3 książki za 35 oszczędź od 50%

Эксгумацыя

Tekst
Przeczytaj fragment
Oznacz jako przeczytane
Эксгумацыя
Czcionka:Mniejsze АаWiększe Aa

1

Лета было ў самым разгары. Дзённая лiпеньская спёка цяжкiм, даўкiм смогам ахiнула, сцiснула, быццам абцугамі, двухмiльённы горад i вось ужо месяц трымае яго ў напружаным чаканнi – чаканнi дажджу. Здаецца, што асфальт на вулiцах плавiцца, ператвараецца ў пластылiн, i ад яго ўвачавiдкi, паволi цягнецца ўгору цяжкае, гарачае, прыкра-горкае паветра, якое завiсае над гмахамi дамоў, ствараючы вялiзны яйкападобны панцыр. I нават ноч не прыносiць прахалоды, а слабенькi начны вятрыска, як нi стараецца, не можа прабiцца да гарадскiх вулiц. Жыццё, здаецца, замарудзiлася. Трава ўздоўж тратуараў i ў невялiкiх скверах ды парках звяла, а найбольш сонечнымi месцамi заўчасна жоўкне i сохне. Дрэвы таксама ўмомант знiякавелi, лiстота звiсае скручанымi ледзяшамi i немагчыма каля iх знайсцi i лапiка ценю, каб перадыхнуць, схавацца ад прамянiстага, бязлiтасна-гарачага сонца. Разамлелыя людскiя чэргi толькi i ўбачыш каля кiёскаў, дзе прадаюць марожанае. А вось заўсёды крыклiва-гаманкiя аматары пенiстага пiва не здрадзiлi любiмаму пiтву, а толькi пакiнулi абгароджаную каля кiёска пляцоўку з трыма круглымi бруднымi сталамi i сцiшана месцяцца ўздоўж сцяны жылога дома, дзе яшчэ крыху ёсць цень.

У адзiнае вакно кабiнета старшага следчага пракуратуры Васiля Мiкалаевiча Смаляка сонца зазiрае ўранку ўсяго на якую гадзiну, i следчаму заўсёды яго не хапае. Нават гэтымi спякотнымi днямi, калi чырвоны слупок на тэрмометры перакулiў за дваццаць пяць градусаў i настойлiва падкрадаўся да адзнакi трыццаць, следчы, не задумваючыся, змянiў бы свой пакой на той, дзе многа сонца i цяпла. Смаляк быў невысокi, але, як кажуць, чалавек шырокай косцi, рухавы, а выразныя шэра-сiнiя вочы пазiраюць з-пад чорных вузкiх броваў спагадлiва i шчыра. Яму было трыццаць пяць гадоў, хоць выглядаў ён на ўсе сорак. Заўчасная сiвiзна, глыбокiя, не па гадах, зморшчыны каля вачэй, па ўсiм, ад таго, што саромеўся насiць акуляры, на лбе i ў куточках рота старылi, асаблiва калi следчы быў нечым заклапочаны. У гэтыя хвiлiны ён меў хваравiты, пакутнiцкi выгляд. I наадварот, калi ўсмiхаўся, ад хваравiтасцi не заставалася i знаку, твар свяцiўся непадробнай шчырасцю, нейкiм унутраным святлом, i Смаляк маладзеў на добры дзесятак гадоў. Характар меў лагодны, спагадлiвы, не ачарсцвеў за час работы ў пракуратуры, але, калi трэба было, мог пастаяць, i не толькi за сябе. Мо якраз праз гэта i цягнулiся да яго людзi, давяралi асабiстае, самае iнтымнае, пра што нават на споведзi не кожны прызнаецца.

Смаляк, блiзарука прыжмурыўшыся, хуткiм размашыстым почыркам пiсаў чарнавы варыянт ліста, адказваў на скаргу, па якой праводзiў праверку. У гэты момант у дзверы рэзка пастукалi, i не паспеў следчы ўзняць галаву, як у кабiнет уварвалася Люся, сакратарка пракуратуры.

– Васiль Мiкалаевiч, Вас на «кавёр» да шэфа! – адным духам выпалiла дзяўчына, бы стрэлiла з кулямёта, i гэтак жа iмклiва знiкла, пакiнуўшы пасля сябе пах прыемных французскiх духоў.

«Вось гарэза!» – усмiхнуўся следчы i, няспешна перачытаўшы напiсанае, затушыў недакурак у адмысловай важкай попельнiцы, зробленай у выглядзе змяiнай галавы. Хаваючы паперы ў стол, Смаляк усё ж зажурыўся, бо на выхадныя планаваў паехаць з жонкай i сынам на возера. А што, калi Кучкун памяняў графiк дзяжурства? Такое часцяком здараецца, падчас летнiх адпачынкаў людзей не хапае.

Калi Смаляк увайшоў у кабiнет да пракурора, Сяргей Сяргеевiч Кучкун нешта iмпэтна даводзiў па тэлефоне нябачнаму субяседнiку: «…Не, так будзе няправiльна, прынятае рашэнне супярэчыць закону…» Убачыўшы следчага, ён кiўнуў галавой на крэсла, запрашаючы прысесцi, i, падпiхнуўшы яму шэрую папку, завязаную чорнымi матузкамi, прыкрыў далонню тэлефонную трубку:

– Васiль, пакуль я пагавару, прачытай скаргу, якая ляжыць у папцы.

Кучкун быў высокi, хударлявы, крыху сутулы пяцiдзесяцiгадовы мужчына. Шэрыя вочкi-калючкi, сiвыя, кароткiя, стрыжаныя пад вожыка валасы, якiя пагрозлiва тырчалi ў розныя бакi, i асаблiва строгi пракурорскi мундзiр, з якiм Кучкун не расставаўся нават у сёлетнюю трыццацiградусную спёку, надавалi яму выгляд жорсткага, непахiснага чалавека, прынцыповага законнiка. Але гэта было толькi першае ўражанне, якое ён даволi артыстычна ствараў аб сабе ў людзей, з якiмi сустракаўся ўпершыню. На самай справе Кучкун быў чалавекам настрою з падначаленымi i пракурорам-аднадумцам з вышэйшым начальствам.

Зразумеўшы, што ў выхадныя ён будзе вудзiць рыбу на Вячы, Смаляк паспакайнеў, усмiхнуўся.

– Ты што смяешся? – зноў паклаўшы далонь на трубку, узвысiў голас пракурор. – Ты перш прачытай, а ўжо смяяцца будзем потым… Прабачце, Iван Пятровiч, гэта я не Вам, – спахапiўся Кучкун i, апраўдваючыся, удакладнiў: – Тут у мяне са следчым праблемы… Кажаце, Федарэнка Вас падтрымлiвае? Калi так, то i я не супроць, толькi трэба ўсё дэталёва абмазгаваць…

Смаляк, не зважаючы на парады Кучкуна, узяў у рукi папку i адразу пазнаў справу Альховiка, па якой ён два месяцы таму праводзiў праверку. Следчы спрабаваў успомнiць хоць якую-небудзь дробязь, з-за якой начальства магло б засумнявацца ў правiльнасцi пастановы, што адмаўляла ўзбуджэнне крымiнальнай справы, i не знаходзiў: юрыдычна ўсё было правiльна. Прычынай праверкi было ананiмнае пiсьмо, у якiм сцвярджалася, што Альховiк памёр не сваёй смерцю, i прыводзiлiся даволi пераканаўчыя доказы. Ананiмшчык абвiнавачваў Вярбiцкую Таццяну Фёдараўну, якая даглядала старога, сцвярджаў, што толькi ў яе была прычына адправiць Альховiка на той свет. Далей узгадвалася завяшчанне, якое пацярпелы за тыдзень да смерцi змянiў на карысць Вярбiцкай, i менавiта гэтым падпiсаў сабе смяротны прысуд. Азнаёмiўшыся з першым завяшчаннем i дапытаўшы двух братоў Шчэрбаў, якiя павiнны былi ўнаследаваць усю маёмасць нябожчыка, Смаляк ужо дакладна ведаў, што ананiмка напiсана iмi, хоць яны катэгарычна гэта адмаўлялi. Сваiх дзяцей ў Альховiка не было, усёй раднi – толькi Шчэрбы, пляменнiкi жонкі, памерлай пяць гадоў таму назад. Пасля смерцi цёткi пэўны час Шчэрбы клапацiлiся пра дзядзьку, дапамагалi яму, але, калi стары склаў завяшчанне i адпiсаў пляменнiкам дом у прыватным сектары, машыну, дачу i астатнюю маёмасць, на яго забылiся, быццам ужо i не жыў. Вось у гэты час i з’явiлася Вярбiцкая, якая ўвесь хатнi клопат узвалiла на свае плечы.

Смаляк перагарнуў дробна спiсаныя, як яму падалося, дрыжачай рукой старонкi скаргi i зноў падумаў пра Шчэрбаў. Ён быў перакананы, што скардзiлiся яны, але, каб праверыць сябе, зiрнуў на подпiсы i задаволена ўсмiхнуўся: так яно i было.

Кучкун скончыў телефонную размову i, засяроджана думаючы пра нешта сваё, прыжмурыўшы вочы, смалiў чорную, адпалiраваную да бляску курыцельную люльку. На ягоны жаўтаваты, жорсткi твар лёг цень заклапочанасцi, усхваляванай нервознасцi. На стале натужлiва гудзеў вялiзны, магутны, дваццацiгадовай даўнасцi вентылятар, прапелер якога паволi паварочваўся то ўправа, то ўлева, быццам вяртлявая маладзiца перад люстэркам. Фiранкi на вокнах матлялiся i хлопалi, бы ветразi, штучны, але прыемны вятрыска халадзiў твар, i гарачыня сапраўды адступала.

Смаляк дачытаў скаргу, яшчэ раз перагарнуў старонкi i прагледзеў месцы, пазначаныя чырвоным алоўкам. Следчы зiрнуў на пракурора, iх вочы сустрэлiся.

– Што скажаш? – нецярплiва спытаў Кучкун, у вачах яго мiльгануў нядобры агеньчык.

Смаляк моўчкi, няспешна паклаў скаргу ў папку. Ён разумеў Кучкуна i не мог пагадзiцца з ягонай усхваляванасцю.

– Вы хоць разумееце, што, калi скарга пацвердзiцца, да нас прымуць меры!.. – пракурор устаў з-за стала, некалькi разоў запар смактануў люльку i, зразумеўшы, што яна патухла, кiнуў на стол. – Васiль Мiкалаевiч, чаму Вы, атрымаўшы першую скаргу, не правялi экспертызу? Чаму адхiлiлi версiю забойства? Вось i вынiк: пракуратура горада адмянiла вынесеную Вамi пастанову.

Смаляк маўчаў, бо добра ведаў свайго непасрэднага начальнiка: Кучкун спярша можа сарвацца нават на крык, распальваецца больш за ўсё сам, пыхкае, як самавар, а калi выгаварыцца, як кажуць, выпусцiць пару, вось тады i пачнецца сур’ёзная гаворка. Так яно адбылося i на гэты раз. Не прайшло i хвiлiны, а Кучкун ужо гаварыў пра iншыя справы, якiх Смаляк нават i не расследаваў, крычаў, што яго ўвесь час наўмысна падстаўляюць, абы не даць дарабiць да пенсii. Але, калi размова пайшла пра рамонт будынка пракуратуры, пра камп’ютары, паперу, ручкi, ён раптам на паўслове змоўк, неяк вiнавата паглядзеў на Смаляка. У пакоi ўсталявалася цiшыня, i толькi стары вентылятар натужлiва i бесперапынна рабiў сваю справу. Кучкун падхапiў са стала сваю люльку, чыркануў запалкай i, прысмальваючы, хуценька запыхкаў.

Пасля iмпэтнага маналога пракурор колькi часу маўчаў, вiдавочна, чакаючы ад Смаляка апраўданняў, але следчы быў упэўнены ў сваёй праваце i не лiчыў патрэбным даказваць ужо даказанае. Першы парушыў маўчанне Кучкун:

– Гэтая скарга сама па сабе нiчога не значыць, але ў мяне ўжо тры разы цікавіліся, як iдзе расследаванне.

Смаляк адарваўся ад папер i зацiкаўлена паглядзеў на пракурора. Кучкун шматзначна тыцнуў пальцам угору.

– I не толькi з гарадской пракуратуры, – стомлена зазначыў ён. – А справа звычайная, выедзенага яйка не вартая. Родзiчы нябожчыка ўчапiлiся ў спадчыну i не могуць падзялiць. Магла б i мiлiцыя разабрацца… – пракурор цяжка ўздыхнуў i, унiкаючы глядзець Смаляку ў вочы, дадаў: – З табой згодзен, пастанова вынесена правiльна, але трэба дапрацаваць. Гэта загад.

Смаляк зразумеў, што размова скончана, узяў са стала папку са справай Альховiка i, так, не сказаўшы нiводнага слова падчас размовы, пакiнуў кабiнет начальнiка.

2

Смаляк у дэталях памятаў першую сустрэчу з Вярбiцкай, якая пакiнула аб сабе прыемнае ўражанне. Цiхмяная, добра складзеная брунетка трыццацi пяцi гадоў, шчыра, iншы раз нават наiўна адказвала на пытаннi следчага, а калi прыгадвала Альховiка, прыкладвала насоўку да вiльготных вачэй i паспешлiва жагналася на пусты кут, жадаючы памерламу царства нябеснага. Жыла яна са старымi бацькамi i двума сынамi-пагодкамi, трынаццацi i дванаццацi гадоў, у невялiкай двухпакаёвай кватэры-хрушчоўцы. Дзяцей гадавала адна i зразумела было, чаго яна бралася за ўсялякую работу. У душы Смаляк быў задаволены i ўхваляў нябожчыка Альховiка за тое, што змянiў завяшчанне на карысць Вярбiцкай i яе дзяцей.

 

А другой гадзiне Смаляк выйшаў з метро i няспешна падаўся па вулiцы Валгаградскай у прыватны сектар, уяўляючы, як заўтра паедзе з сынам i жонкай на возера. Можна было праехаць некалькi прыпынкаў, але парыцца ў душным, прагорклым аўтобусе не было анiякага жадання, i ён пашыбаваў па шматлiкiх пыльных вулачках прыватнага сектара. Праз трыццаць хвiлiн скiнуў клямку на скасавураных, абшарпаных веснiчках, калiсьцi пафарбаваных у зялёны колер, i трапіў у панадворак. Адразу кiнулася ў вочы, што тут нiхто не жыве. Тры вакны сумна глядзелi на вулiцу зачыненымi аканіцамі, а чацвёртае, кутняе, ды невялiчкiя вакенцы на верандзе былi крыж-накрыж забiты негабляванымi дошкамi. Дзверы вартаваў вялiзны, руды ад iржы замок, а на ледзь прыкметнай сцяжынцы валялiся ссохлыя яловыя галiнкi, па ўсiм відаць, не прыбраныя з дня пахавання Альховiка. Смаляк зiрнуў на гадзiннiк, прыкiнуў, колькi часу ехаць назад, у пракуратуру, i пашкадаваў марна патрачаныя дзве гадзiны. Ён хацеў ужо вяртацца ў весніцы, але ў гэты момант за хатай, у глыбiнi гародчыка нешта зашамацела, пачулiся прыглушаныя галасы:

– Iдзi сюды, тут ажно абсыпана…

– I ў мяне поўна…

Смаляк зацiкавiўся i наўпрасткi па высокай, ледзь не да калена, траве пайшоў на галасы. Калi завярнуў за блiжэйшы вугал, пад нагамi зазвiнела бiтае шкло, i адразу галасы сцiхлi. З кустоў данеслася шамаценне, тупат ног: нехта задаваў лататы з абсыпанага спелымi буйнымi ягадамi малiннiку. Праз нейкi час у суседняй хаце не дужа моцна бразнулi дзверы. Смаляк усмiхнуўся, набраў жменю сакавiтых ягад i кiнуў у рот. Малiны, набрынялыя салодкiм пахучым сокам, прыемным халадком раставалі на языку, наталялі смагу. «Пiльныя суседзi не дадуць прапасцi ўраджаю», – падумаў следчы i абвёў позiркам агарод, на якiм, акрамя малiннiку, цягнулася да сонца толькi крапiва. Смаляк азiрнуўся, пашукаў вачыма блiжэйшы шлях да вулiцы, але гарэзлiвая думка падштурхнула да плота, за якiм знiклi ўцекачы.

Едучы сюды, следчы вырашыў спярша сустрэцца з Вярбiцкай, а ўжо потым апытваць астатнiх. Смаляк вагаўся, стоячы каля зламанага плота, да якога ў абодва бакi бегла добра-такi ўтаптаная сцяжынка, але цiкаўнасць узяла верх, i ён пераскочыў у суседнi гарод, зрабiў некалькi крокаў да будынiны, абмiнуў вялiзны куст парэчак i аслупянеў ад нечаканасцi: невядома адкуль перад iм узнiкла агромнiстая чорная аўчарка. У яе на хрыбецiне ўздыбiлася поўсць, агнiстыя вочы iскрылiся злосцю, вялiкiя белыя iклы блiшчэлi ў чорнай зяпе, пагражаючы ўчапiцца ў няпрошанага госця. Смаляк знерухомеў i з на-дзеяй паглядзеў на вокны, чакаючы паратунку ад гаспадароў, але нiкога за фiранкамi не ўбачыў. Ён пераступiў з нагi на нагу, i аўчарка iмгненна адрэагавала: злосна гыркнула, нацялася, бы струна, прысела на лапах-спружынах, вось-вось кiнецца.

– Ты добры вартаўнiк, маладзец! – зразумеўшы, што нiхто яму не дапаможа, а гэты звер не дасць i кроку зрабiць, загаварыў з сабакам Смаляк. – Ведаеш сваю справу, толькi я не злодзей…

Аўчарка ў адказ глуха забрахала, але ўжо не так злосна, быццам зразумеўшы сказанае. У гэты момант фiранкi ў крайнiм вакне варухнулiся i следчы ўбачыў праз цюль сiлуэт жанчыны, якая, цiкуючы за iм, тварам прыпала да шкла. Смаляк з палёгкай уздыхнуў, прадчуваючы хуткае збаўленне ад небяспечнай апекi, але жанчына не спяшалася на дапамогу, яму нават здалося, што яна смяецца. Следчы хацеў махнуць гаспадынi рукой, – толькi варухнуўся, як аўчарка натапырыла вушы i ашчэрылася.

– Пальма, фу! – на сцяжынцы з’явiлася бялёсае, кiрпаносае дзяўчо гадоў дзесяцi ў лёгкай жаўтаватай сукенцы. – Пальма, марш на месца! – ссунуўшы да пераносся бровы, строга камандавала маленькая гаспадыня.

Аўчарка нехаця азiрнулася, ледзь прыкметна матлянула доўгiм, як палка, хвастом, але не скранулася з месца.

– Каму сказана, марш у будку! – пiсклява крыкнула дзяўчынка i падняла з зямлi таўставаты дубчык. Толькi цяпер, убачыўшы ў руках гаспадынi дубец, Пальма павярнулася i нехаця пасунулася прэч, зласлiва азiраючыся на Смаляка. Сiлуэт у вакне знiк, бразнулi дзверы, i з-за хаты шустра вынырнула невялiкага расточку, худзенькая, высахлая, бы яблык, якi перазiмаваў на дрэве, старая. Яна прыдзiрлiва агледзела следчага, у насцярожаных, глыбока запалых, выцвiлых вачах заiскрылiся хiтраватыя агеньчыкi, зморшчаныя вусны кранула непрыхаваная ўсмешка.

– Ну што, алкаш, папаўся? Малiнай ласаваўся цi гуркi на закусь спёр? – прашамкала бяззубым ротам старая i, азiрнуўшыся на дзяўчынку, крыкнула: – Кацька, трымай Пальму напагатове, здадзім злодзея ў мiлiцыю…

Толькi цяпер Смаляк пазнаў суседку Альховiка. У першую сустрэчу, два месяцы таму, яна выглядала i паводзiла сябе зусiм iнакш: на пытаннi адказвала блытана, неўпапад, была чымсьцi заклапочаная i штохвiлiнна скардзiлася на ламоты ў касцях, дрэнны слых i благую памяць. Цяпер перад iм стаяла шустрая i задзiрыстая жанчына, куды падзеўся радыкулiт, няма ў руках крывулiстай кавенькi, на якую тады старая спадзявалася больш, чым на ўласныя ногi.

– Калi я не памыляюся, Вы – Казiмiра Францаўна Шашок, – прыгадаў прозвiшча старой Смаляк i, выцягваючы з кiшэнi пасведчанне, прадставiўся: – А я, можа памятаеце, следчы пракуратуры Смаляк. Мяркую, сабаку трэба прывязаць i мiлiцыю турбаваць не будзем.

Гаспадыня нават не зiрнула на дакумент, а падалася ўперад i, уважлiва вывучаючы няпрошанага госця, дакранулася да ягонай скураной папкi з паперамi. У гэты момант твар яе прасвятлеў, i Смаляк зразумеў, што яго пазналi.

– От цяпер прыпамiнаю, – расцягваючы словы, замiтусiлася старая, крутнуўшыся да дзяўчынкi, нешта прашаптала ёй на вуха i, ухапiўшы сабаку за ашыйнiк, павяла за хату. – Праходзьце, таварышок начальнiчак, госцем будзеце, – хiтравата пазiраючы на следчага, крыкнула гаспадыня i забразгатала ланцугом, прывязваючы сабаку каля будкi. – А мы з унучкай ягады збiралi, як чуем – Пальма апанавала некага чужога. Сучка добрая, свой хлеб зарабляе, – пяшчотна нахвальвала сабаку бабуля. —Памятаю, летась злодзеi ўлезлi ў сад, дык не брахала, пакуль яны вiшнi латашылi, а калi набралi паўнюткае вядзерца, яна тут як тут. I Вас не адпусцiла б… Калi да нас, дык заходзьце.

– Я да вашай суседкi Вярбiцкай, – паспяшаўся патлумачыць свой вiзiт Смаляк, – толькi ў хаце нiхто не жыве. Не зразумела. Мо Вы што ведаеце?

– Усё ясна, як божы дзень, – сядаючы на прытуленую да высакаватай слiвы лаву, чамусьцi зласлiва буркнула Казіміра Шашок. – Чула, судзiцца яна за хату з Альховiкавымi пляменнiкамi.

– А я Вас ледзь пазнаў, – сядаючы побач, дабрадушна прагаварыў Смаляк. – Памаладзелi гадоў на дзесяць…

– Дасць бог, пажыву, – унiкаючы глядзець на следчага, стрымана адказала тая i ўжо непрыязна дадала: – Вы задавайце вашыя пытаннi, бо мне ўнучку трэба кармiць.

Смаляк адразу адчуў гэтую змену настрою, калi размова зайшла пра Вярбiцкую. Нават знешне жанчына выглядала заклапочанай i напружанай, у вачах ужо не было ранейшай задзiрыстай смяшлiвасцi.

– Казiмiра Францаўна, – афiцыйна прагаварыў следчы, – вось Вы прыгадалi Шчэрбаў…

– А хто гэта? – запытальна ўскiнуліся на Смаляка хітраватыя вочы кабеты.

– Ну як жа, гэта ж пляменнiкi Вашага суседа-нябожчыка, – стрымана, прадчуваючы, што шчырай размовы не атрымаецца, зазначыў Смаляк.

– Вам лепей знаць, мне што за дзела? – насцярожана адказала Шашок i, крыху памаўчаўшы, працягвала: – Ужо пасля смерцi суседа ўвалiлiся ўтрох у хату, дык пузатых Альховiкавых пляменнiкаў пазнала, а вось трэцi напужаў. Вяртлявы, насаты, усё мiтусiўся, мянцiў языком, бы памялом, ды вочкамi так i шастаў, так i шастаў, грэшнай справай, падумала, цi не злодзей? Ажно адвакатам аказаўся.

Старая замаўчала, азiрнулася, некага шукаючы, i, убачыўшы ўнучку, якая стаяла зводдаль i ўважлiва прыслухоўвалася да iх размовы, гукнула:

– Кацярына, iдзi абяры парэчкавы куст, што ля агурэчнага парнiка.

– А якая патрэба прывяла iх да Вас? – паспешлiва пацiкавiўся Смаляк, шкадуючы, што гаспадыня перапынiла ўспамiн.

– Iх i Вярбiцкую турбавала адно – тастамент.

– А Вы не маглi б расказаць падрабязней? – настойлiва дапытваўся следчы, якому раптам здалося, што старая вагаецца, вырашае, расказваць усё, што ведае, цi, як падчас першай сустрэчы, прамаўчаць, спаслаўшыся на старасць i склероз. – Справа звычайная, жыццёвая, – падбухторваў ён, – не могуць людзi спадчыну падзялiць, вось i пiшуць, а мы разбiрайся, быццам iншых спраў няма. Зноў прыйдзецца Вас выклiкаць у пракуратуру.

– Я вось што скажу, – крыўдлiва загундосiла старая, – пiшыце цяперака, бо не пайду ў вашыя кабiнеты, хворая я, калi трэба, i доктар пацвердзiць.

– То ж i я пра гэта, – паспрабаваў усмiхнуцца Смаляк.

Жанчына вiдавочна захвалявалася, бялёсыя, крыху рудаватыя вейкi нервова задрыжалi, быццам яна збiралася заплакаць, на шыi праступiлi пунсовыя плямы, пальцы на руках штохвiлiнна ўздрыгвалi. Смаляк не мог зразумець гэтай раптоўнай перамены, узбуджанасць i хваляванне перадаліся яму.

– Казiмiра Францаўна, калi нешта не так, я прыйду другiм разам, – спачувальна прагаварыў ён.

– Што тут кожны дзень хадзiць? – запраўляючы сiвыя валасы пад выцвiлую, незразумелага колеру хусцiнку, хмыкнула старая i, цяжка ўздыхнуўшы, дадала: – Ад вас не адчэпiшся, праўду людзi кажуць, што лепш не звязвацца.

– Можа, яны Вам пагражалi?

– Каго мне цяперака баяцца? – больш спакойна зазначыла Казіміра Шашок i паглядзела Смаляку ў вочы. – Нiхто мне не пагражае, а цiкавiлiся яны Альховiкам, Вярбiцкай i жанчынай, што складала другi тастамент, не ведаю, як яе назваць па-вучонаму. Першы раз сусед адпiсаў маёмасць пляменнiкам, а за тыдзень да смерцi Вярбiцкая прывезла тую дзеўку з паперамi, паклiкала мяне за сведку i праз дваццаць хвiлiн – справа зроблена, усё стала ейнае. Якая лоўкая, шэльма! Тут усё жыццё гарбееш, укалваеш, а яна за дваццаць хвiлiн атрымала ўсё гатовае…

Смаляк толькi цяпер зразумеў сапраўдную прычыну змены настрою жанчыны, што яе так раптоўна выбiла з каляiны.

– Явiлася, не запылiлася, прынцэса! – распалялася старая. – Я пяць гадоў завiхалася вакол яго: «Фёдар Кузьмiч, грыбнога супчыку не жадаеце?.. Фёдар Кузьмiч, вось блiнчыкi са смятанкай…» Цьфу, стары дурань! Не спакусiўся б на ведзьму – жыў бы па сённяшнi дзень, – субяседніца раптам замаўчала, на вачах праступiлi слёзы. – Вы гэта не пiшыце, лiшняе кажу, – яна зноў замаўчала, усхлiпнула, капрызна шморгнуўшы носам, быццам дзiця, у якога адабралi любiмую цацку, i крыўдлiва працягвала: – А вяртлявы, што прыходзiў з пляменнiкамi, больш дапытваўся пра Альховiка: што гаварыў, сядзеў цi ляжаў, калi падпiсваў тастамент, цi трэслiся рукi, мо падчас гэтай працэдуры засынаў альбо не разумеў таго, што адбываецца. А потым i зусiм спытаў бязглуздзiцу: цi мог ён сам схадзiць у прыбіральню… Адзiн з пляменнiкаў пацiкавiўся, цi пры сваiм розуме быў дзядзька, калi падпiсваў паперы. Я акурат думаю, што страцiў Альховiк розум, калi падпусцiў да сябе Вярбiцкую, так i адказала, але нiчога не падпiсвала, няхай самi разбiраюцца.

– Казiмiра Францаўна, да нас зноў паступiла заява, у якой сцвярджаецца, што Альховiк памёр не сваёй смерцю, i прычына якраз у завяшчаннi, што Вы пра гэта думаеце?

– Яна ў нечым прызналася? – паспешлiва, з лiслiвасцю ў голасе перапытала жанчына, i яе бляклыя, выцвiлыя вочкi ажывiлiся, запрамянiлiся радасцю, але толькi на iмгненне, бо ў наступны момант яна зноў стала сур’ёзна-заклапочанай i збянтэжана цi то спытала, цi то пацвердзiла: – Гэта пiшуць Альховiкавы пляменнiкi?!

Смаляк згодна кiўнуў, i старая адразу неяк сцiшылася, абмякла i, прыплюшчыўшы вочы, задумалася.

Пальма увесь час, выструнiўшыся, сядзела каля будкi i цiкавала за Смаляком. Нарэшце гэты занятак ёй надакучыў, яна пазяхнула, лянотна пацягнулася i, не выбiраючы месца, разляглася ў цяньку, заплюшчыла вочы, i толькi вострыя напружаныя вушы гаварылi пра тое, што яна добра памятае свой вартаўнiчы абавязак.

Смаляк разумеў, чаму Шчэрбы i iх адвакат задавалi Шашок такiя блытаныя i, на першы погляд, незразумелыя пытаннi. Каб давесцi справу да суда, абавязкова трэба даказаць, што Альховiк падчас змены завяшчання на карысць Вярбiцкай быў недзеяздольны. Калi ўлiчыць, што яны цяпер, не тоячыся, абвiнавачваюць Вярбiцкую ў смерцi дзядзькi, iм гэта ўдалося.

– Казiмiра Францаўна, – парушыў маўчанне Смаляк, – у чым канкрэтна Шчэрбы абвiнавачвалi Вярбiцкую?

Старая неяк машынальна страсянула галавой, быццам вызваляючыся ад нечага цяжкага, i задумлiвым, разгублена-неспакойным позiркам паглядзела на следчага.

– Яны толькi пагражалi вывесцi зладзейку на чыстую ваду…

Смаляк з палёгкай уздыхнуў. Нiякiх «нявысветленых абставiн па справе», на што спасылаўся пракурор, не ўзнiкла, вiдавочна толькi, што Шчэрбы i Вярбiцкая будуць праз суд дзялiць маёмасць нябожчыка. Заставалася iх дапытаць, i можна ставiць кропку. Але ў душы Смаляк быў незадаволены, не было ўпэўненасцi, што справу Альховiка зноў не выцягнуць на белы свет. Яму вельмi карцела ведаць яшчэ аднаго зацiкаўленага чалавека – таго «дабрадзея» з гарадской пракуратуры, якi дапамагае Шчэрбам i робiць уцiск на Кучкуна.