школу…
Назад дачку ўжо не цягнуў. Вёў павольна, ляніва пазіраў пад ногі, потым на вітрыны ў святочных агеньчыках. У галаве скокала настойлівае: «…Пераключаць! Вось бачыце, мы з ёй размаўлялі пра сабачак…»
Купіць сабаку. Або лепш узяць кацяня. Чаму раней у галаву не прыйшло? Зрэшты, ці не будзе яна яшчэ і кідацца карміць усіх аблезлых катоў: «Ну а хто там ведае, а можа, раптам так-сама…»
Яшчэ ён павінен быў ціснуць логікай. І палохаць. «Павольна і з педагагічным тактам» тлумачыць, што калі будзеш вось так даверліва ўсім грошыкі соваць, то які-небудзь такі пракураны і небелакрылы цябе падмане або ўкрадзе, таму што «была такая гісторыя: дзяўчынка таксама хадзіла, зусім дурная была, давала ўсім грошы, а адзін бандыт падумаў, што яна багатая…»
І яшчэ трыццаць тысяч усялякага рознага павінен, таму што гэта ненармальна, калі дзіця не просіць сабе шакаладку. А калі просіць – дык не шакаладку і не сабе.
На званіцы храма на скрыжаванні адбывалася звычайная вечаровая гойданка – раздражняльны перазвон, занадта вясёлы для гідкага, золкага, з выгляду зусім не снежаньскага вечара. Гэты, у паліто і чорнай шапачцы, так і сядзеў на верхняй прыступцы падземнага перахода, прыкрываючы твар рукамі ў падраных пальчатках. Спаў, напэўна. У скрынцы вунь папяровая насоўка – забяспечыла нейкая жартаўлівая душа.
Доча не прасіла грошай. Як выйшла з патухлымі вачыма, так і ішла побач – прыціхлая і нейкая насцярожаная. Толькі вінавата скасавурылася на жабрака, калі падышлі.
«Жонка прыб’е, на дваіх з цешчай, – млява падумаў Андрэй. – А, добра. Не магу ж я яе такую да іх прывесці».
– Хочаш грошык? – прапанаваў, працягваючы манетку.
Доча шмыгнула носам, паматала галавой.
– Цётка сказала… калі даеш, а яны потым на гарэлку марнуюць… то гэта толькі горш тады. Атрымліваецца не дабро. Зло атрымліваецца.
Пра сабачак яны размаўлялі, як жа… Вільготнае паветра горка захрумсцела на зубах.
– Ну, хочаш… Вось, бабуля печыва з сабой дала, ты есці не стала. Хочаш – дай печыва, яго на гарэлку не ўжывеш.
Печыва было «7 каласкоў», але чамусьці з васількамі на абгортцы. «У дзіцяці павінна быць энергетычнае падсілкоўванне!» – з разумным выглядам вяшчала цешча. Дзіця, праўда, падсілкоўвання не захацела, затое цяпер прасвятлела з твару і пацягнулася да пачка.
– Толькі не ведаю, навошта печыва анёлу, – амаль весела дадаў Андрэй. – А маме не скажам? Ну?
– А я ведаю, – прыўзнялася на дыбачкі, заміргала вачыма, – а калі ў іх яго не робяць… Ці калі ты стаміўся такі, сядзіш, ну… і раптам – энергетычнае падсілкоўванне! Я занясу?
– Давай, нясі, – велікадушна дазволіў і застаўся паглядаць збоку – каб паспець, калі што. Раптам буйны.
Ды не, ціхі папаўся. Прамармытаў нешта ў адказ на Лічына «Ты стаміўся? Так, дзядзька?». Печыва ўзяў. Яшчэ забубнеў, дзякаваў, напэўна.
Вярнулася Ліка ўрачыстая і надта ж задуменная.
– Вельмі стаміўся, – паведаміла з задавальненнем. – Так і сказаў. Ага. Цётка яшчэ казала, што дабро можна рабіць інакш: ну, там, бедныя дзеці таксама ёсць. І ўсякія хворыя, і наогул. Тат, я больш не буду, добра? Каб вам з мамай за мяне сорамна не было.
Не ведаў ён, што сказаць. Гісторыкі – не педагогі, кандыдаты навук – не выхавальнікі. Замармытаў нешта незразумелае, узяў дачку за руку, толькі на твар пазіраў, пакуль ішлі па пераходзе: не нашкодзіў сваёй выхадкай?
Ліка загаварыла, калі яны ўжо сталі падымацца.
– А да іх мы калі-небудзь пойдзем у госці. Аднойчы. Каб нячаста. Ён кажа: ты наведвай.
– Дзе наведвай? – спытаў Андрэй машынальна. Доча махнула ў бок белага будынка, пад купаламі якога ўжо змоўк звон.
– Там. Тата, а адкуль ён ведаў, што мяне Анжалікай завуць?
Андрэй замарудзіў крок. Павярнуўся, моцна трымаючы дачку за руку. Паглядзеў праз дарогу назад – туды, дзе віднеўся ўваход у падземку.
На верхняй прыступцы перахода было пуста. Ляжала падраная пальчатка. На ёй сіратліва размясцілася нешта доўгае, белае, быццам нядбайна згубленае лебедзем падчас прагулкі.
– Тат! – задыхнулася раптам Ліка, тузанула за руку. – Зірні! Ну зірні ж!
Яна скакала і паказвала ўгару, і ён паслухмяна задраў галаву.
З чорнага неба падалі белыя пёры. Велічна слізгалі паміж зорак. Бясшумна набліжаліся – пухнатыя, ласкавыя, чамусьці здавалася – усмешлівыя.
Потым аселі на каўняры і вейках вялікімі сняжынкамі.
Настасся Нарэйка

ПРЫГАЖОСЦЬ – УНУТРЫ КОЖНАГА З НАС
Настасся Нарэйка нарадзілася ў 1986 г. у Маладзечне. У 2004 г. скончыла Маладзечанскую беларускую гімназію, у 2009 г. – Інстытут журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Па размеркаванні трапіла ў рэдакцыю камянецкай раённай газеты «Навіны Камянеччыны» (Брэсцкая вобласць), дзе сёння займае пасаду адказнага сакратара. З 2019 г. па сумяшчальніцтве працуе інструктарам па прапагандзе беларускай літаратуры ў Брэсцкім абласным аддзяленні Саюза пісьменнікаў Беларусі і вядзе заняткі літаратурнага гуртка для школьнікаў пры рэдакцыі «Навін Камянеччыны».
Першая кніга вершаў – «Магдэбургскае права маёй душы» – выйшла ў 2013 г. За гэты зборнік пісьменніца адзначана літаратурнай прэміяй імя Уладзіміра Калесніка Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта. Друкавалася таксама ў калектыўных зборніках «Берасцейская скарбніца», «Сила слабости», «ЛітАўра», «Кахаць і верыць», «Скажы, што кахаю», «Размова з люстэркам».
Апавяданне «Вазьмі сваю свяцільню…» пра тое, што святло існуе – незалежна ад таго, верым мы ў яго ці не. І кожны з нас мусіць ісці да святла самай цяжкай дарогай і весці да яго іншых. Каб у канцы шляху зразумець, што святло… УНУТРЫ нас саміх.
Пра тое, што ва ўсіх ёсць свае шрамы і трэшчыны, ці заўважныя з першага позірку, ці схаваныя недзе ў глыбіні. І кожны з нас хоць раз у жыцці быў «дзяўчынкай з вадкага шкла», якая ўвечары рассыпаецца на трыльён асколкаў, а раніцай паўстае з іх ізноў.
Яшчэ пра тое, што прыгажосць – гэта зусім не вонкавае. І ўбачыць яе, сапраўдную прыгажосць чалавека, магчыма, толькі дакрануўшыся да яго душы.
І пра тое, што кожны можа аднойчы адрынуць цемру, узяць сваю свяцільню і пайсці. Праз вецер і снег, слату і дождж, праз пякельную спёку… Пайсці туды, дзе чакаюць дапамогі. Туды, дзе зняверыліся, што СВЯТЛО ЁСЦЬ. Туды, дзе балюча да такой ступені, што святло адступае ў самыя нетры душы.
Нарэшце, пра тое, як лёгка адгарадзіцца дзвярамі ад усяго, што прынесла боль, і як складана потым адамкнуць іх, каб упусціць хаця б адзін прамень даравання.
Магчыма, шаноўны чытач знойдзе ў творы і іншыя сэнсы…
Казка «Анёл, які ледзь не застаўся без крылаў» нарадзілася дзякуючы анёлку, якога аўтарка вязала кручком, каб павесіць на навагоднюю ёлку. Разам з клубком белых нітак раскручваўся і сюжэт… У выніку атрымалася казка пра тое, што, толькі аддаўшы самае дарагое, можна стаць сапраўдным анёлам-ахоўнікам для тых, каго любіш усёй душой. А аддадзенае табою зусім нечакана вернецца падвоеным.
Галоўныя героі апавядання «Ноч, калі цвіце бяссмертнік» аднойчы прысніліся пісьменніцы. У сне ў іх былі імёны, была завязка сюжэта. Заставалася толькі ўхапіць нітачку і выткаць аповед… Так з’явілася на свет метафарычная, абагульненая, сімвалічная гісторыя пра тое, што ў герояў Вялікай Айчыннай вайны наперадзе толькі бяссмерце.
Апавяданне «На чорных крылах цягнікоў начных» дае нам зразумець, што перамога над сваім крыўдзіцелем пачынаецца з перамогі над сабой, у прыватнасці над уласным страхам. У гэты момант душа выпроствае крылы, няхай чорныя, няхай абадраныя, – ЖЫВЫЯ…
Вазьмі сваю свяцільню…
1
– Яна нібыта з мінулага! – голас Ірыны дрыжаў ад захаплення. – У гэтай белай як снег бальнай сукенцы, цяжкім, цёмным плашчы і са свяцільняй у руцэ, за шклом якой гарыць сапраўдная свечка. Жывы агонь! Учора яе бачылі ля возера ў гарадскім садзе, заўчора – ля старой антыкварнай крамкі… Дзяўчына са свяцільняй – вось як яе клічуць. Толькі ўяві!.. Арына!
Я здрыганулася, выплыўшы са сваіх думак, і цераз левае плячо паглядзела на сястру, з якой мы былі падобныя нібы дзве кроплі вады. Былі…
– Ты зусім не слухаеш мяне! – абурылася Ірына.
– Было б што слухаць, – стомлена ўздыхнула я. – Ну, ходзіць чалавек па горадзе – няхай сабе…
– Не проста ходзіць. Яна дапамагае! Сэрца ў цябе няма. А ў яе ёсць. Ніводнага чалавека, што сумаваў, плакаў ці зусім адчаіўся, яна не абмінула. Мне расказвалі некалькі гісторый. Але табе, відаць, нецікава.
– Угадала.
– Кажуць, яна вельмі прыгожая!
Сястра рэзка змоўкла, выпаліўшы гэта, а я завучаным рухам дакранулася пальцамі да знявечанай шрамам правай шчакі.
– Табе варта было б хоць на вуліцу выйсці, Арына, – голас сястры памякчэў, бо яна ўжо шкадавала аб сваёй гнеўнай успышцы.
– Не магу, – я паглядзела ёй прама ў твар (мой твар!) і зноў, у соты раз, падумала: «Такой я была б, калі б не…»
Калі б. Кляты ўмоўны лад, які стаў ладам майго жыцця. Кожную раніцу я прачыналася рыўком, моцна заплюшчвала вочы, паўтараючы сама сабе: «Гэта быў страшны сон! Страшны сон!» – захлыналася крадзеным у праўды шчасцем, павольна паднімала руку, дакраналася дрыжачымі пальцамі да шчакі… і з хуткасцю святла зноў ляцела ў бездань. Гэта быў не сон…
Усяго адзін рух рукі. Той рукі, што некалі была самай пяшчотнай. «Лаві!» Імклівы палёт шкляной антыкварнай зоркі, пад цяжарам якой так пругка хілілася ўніз лапка навагодняй ёлкі. І дотык вострага променя. І боль. І крык Артура. І яго вочы, што больш не смяяліся.
– Ён не хацеў цябе пакалечыць.
Словы сястры спужалі мяне сваёй своечасовасцю, нібыта яна чытала мае думкі (блізнятам, прынамсі, гэта пад сілу).
– Артур любіў цябе, Арына. Ты дарма прагнала яго.
Я нічога не адказала, бо ў галаве ўсё яшчэ гаспадарылі ўспаміны. Мая параноя! З-за яе не адбылося наша з Артурам вяселле, да якога амаль усё было гатова. З-за яе ў мяне не стала работы – збегла, бо мне здавалася, што калегі толькі і глядзяць на мой шрам, толькі і гавораць пра яго. З-за яе я абмежавала свой свет сценамі гэтай кватэры, куды прыходзіла толькі Ірына…
– Табе неабходна выйсці да людзей. Чуеш?
– Каб сустрэць Дзяўчыну са свяцільняй? – горка зыранізавала я.
– Магчыма. Яна прывядзе цябе да святла.
– Святла няма!
– Ёсць.
– Не расказвай мне казак, Ірына! Толькі не мне. Я сама пісала іх некалі і ведаю, у чым сакрэт.
– Як хочаш, – сястра пакінула на стале пакунак з цукеркамі. – Шчаслівага Новага года.
Я не паспела адказаць…
2
Як толькі за Ірынай зачыніліся дзверы, меладычны звон старога насценнага гадзінніка нагадаў: да свята засталося зусім мала часу. Чакаць яго? Лухта! Лепш павярнуць у замку ключ, выключыць паўсюль святло і… Ні дадумаць, ні зрабіць нешта я не паспела, бо ў дзверы зноў пазванілі.
Без ценю страху, цікаўнасці, хвалявання я зірнула ў вочка – нікога, адчыніла. На дыванку перада мной стаяла досыць вялікая белая скрынка з маім імем, выведзеным на вечку.
Я асцярожна абышла сваю знаходку і пільна ўгледзелася ў цемрадзь лесвічнага пралёта, перавесіўшыся праз парэнчы. Нікога.
Скрынка аказалася даволі цяжкай…
У рэшце рэшт я ўладкавала яе на стале, скінуўшы Ірынін падарунак і не заўважыўшы гэтага. Цукеркі рассыпаліся па падлозе… Што ж.
Вечка лёгка знялося, і ў першае імгненне я падумала, што пад ім – снег. Нечакана дрыжачыя рукі (нібы не мае) дасталі са скрынкі карункавую сукенку, такую белую, што адбірала вочы. Пышная спадніца. Доўгія празрыстыя рукавы. І россып сняжынак.
Мне так закарцела апрануць гэты цуд, што рукі задрыжалі зноў. Але… Такія сукенкі нельга ні захоўваць у скрынках (толькі куфар!), ні насіць у нашых кватэрах, што таксама нагадваюць скрынкі. О не! Яны патрабуюць казачных палацаў, доўгіх галерэй, цьмяных партрэтаў і свечак у кандэлябрах на сцяне.
Цераз левае плячо я паглядзела ў люстэрка і, убачыўшы сябе, «закаваную» ў чорнае – джынсы ды вадалазка, – адвяла позірк. Сумнае відовішча. Строгія цёмна-зялёныя вочы, рыжыя, з чырванню, валасы, сабраныя ў хвост. І шрам. Тое-пра-што-нельга-забыць. Як даўно я не насіла белае! Нібыта ніколі. Цяпер не ўзгадаць. Памяць можа быць літасцівай, але толькі ў дробязях. Яе голас сціх, а іншы, нечакана гучны, крыкнуў: «Апрані!» І я зрабіла тое, пра што ён прасіў. Сукенка была як па мне шытая…
Убачыўшы сябе ў люстэрку, я застыла на імгненне, уражаная здагадкай, і кінулася да скрынкі. На рукі мне цяжкім цёмна-сінім крылом лёг плашч з аксаміту.
Я апранула яго, не адразу справіўшыся з матузкамі, і накінула капюшон на галаву.
«Пад ім не такі заўважны шрам», – падумалася мне.
З асаблівым хваляваннем я трэці раз схілілася над скрынкай. На дне яе ляжала на баку… свяцільня. Медная аснова, што месцамі заржавела ад часу. Тоўстае шкло. Свечка ўнутры. І колца, каб зручна было трымаць.
Я асцярожна дастала апошні свой падарунак немаведама ад каго, і пад ногі мне пёркам апусціўся белы аркушык.
«Іх будзе трое, – прачытала я ўслых. – Яны ўжо чакаюць. Вазьмі сваю свяцільню і ідзі».
У той момант, калі прагучала апошняе слова, свечка ў свяцільні ўспыхнула блакітным агнём.
Я паклала аркушык на стол і павольна павярнулася да люстэрка. З яго пазірала на мяне Дзяўчына са свяцільняй.
3
Снег усё яшчэ сыпаў. Я стаяла пасярод сваёй вуліцы, чамусьці пустой і амаль не асветленай, і з цяжкасцю пазнавала яе. Трэба было ісці. Але куды? Дзе шукаць тых траіх?
Я падняла свяцільню вышэй, павагалася колькі імгненняў і проста зрабіла крок. Снег рыпеў пад пантофлямі, пра якія я так і не ўспомніла, але холадна не было. Зусім.
У паўзмроку я ледзьве адрознівала прамавугольныя сілуэты дамоў і выцягнутыя – ліхтароў. Завея ўзмацнялася. І раптам у яе песню другім голасам улілася чароўная, светлая, ні з чым не параўнальная мелодыя, ад якой, здавалася, пахла першым вясновым капяжом.
Я пайшла на гукі і ўбачыла хлопчыка, што іграў на скрыпцы, прыхінуўшыся спінай да сцяны. Ён быў апрануты сціпла, але акуратна, і ля яго ног я не ўбачыла нічога, у што можна было б кінуць манетку. Зрэшты, і манеткі ў мяне не было…
Хлопчык са светлымі валасамі і вачамі колеру нябеснага шкла іграў так натхнёна, што не заўважаў мяне, застылую побач.
Калі музыка скончылася, ён нечакана прамовіў:
– Вы ўмееце слухаць. Дзякуй вам.
Я здрыганулася ад нечаканасці.
– Прабачце, калі напужаў.
Я не ведала, што сказаць, і ляпнула першае-лепшае, адразу пашкадаваўшы:
– Калі б у мяне былі грошы…
– Я іграў проста так.
У яго словах не было ані кроплі крыўды – толькі ціхае разуменне.
– Гэта хрустальны вальс, – сказаў ён.
– Чаму ты тут ноччу адзін?
– Няма куды ісці. Мой настаўнік музыкі прагнаў мяне. Сказаў, што дарма губляў са мной час, бо ўсё адно я граю абы-як.
– Абы-як?! – абурылася я.
– Але ж, – ён асцярожна, нібы яна была крохкай, шкляной, схаваў сваю скрыпку пад тонкай курткай. – А яшчэ замест таго, каб іграць класічныя творы, я пісаў свае.
Хлопчык гаварыў так спакойна і разважліва, нібыта не пра сябе. І я магла паклясціся, што ў яго сэрцы не было ў той момант ані кроплі нянавісці. А маё поўнілася шкадаваннем, такім моцным, што я не ўтрымалася на нагах – укленчыла перад малым музыкантам і паклала вольную руку яму на плячо.
«Ты памыляешся, мілы! О, як ты памыляешся! Твайго настаўніка проста з’ядае зайздрасць – як жа так, вучань пераўзышоў яго!»
Думкі мае абганялі адна адну, але агучыць іх я не рашалася.
– Вы думаеце, што я нічога не разумею, – раптам упэўнена прамовіў хлопчык. – Але паверце: мой настаўнік проста стомлены, адзінокі чалавек, якога пакінула натхненне. Яно вернецца!
– Безумоўна, – я ўсміхнулася праз слёзы.
– Вы вельмі добрая.
– Не, не!..
Хлопчык не даў мне скончыць і асцярожна дакрануўся адной рукой (другая ўсё яшчэ прыціскала скрыпку) да маёй шчакі, той, дзе шрам.
– І вы вельмі прыгожая.
Я міжволі адхіснулася, кінуўшы занадта рэзка:
– Толькі сляпы можа так гаварыць!
– А я і ёсць сляпы.
Яго праўдзівасць абяззбройвала, і я бязгучна заплакала.
– Правядзіце мяне, калі ласка, да дома майго настаўніка. Ён чакае.
Я паслухмяна ўстала, узяла хлопчыка за руку і падняла свяцільню вышэй. Стрымліваць рыданні рабілася ўсё больш цяжка. Відаць, таму, што аплаквала я не яго, а сябе, не здольную та́к дараваць. «Твой крыўдзіцель не чакае цябе, мой мілы, – думалася мне. – Я не веру ў казкі».
– Не плачце. Прашу вас, – раптам папрасіў хлопчык. – Слёзы раняць, як асколкі шкла.
Я хацела адказаць, што не плачу, але ўжо ведала: малога музыканта не падманеш.
Калі недзе наперадзе пачуліся таропкія крокі, ад нечаканасці я ледзь не выпусціла свяцільню ў снег.
Па вуліцы бег, задыхаючыся і слізгаючыся на лёдзе, досыць пажылы чалавек, у якім я адразу пазнала таго самага настаўніка.
– Хлопчык мой!
Малы музыкант выпусціў маю руку і кінуўся ў абдымкі старога.
– Даруй! Даруй мне! Я пазайздросціў твайму маладому таленту. Стары дурань! Даруй! Паабяцай, што сыграеш мне нешта са свайго сёння ж!
Хлопчык засмяяўся, як сярэбраны званочак.
– Добра. Усё будзе добра.
Стары настаўнік падняў хлопчыка на рукі і з удзячнасцю кіўнуў мне:
– Дзякуй вам вялікі, Дзяўчына са свяцільняй!
Калі я пацягнулася, каб апошні раз пацалаваць малога музыканта, ён прашаптаў мне: «Святло ёсць!» – і ўсміхнуўся…
4
Я ішла далей, і ў галаве маёй яшчэ доўга гучала тая самая чароўная музыка. Таму я не здзівілася, калі ўбачыла тоненькую, бязважкую на выгляд дзяўчынку ў лёгкай блакітнай сукенцы, што танцавала пад снегам. У яе былі доўгія валасы колеру мёду і амаль празрыстая скура.
З захапленнем я сачыла за плаўнымі, грацыёзнымі ўзмахамі рук, за босымі нагамі, што амаль не дакраналіся да снегу, за палётам, што абяцаў нябёсы. О, як яна танцавала! Выдатна! І кожны рух аддаваўся ў глыбіні вуліцы меладычным звонам, нібыта дзяўчынка была зроблена з хрусталю.
Я глядзела на яе не адрываючыся. І гэта было так прыгожа, так натуральна, так правільна. Нібыта ўсе танцуюць ноччу на вуліцах…
Зачараванне разбурылася нечакана. Хрустальны вальс малога музыканта сціх у маёй галаве, і ў той самы момант дзяўчынка застыла, прыпыненая ў шчасным палёце, і павольна асела на снег.
Я падбегла да яе, асцярожна дакранулася да худзенькага, халоднага, як лёд, пляча. Дзяўчынка лёгка ўзмахнула доўгімі вейкамі (вочы колеру мора) і працягнула тонкую руку да свяцільні, якую я паставіла ля сябе.
Амаль празрыстыя пальчыкі дакрануліся да шкла, асцярожна пагладзілі, ловячы дрыготкі агеньчык свечкі.
– Цвёрдае, – яна падняла на мяне вочы. – А я… Я з вадкага шкла. Верыш?
Рука дзяўчынкі прасвечвалася наскрозь, і я ні аб чым не магла думаць, акрамя гэтага. Таму не адказала.
– Мяне нельга разбіць. Верыш?
Яе голас ужо літаральна звінеў ад хвалявання, і таму я хутка згадзілася:
– Веру.
Яна супакоілася і праз хвіліну-другую зноў загаварыла:
– Удзень, калі брат злуецца і сварыцца на мяне, я адчуваю, як па маіх руках, па нагах, па спіне бягуць трэшчыны. Тонкія-тонкія. Многа-многа. Потым яны з’яўляюцца на шыі, на твары. Гэта не балюча. Верыш?
Я – машынальна:
– Веру.
– А ўвечары, калі брат ідзе на ганак яго антыкварнай крамкі курыць сваю люльку, я паднімаюся наверх – там мой пакой. Пераступаю парог, зачыняю дзверы і рассыпаюся на тысячы асколкаў. Верыш?
Яна сціснула маю руку так нечакана моцна, што мне стала балюча.
– Я табе веру.
– Ноччу асколкі адпачываюць, а раніцай злучаюцца зноў. Бо я з вадкага шкла. Верыш?
– Веру.
– Вось толькі сёння давядзецца рассыпацца тут. І невядома, што атрымаецца. Раптам асколкі пераблытаюцца са сняжынкамі?
Яе вочы сталі вялікімі-вялікімі.
– Ты збярэш мае асколкі, Дзяўчына са свяцільняй? Збярэш?!
Я спужалася дзікага выразу яе бледнага, але прыгожага твару, хацела ўстаць, ды толькі дзяўчынка мне не дазволіла.
– Абяцай. Ты павінна. Ты таксама з вадкага шкла. Мы аднолькавыя! – яна пільна ўгледзелася ў мой твар. – У цябе трэшчына. Вось тут.
Вузкая, празрыстая рука легла на шрам.
– Ты вельмі крохкая, як усе мы. І вельмі прыгожая.
Мяне скаланула.
– Так можа сказаць толькі вар’ят!
– О, – яна задумалася. – Вар’ят… Так брат назваў мяне сёння, а потым сказаў адно кароткае слова. Рэч? Не. Смерч? Ды не! Прэч! – дзяўчынка радасна засмяялася, нарэшце прыгадаўшы. – Прэч! Што гэта азначае?
Я не ведала адказу на такое пытанне і змаўчала, пільна прыслухоўваючыся да таго, як бяжыць трэшчына па маім зледзянелым сэрцы.
– Усе мы – свяцільні, – раптам прамовіла дзяўчынка і лёгка, як балерына, устала. – Адвядзі мяне, калі ласка, у тое прэч, пра якое гаварыў мой брат. Ты ведаеш, дзе яно?
– Не, – прашаптала я, глытаючы слёзы. – Не ведаю.
– Тады… – яна на імгненне задумалася. – Адвядзі мяне да брата. Можа, ён растлумачыць яшчэ раз?
Вялізным намаганнем я скінула з сябе празрыстую сетку думак і паднялася на ногі, узяла свяцільню адной рукой, далоньку дзяўчынкі з вадкага шкла – другой.
Мы ішлі моўчкі.
Кожная слухала свой звон – прадчуванне будучых асколкаў…
– Сястра!
Крык прымусіў нас спатыкнуцца на роўным месцы.
– Сястра! – малады мужчына падбег да нас, імгненна захутаў дзяўчынку ў нешта цёплае і падхапіў на рукі. – Даруй! Даруй мне! Я часам баюся цябе, сястра. Часам саромеюся. Часам ненавіджу. Але я люблю цябе. Даруй!
– Мой брат! – яна з усіх сіл абнімала яго за шыю. – Я не змагла пайсці ў тое прэч, пра якое ты сказаў, бо не знайшла дарогі. Нават Дзяўчына са свяцільняй не ведае, як туды дабрацца. Я доўга ішла і раптам пачула музыку. Пад яе я танцавала, як анёлы ў тым прыгожым, самым дарагім сярэбраным гадзінніку, што вісіць у тваёй крамцы. Скажы, ты дазволіш мне паглядзець іх бліжэй?
– І іх! І птушачку з рубінавым сэрцам! І вялікі кандэлябр з завітушкамі! І навагодні шарык, якому некалькі стагоддзяў! Усё, што захочаш!
Ён працягваў бы свой спіс бясконца, калі б не заўважыў мяне і свяцільню, што гарэла роўным блакітным святлом.
– О, гэта вы знайшлі і прывялі маю сястру назад! Дзякуй вам вялікі!
Я толькі кіўнула. Правяла іх, шчаслівых, да самых дзвярэй антыкварнай крамкі. І доўга стаяла перад ёй, назіраючы за тым, як унутры спярша запалілася, а потым згасла святло.
Ногі не ішлі. Свяцільня адцягвала руку. Снег на плячах і галаве здаваўся цяжкім, як памяць.
«Святло ёсць!» – сказала мне на развітанне дзяўчынка з вадкага шкла. І я не магла ёй верыць…
5
«Іх будзе трое».
Я чытала гэтыя словы на вітрыне антыкварнай крамкі, і дрыжыкі беглі па спіне. Хацелася спісаць іх на холад, але сябе не падманеш.
– Хто ж трэці? – спытала я ўслых.
«Паднімі свяцільню».
Словы ўспыхнулі на шкле так ярка, што я міжволі захінула вочы далонню.
Дрыжачая рука са свяцільняй паднялася. Павольна-павольна, цяжка-цяжка. І ў вітрыне, блакітнай і белай, я ўбачыла… сваё адлюстраванне. Не было бальнай сукенкі. Не было аксамітнага плашча. Толькі я – у чорным з ног да галавы – ды свяцільня.
Я мушу адвесці сябе да святла. Святла, у якое не веру…
Глядзець ва ўласны твар з рассечанай шчакой было невыносна. Таму я павярнулася, каб ісці куды вочы глядзяць і на адлегласці выцягнутай рукі ўбачыла… Артура.
Ён быў без паліто, без шаліка і шапкі. У валасах серабрыўся снег, і шэрыя вочы здаваліся сярэбранымі таксама.
– Артур!
Я кінулася да яго і абняла, схаваўшы пад плашчом.
– Артур!
Свяцільня бразнулася вобзем, ад удару па шкле пабегла трэшчына, але свечка не згасла. Ды толькі я не заўважыла гэтага.
– Я спужаўся. Я прыйшоў да цябе, а ў кватэры пуста. Дзверы – насцеж. Цукеркі рассыпаны. Адзенне – на падлозе. Я падумаў…
Darmowy fragment się skończył.